Вы тут

Галоўчанка: Гэта магутны сігнал іншым патэнцыйным інвестарам


Так ахарактарызаваў прыход кампаніі Emaar Properties у Беларусь прэм’ер-міністр на ўрачыстай цырымоніі закладкі памятнай капсулы ў падмурак Беларускага нацыянальнага выставачнага цэнтра.


Менавіта з гэтага аб’екта стартуе рэалізацыя буйнога праекта «Паўночны бераг». Як паведамлялася, аб’ём інвестыцый можа скласці да чатырох мільярдаў еўра. Праект мае на ўвазе забудову паўночнай часткі Мінска — рэалізацыю канцэпцыі «горад у горадзе» і так званага «якара» ў выглядзе Нацыянальнага выставачнага цэнтра і Сусветнага гандлёвага цэнтра, ІТ-універсітэта, «гарадкоў» сацыяльных аб’ектаў, гасцініц, цэнтраў культуры, паркавага комплексу. Зрэшты, дэталі праекта, па словах прэм’ер-міністра Рамана Галоўчанкі, яшчэ прапрацоўваюцца, як і ўласна інвестыцыйны дагавор.

Памятную капсулу разам з кіраўніком беларускага ўраду закладаў старшыня савета дырэктараў Emaar Properties, уладальнік і старшыня праўлення кампаніі Emirates Blue Sky LLC Мухамед Алі аль-Абар, які напярэдадні абмяркоўваў праект з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

«Для нас гэта важная падзея, бо любая краіна свету можа ганарыцца, калі інвестар такога ўзроўню, як кампанія Emaar, якую прадстаўляе спадар аль-Абар, прыходзіць у краіну. Гэта і магутны сігнал іншым патэнцыйным інвестарам, якія прыглядаюцца, аналізуюць сітуацыю. Не сакрэт, што перад тым, як вырашыцца на любы праект, падрыхтаваныя каманды кансультантаў вывучаюць не толькі нарматыўную прававую базу, інвестыцыйны клімат у краіне, але і глядзяць, ці ёсць тыя, хто ўжо рызыкнуў туды сур’ёзна ўкласціся. Таму, з пункту погляду напрацоўкі паспяховых гісторый для Беларусі, гэта падзея знакавая», — заявіў прэм’ер-міністр на цырымоніі закладання капсулы.

Сам праект таксама надзвычай прывабны і карысны для Беларусі, дадаў Раман Галоўчанка. «Напэўна не пераацаню, калі скажу, што за ўсю гісторыю Беларусі гэта адзін з самых значных, калі не самы значны інвестар, які вырашыў рэалізаваць праект, які звязаны з прамымі інвестыцыямі ў эканоміку нашай краіны», — дадаў ён.

Мухамед Алі аль-Абар пацвердзіў, што і ў выпадку з Беларуссю, як і ў іншых 14 дзяржавах, дзе яго кампанія вядзе буйныя забудовы, вывучалася і палітыка, і эканоміка, і заканадаўства краіны.

«Мы таксама глядзім, што ўжо пабудавана. Відавочна, што Беларусь знаходзіцца на правільным шляху развіцця, верым, што яна мае добрую будучыню. Масмедыя шмат надае ўвагі бягучай сітуацыі, але мы глядзім на больш доўгі перыяд», — расказаў ён.

У размове з журналістамі Мухамед Алі аль-Абар пацвердзіў крэда, якое агучваў у рэзідэнцыі кіраўніка нашай дзяржавы: канчатковая мэта праекта — паляпшэнне якасці жыцця людзей, імпульс для далейшага развіцця краіны.

«Кіраўніцтва кампаніі прыкладзе ўсе намаганні, каб выставачны цэнтр стаў сапраўдным упрыгожаннем горада Мінска, архітэктурным увасабленнем беларускага нацыянальнага каларыту, адным са знакавых аб’ектаў прыкладання эмірацкіх інвестыцый у развіццё інфраструктуры сталіцы», — сказана ў тэксце, які змяшчае памятная капсула.

Раман Галоўчанка запэўніў журналістаў, што інвестыцыйны дагавор, на падставе якога будзе працаваць арабская кампанія, не будзе мець эксклюзіўных прывілеяў. «Гэта агульныя ўмовы, якія і без таго для замежных інвестараў дастаткова прывабныя», — лічыць ён.

Прэм’ер адзначыў, што кампанія з ААЭ выказала (пакуль на словах) гатоўнасць узяць на сябе вялікую сацыяльную нагрузку — размова пра аб’екты, якія не прынясуць прыбытак, але важныя для комплекснасці забудовы.

«Упэўнены, што яны не пашкадуюць, каб раёны жылой забудовы былі насычаныя не толькі звыклымі для нас сацыяльнымі аб’ектамі ў выглядзе школ, садкоў, але і цэнтрамі творчасці. Ведаю, што яны вялікую ўвагу надаюць развіццю мастацтва, таму ва ўсіх аб’ектах на тэрыторыі Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў ствараюцца „куткі“ мастакоў, скульптараў, дызайнераў. Гэта некамерцыйныя аб’екты, але вельмі важныя для развіцця чалавечага капіталу», — дадаў ён.

Кіраўнік урада звярнуў увагу, што праект распачаты з будынка, які таксама не з’яўляецца самым прывабным з камерцыйнага пункту погляду, але які сапраўдны патрэбны Мінску і Беларусі.

«Даўно наша краіна і сталіца мае патрэбу ў нацыянальным выставачным комплексе сусветнага ўзроўню, дзе могуць дэманстравацца самыя апошнія дасягненні, — сказаў ён. — Вядома, гэты комплекс — толькі пачатак грандыёзнага праекта, які задуманы і прапанаваны спадаром аль-Абарам і падтрыманы кіраўніцтвам дзяржавы. Размова не толькі пра самую перадавую ў свеце архітэктуру, але пра такія навацыі, як „разумны горад“, універсітэт штучнага інтэлекту, вялікую колькасць сацыяльных і культурных аб’ектаў».

Вольга МЯДЗВЕДЕЗВА

Прэв’ю, відэа: БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Мiтрапалiт Веньямiн: Нам усiм неабходна прасiць у Бога мудрасцi i разважлiвасцi

Мiтрапалiт Веньямiн: Нам усiм неабходна прасiць у Бога мудрасцi i разважлiвасцi

Патрыяршы экзарх падзялiўся сваiмi думкамi пра асаблiвасцi i сапраўдную небяспеку сённяшняга часу.

Спорт

16-гадовая тэнiсiстка Дар'я Хамуцянская:  На корце сяброў няма

16-гадовая тэнiсiстка Дар'я Хамуцянская: На корце сяброў няма

У яе планах — стаць лепшай за Арыну Сабаленку.

Грамадства

Міністр ЖКГ Андрэй Хмель: Спажыўца паслугі трэба пачуць і зразумець

Міністр ЖКГ Андрэй Хмель: Спажыўца паслугі трэба пачуць і зразумець

Аб за­крыц­ці па­лі­го­наў, уплы­ве ка­ра­на­ві­ру­са, за­клі­ках да не­пла­ця­жу за ка­му­наль­ныя па­слу­гі і най­блі­жэй­шых перс­пек­ты­вах.