Вы тут

Чаму голас бізнесу Беларусі і Расіі павінен быць і жорсткі, і звонкі?


Нягледзячы на спецыфічны фармат сёлетняга форуму, наладзіць сувязі на ім удалося і прадпрымальнікам. Каму, як не бізнесменам, якія заўсёды ў паездках і ў рэжыме шматзадачнасці, паказваць, як можна наладжваць кантакты на адлегласці? Такі прыклад яны далі на сумесным пасяджэнні дзелавых саветаў Беларусі і Расіі, што прайшло ў Беларускай гандлёва-прамысловай палаце.


Па словах старшыні Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Уладзіміра Улаховіча, работа нацыянальных дзелавых саветаў дазваляе здымаць шмат канкрэтных праблем бізнесу. «У нас вялікі парадак дня, будуць разгледжаны такія пытанні, як зняцце існуючых абмежаванняў і бар'ераў, прызнанне электроннага лічбавага подпісу, банкаўскіх гарантый, пытанні прамысловай кааперацыі, лічбавізацыі эканомікі; важнае пытанне — сумеснае прасоўванне прадукцыі на рынкі трэціх краін», — адзначыў Уладзімір Улаховіч.

Ён з жалем падкрэсліў, што пандэмія прымусіла сустрэцца толькі ў відэафармаце, але ў беларускага бізнесу ёсць запыт да вяртання дзелавых кантактаў у нармальную, звыклую плынь выніковых сустрэч.

Сяргей Катырын, прэзідэнт Гандлёва-прамысловай палаты Расіі канстатаваў, што гэта ўжо трэці форум, на якім ёсць пляцоўка для кантактаў дзелавога савета. «У нас ёсць нядрэнны зачын, на аснове якога мы можам працаваць далей. Мы не спыняліся сёлета. Я ўдзячны за гэта калегам. Мы правялі анлайн каля 20 мерапрыемстваў і пачалі прывыкаць да гэтага фармату», — заўважыў ён. Шмат, па словах Сяргея Катырына, змаглі зрабіць у супрацоўніцтве з Еўразійскай эканамічнай камісіяй, якая адгукалася на запыты бізнесменаў дзвюх краін.

Уладзімір Улаховіч заўважыў, што ўнікальнасць Форуму рэгіёнаў у магчымасці працаваць на мерапрыемствах сумесна з парламентарыямі, і даў слова Таццяне Рунец, старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах. Яна адзначыла, што заканадаўчыя органы — Савет Федэрацыі і Савет Рэспублікі — ведаюць аб праблемах бізнесу і будуць працаваць над гарманізацыяй эканамічнага заканадаўства для аднолькавых правілаў гульні.

Андрэй Куцепаў, старшыня Камітэта Савета Федэрацыі па эканамічнай палітыцы, у сваю чаргу, падкрэсліў зацікаўленасць рэгіёнаў Расіі ў стварэнні ўмоў для кааперацыі і вытворчасці навукаёмістай прадукцыі. «Неабходна шырэй выкарыстоўваць новыя перспектывы для развіцця супрацоўніцтва нашых краін і рэалізацыі праектаў у галіне энергетыкі, экалогіі, інфармацыйных тэхналогій, садзейнічаць развіццю прамысловай кааперацыі, пашырэнню ўзаемадзеяння малых і сярэдніх прадпрыемстваў», — акцэнтаваў увагу сенатар. Ён дадаў, што адным з найважнейшых элементаў супрацоўніцтва рэгіёнаў Беларусі і Расіі сталі гандлёва-прамысловыя палаты. Яны фарміруюць спектр узаемных інтарэсаў у галіне эканомікі і маюць канкрэтную накіраванасць.

«Расія гатова да самага цеснага супрацоўніцтва з партнёрамі з Беларусі для забеспячэння ўстойлівага доўгатэрміновага росту нашых эканомік. Гатовыя разам выбудоўваць прамысловую і тэхналагічную палітыку, развіваць інфраструктуру», — завяршыў Андрэй Куцепаў.

Выступілі на пасяджэнні і прадстаўнікі бізнесу. Так, генеральны дырэктар кампаніі «Санта Імпэкс Брэст» Аляксандр Машэнскі аддаў першаступенную ўвагу пытанню маркіроўкі тавараў. У Расійскай Федэрацыі з 2021 года яна абавязковая для «малочкі» і прадугледжвае нанясенне на кожную адзінку тавару ўнікальнага кода. У сувязі з гэтым прадпрыемствы дзвюх краін панясуць выдаткі па пераабсталяванні вытворчых ліній і набыццю кодаў маркіроўкі. Страты прадпрыемстваў будуць адлічвацца сотнямі мільёнаў долараў ЗША. Ён выказаў пазіцыю бізнесу, што коды маркіроўкі павінны быць бясплатныя для вытворцаў, і папрасіў падняць гэтае пытанне на ўзроўні ўлад.

Уладзімір Улаховіч дадаў, што тэхнічнае рэгуляванне сёння — ключавая тэма, якая ўплывае на развіццё інтэграцыйных працэсаў. І ў гэтай сувязі голас бізнесу павінен быць «і жорсткі, і звонкі».

Дзмітрый Мазепін, старшыня Расійска-Беларускага дзелавога савета, кіраўнік савета дырэктараў «Уралхіма», быў адным з энтузіястаў па стварэнні пляцоўкі бізнес-кантактаў. З яго слоў, рабочыя групы бізнесменаў дзвюх краін функцыянуюць на рэгулярнай аснове. Адзначыў ён і пастаянную зацікаўленасць і актыўнасць пасла Беларусі ў Расіі Уладзіміра Сямашкі, які абмяркоўвае пытанні з прадстаўнікамі расійскага бізнесу. Ён расказаў, што работа дзелавога савета ажыццяўляецца ў зносінах з прадстаўнікамі расійскага ўрада. Цяпер, па словах Дзмітрыя Мазепіна, у кабміне Расіі прапрацоўваецца пытанне, як заахвоціць беларускіх калег больш актыўна выкарыстоўваць расійскія партовыя магутнасці.

«Я лічу, з-за таго, што многія міжнародныя сувязі зараз парушыліся, у Расіі і Беларусі ёсць гістарычны шанц паглыбіць інтэграцыю, каб гэта было выгадна абедзвюм краінам», — адзначыў Дзмітрый Мазепін.

Уладзімір Улаховіч заўважыў, што падымаць вострыя і балючыя пытанні на пляцоўкі савета для прадпрымальнікаў стала своеасаблівай традыцыяй. «Калі размовы ў нас будуць выключна пустыя, то, мабыць, і савет страціць свой сэнс. Гэта я чую ад нашых прадпрымальнікаў увесь час», — заявіў старшыня БелГПП і дадаў, што, акрамя поспехаў, ёсць у бізнес-асяродкаў і вялікі патэнцыял.

У тэму

Традыцыйна актыўныя ў перыяд падрыхтоўкi i правядзення Форуму рэгiёнаў Беларусi i Расii арганiзацыi нафтахiмiчнага профiлю.

Напрыклад, ТАА «Белнафтахiм-РАС» выйшла на падпiсанне кантрактаў на пастаўку прадукцыi арганiзацый канцэрна «Белнафтахiм» на агульную суму 61 мiльён долараў. Пастаўкi будуць ажыццяўляцца як сёлета, так i ў наступным годзе. ААТ «Магiлёўхiмвалакно» заключыла кантракт з ТАА «Авангард» (г. Тосна) на пастаўку полiэфiрнага валакна на суму 30 мiльёнаў долараў.

Мiнскi трактарны завод у рамках падрыхтоўкi да Форуму рэгiёнаў забяспечыў пастаўкi сваёй прадукцыi ў Расiю на суму 17 мiльёнаў долараў, ААТ «МАЗ» у вераснi заключыла кантракты на пастаўку пасажырскай тэхнiкi на суму 12 мiльёнаў долараў.

Марыя ДАДАЛКА

Фота Яна ХВЕДЧЫНА

Загаловак у газеце: Гістарычны шанц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Распачынаецца сезон атракцыёнаў. Хто і як сочыць за іх станам?

Распачынаецца сезон атракцыёнаў. Хто і як сочыць за іх станам?

У Беларусі адпрацавала 65 % атракцыёнаў (160 штук), а многія працуюць і звыш 30 гадоў.

Эканоміка

Як выбраць кватэру на другасным рынку

Як выбраць кватэру на другасным рынку

За апошнія некалькі месяцаў рынак другаснага жылля прыкметна ажывіўся. 

Грамадства

Каб набываць тавар бяспечна, ці Як абараніць правы спажыўца

Каб набываць тавар бяспечна, ці Як абараніць правы спажыўца

У краіне на 11 % знізілася агульная колькасць зваротаў грамадзян, звязаных з парушэннем правоў спажыўцоў. 

Грамадства

У Беларусі даследуюць вакцыну супраць раку

У Беларусі даследуюць вакцыну супраць раку

Працягваецца навуковае даследаванне ДНК-вакцыны супраць раку ў рамках беларуска-амерыканскага праекта.