Вы тут

Якім мусіць быць сучасны настаўнік?


Справядлiвым, талерантным, мудрым, iранiчным, добрым, артыстычным, усмешлiвым, клапатлiвым...

Чым педагог адрознiваецца ад iншых людзей? Цi лiчыце вы найважнейшым паказчыкам якасцi працы настаўнiка ўзровень выступлення яго навучэнцаў на алiмпiядах? Як вы разумееце выказванне Русо «Мастацтва выхавання заключаецца ў тым, каб не выхоўваць»? Арыстоцель сцвярджаў, што пазнанне пачынаецца са здзiўлення, а чым вы здзiўляеце сваiх вучняў? Цi патрэбна ўводзiць форменнае адзенне (дрэс-код) для педагогаў? Назавiце плюсы i мiнусы дыстанцыйнага навучання... Што неабходна зрабiць, каб больш людзей размаўляла на беларускай мове? Што можа зрабiць школа для павышэння канкурэнтаздольнасцi моладзi на рынку працы? Пытаннi лiтаральна сыпалiся на галовы суперфiналiстаў рэспублiканскага конкурсу прафесiйнага майстэрства «Настаўнiк года Рэспублiкi Беларусь — 2020», якiя выступiлi на сцэне Акадэмii паслядыпломнай адукацыi.


Медыяадукацыя i крытычнае мысленне

У ро­лi «вуч­няў» вы­сту­па­лi ка­ле­гi-фi­на­лiс­ты,  якiя з вя­лi­кай ах­во­тай i гу­ма­рам па­ды­гры­ва­лi сва­iм больш уда­члi­вым кан­ку­рэн­там.

Першае выпрабаванне суперфiналу ўяўляла сабой «прэс-канферэнцыю» з пытанняў i адказаў: на роздум удзельнiкам давалася 30 секундаў. Насамрэч, палова хвiлiны для настаўнiка — сапраўдная раскоша. Яго рэакцыя павiнна быць iмгненная, бо нестандартныя педагагiчныя сiтуацыi — зусiм не рэдкасць.

Але пра ўсё па парадку. Нагадаем, што суперфiналу конкурсу прафесiйнага майстэрства педагогаў папярэднiчаў фiнал, у якiм павiнны былi ўдзельнiчаць 56 найлепшых настаўнікаў з усёй краiны — пераможцаў абласных i мiнскага гарадскога этапаў рэспублiканскага конкурсу ў васьмi намiнацыях (на жаль, некаторыя сышлi з дыстанцыi з прычыны хваробы). А ў суперфiнал выйшлi толькi восем найлепшых, якiя перамаглi ў фiнальнай частцы спаборнiцтваў: кожны ў сваёй намiнацыi.

За спiнай ва ўсiх удзельнiкаў былi два ўрокi, праведзеныя ў незнаёмай дзiцячай аўдыторыi (у тым лiку па тэме, якую журы агучыла напярэдаднi выпрабавання), псiхалагiчнае i педагагiчнае тэсцiраванне i майстар-класы для будучых калег — студэнтаў педагагiчных спецыяльнасцяў. Калi ў фiнале мужчын-педагогаў было чатырнаццаць, у суперфiнале iх засталося двое.

За званне найлепшага ў прафесii змагалiся настаўнiца матэматыкi сярэдняй школы № 31 г. Вiцебска Наталля ШЧАГЛОВА, настаўнiца нямецкай мовы сярэдняй школы № 3 г. Орша Вольга ТРУХАН, настаўнiк рускай мовы i лiтаратуры Маладзечанскай сярэдняй школы № 1 iмя Янкi Купалы Васiль МАЛIНОЎСКI, настаўнiца пачатковых класаў гiмназii № 1 г. Свiслач Людмiла ПАБУДЗЕЙ, настаўнiк геаграфii сярэдняй школы № 19 г. Гомеля Вадзiм ЛОСЕЎ, настаўнiца бiялогii сярэдняй школы № 8 г. Гомеля Марына КАПЦЭВIЧ, настаўнiца музыкi Гродзенскай гарадской гiмназii Святлана АДАМЧУК i выхавальнiца дашкольнага цэнтра развiцця дзiцяцi «Сонейка» г.  Слуцка Вiкторыя ГЯЧ. У самых «маладых» (настаўнiкаў нямецкай мовы i геаграфii) стаж педагагiчнай дзейнасцi — сем гадоў, а ў самага сталага педагога (настаўнiцы музыкi) — дваццаць пяць.

Рэспублiканскi конкурс прафесiйнага майстэрства педагогаў праводзiцца ў нашай краiне раз у тры гады. Старшыня журы суперфiналу, рэктар Беларускага дзяржаўнага педагагiчнага ўнiверсiтэта, доктар педагагiчных навук, прафесар Аляксандр ЖУК лiчыць, што часцей не трэба — паўза павiнна быць найперш для таго, каб асэнсаваць прадстаўлены калегамi досвед.

З чым жа прыйшлi ў фiнал канкурсанты? Медыяадукацыя, прыёмы развiцця крытычнага i крэатыўнага мыслення, праблемныя сiтуацыi для стымулявання творчых здольнасцяў, iнтэлектуальныя гульнi для павышэння пазнавальнай актыўнасцi, «сiнгапурская методыка» для навыкаў амакантролю i самаацэнкi, перакулены клас, скрайбiнг, скетчноўтынг, новыя падыходы да фармiравання матывацыi, адукацыйнае асяроддзе Lеgо, квэсты адукацыйнай накiраванасцi — вось далёка не поўны пералiк метадаў, прыёмаў i тэхналогiй, прадэманстраваных фiналiстамi.

Педагог i пчала. Што iх аб'ядноўвае?

На ўро­ку ў На­тал­лi ШЧАГ­ЛО­ВАЙ «вуч­нi» ства­ра­лi фор­му­лу па­спя­хо­вай асо­бы.

Сапраўдным святам у суперфiнале стаў 20-хвiлiнны ўрок на сцэне. Усiм удзельнiкам напярэдаднi была прапанавана адна i тая ж тэма «Для чаго трэба вывучаць?..»
Раскрыць яе неабходна было сродкамi свайго прадмета. На ўроку музыкi ўсе шукалi адказ на пытанне пра ролю музыкi ў нашым жыццi, а зала ахвотна дапамагала з... аркестрам папяровых iнструментаў. На ўроку нямецкай мовы вучылi замежныя словы i пранiкалiся iншамоўнай культурай. На ўроку матэматыкi — складалi формулу паспяховай асобы. Мiж iншым, у ролi «вучняў» выступалi калегi-фiналiсты, якiя хоць i выбылi з барацьбы, але з вялiкай ахвотай i гумарам падыгрывалi сваiм больш удачлiвым канкурэнтам.

А на ўроку геаграфii ўсе «вучнi» адправiлiся ў вiртуальнае падарожжа разам са сваiм педагогам. Несумненна, гэты прадмет найлепш вывучаць у вандроўках. «Самалёт», якi пiлатаваў Вадзiм ЛОСЕЎ, «прызямлiўся» ў Расii. Самае глыбокае возера на планеце (Байкал) знаходзiцца на тэрыторыi гэтай краiны, як i самы высокi вулкан у Еўразii (Ключаўская сопка). Затым на «цягнiку» ўсе «адправiлiся» ў суседнюю Украiну, каб прайсцiся па вулачках яе гарадоў.

— А цi ведаеце вы, што насельнiцтва Кiева ў ХI стагоддзi па колькасцi перавышала насельнiцтва Парыжа ў 50 разоў, а насельнiцтва Лондана ў 10 разоў? А цi вядомы вам наступны факт: у Львове кожны пяты жыхар — студэнт, таму што ў горадзе размяшчаецца 26 вышэйшых навучальных устаноў, — цiкавiўся ў сваiх «выхаванцаў» педагог, а паралельна паспяваў яшчэ i кантактаваць з глядацкай залай, задаваць пытаннi i жартаваць. — У гасцях добра, але дома лепш. Вяртаемся дамоў пешшу (цягнiкi не ходзяць), праз палескiя балоты, якiя называюць «лёгкiмi Еўропы», бо яны выпрацоўваюць 50 працэнтаў усяго кiслароду на еўрапейскiм кантыненце (усе на сцэне дэманструюць, як яны прабiраюцца праз дрыгву пад смех i жарты ў зале. — Аўт.). Вось мы i дабралiся да майго любiмага Гомеля. Менавiта тут у Беларусi нарадзiўся iнтэлектуальны рух «Што? Дзе? Калi?», дзякуючы Леанiду Клiмовiчу быў створаны клуб «Белая рысь». А давайце пагуляем у «Што? Дзе? Калi?» Што ў мяне ў чорнай скрынi? Старажытнагрэчаскi фiлосаф Эмпедокл адкрыў яго, назiраючы за пасудзiнай, апушчанай у ваду. Нямецкi фiзiк, iнжынер i фiлосаф Ота фон Герыке вывучаў яго ўласцiвасцi, а Гётэ параўноўваў з iм каханне. Яшчэ не здагадалiся? У скрынi чыстае гомельскае паветра...»

— Як вы думаеце, што аб'ядноўвае настаўнiка i пчалу? — запыталася ў сваiх «вучняў» бiёлаг Марына КАПЦЭВIЧ. — Так, высокая прадукцыйнасць, камунiкатыўнасць, працалюбства i здольнасць да супрацоўнiцтва. А цi ведаеце вы, што адзiн вулей за год вырабляе 150 кiлаграмаў мёду? А як вы думаеце, колькi вучнёўскiх сшыткаў прыносiць за год дадому настаўнiк? Да 150 кiлаграмаў!!! Праца ўсiх нас прыводзiць да нейкага вынiку. Прадукт працалюбства пчол — мёд, а настаўнiцкi прадукт — гэта веды.

Пад кiраўнiцтвам Марыны Капцэвiч педагогi выконвалi на сцэне танец пчалы, з дапамогай якога гэтыя насякомыя камунiкуюць памiж сабой. За адкрыццё «мовы пчол» Карл Рытэр фон Фрыш атрымаў у 1973 годзе Нобелеўскую прэмiю ў вобласцi фiзiялогii i медыцыны. Танец атрымаўся на «дзясятачку»!

«Навошта вывучаць славеснасць?» Так сфармуляваў тэму свайго ўрока настаўнiк рускай мовы i лiтаратуры Васiль МАЛIНОЎСКI: «Апокрифы, жития, летописные своды, поучения, хождения... Будет ли это все востребовано в мире сторителлинга, копирайтинга, фристайла и серфинга?» У медыяхолдынг паступiлi тры кантракты на рэкламу. Адной групе было даручана распрацаваць рэкламу анлайн-курсаў у стылiстыцы настаўленняў Уладзiмiра Манамаха, другой — прадумаць маркетынг падручнiка ў духу авантурнага рамана, а праект па лiтаратурным турызме трэба было аформiць у жанры хаджэнняў, дзе павiнны былi быць факты, алегорыi i добрая «ўпакоўка».

Вучыць уменню вучыцца

«На­вош­та ву­чыць за­меж­ную мо­ву?»  На сцэ­не — на­стаў­нi­ца ня­мец­кай мо­вы Воль­га ТРУ­ХАН.

«Настаўнiк (выхавацель) учора, сёння заўтра» — так арганiзатары конкурсу сфармулявалi тэму для публiчнага выступлення ўсiх суперфiналiстаў.

— Кажуць, не мы выбiраем дарогi, а яны нас, але настаўнiцкую дарогу людзi выбiраюць самi, — разважала настаўнiца нямецкай мовы Вольга ТРУХАН. — Мой першы год працы быў годам узрушэнняў, адкрыццяў i зрэдку расчараванняў. Чалавек вучыцца толькi ў таго, каго любiць. Я — настаўнiк, i гэта на мяне кожны дзень глядзяць вочы маiх вучняў. Настаўнiк сёння не той, хто толькi вучыць, а той, хто вучыцца кожны дзень сам, i ў гэтым мне дапамагаюць мае вучнi. Дзецi ўмеюць вучыць лепш за дарослых, таму што яны дзейнiчаюць i кажуць адкрыта. Кожны дзень я вучуся спецыяльна i выпадкова: жыццёвыя сiтуацыi, кнiгi, вандроўкi даюць мне магчымасць зразумець, хто я. Я вучуся вучыць кожны дзень. Я вучуся вучыць маiх дзяцей уменню вучыцца. Мэта школы — забяспечыць якасную адукацыю, але сёння намнога больш важна, чым настаўнiк напоўнiць душу вучня, таму на сваiх уроках я вучу паважаць чужую культуру i любiць сваю Радзiму, знаходжуся ў пастаянным творчым пошуку, няспынным развiццi, удасканаленнi сваiх педагагiчных здольнасцяў. Педагагiчны вопыт у мяне яшчэ не вельмi вялiкi, але гэта толькi пачатак. Мы ўсе, настаўнiкi, — учора, сёння, заўтра — будуем школу будучынi.

— Справядлiва кажуць, што пiсьменнiк жыве ў сваiх творах, мастак — у карцiнах, а настаўнiк? Я належу да пакалення 90-х, а мае вучнi — пакаленне ХХI стагоддзя. Дзецi, якiя прыйшлi ў першы клас у 2020 годзе, працягнуць сваю прафесiйную дзейнасць да 2080 года. Якiм будзе свет напрыканцы ХХI стагоддзя, цяжка ўявiць, пры гэтым настаўнiк будучынi, абапiраючыся на вопыт мiнулага, павiнен апярэджваць час, — лiчыць Васiль Малiноўскi. — Жыццё ў сучасным свеце з кожным днём паскараецца. Але будучыня — гэта не толькi палёты ў космас, IТ-тэхналогіi, робаты... Будучыня — гэта нашы вучнi, i ад настаўнiка залежыць, якiя кнiгi яны будуць чытаць, якiмi людзьмi яны стануць... Узнятая рука на ўроку — гэта не толькi сiгнал «я ведаю», але i «можна я паспрабую?».

Прызначэнне настаўнiка не змяняецца. Настаўнiк заўтра — гэта настаўнiк-майстар, як учора i сёння: строгi i справядлiвы, патрабавальны i талерантны, мудры, сучасны, iранiчны, добры, артыстычны, усмешлiвы, клапатлiвы, той, хто суперажывае i сумняваецца. Я шчаслiвы ў сваёй прафесii. Гэта маё прызванне, мой лад жыцця i гэта застаецца нязменным: учора, сёння i заўтра.

Не кармiце дыверсанта!

Ва­дзiм ЛО­СЕЎ: «Яшчэ не зда­га­да­лi­ся? У скры­нi чыс­тае го­мель­скае па­вет­ра...»

— Я раскажу гiсторыю, якая здарылася ў маiм 6 «Б». Вучанiца падняла руку i пытаецца: «Вадзiм Алегавiч, вы такi разумны, такi цiкавы чалавек, чаму вы настаўнiк?» Я зразумеў, чаму яна так спытала. Таму, што паспяховасць вучня вызначаецца паспяховасцю настаўнiка, а паспяховасць настаўнiка вызначаецца толькi iм самiм, — кажа Вадзiм ЛОСЕЎ. — Паважаныя калегi, я хацеў бы, каб у гэтай зале i ў гэтым свеце нiхто i нiколi не ставiў пад сумненне ўпэўненасць у сабе. Не давайце нiкому кармiць вашага ўнутранага дыверсанта! Заўсёды будзьце ў гармонii з сабой, любiце i прымайце сябе. У кнiзе Барыса Акунiна «Азазэль» галоўная гераiня лэдзi Эстэр стварыла цэлую
сетку эстэрнатаў па ўсiм свеце, укаранiла ва ўсе галiны сваiх «азазэлей» — у мiнiстэрствы замежных спраў, культуры, адукацыi, спорту. I праз нябачныя нiцi кiравала сваёй iмперыяй. Мы з вамi нясём вялiкую адказнасць за тое, што робiм. Мы кiруем цэлай краiнай, кiруем людзьмi. Адказваем за ўсё, што мы кажам i што транслюем. Паверыўшы нам аднойчы, дзецi вераць нам усё астатняе жыццё.

Разважаючы над фiласофскiм пытаннем аб ролi настаўнiка ва ўсе часы, Людмiла ПАБУДЗЕЙ заўважыла: «Прафесiя настаўнiка — гэта вечнае выпрабаванне мудрасцi, цярплiвасцi, прафесiйных якасцяў i нестандартнасцi, але галоўным iндыкатарам нашай працы былi, ёсць i будуць дзецi. Гэта такi шумны, стракаты кругаварот, якi проста зацягвае цябе ў самую гушчу падзей. Вось падбегла Насця: «Людмiла Анатольеўна, а вы глядзелi новы фiльм? Не? Абавязкова паглядзiце». I я, канешне ж, буду глядзець гэты фiльм, бо мне цiкава, што яе ўсхвалявала i зачапiла. Гераiня маёй любiмай казкi Льюiса Кэрала Алiса кажа: «Трэба бегчы з усiх ног, каб толькi заставацца на месцы, а каб кудысьцi трапiць, трэба бегчы як мiнiмум удвая хутчэй!».

Разуменне гэтага прымушае мяне спяшацца пазнаваць новае i бегчы, бегчы, бегчы... да класа. Стоп! Адкрывай дзверы i заходзь. Што ты бачыш? Вочы? Правiльна! Ты на сваiм месцы!

Iмя пераможцы рэспублiканскага конкурсу «Настаўнiк года Рэспублiкi Беларусь — 2020» аб'явяць сёння ўвечары, падчас урачыстасцяў, якiя пройдуць у Палацы Рэспублiкi з нагоды прафесiйнага свята ўсiх педагогаў. Ён атрымае таксама i ключы ад новенькага аўтамабiля «Gееlу».

Надзея НIКАЛАЕВА

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.