Вы тут

Сенатар Віктар Лісковіч: Свет ігнаруе трагічныя ўрокі мінулага


Свет ігнаруе трагічныя ўрокі мінулага. Аб гэтым заявіў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктар ЛІСКОВІЧ падчас правядзення секцыі «Подзвіг савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне — аснова выхавання патрыятызму і грамадзянскай адказнасці», якая прайшла ў рамках VІІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Другім мадэратарам — з расійскага боку — выступіла яго калега з Савета Федэрацыі Лілія ГУМЕРАВА.


Моладзь у адказе

Новы відэафармат правядзення мерапрыемстваў форуму не паўплываў на скарачэнне заяўленай раней праграмы: дыстанцыйна паўдзельнічалі ў абмеркаванні актуальнай тэмы расійскія калегі ў маскоўскай студыі, беларускі ж бок выходзіў на сувязь з Нацыянальнай акадэміі навук нашай краіны. Што, дарэчы, было дастаткова сімвалічна: менавіта яе будынак выстаяў у Вялікую Айчынную вайну, адноўлены і працягвае функцыянаваць.

— Несумненна, што ў год 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне мы не можам пакінуць без увагі пытанні захавання гістарычнай памяці аб нашай агульнай Перамозе, — звярнуў увагу ўдзельнікаў секцыі і прысутных Віктар Лісковіч.

Ён падкрэсліў кроўную сувязь з братэрскімі народамі, разам з якімі папярэднія пакаленні спынілі катастрофу ХХ стагоддзя.

— Але свет ігнаруе трагічныя ўрокі мінулага, — перакананы парламентарый. — І чым далей мы аддаляемся ад падзей Вялікай Айчыннай вайны, тым больш агрэсіўныя і небяспечныя яны становяцца.

Таму, на яго думку, сёння ўсё больш надзённай робіцца неабходнасць не проста захаваць, але і абараніць Перамогу нашых народаў. Цяжар адказнасці за гэта, у першую чаргу, ляжыць на моладзі. Менавіта маладому пакаленню беларусаў і расіян неабходна прыкласці ўсе намаганні, каб зберагчы мір і спакой у нашых краінах, памятаючы пра тое, праз што давялося прайсці нашым народам.

Дарэчы, як адзначалі выступоўцы, у гэтым кірунку ў Беларусі і Расіі рэалізаваны цэлы комплекс мер на дзяржаўным узроўні, у Саюзнай дзяржаве штогод рэалізуюцца шматлікія праекты, звязаныя са згаданай важнай тэмай. Адным з такіх з'яўляецца будаўніцтва і ўрачыстае адкрыццё сёлета Ржэўскага мемарыяла Савецкаму салдату. За кошт сродкаў саюзнага бюджэту ідзе рэканструкцыя аб'ектаў Брэсцкай крэпасці. Так, вялікая работа вядзецца па ўвекавечанні памяці аб Вялікай Айчыннай вайне і яе героях, патрыятычным выхаванні ў дзвюх краінах, а ці дастатковая?

Абараніць гістарычную праўду

Нягледзячы на вялікую колькасць кніг і навуковых прац па гэтай тэматыцы, з'яўляюцца і іншыя, асноўны матыў якіх — нежаданне паглыбіць веды аб тым гераічным і трагічным перыядзе, а імкненне да агульнага ачарнення, пошуку пралікаў і памылак савецкага камандавання. На гэту тэндэнцыю звярнуў увагу старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір ГУСАКОЎ. Ён нагадаў, што ў шэрагу еўрапейскіх краін і некаторых былых савецкіх рэспубліках сёння руйнуюцца помнікі савецкім воінам-вызваліцелям.

— Так дзякуе сёння «цывілізаваная Еўропа» савецкім воінам, якія выратавалі яе ад карычневай чумы! — падкрэсліў акадэмік.

Ён адзначыў, што калі раней савецкія даследчыкі казалі аб асобных фальсіфікатарах, то сёння гучаць не проста заклікі неанацыстаў, а ўжо прымаюцца рэзалюцыі на ўзроўні міжпарламенцкіх асамблей.

— 3 ліпеня 2009 года Парламенцкая асамблея АБСЕ прагаласавала за прыняцце рэзалюцыі «Аб уз'яднанні падзеленай Еўропы: заахвочванне правоў чалавека і грамадскіх свабод у рэгіёне АБСЕ ў ХХІ стагоддзі», — прывёў ён у прыклад дакумент, які прадпісаў зрабіць 23 жніўня (дзень падпісання пакта Молатава—Рыбентропа) днём памяці ахвяр нацызму і сталінізму. — Ужо праз дзесяць гадоў, 19 верасня 2019 года, Еўрапейскі парламент прымае рэзалюцыю, у якой назваў савецка-германскую дамову аб ненападзенні ад 23 жніўня 1939 года прычынай пачатку Другой сусветнай вайны.

Тым самым фальсіфікацыя гісторыі на Захадзе, упэўнены акадэмік, выведзена на прынцыпова новы ўзровень.

— Калі раней фэйкі агучваліся публіцыстамі ці асобнымі палітыкамі, то цяпер хлусню пачынаюць адкрыта легалізаваць на міждзяржаўным узроўні, — падкрэсліў Уладзімір Гусакоў.

Ён з жалем канстатаваў, што гэтыя і іншыя акцыі парламентарыяў аб'яднаных еўрапейцаў не знайшлі калектыўнага асуджэння з боку ААН. Яны не атрымалі належнай ацэнкі з боку парламентарыяў Саюзнай дзяржавы і краін СНД, адзначыў старшыня Прэзідыума НАН Беларусі. Ён звярнуў увагу, што сёння часта гучаць негатыўныя ацэнкі падпісання германа-савецкай дамовы аб ненападзенні, аднак трэба памятаць, што да падпісання гэтай дамовы з СССР Германія заключыла такія ж з 12 краінамі. І гэтая — была апошняй у шэрагу іншых.

— Нягледзячы на прымаемыя меры па ўмацаванні абараназдольнасці мяжы, савецкае кіраўніцтва імкнулася «не даць праціўніку нагоды для агрэсіі», не даць ні адзінага шанцу абвінаваціць СССР у правакацыі, паколькі разумела недастатковую гатоўнасць краіны да вайны, — тлумачыць Уладзімір Гусакоў. — Менавіта гэтым збольшага могуць быць растлумачаны вялізныя страты першых месяцаў Вялікай Айчыннай вайны.

У гэтай сувязі нялішне будзе згадаць страты нашай краіны ад гэтай навалы: каля трох мільёнаў чалавек, германскія захопнікі зруйнавалі 209 з 270 беларускіх гарадоў і райцэнтраў, знішчылі дзевяць тысяч вёсак, з іх 5295 спалілі разам з усімі жыхарамі ці часткай насельніцтва, 628 вёсак цалкам раздзялілі лёс Хатыні, з іх 186 так і не адрадзіліся пасля... І на фоне гэтага спробы перапісаць гісторыю выглядаюць асабліва жахліва. Тым больш што жывых сведак ваенных падзей становіцца ўсё менш і менш.

 

Каб захаваць гэтую памяць і данесці яе да наступных пакаленняў, Нацыянальная акадэмія навук Беларусі ініцыявала ўсебеларускую акцыю «Народны летапіс Вялікай Айчыннай вайны: успомнім усіх!».

— Мы звярнуліся да кіраўніцтва абласных і раённых выканаўчых камітэтаў, устаноў адукацыі і культуры, грамадскіх аб'яднанняў, да ўсіх зацікаўленых грамадзян, каб разгарнуць работу па зборы ўспамінаў і дакументаў, якія захаваліся, удзельнікаў барацьбы з нацысцкімі агрэсарамі ў гады вайны, — праінфармаваў удзельнікаў секцыі Уладзімір Гусакоў. — Сама ідэя атрымала жывы водгук, ужо выдадзена першая кніга народнага летапісу і рыхтуюцца да выдання наступныя тамы.

Ад мінулага да сучаснасці

Якія наступствы ад фальсіфікацыі гісторыі ў сродках масавай інфармацыі? Сваім меркаваннем падзяліўся старшыня праўлення Беларускага саюза журналістаў Андрэй КРЫВАШЭЕЎ. Ён перакананы, што кампанія па фальсіфікацыі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў медыя-асяродку Беларусі і ўсёй постсавецкай прасторы, на жаль, з'яўляецца адным з інструментаў маніпуляцый. У кароткай перспектыве, звяртае ўвагу эксперт, ажыццяўляецца хуткі зрух шырокай грамадскай дыскусіі з разумнай, маральнай і дапушчальнай галіны меркаванняў у вобласць радыкальных, эксцэнтрычных і неймаверных раней ацэнак і сцвярджэнняў.

— Яркім прыкладам такога зруху для Беларусі з'яўляецца так званая новая нармальнасць у дыскусіі аб дзяржаўных і так званых нацыянальных (па факце нацыяналістычных) сімвалаў Беларусі, — кажа Андрэй Крывашэеў. — Відэарад пратэсных дзей пад «бел-чырвона-белымі» сцягамі каля сцен Дзяржаўнага Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны з'яўляецца відавочным таму сведчаннем. Сцяг, які выкарыстоўвалі калабарацыяністы ў перыяд акупацыі, пад якім праводзіліся карныя аперацыі, масавыя расправы і генацыд быў унесены ў пратэсную свядомасць як сімвал «новай Беларусі». Палітычны крызіс і медыя-агрэсія з боку замежных інфармацыйных агентаў сталі каталізатарам зруху «акна Авертона» ў бок гістарычнага дылентантызму.

На яго думку, адказам на гэта павінна стаць пашырэнне экспазіцыі, прысвечанай трагічнаму перыяду акупацыі беларускай зямлі ў тым самым музеі ВАВ, і ў многіх іншых музеях і архівах краіны.

— Наша журналісцкая адказнасць — паказаць гэтыя гістарычныя факты на мове класічных і новых медыя, праз блогі і дакументалістыку, расследаванні і рэпартажы, — перакананы ён. — Проста замоўчваннем няёмкай гісторыі мы ўжо нічога не даможамся.

 

Адным з інструментаў у медыя-сферы з'яўляецца рэгулярны Фестываль дакументальнага кіно «Еўразія. DOC», адной з нязменных тэм якога з'яўляецца дакладная рэфлексія аб гісторыі ВАВ. Адкрытыя паказы ў найлепшых кінатэатрах Мінска і Смаленска, панэльныя дыскусіі, сустрэчы з гледачамі аўтараў, рэжысёраў, гісторыкаў і крытыкаў даюць рэальную зваротную сувязь з грамадствам па ваеннай гістарычнай тэматыцы, перакананы выступоўца, ён жа — выканаўчы дырэктар V Міжнароднага фестывалю дакументальнага кіно краін СНД «Еўразія. DOC».

Дарэчы, сімвалічна, што пяты юбілейны фестываль распачаў сваю работу ў Смаленску 28 верасня — у дзень правядзення тэматычнай секцыі Форуму рэгіёнаў у беларускай сталіцы. Цэнтральная тэма фэсту — перамога савецкага народа над нацыянал-сацыялізмам. З 28 фільмаў 20 прысвечаны гэтай тэме. Андрэй Крывашэеў, між іншым, прапанаваў арганізаваць публічныя паказы найлепшых стужак фестывалю ў рэгіёнах Беларусі і Расіі. Суправаджаць такія паказы адкрытым дыялогам і вострай дыскусіяй аб падзеях і людзях, якія рабілі агульную гісторыю Перамогі.

Мадэратары — Віктар Лісковіч і Лілія Гумерава — неаднойчы падчас работы секцыі падкрэслівалі неабходнасць стымулявання даследчай работы сярод моладзі па тэматыцы Вялікай Айчыннай вайны, папулярызацыі яе вынікаў у сеціве і прасоўвання гістарычна-турыстычнага кірунку, калі магчыма ўвачавідкі пераканацца, якія могуць быць трагічныя наступствы ад гістарычнай непамятлівасці... І сёння галоўная задача — выратаваць гістарычную праўду аб Перамозе ад нападак, якія імкнуцца перавярнуць кола гісторыі.


Пад­час ра­бо­ты тэ­ма­тыч­най сек­цыі «Подз­віг са­вец­ка­га на­ро­да ў Вя­лі­кай Ай­чын­най вай­не — ас­но­ва вы­ха­ван­ня па­тры­я­тыз­му і гра­мад­скай ад­каз­нас­ці» ў дво­ры­ку і ў па­мяш­кан­ні НАН Бе­ла­ру­сі раз­гар­ну­ла­ся ін­тэр­ак­тыў­ная вы­стаў­ка.

Яе на­вед­валь­ні­кі маг­лі дзя­ку­ю­чы ар­хіў­ным да­ку­мен­там, фа­та­гра­фі­ям, кні­гам і гіс­та­рыч­ным ар­тэ­фак­там уба­чыць ге­ра­іч­ны і пе­ра­ма­га­нос­ны шлях на­ро­да ў Вя­лі­кай Ай­чын­най вай­не. На ву­лі­цы раз­гар­ну­ла­ся экс­па­зі­цыя ва­ен­най тэх­ні­кі та­го пе­ры­я­ду, мож­на бы­ло за­зір­нуць у пар­ты­зан­скі штаб і кам­са­моль­скі ла­гер, па­час­та­вац­ца смач­най сал­дац­кай ка­шай.
У фае дзей­ні­ча­лі вы­стаў­кі, якія прэ­зен­та­ва­лі роз­ныя тэ­ма­тыч­ныя пра­ек­ты. На­прык­лад, элект­рон­ны пар­тал «Пар­ты­за­ны Бе­ла­ру­сі», дзе ўжо са­бра­ны ім­ёны амаль ста ты­сяч ге­ро­яў, якія на­блі­жа­лі Пе­ра­мо­гу не ў шэ­ра­гах дзе­ю­чай ар­міі.

Ці­ка­вы ака­заў­ся і пра­ект «Зор­ка на кар­це», дзя­ку­ю­чы яко­му ство­ра­на ін­тэр­ак­тыў­ная кар­та з ад­люст­ра­ван­нем во­ін­скіх па­ха­ван­няў і пом­ні­каў, пры­све­ча­ных вы­зва­лен­ню на­шай кра­і­ны. А вы­стаў­ка ары­гі­наль­ных сця­гоў Пе­ра­мо­гі, якую зла­дзіў Дзяр­жаў­ны му­зей гіс­то­рыі Уз­бро­е­ных Сіл Бе­ла­ру­сі, пры­цяг­ну­ла асаб­лі­вую ўва­гу на­вед­валь­ні­каў — не кож­ны дзень мож­на ўба­чыць уні­каль­ныя па­лот­ні­шчы, не­ка­то­рыя з якіх бы­лі ўзня­тыя над рэйх­ста­гам…

Вольга АНУФРЫЕВА

Фота Яна ХВЕДЧЫНА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Да штыка ён пяро прыраўняў». Узгадваем ваеннага карэспандэнта Канстанціна Сіманава

«Да штыка ён пяро прыраўняў». Узгадваем ваеннага карэспандэнта Канстанціна Сіманава

28 лістапада 2020 года спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння вядомага рускага пісьменніка, ваеннага карэспандэнта і журналіста Канстанціна Сіманава. 

Грамадства

«Калі б не сям'я Абрамукоў, наш род перастаў бы існаваць яшчэ ў 1941 годзе». Расіянка з Ніжняга Ноўгарада знайшла ў беларускай вёсцы сваякоў

«Калі б не сям'я Абрамукоў, наш род перастаў бы існаваць яшчэ ў 1941 годзе». Расіянка з Ніжняга Ноўгарада знайшла ў беларускай вёсцы сваякоў

І аднавяскоўцаў людзей, якія ў час вайны ратавалі сям'ю яе бабулі, жонкі афіцэра Чырвонай Арміі.

Спорт

«Вікторыя», якая робіць з Гродна баскетбольную сталіцу

«Вікторыя», якая робіць з Гродна баскетбольную сталіцу

Гродна — горад з багатай не толькі культурнай, але і баскетбольнай гісторыяй. 

Грамадства

У Гродне жыхары кватэр адмовіліся падчас капітальнага рамонту здымаць аздабленне з балконаў. На іх падалі ў суд

У Гродне жыхары кватэр адмовіліся падчас капітальнага рамонту здымаць аздабленне з балконаў. На іх падалі ў суд

Такога кшталту справа ў судзе Кастрычнiцкага раёна Гродна разглядаецца ўпершыню.