Вы тут

Лукашэнка: За інвестара ідзе вельмі вострая барацьба


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з кіраўніком адной з буйнейшых дэвелаперскіх і інвестыцыйных кампаній у галіне будаўніцтва — старшынёй савета дырэктароў Emaar Properties Мухамедам Алі Аль-Абарам.


Гэта не першы візіт буйнога арабскага бізнесмена ў Мінск. Яго ўжо прымаў Аляксандр Лукашэнка ў Палацы Незалежнасці напрыканцы мінулага года. Тады адбыўся больш канкрэтны працяг дамоўленасцяў, якія былі распачатыя падчас восеньскага візіту 2019 года Аляксандра Лукашэнкі ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. Прэзідэнт прапаноўваў пашырыць супрацоўніцтва ў сферы прамысловасці і сельскай гаспадаркі, абмеркаваць беларускія праекты, якія ўжо знаходзіліся ў распрацоўцы.

Падчас лістападаўскай сустрэчы ў Палацы Незалежнасці праекты, якія агучвала арабская кампанія, абмяркоўваліся за зачыненымі дзвярыма. Аднак Прэзідэнт адзначаў, што яму спадабаліся некаторыя ідэі кіраўніцтва Emaar Properties.

Сёлета ў чэрвені Мухамед Алі аль-Абар ад імя Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў аказаў бязвыплатную дабрачынную дапамогу Міністэрству спорту і турызму Беларусі: перадаў больш за 12 тон сродкаў індывідуальнай абароны і антысептычных раствораў.

На сённяшняй сустрэчы Аляксандр Лукашэнка перш за ўсё адзначыў пунктуальнасць і абавязковасць госця з Эміратаў.

«Прыкладна год таму, пры сустрэчы з вамі мы дамовіліся пра сумесную работу, — сказаў ён. — Тады быў задуманы шэраг праектаў, якія вы ўзялі ў прапрацоўку і гатовыя былі ажыццявіць у Беларусі, пачынаючы ад сельскай гаспадаркі і заканчваючы будаўніцтвам буйных інфраструктурных праектаў. Мы дамаўляліся, што гэтай восенню, пасля прэзідэнцкіх выбараў, сустрэнемся і канчаткова расставім усе кропкі над „і“».

Прэзідэнт заўважыў, што сустрэча адбываецца ў кантэксце няпростых часоў для ўсяго свету, выкліку чалавецтву па многіх кірунках.

«За інвестара ў сувязі з гэтым ідзе вельмі вострая барацьба, і, вядома, ваша работа ў Беларусі, тыя інвестыцыі, якія вы плануеце ажыццявіць у Беларусь, нам вельмі дарэчы сёння».

Аб’ёмы работ будуць вельмі вялікімі, адзначыў Аляксандр Лукашэнка, таму беларускі бок удзельнічае ў сустрэчы прадстаўнічым складам — «каб не было замінкі ў працы» арабскіх партнёраў.

«Памятаю ваша абяцанне, што вы пабудуеце тут самыя прыгожыя будынкі і збудаванні, якія будуць візітоўкай ААЭ ў цэнтры Еўропы, — дадаў кіраўнік дзяржавы. — Гатовы абмеркаваць сёння ўсе пытанні, якія ў сувязі з гэтым узніклі, і калі ёсць праблемныя пытанні, гатовы іх вырашыць адразу».

Мухамед Алі Аль-Абар павіншаваў Беларусь з тым, як краіна справілася са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй, маючы на ўвазе рашэнне не спыняць эканоміку.

«Спадар Прэзідэнт, я маю стасункі з прадстаўнікамі многіх краін. Нядаўна я быў у Сербіі, і ў гэтай краіне самі кажуць, што тую шкоду, якую наносіць прастой эканомікі на месяц-паўтара, немагчыма выправіць», — патлумачыў ён.

Другое віншаванне кіраўніка Emaar Properties датычылася перамогі Аляксандра Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах.

«Мы ніколі не сумняваліся ў выніку, мы заўсёды цанілі палітыку, якую вы праводзіце, дасягненні вашай краіны ва ўзроўні жыцця насельніцтва, бяспецы, усіх параметрах», — сказаў ён.

Да ведама:

Emaar Properties — дзяржаўнае акцыянернае таварыства Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў са штаб-кватэрай у горадзе Дубаі. Кампанія валодае больш за 60 даччыных кампаній і прысутнічае на рынках больш за 35 краін на Бліжнім Усходзе, у Паўночнай Афрыцы, Азіі, Еўропе і Паўночнай Амерыцы.

Кампаніяй рэалізаваныя найбуйнейшыя будаўнічыя праекты Дубая, у тым ліку самы высокі будынак у свеце «Бурдж Халіфа» і адзін з найбуйнейшых у свеце гандлёва-забаўляльных цэнтраў «Дубай Мол».

Цяпер рэалізуецца праект па будаўніцтву самага высокага збудавання, якое створана чалавекам, — «Дубай Крык Таўэр», вышыня якога павінна скласці больш за 900 метраў.

Па інфармацыі Bloomberg, даход кампаніі ў 2018 годзе склаў каля сямі мільярдаў долараў, актывы — больш за 30 мільярдаў долараў.


EMAAR PROPERTIES рэалізуе ў Мінску праект «разумнага горада» на 4 млрд. еўра

«У мяне тры асноўныя сферы, у якіх я працую: нерухомасць, рэстаранны бізнес і электронная камерцыя і тэхналогіі, — расказаў журналістам пасля сустрэчы з Прэзідэнтам Мухамед Алі Аль-Абар. — У Беларусі асноўныя мае інвестыцыі будуць сканцэнтраваныя на сферы нерухомасці і інфраструктуры, вядзецца прапрацоўка таксама па шэрагу іншых напрамкаў».

Па яго словах, каля года ішла работа над пагадненнем з беларускім бокам па інвеставанні ў развіццё паўночнай часткі Мінска.

«Мы плануем пабудаваць „разумны горад“ у горадзе, — паведаміў старшыня савета дырэктараў EMAAR PROPERTIES. — Ужо актыўна вядзём праектаванне. Інвестыцыі, якія мы плануем укласці ў гэты праект, перавышаюць чатыры мільярды еўра».

Мухамед Алі Аль-Абар звярнуў увагу, што рэалізуе толькі буйныя праекты, якія разлічаныя на колькасць ад 50 тысяч да 100 тысяч чалавек, і што праект у Мінску ён намераны зрабіць самым лепшым, з улікам свайго багатага досведу.

«Размова не пра будынкі альбо інфраструктуру, якія будуць пабудаваныя, але пра якасць чалавечага жыцця, мы хочам, каб гэты праект адбіўся на сем'ях, дзецях, каб для іх былі створаныя лепшыя ўмовы, каб развіваўся горад, паляпшаўся інвестыцыйны клімат, каб мясцовыя будаўнікі атрымалі самы сучасны вопыт, які яны змогуць выкарыстаць у далейшым, — патлумачыў ён. — Мы чакаем, што гэты праект дадасць 5–7 працэнтаў у ВУП Мінска і дазволіць стварыць больш за 70 тысяч працоўных месцаў».

Кіраўнік кампаніі EMAAR PROPERTIES анансаваў закладку капсулы ў фундамент будучага Нацыянальнага выставачнага цэнтра 2 кастрычніка, што паслужыць стартам рэалізацыі ўсяго праекта «Паўночны бераг», які ўключае ў сябе таксама сацыяльныя, культурныя і адукацыйныя аб’екты.

«Мы не глядзім на тое, каб зарабіць, мы глядзім больш шырока: каб рабіць жыццё людзей лепш, — сказаў ён. — Мы хацелі б, каб праект у Беларусі быў адлюстраваннем нашага вопыту і мастацтва, каб тая архітэктура, якая будзе створаная, радавала вока, была асаблівая, прывабная для публікі».

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».