Вы тут

Уладзімір Андрэйчанка: Лёс Беларусі будзе вырашацца самімі беларусамі, цывілізавана і строга ў прававым полі


Выступленне старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь У. П. Андрэйчанкі на адкрыцці чацвёртай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання.


Паважаныя дэпутаты і запрошаныя!

Пачынае работу чацвёртая сесія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання.

Яе асноўныя напрамкі шмат у чым абумоўлены вызначэннем перспектыў развіцця краіны на наступны прагнозны перыяд, у тым ліку з улікам сітуацыі, якая склалася вакол Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў.

Наша краіна сутыкнулася з беспрэцэдэнтным знешнім і ўнутраным ціскам. Раскручаны пратэст прыўнесены звонку з выкарыстаннем цэнтраў псіхалагічнага ўздзеяння. Нас працягваюць выпрабоўваць на трываласць, падвяргаюць небывалай інфармацыйнай агрэсіі.

Але лёс Беларусі павінен і будзе вырашацца не на вулічных акцыях пры сумнеўным знешнім пасрэдніцтве, а самімі беларусамі, цывілізавана і строга ў прававым полі.

Разам з тым відавочна, што ў грамадстве выспеў пэўны запыт на перамены. Як пазначыў кіраўнік дзяржавы, рэформы неабходна пачынаць са змянення Канстытуцыі. Таму вельмі важна вывучыць грамадскую думку па гэтым пытанні ў сваіх акругах праз прамую размову з выбаршчыкамі.

Работа будзе інтэнсіўная, і правесці яе варта сістэмна і зладжана. Народныя ініцыятывы трэба абмеркаваць са спецыялістамі, экспертамі, прадстаўнікамі грамадскіх арганізацый, пры неабходнасці — правесці парламенцкія слуханні, каб падрыхтаваць вывераныя прапановы для разгляду на Усебеларускім народным сходзе, дзе будуць вызначаны ключавыя вектары развіцця краіны.

Дэпутаты таксама павінны сур’ёзна папрацаваць і над праектам закона, які ўзмацняе ролю і аўтарытэт гэтага грамадскага форуму.

Сёння ў грамадстве пачынаецца абмеркаванне магчымых змяненняў заканадаўства аб палітычных партыях. Арганічнае развіццё партыйнай сістэмы, здольнай забяспечваць збалансаванае прадстаўніцтва розных груп нашага грамадства ў дзяржаўнай уладзе, — гэта складаная задача.

Павышэнне ролі палітычных партый запатрабуе адпаведнай карэкціроўкі Выбарчага кодэкса, у тым ліку магчымага ўкаранення элементаў прапарцыянальнай сістэмы.

Але падмуркам любых палітычных працэсаў, безумоўна, з’яўляецца эканоміка. І перад усімі галінамі ўлады стаіць задача захаваць дасягнуты ўзровень дабрабыту беларусаў і на гэтай аснове рухацца далей.

Гэтая тэма будзе асноўнай пры абмеркаванні пытанняў аб дачы згоды кіраўніку дзяржавы на прызначэнне прэм’ер-міністра краіны і аб праграме дзейнасці ўрада.

Самым прынцыповым чынам трэба падысці да падрыхтоўкі і разгляду праекта Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на наступнае пяцігоддзе.

Стан сусветнай эканомікі, канкурэнцыя на глабальных рынках і ўнутраныя патрэбнасці развіцця нацэльваюць нас на прыняцце чарговых мер па рэфармаванні эканамічных адносін. Але пры гэтым вельмі важна захаваць прынцып сацыяльнай справядлівасці.

Сацыяльную накіраванасць неабходна забяспечыць і пры фарміраванні бюджэтна-падатковай палітыкі на 2021 год.

Зразумела, пры разглядзе праекта рэспубліканскага бюджэту прыярытэтам павінна быць максімальная аддача ад кожнага ўкладзенага ў эканоміку рубля. Пры гэтым дзяржава прыме ўсе меры для выканання сваіх абавязацельстваў перад грамадзянамі Беларусі і гарантуе рэалізацыю найважнейшых сацыяльных праграм.

Асаблівую ўвага варта аддаць законапраектам, накіраваным на паляпшэнне бізнес-клімату. Адпаведныя папраўкі будуць унесены ў мытнае заканадаўства, законы па пытаннях гаспадарчых таварыстваў, гандлю і грамадскага харчавання, аграпрамысловага комплексу і некаторыя іншыя. Большасць з гэтых дакументаў рыхтуецца да другога чытання.

У першым чытанні будзе разгледжаны праект прынцыпова новага Закона «Аб самарэгулявальных арганізацыях». Альтэрнатыўны механізм кантролю ўдзельнікаў рынку добра зарэкамендаваў сябе, паколькі дазваляе знізіць дзяржаўнае ўмяшальніцтва ў эканоміку, забяспечвае большую гібкасць і ўлік інтарэсаў прадпрымальнікаў.

На заключным этапе знаходзіцца рэалізацыя даручэння Прэзідэнта па падрыхтоўцы праектаў новых Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Вывучаны велізарны масіў прапаноў, якія наўпрост закранаюць інтарэсы грамадзян і суб’ектаў гаспадарання. Палажэнні праектаў гэтых кодэксаў накіраваны ў тым ліку на лібералізацыю эканамічнай дзейнасці. І наша задача — забяспечыць прыняцце згаданых законапраектаў ужо ў самы бліжэйшы час.

Неабходна прадоўжыць работу па заканадаўчым забеспячэнні сацыяльнай сферы. У прыватнасці, гаворка ідзе аб удасканаленні заканадаўства аб ахове здароўя, правах інвалідаў, пытаннях пенсіённага забеспячэння і дзяржаўнага сацыяльнага страхавання.

Акрамя таго, Міністэрства адукацыі анансавала карэкціроўку Кодэкса аб адукацыі. На гэты дакумент дэпутатам варта ўважліва паглядзець з пункту гледжання адаптацыі беларускай сістэмы адукацыі да сучасных рэалій у мэтах раскрыцця галоўнага нашага стратэгічнага рэсурсу — чалавечага капіталу.

Звяртаючыся да пытанняў міжпарламенцкага супрацоўніцтва, хачу падзякаваць замежным парламентарыям, якія прынялі ўдзел у міжнародным назіранні за выбарамі ў Беларусі і праявілі аб’ектыўны падыход пры ацэнцы іх вынікаў.

У першую чаргу гэта прадстаўнікі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, а таксама Міжпарламенцкай асамблеі СНД, якія зрабілі адназначную выснову аб канстытуцыйнасці выбараў, іх дэмакратычнасці і поўнай адпаведнасці нацыянальнаму заканадаўству.

Мы ўдзячныя расійскім калегам і парламентарыям іншых краін за тую сур’ёзную падтрымку, якую яны працягваюць нам актыўна аказваць у розных міжнародных арганізацыях.

Асабліва адзначу канструктыўнае ўзаемадзеянне з кітайскімі партнёрамі, якія першапачаткова занялі мудрую і ўзважаную пазіцыю ў дачыненні да Беларусі. Нашы кантакты носяць сістэмны характар і пацвярджаюць узаемнае імкненне развіваць увесь комплекс напрамкаў узаемавыгаднага супрацоўніцтва.

Мы працягваем зносіны з парламентарыямі іншых краін на пляцоўках Міжпарламенцкага саюза, МПА АСЕАН, парламенцкіх структур АБСЕ і Савета Еўропы.

На жаль, нягледзячы на доўгі шлях выбудоўвання канструктыўнага дыялогу, заснаванага на аб’ектыўнай ацэнцы сітуацыі, сёння некаторыя замежныя палітыкі робяць заявы, якія мяжуюць з прамым умяшаннем ва ўнутраныя справы суверэннай дзяржавы.

Такія дзеянні носяць адкрыта несяброўскі характар, падрываюць давер паміж краінамі і не спрыяюць умацаванню рэгіянальнай бяспекі.

Тым не менш дэпутатам Палаты прадстаўнікоў неабходна працягнуць кантакты з усімі замежнымі калегамі, каб міжнародная супольнасць магла атрымліваць аб’ектыўную інфармацыю аб тым, што адбываецца ў нашай краіне.

У гэтых мэтах варта актывізаваць дзейнасць міжпарламенцкіх камісій і рабочых груп Нацыянальнага сходу па супрацоўніцтве з парламентамі замежных дзяржаў.

Мы спадзяёмся на разуменне і развіццё супрацоўніцтва на прынцыпах раўнапраўя, узаемапавагі і ўліку інтарэсаў усіх удзельнікаў дыялогу.

Што датычыцца найбліжэйшых планаў, то, прымаючы пад увагу сучасныя выклікі і пагрозы нацыянальнай (у тым ліку эканамічнай) бяспецы, нам варта асоба старанна прапрацаваць свой удзел у маючых адбыцца мерапрыемствах па лініі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, Міжпарламенцкай асамблеі СНД і Парламенцкай асамблеі АДКБ.

Безумоўна, сітуацыя, якая цяпер склалася, у значнай ступені вызначае характар нашай работы ў выбарчых акругах. І мы выразна бачым тыя праблемы, якія ў першую чаргу хвалююць грамадзян.

У фокусе ўвагі дэпутатаў павінны быць пытанні занятасці, стварэння новых рабочых месцаў, выплаты заробкаў, пенсій, сацыяльных дапамог. Нельга аслабляць работу па барацьбе з каранавірусам. У падтрымцы па-ранейшаму маюць патрэбу найбольш уразлівыя катэгорыі насельніцтва — інваліды, адзінокія пажылыя людзі, шматдзетныя сем’і.

Сёння нам як ніколі важна прыслухоўвацца да грамадскіх ініцыятыў на месцах і знаходзіць агульную мову з моладдзю. Бо менавіта яна не заўсёды можа аб’ектыўна ацаніць тыя дзеянні, на якія яе штурхаюць.

Але ў цэлым беларусы ў пераважнай большасці рэалістычна ацэньваюць сітуацыю і адказна выконваюць свой грамадзянскі абавязак. Яны галасавалі за сваё права жыць у суверэннай краіне, спакойна працаваць і самастойна вызначаць сваю будучыню.

Сёння ўсе патрыёты Беларусі незалежна ад сваіх палітычных поглядаў павінны згуртавацца вакол самых важных для нас каштоўнасцяў. А гэта — мір і згода, незалежнасць і сацыяльны дабрабыт. Парламентарыі абавязаны прыкласці ўсе намаганні для дасягнення гэтай мэты.

Фота: house.gov.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».