Вы тут

Як Беларусь і Расія павысяць актыўнасць сельскай моладзі?


У рамках VII Форуму рэгiёнаў Беларусi i Расii ў Дзяржынскiм раёне на базе аднайменнага агракамбiната «Дзяржынскi» ў рэжыме вiдэа-канферэнцыi адбылося пасяджэнне секцыi на тэму «Стварэнне ўмоў для павышэння сацыяльнай i эканамiчнай актыўнасцi сельскай моладзi ў мэтах устойлiвага развiцця рэгiёнаў Беларусi i Расii».


Пасяджэнне секцыі № 4.

Тон размовы задалi сенатары

Мадэратарамi секцыi выступiлi намеснiк старшынi Пастаяннай камiсii Савета Рэспублiкi па рэгiянальнай палiтыцы i мясцовым самакiраваннi Уладзiмiр Лук'янаў i старшыня Камiтэта Савета Федэрацыi па аграрна-харчовай палiтыцы i прыродакарыстаннi Аляксей Маёраў. У абмеркаваннi пытанняў па замацаваннi моладзi на вёсцы, павышэннi яе сацыяльна-эканамiчнай актыўнасцi ў аграпрамысловым сектары таксама ўдзельнiчалi члены Савета Рэспублiкi i сенатары Расiйскай Федэрацыi, прадстаўнiкi беларускiх i расiйскiх мiнiстэрстваў i ведамстваў, органаў мясцовага кiравання i самакiравання, дзелавых колаў i маладзёжных арганiзацый.

Уладзiмiр Лук'янаў, у прыватнасцi, зазначыў: моладзь — гэта найбольш дынамiчная частка грамадства, што абумоўлена яе актыўным пошукам свайго месца ў жыццi. Праблемы, з якiмi сутыкаецца вясковая моладзь, — гэта ў першую чаргу цяжкасцi з працаўладкаваннем, адсутнасць уласнага жылля, мода на «iнтэграцыю ў горад». Пошук прапаноў, якiя накiраваныя на стварэнне сучаснага сельскага рынку працы, дазволiць палепшыць структуру занятасцi насельнiцтва, замацаваць квалiфiкаваныя кадры, развiць вытворчасць i iнфраструктуру, прыцягнуць увагу грамадства да праблем маладых рабочых i спецыялiстаў на вёсцы. Таму цяжка пераацанiць значэнне сённяшняга мерапрыемства, у рамках якога маецца выдатная магчымасць разам вызначыць прыярытэты i выпрацаваць меры, якiя дазволiлi б стварыць умовы для ўстойлiвага развiцця рэгiёнаў Беларусi i Расii.

Аляксей Маёраў падкрэслiў, што Беларусь i Расiя маюць сур'ёзныя канкурэнтныя перавагi для развiцця аграрнай вытворчасцi. Для эфектыўнай рэалiзацыi гэтых пераваг неабходна стварыць эканамiчныя i сацыяльныя ўмовы. Без маладых кадраў на сяле ў аграпрамысловым комплексе i ў сацыяльнай сферы такое развiццё немагчыма, выказаў упэўненасць сенатар. Ён нагадаў, што ў гэтых мэтах сёлета пачалася рэалiзацыя Дзяржаўнай праграмы Расii па комплексным развiццi сельскiх тэрыторый. Аляксей Маёраў таксама праiнфармаваў аб стварэннi часовай камiсii Савета Федэрацыi па захаваннi i развiццi народных мастацкiх промыслаў. Бо, на яго думку, у творах народных промыслаў выяўляецца расiйская ментальнасць, характэрныя рысы культуры, унiкальнасць традыцый. Таму трэба захаваць для маладога пакалення нацыянальны здабытак i зрабiць так, каб гэта стала драйверам развiцця тэрыторый i iх турыстычнага патэнцыялу. Сенатар запрасiў беларускiх калег да супрацоўнiцтва i аб'яднання намаганняў у гэтай сферы.

За якой вёскай будучыня?

Цiкавыя i змястоўныя былi выступленнi намеснiкаў кiраўнiкоў ведамстваў, якiя, вiдаць, больш за iншых зацiкаўленыя ў пастаянным прытоку маладых кадраў у сельскагаспадарчую галiну. Прамоўцы падзялiлiся сваiм бачаннем вырашэння застарэлых i часам аднолькавых для абедзвюх краiн праблем на вёсцы, расказалi аб ужо зробленым для павышэння сацыяльнай i эканамiчнай актыўнасцi сельскай моладзi. Каб iсцi ў нагу з часам, па словах намеснiка мiнiстра сельскай гаспадаркi i харчавання Iгара Брыло, у апошнiя гады наспелi змены ў практыцы работы па замацаваннi прафесiйных кадраў на вёсцы.

На яго погляд, трэба актыўней спрыяць павышэнню матывацыi юнакоў i дзяўчат заставацца жыць i працаваць на роднай зямлi. Ён расказаў аб станоўчым досведзе, якi за апошнiя гады набыты ў Беларусi па працаўладкаваннi моладзi на вёсцы. Сярод станоўчых крокаў — пашырэнне мэтавага прыёму маладых людзей на сельскагаспадарчыя спецыяльнасцi ў ВНУ i каледжы. Гэта дазваляе рыхтаваць надзейны рэзерв кадраў. Iгар Брыло расказаў i аб iншых захадах, у тым лiку i пра бясспрэчныя перавагi аграгарадкоў, i пра выдзяленне пасля размеркавання жылля маладым спецыялiстам цi сродкаў на яго аплату.

У Беларусi шмат надзей звязваюць з рэалiзацыяй канцэпцыi «Вёска будучага». Гэта будуць прыгожыя добраўпарадкаваныя аграгарадкi новага тыпу з развiтой iнжынернай, транспартнай iнфраструктурай i сацыяльнай сферай, дзiцячымi пляцоўкамi, кафэ, аказаннем бытавых i iншых паслуг не горш, чым у горадзе. Прыкладам вёскi будучага Iгар Брыло назваў гарадскi пасёлак Копысь у Аршанскiм раёне, аграгарадок Сноў у Нясвiжскiм раёне i шэраг iншых.

А пакуль неаднолькавыя ўмовы жыцця i працы ў параўнаннi з горадам таксама не спрыяюць замацаванню моладзi на вёсцы i ў Расii. Намеснiк мiнiстра сельскай гаспадаркi гэтай краiны Уладзiмiр Лебедзеў расказаў аб тым, што ў Расii робiцца па падрыхтоўцы кадраў для аграрнага сектара. Так, у ВНУ перагледзелi планы навучання, адукацыю можна атрымаць за кошт бюджэту. Шмат надзей у Расii ўскладаюць на рэалiзацыю дзяржаўнай праграмы комплекснага развiцця тэрыторый. Яна ўяўляе сабой суцэльны комплекс мер, у тым лiку, i па стварэннi камфортных умоў жыцця для сельскай моладзi. Магчыма, гэта стане расiйскiм варыянтам вёскi будучага, дзе ўмовы жыцця будуць не горшыя, а можа i лепшыя за гарадскiя. А даходы таксама дасягнуць узроўню заробкаў гараджан, сказаў Уладзiмiр Лебедзеў.

Пачынаць трэба са школы

На думку рэктара Маскоўскага дзяржаўнага ўнiверсiтэта тэхналогiй i кiравання iмя К. Разумоўскага Валянцiны Iвановай, тэму першачарговай ролi сельскай школы ў замацаваннi кадраў на вёсцы трэба ўсяляк уздымаць, абмяркоўваць. Бо менавiта ў сельскай школе, ключ да поспеху ў вырашэннi многiх як эканамiчных, так i сацыяльных праблем сельскай гаспадаркi. З гэтай нагоды рэктар лiчыць: было б карысна стварыць мiждзяржаўную асацыяцыю аграшкол Расii i Беларусi. Увогуле наспела задача правядзення маштабнай размовы па праблематыцы аграрнай бiзнес-адукацыi моладзi.

Сярод выступоўцаў было нямала i маладых людзей. Падчас дыскусii яны агучылi не толькi прычыны, якiя спрыяюць адтоку сельскай моладзi ў гарады. Маладыя ўдзельнiкi размовы таксама выказалi прапановы па актывiзацыi працэсу стварэння ўмоў для развiцця сучаснага рынку працы, паляпшэннi ў цэлым структуры занятасцi насельнiцтва, замацаваннi маладых людзей на вёсцы.

Маладыя ўдзельнiкi дыскусii гаварылi i на iншыя важныя тэмы. Напрыклад, аб актывiзацыi лiчбавай трансфармацыi сельскай гаспадаркi, дзейнасцi па прыцягненнi моладзi ў рады фермераў, iх падтрымцы з боку дзяржавы ў збыце сельгаспрадукцыi i г. д. У час работы секцыi прагучала шмат прапаноў. Адна з iх — працягнуць гэту размову ў наступным годзе. Было прынята сумеснае рашэнне аб правядзеннi ў 2021 годзе асобнага беларуска-расiйскага форуму сельскай моладзi i бiзнес-гульнi «Фермер-пачатковец» у рамках рэалiзацыi Усерасiйскага маладзёжнага праекта.

Але ёсць шанц грунтоўна абмеркаваць праблемы сельскай моладзi абедзвюх краiн раней, ужо сёлета. I, звярнiце ўвагу, не ў фармаце вiдэа-канферэнцыi, а ў ходзе звычайнай сустрэчы ў рамках другога этапу VIII Беларуска-расiйскага маладзёжнага форуму. Ён запланаваны на снежань гэтага года ў Пiнску. Нагадаем, першы этап VIII Беларуска-расiйскага маладзёжнага форуму адбыўся днямi i быў прымеркаваны да VII Форуму рэгiёнаў Беларусi i Расii.

Леанiд ЛАХМАНЕНКА

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі