У традыцыйным штомесячным аглядзе «Звязды» сабралі самыя важныя і цікавыя змены, якія чакаюць беларусаў 1 кастрычніка.
Пачынаецца вакцынацыя ад каранавіруса
У Беларусі 1 кастрычніка пачнецца вакцынацыя добраахвотнікаў ад COVID-19 расійскай вакцынай «Спадарожнік V», першая партыя якой ужо пастаўлена ў нашу краіну.
Расійскі бок таксама прафінансуе клінічнае даследаванне сваёй вакцыны з удзелам 100 беларусаў.
Беларусь стала першай краінай, у якой адбудзецца клінічнае даследаванне «Спадарожніка V» пасля яго рэгістрацыі ў Расіі.
Будуць па-іншаму кампенсаваць камандзіровачныя выдаткі на жыллё
Пастанова ўрада № 550 ад 22 верасня зафіксавала новаўвядзенні па камандзіровачных выдатках. Яны пачынаюць дзейнічаць праз 10 дзён пасля афіцыйнага апублікавання.
Індывідуальныя прадпрымальнікі і арганізацыі (акрамя бюджэтных), якія адпраўляюць сваіх работнікаў у камандзіроўкі па краіне, самастойна прымаюць рашэнне аб кампенсацыі выдаткаў па найме жылога памяшкання. Зрабіць гэта трэба як на падставе пацвярджаючых дакументаў, так і без іх прадстаўлення. Але калі без дакументаў, то ёсць абмежаванні.
Пры адсутнасці пацвярджаючых дакументаў кампенсуюць ад 5% да 20% ад выдаткаванай на пражыванне сумы.
Бюджэтныя арганізацыі выдаткі на арэнду жылля пры камандзiроўках па краіне павінны будуць кампенсаваць на падставе пацвярджаючых дакументаў. Пры іх адсутнасці — у памеры 5%.
Пераглядаецца база не занятых у эканоміцы
У Беларусі плануецца абнавіць базу працаздольных грамадзян, якія не заняты ў эканоміцы. Нагадаем, гэтым асобам з 1 мая 2021 года прыйдзецца аплачваць цяпло і газ у сваіх дамах па поўных тарыфах.
База абнаўляецца штоквартальна — апошні раз у 2020 годзе яе перагледзяць у лістападзе.
Каб не патрапіць у спісы, грамадзяніну неабходна працаўладкавацца і атрымаць дакументы, якія пацвярджаюць яго занятасць.
Працягваецца рэгуляванне цэн на грэчку
У Беларусі з 1 кастрычніка працягнецца дзяржаўнае рэгуляванне цэн на грэцкія крупы. Гранічныя надбаўкі павінны выконваць аптавікі і арганізацыі, якія гандлююць у розніцу.
На фоне распаўсюджвання каранавіруса ў Беларусі гандлёвыя сеткі адзначалі павышаны попыт на грэцкія крупы. Рэгуляванне цэн на гэты прадукт працягнецца да 31 снежня 2020 года.
Некаторыя маркі цыгарэт падаражэюць
Традыцыйна з пачатку месяца вырастуць у цане тытунёвыя вырабы. Гэтым разам рост складзе 5-10 капеек.
Таксама ў продажы з’явяцца новыя маркі цыгарэт. У гродзенскай тытунёвай фабрыкі «Нёман» гэта Pall Mall Nano Amber, а таксама Rothmans Click Purple і Rothmans Click Volt. ТАА «Тытунь-Інвест» пачне выпускаць цыгарэты Monte Carlo Evo Green Impulse.
Аднаўляецца аўтобусныя зносіны з Рыгай
З 1 кастрычніка «Мінсктранс» аднаўляе штодзённыя аўтобусныя рэйсы па маршруце Мінск — Рыга. Аўтобусы будуць ездзіць праз Вільнюс.
Умовы ўезду на тэрыторыю Латвіі тыя ж, што і ў Літву.
Новыя правілы бяспекі ўводзяцца ў аквапарках
З 1 кастрычніка пачнуць дзейнічаць новыя правілы прамысловай бяспекі атракцыёнаў.
У гэтых правілах, якія распрацоўвае МНС, упершыню дэталёва агавораны ўмовы эксплуатацыі водных спускаў, а таксама патрабаванні да іх уладальнікаў і супрацоўнікаў.
Такія спускі ўстаноўлены ў тым ліку ў аквапарках.
У прыватнасці, правілы патрабуюць, каб паверхні апор і слізгацення на водных спусках былі зробленыя з бяспечных матэрыялаў, якія выключаюць расслаенне або дэфармацыю гэтых паверхняў.
Акрамя таго, дзіцячыя водныя спускі павінны размяшчацца так, каб дзеці не маглі пераходзіць па вадзе з сваёй мелкаводнай зоны ў зону, дзе забаўляюцца дарослыя.
Асобныя патрабаванні датычацца стэндаў з інфармацыяй аб водных спусках. Тут абавязкова павінны быць звесткі аб ступені складанасці спуску, глыбіні вады ў зоне фінішу, дазволеных палажэннях для спуску, наяўнасці спецэфектаў, супрацьпаказанні да спуску.
Мяняецца спосаб падачы дакументаў на грамадзянства Літвы ў Беларусі
З 1 кастрычніка 2020 года Пасольствам Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь не будуць прымацца заявы і дакументы па пытаннях грамадзянства Літоўскай Рэспублікі. Цяпер заявы і копіі дакументаў асобы будуць падаваць у электронным выглядзе праз інфармацыйную сістэму міграцыі Літвы MIGRIS.
Загадзя рэгістравацца на візіт у Пасольства Літоўскай Рэспублікі ў РБ для прад’яўлення арыгіналаў дакументаў будзе патрэбна толькі ў выпадку, калі асоба атрымае станоўчы адказ праз сістэму MIGRIS.
Пачынаецца сезон палявання на капытных
Сезон ружэйнай загоннага палявання на капытных адкрываецца 1 кастрычніка. З пачатку новага месяца паляўнічым дазволена здабываць лася, дзіка, высакароднага і плямістага аленя, лань, муфлона.
Паляваць на гэтых жывёл можна на працягу сутак, у тым ліку з сабакамі і арбалетамі. Але трэба памятаць пра абмежаванні.
Сезон палявання на капытных у Беларусі працягнецца да 31 снежня 2020 года.
Фота pixabay.com
Думаць пра тое, чым харчуецца ваша дзіця ў школе, гэтак жа важна, як і пра тое, якім прадметам яго там вучаць.
Адной з найбольш даступных і захапляльных моў дыпламатыі з'яўляецца спорт.
Міжнародны дзень тэатра добра было б адзначыць у глядзельнай зале.
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.