Вы тут

Соф'я Шамардзіна. Каханая жанчына беларускага наркама Язэпа Адамовіча і адна з заснавальніц беларускага жаночага руху


Ад рэдакцыі. Наша гісторыя — спрэс таямніцы. Вядомы навуковец Аляксандр Гужалоўскі раскрые некаторыя з іх для чытачоў «Звязды». Гераіня першага артыкула — сяброўка Паўліны Мядзёлкі, старшыня Галоўпалітасветы БССР, дзякуючы якой патрапілі на сцэну «Тутэйшыя» Янкі Купалы, каханая жанчына беларускага наркама Язэпа Адамовіча і адна з заснавальніц беларускага жаночага руху.


«Сонка–сястра», футурыстка Соф'я Шамардзіна.

Соф'я Сяргееўна Шамардзіна нарадзілася ў 1894 годзе ў Нясвіжы, дзе ў той час акцызным чыноўнікам служыў яе бацька — былы армейскі афіцэр. Сяргей Іванавіч Шамардзін паходзіў з сібірскіх татараў, аднак яго дачка ў партыйнай анкеце, якую запаўняла ў 1924 годзе, насупраць графы «нацыянальнасць» пазначыла «беларуска».

Падчас службы ў Нясвіжы Сяргей Шамардзін пасябраваў з выкладчыкамі настаўніцкай семінарыі, у тым ліку з Лычкоўскім — класным кіраўніком будучага класіка, а ў той час студэнта семінарыі Кастуся Міцкевіча. У пачатку ХХ стагоддзя сям'я Шамардзіных пераехала ў Мінск, дзе прайшло юнацтва Соф'і.

У 1913 годзе 18-гадовая гімназістка Шамардзіна здзівіла сваёй экстравагантнасцю пісьменніка Фёдара Салагуба, які ў адзін з сакавіцкіх вечароў разам з Ігарам Севяраніным даваў канцэрт у Гасціным двары ў Мінску. Пасля канцэрта юная прыхільніца паэзіі прабралася за кулісы і, перапоўненая пачуццямі, пацалавала Салагуба.

Пасля заканчэння ў 1913 годзе мінскай жаночай гімназіі Соф'я Шамардзіна выправілася на вучобу на Бястужаўскія курсы ў Пецярбург. Імкнучыся дапамагчы адаптавацца ёй у сталіцы, бацькі дзяўчыны звярнуліся да маладога пецярбургскага літаратурнага крытыка і журналіста Карнея Чукоўскага, якога ведалі па яго папярэдніх прыездах у Мінск да свайго сябра — хірурга Якава Шабада.

Чукоўскі пазнаёміў маладую дзяўчыну з паэтамі-футурыстамі — братамі Бурлюкамі, Велімірам Хлебнікавым, Вадзімам Баянам. Неўзабаве яна зноў сустрэла свайго мінскага знаёмага Севяраніна. Увосень 1913 года ў Медыцынскім інстытуце яна ўпершыню ўбачыла Уладзіміра Маякоўскага, які пасля лекцыі Чукоўскага пра футурыстаў чытаў уласныя вершы. У той жа вечар у літаратурна-артыстычным кафэ «Бадзяжны сабака» з дапамогай таго ж Чукоўскага адбылося знаёмства Шамардзіной з Маякоўскім, якое адразу ж ператварылася ў каханне. Паэт ласкава называў дзевятнаццацігадовую дзяўчыну «Сонкай», «сястрой», а неўзабаве яна стала адным з персанажаў напісанай у тым жа 1913 годзе трагедыі «Уладзімір Маякоўскі»:

«Что же, — значит, ничто любовь?

У меня есть Сонечка сестра!»

Сям'я «незвычайнай канфігурацыі»: Брыкі–Маякоўскі. 1920 г.

Імя каханай паэт некалькі разоў выкарыстоўваў у першым варыянце рукапісу паэмы «Воблака ў штанах». Тым не менш апетае ў творах каханне не стала шчаслівым.

Шамардзіна была талстоўкай, не ўжывала мяса і лічыла, што паміж мужчынам і жанчынай павінны быць братнія і сястрынскія адносіны. «Я жадала быць яго сястрой, але і страціць Маякоўскага не хацела». З-за гэтага у адносінах з паэтам, які прагнуў яе як жанчыну, па словах самой Шамардзіной, «было шмат цяжкага, непатрэбнага, што азмрочыла наша сяброўства». Талстоўства не перашкаджала бястужаўцы адкрыта дэманстраваць на публіцы свае адносіны з паэтам, напрыклад, пры сустрэчы абменьвацца з ім пацалункамі.

Юная Шамардзіна праз каханне да паэта закінула вучобу на Бястужаўскіх курсах. З-за адкрытай сувязі з ім «Сонку» «папрасіла» гаспадыня кватэры, якую яна здымала на Васільеўскім востраве. Неўзабаве іх разам з Маякоўскім раніцаю ў гатэлі заспеў на «месцы злачынства» мінскі святар, які, канешне, расказаў бацькам дзяўчыны пра яе пецярбургскія прыгоды. Нарэшце «Сонка» вымушана была пазбавіцца ад нежаданай цяжарнасці.

Летам 1914 года Шамардзіна сустрэлася з Маякоўскім у Маскве, дзе яны канчаткова паставілі ў рамантычных адносінах усе кропкі над «і»
і вырашылі, што будуць сябрамі. Тым не менш пачуцці захоўваліся ў іх адносінах і надалей. Пра гэта сведчыць «ліст-сакрэтка» (складзены ўтрая аркушык паперы), які быў выпадкова знойдзены ў 1990-я гады ў Доме Нірнзее ў Вялікім Гнезднікоўскім завулку ў Маскве, дзе ў 1915 годзе жыў паэт. На лесвічнай пляцоўцы паміж першым і другім паверхамі там стаяла люстэрка. У 1990-я гады яно лопнула, і за ім у нішы было знойдзена шмат старых лістоў і паштовак. У адным лісце-сакрэтцы было напісана:

Люблю зеркало,

Хочу сегодня быть красивой.

Я очень люблю тебя Владимир Маяковский.

Стихи твои и тебя.

Как хорошо знать себя счастливой.

Но глаза у меня тусклые уже два дня.

Иду целовать очень алые губы.

Я хорошая? Да?

Я буду думать про тебя. Я хочу, чтобы

Всегда ты радовался, когда я прихожу

К тебе.

Сонка.

У пачатку 1914 года ўжо цяжарная дзяўчына, пасля непрацяглага знаходжання ў Мінску, выпраўляецца з групай футурыстаў з канцэртамі на поўдзень краіны. Там завязваюцца іх рамантычныя адносіны з Севяраніным, пра якія паэт у 1923 годзе ў вершы «Уладзіміру Маякоўскаму» напіша:

Володя, помнишь горы Крыма

И скукой скорченную Керчь?

Ещё, Володя, помнишь Соньку

Почти мою, совсем твою.

Такую шалую девчонку,

Такую нежную змею...

У 1923 годзе ў аўтабіяграфічнай паэме «Званы сабора пачуццяў», фактычна прысвечанай каханню Севяраніна да Шамардзіной, паэт так напіша пра пецярбургскія і мінскія сустрэчы са сваёй музай:

«Звонок. Шаги. Стук в дверь. «Войдите!» —

И входит девушка. Вуаль

Подняв, очей своих эмаль

Вливает мне в глаза, и нити

Зеленобронзовых волос

Капризно тянутся из кос.

Передает букет гвоздики

Мне в руки, молча и бледна,

Ее глаза смелы и дики:

«Я Сонечка Амардина». —

Я вспомнил Минск, концерт, эстраду,

Аплодисментов плёский гул,

И, смутную познав отраду,

Я нежно на нее взглянул.

«Вы помните?» — «О да, я помню...»

«И Вы хотите?» — «Да, хочу...»

И мы в любовь, как в грёзоломню,

Летим, подвластные лучу...».

Неўзабаве пасля пачатку Першай сусветнай вайны Шамардзіна кідае вучобу і накіроўваецца міласэрнай сястрой на фронт, дзе трапляе ў ваенны шпіталь пад Люблінам. Падобнай рэзкай зменай курсу ўласнага жыцця яна спрабавала перамагчы псіхалагічны боль, выкліканы стратай дзіцяці. Аднак вайна, гэтаксама як і футурыстычная багема, была не найлепшым асяродкам для псіхалагічнай рэабілітацыі. У адным з лістоў з фронту свайму пецярбургскаму сябру — журналісту, калекцыянеру і мецэнату Руманаву яна піша: «Мне вельмі патрэбна дзіця. Неістотна ад каго. Хай будзе хтосьці выпадковы. Часам хачу абраць Вас».

Неўзабаве Шамардзіна пазнаёмілася з афіцэрам, бальшавіком Аляксандрам Пратасавым, якога сама характарызавала як «чалавека, якога нельга падмануць, бо ён адданы». Але адданасць не магла замяніць вялікага кахання, якога прагнула душа 22-гадовай дзяўчыны, і яна адмовіла закаханаму «Шурку».

Тым не менш у пачатку 1917 года яна нарадзіла сына, пасля чаго, паводле яе слоў, стала самым шчаслівым чалавекам у свеце. На жаль, мацярынскае шчасце Шамардзіной было непрацяглым. Узімку таго ж 1917 года немаўля памерла, што абрынула яе ў яшчэ глыбейшую за папярэднюю дэпрэсію. Неўзабаве пасля страты сына, у сваім лісце Руманаву яна так ахарактарызавала ўласныя жыццёвыя планы: «Калі пасля вайны пачнуцца нейкія гнюснасці, я паступлю на ўтрыманне да першага мінскага яўрэя, што трапіцца, і з'еду ў Калумбію. У мяне ўжо ёсць два добраахвотнікі — 13-ці і 60-ці гадоў».

Усё змяніла Лютаўская рэвалюцыя. Неўзабаве пасля вяртання ў Мінск Соф'я паступае на службу ў толькі створаную замест скасаванай паліцыі гарадскую міліцыю, якую ўзначальваў Міхаіл Фрунзэ. Служба ў мінскай міліцыі пакідала няшмат вольнага часу, які Шамардзіна прысвячала паэзіі. Так, яна была частым госцем на сходах групы мінскіх маладых паэтаў пад назвай «марсэльскія матросы», дзе звычайна чытала вершы Маякоўскага. У канцы лета Шамардзіна накіроўваецца ў Цюмень, дзе працуе на тэхнічнай
рабоце ў земстве, а таксама мясцовай кааперацыі. У 1919 годзе яна ўступае ў РКП(б), пасля чаго пэўны час працуе ў калегіі Надзвычайнай камісіі ў Табольску. У 1920 годзе яе пераводзяць на партыйную работу ў Краснаярск. Заканчэнне савецка-польскай вайны дазволіла Шамардзіной вярнуцца ў Мінск, дзе на вуліцы Шырокай (сёння вул. Куйбышава) у доме № 28 па-ранейшаму жылі яе маці, брат і сястра Марыя з пляменніцай.

Адразу ж пасля вяртання ў горад юнацтва маладая камуністка кідаецца ў вір будаўніцтва новага жыцця. Яна займае пасады ў Народным камісарыяце асветы, Народным камісарыяце юстыцыі. Але ў найбольшай ступені Шамардзіну захапляла дзейнасць у аддзеле па рабоце сярод жанчын пры ЦК КП(б)Б. Як лідар жаночага руху ў рэспубліцы яна пазнаёмілася з наркамам ваенных і ўнутраных спраў БССР Язэпам Адамовічам.

Наркам Язэп Адамовіч з каханай Сонюшкай і яе сястрой. 1920-я гады.

Упершыню яна ўбачыла Адамовіча, які быў на два гады маладзейшы за яе, у зале 1-х пяхотных курсаў. Яе сястра, якая вяла на курсах грамадска-культурную работу, растлумачыла Соф'і: «Гэта адзін з самых папулярных беларускіх кіраўнікоў, ваенкам Адамовіч». Адамовіч у той час жыў на вуліцы Маркса, у Другім доме саветаў у адной кватэры з сакратаром Цэнтральнага бюро КП(б)Б Вільгельмам Кнорыным. Жаночая актывістка ведала Кнорына, сустракалася з ім «па службовых і неслужбовых справах» і скарысталася гэтым для знаёмства з 25-гадовым наркамам. Шамардзіной, па яе ўласных словах, «падабаўся быт гэтай кватэры», дзе яна часта бывала. Запрашала яна Адамовіча таксама ў госці да сябе, у кватэру бацькоў. Аднойчы, на просьбу наркама, там быў наладжаны прыём для камандуючага Заходнім фронтам Тухачэўскага.

Для лепшага разумення характару ўзаемаадносін Шамардзіной і Адамовіча, які меў два класы адукацыі, неабходна ўспомніць маральна-псіхалагічны стан паслярэвалюцыйнага грамадства, што характарызавалася яго падзеленасцю на пераможцаў і пераможаных. Першыя ўспрымалі жонак і дачок былых эксплуататараў у якасці ўласнага трафея, высоўвалі «законнае» права на каханне арыстакратак і буржуазак. Падобныя ідэі былі вельмі распаўсюджаныя сярод партнаменклатуры. З іншага боку, рэвалюцыйная рамантыка, а таксама комплекс віны перад народам штурхалі прадстаўнікоў інтэлігентнай моладзі ўступаць у саюзы з выхадцамі з рабочых альбо сялянскіх сем'яў. Падобным чынам інтэлігентная масквічка Вера Сцяпанаўна Амяльянчык абрала ў 1920 годзе ў якасці жыццёвага спадарожніка сына вясковага печніка з пачатковай адукацыяй, будучага старшыню СНК БССР Мікалая Галадзеда.

Вось як апісвае Шамардзіна пачатак іх сумеснага жыцця: «Аднойчы я захварэла і некалькі дзён не была ў Язэпа Аляксандравіча. А ў нядзелю, зімовай раніцай, на двор уз'язд-
жаюць ваенкамаўскія сані. Гэта Адамовіч рашыў, што ўжо час «перабудоўваць жыццё, і даручыў сваёй сястры Гэлі, якая працавала на фабрыцы «Вулкан», прывезці мяне.

— Юзік загадаў без Вас не вяртацца, — сказала яна. — Вось кажух, апранайцеся.

Прыйшлося падпарадкавацца. Так пачалося наша сумеснае, дружнае і шчаслівае жыццё».

«Зоська» і «Юзік» зажылі разам адпаведна законам рэвалюцыйнага часу, без рэгістрацыі шлюбу і вяселля. У кватэры, куды прывезлі Шамардзіну, разам з Кнорыным і Адамовічам жылі дзве малодшыя сястры Адамовіча, якія прынялі яе «шчыра, без рэўнасці». Шамардзіна ва ўспамінах малюе ідылічную карціну, што «розніца ў нашым культурна-адукацыйным узроўні не перашкаджала нам, хутчэй гэта акалічнасць збліжала нас: я рада была памагчы ў яго самаадукацыі, ён заўсёды падстаўляў сваё моцнае плячо і падаваў руку ў вырашэнні арганізацыйных і палітычных пытанняў у маёй рабоце».

Неўзабаве пасля пераезду ў Другі дом саветаў Шамардзіна была прызначана памочнікам пракурора. У 1922 годзе паступіла на завочнае аддзяленне 1-га Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Падчас здачы экзаменаў зноў адбываюцца яе сустрэчы з Маякоўскім у Маскве. Паэт смяяўся: «Сонка — партыйны работнік!»

У пачатку 1920-х гадоў яна знаёміцца з Якубам Коласам. Паэт любіў наведваць музычныя вечарыны ў прафесара БДУ Беркенгейма, які жыў у адным доме з Шамардзінымі на вуліцы Шырокай. Там спявала Ларыса Александроўская, іграў скрыпач Бяссмертны. Колас разам з Купалам бываў у гасцях у Шамардзіной і Адамовіча ў іх кватэры ў Другім доме саветаў. Падчас гэтых візітаў «былі жарты і сур'ёзныя размовы». Дарыў пясняр Адамовічу, тады ўжо старшыні СНК, свае кніжкі. Аднойчы на абмеркаванні ў СНК бюджэтных выдаткаў на будаўніцтва новых школ Колас дапамог Шамардзіной атрымаць дадатковыя грошы на будаўніцтва вясковых школ. Шамардзіна, у сваю чаргу, пагадзілася стаць старшынёй камісіі па святкаванні 20-годдзя літаратурнай творчасці пісьменніка. А 24 лістапада 1926 года на ўрачыстым сходзе зачытала ўласнаручна складзены віншавальны адрас паэту ад Наркамата асветы.

Неўзабаве пасля таго як у 1924 годзе Адамовіча прызначылі старшынёй СНК БССР, Шамардзіна таксама пайшла на павышэнне і заняла пасаду старшыні Галоўпалітасветы — уплывовай структуры ў складзе Наркамасветы БССР, якая адказвала за камуністычнае выхаванне працоўных. Такім чынам, воляю лёсу маладая пара заняла ў БССР тыя ж пасады, якія займалі ў Маскве Ленін і Крупская. Шамардзіна і апранацца пачала «пад Крупскую». Маякоўскі падчас адной з сустрэч у Маскве нават сказаў ёй: «Вось бы цябе апрануць!» На што яна пажартавала: «Дрэнныя мае справы: раней ты імкнуўся распрануць мяне, а цяпер апрануць».

Нягледзячы на новы імідж, абумоўлены важнай ідэалагічнай пасадай, Шамардзіна не губляла сваёй жаночай прыцягальнасці. Паўліна Мядзёлка наступным чынам апісвае сваё першае ўражанне ад старшыні Галоўпалітасветы БССР: «Прыгожая жанчына ў сціплай, але густоўнай сукенцы, на галаве павязаная шоўкавая чырвоная касынка, ...якісь час я не магла вачэй адарваць ад гэтай постаці, быццам уражаная нейкім незразумелым токам».

Прыкладна ў той жа час Шамардзіна знаёміцца з героем Першай сусветнай і Грамадзянскай войнаў, начальнікам мінскага ваеннага гарнізона Гаем, які «добра адгукаўся пра яе як пра жанчыну». Гай — шырока эрудзіраваны чалавек, які захапляўся музыкай і літаратурай, прабыў у Мінску нядоўга, на працягу 1924—1925 гадоў, пасля чаго накіраваўся на вучобу ў Ваенную акадэмію імя Фрунзэ ў Маскву.

Пра дзейнасць Шамардзіной на пасадзе старшыні Галоўпалітасветы сведчыць наступны эпізод. У 1926 годзе яна адмяніла рашэнне галоўнага цэнзара рэспублікі Арэшнікава аб забароне спектакля БДТ-1 паводле п'есы Янкі Купалы «Тутэйшыя». Як вядома, прэм'ера гэтага шматпакутнага твора была прымеркавана да правядзення Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі, якая праходзіла ў Мінску з удзелам прадстаўнікоў беларускага руху ў эміграцыі. Беручы пад увагу сур'ёзнасць палітычнага моманту, а таксама асобу аўтара (за год да гэтага Купала атрымаў званне народнага паэта), калегія Наркамата асветы, а таксама рэспубліканскае партыйнае кіраўніцтва падтрымала рашэнне Шамардзіной. Быў знойдзены кампраміс. Галоўпалітасвету прызналі вінаватай у тым, што п'есу паставілі ў арыгінальным аўтарскім варыянце. Галоўлітбел — у тым, што зняў яе адразу ж пасля прэм'еры. Саму ж п'есу было дазволена прадставіць гледачу пасля аўтарскай перапрацоўкі і пакаяннага ліста, апублікаванага на старонках перыядычнага друку.

Акрамя кіравання Галоўпалітасветай, Шамардзіна з'яўлялася членам нарады жанаддзела ЦК КП(б)Б. У 1926 годзе яе абіраюць членам Мінскага гарадскога савета. Гэта дало Маякоўскаму глебу для новых жартаў «Сонка — член гарсавета». У пачатку 1927 года яе абіраюць на Усебеларускі з'езд саветаў ад Магілёўскай акругі.

У 1925 годзе адбылося знаёмства Шамардзіной з журналісткай, літаратарам, гарачай прыхільніцай тэорыі вольнага кахання Ларысай Рэйснер, якая ў якасці карэспандэнта «Известий» прыехала ў Мінск асвятляць працэс селькара Лапіцкага. У 1926 годзе ў Мінску адбываецца яшчэ адно важнае знаёмства, гэтым разам з каханым Рэйснер, блізкім сябрам Льва Троцкага Радэкам. Актывіст таварыства «Далоў сорам!» прыехаў у сталіцу БССР з лекцыяй як рэктар Універсітэта працоўных Кітая імя Сунь Ятсена ў Маскве. Эксцэнтрычны, амаральны Радэк, нягледзячы на непрыемную знешнасць, падабаўся жанчынам. Шамардзіна не стала выключэннем і, пасля асабістага знаёмства, пазнаёміла сталічную знакамітасць з мужам. Гэта адыграла ў лёсе Адамовіча фатальную ролю.

Трацкіст і актывіст таварыства «Далоў сорам!» Карл Радэк таксама спадабаўся Шамардзіной.

У наступным годзе, калі Адамовіч ужо стаў старшынёй СНК Беларусі, у Мінск прыехаў Маякоўскі. «Софка сястра» сустрэлася з ім на першым жа вечары паэзіі, які адбыўся ў былым будынку харальнай сінагогі. Другі вечар яна ўжо адкрывала сама. Потым ездзіла да яго ў госці ў гатэль «Еўропа» і нарэшце запрасіла да сябе дамоў. Паэт у гасцях у важных наменклатурных работнікаў быў незвычайна нясмелы. Калі прыйшоў са службы Адамовіч, ён выбраў момант і шапнуў ёй: «Як цябе зваць пры ім — на «ты» альбо на «вы»?» Яна рассмяялася і тут жа расказала пра страхі госця мужу. Яны пасябравалі.

У 1927 годзе Адамовіч быў прызначаны членам Прэзідыума Вышэйшага савета народнай гаспадаркі СССР, што прадугледжвала яго пераезд у Маскву. Шамардзіна рушыла ўслед за ім і неўзабаве заняла ў сталіцы адказную пасаду ў ЦК Усесаюзнага прафесіянальнага саюза работнікаў мастацтваў. Дзякуючы гэтай пасадзе яна ўваходзіць у кола тагачаснай савецкай артыстычнай эліты. Кватэру Адамовіча-Шамардзіной на Малой Броннай наведваюць Качалаў, Меерхольд, Міхоэлс, Сейфуліна, Ранеўская, Дзікі. Маякоўскі знаёміць Сонку з Ліляй Брык. З надрукаваных успамінаў Шамардзіной вынікае, што яе не абурыла і нават не здзівіла незвычайная канфігурацыя сям'і Маякоўскага. Шамардзіна называе кватэру, дзе жыла сям'я Маякоўскага–Брыкаў «сапраўдным савецкім домам і цудоўнай, моцнай садружнасцю тых, хто ў ім жыве». У той жа час яе «ванітавала» ад старога, традыцыйнага «музейнага» побыту іншых савецкіх пісьменнікаў эпохі нэпу.

У Маскве Шамардзіна працягвала адносіны з Радэкам, што выклікала незадаволенасць Адамовіча і як дзяржаўнага дзеяча (Радэк быў трацкістам) і «як мужа». Тым не менш Адамовіч з Шамардзіной па яе просьбе наведвалі Радэка і надалей. Часам гэтыя візіты набывалі непрыстойны характар. Напрыклад, падчас аднаго з іх Радэк дэманстраваў гасцям нямецкія парнаграфічныя выданні.

У сталіцы пара пражыла да 1932 года, калі над галавой ужо паніжанага ў пасадзе да старшыні Саюзцукру Адамовіча «грымнуў гром». Разам з іншымі высокапастаўленымі камуністамі, ён трапіў пад хвалю рэпрэсій, выкліканых антысталінскім лістом былога калегі Адамовіча па Прэзідыуме Вышэйшага савета народнай гаспадаркі Руціна. Пасля раскрыцця ў 1932 годзе створанага Руціным «Саюза марксістаў-ленінцаў» і арышту яго ўдзельнікаў, Адамовіч апынуўся ва Усурыйску (тады Варашылаве) на будоўлі цукровага завода. Шамардзіна паехала за ім. Там яна знаёміцца з маладым камандуючым Прыморскай групай войскаў Вітаўтам Путнам, з якім сустракалася «ў сябе на кватэры, у яго на кватэры, а таксама ў гаркаме», прычым гэтыя сустрэчы «не мелі палітычнага характару».

У 1934 годзе Адамовіча прызначылі ў Петрапаўлаўск-Камчацкі начальнікам рыбапрамысловай арганізацыі пад назвай «Акцыянернае камчацкае таварыства». Шамардзіна атрымала таксама важную пасаду — загадчыка аддзела кіруючых партыйных органаў у мясцовым абкаме. Сужэнцы блізка сышліся з начальнікам Камчацкага абласнога ўпраўлення НКУС Львом, прычым у Шамардзіной гэтае сяброўства дапаўнялася фізічнай блізкасцю. Адначасова яе палюбоўнікам робіцца, паводле яго асабістых паказанняў у НКУС, шафёр Адамовіча Ансімаў, на 12 гадоў маладзейшы за Шамардзіну.

Сярод тысяч людзей, чые лёсы зламаў крывавы 1937 год, апынуліся Адамовіч і Шамардзіна. Публічна абвінавачаны на раённай партыйнай канферэнцыі ў сувязях з трацкістамі, у тым ліку з Радэкам, 22 красавіка 1937 года Адамовіч застрэліўся. Супрацоўнікі міліцыі, якія прыбылі на месца здарэння, у прысутнасці Льва склалі пратакол, дзе значылася: «...У пакоі, які знаходзіцца ў паўднёва-заходняй частцы дома, на ложку каля ўсходняй сцяны ляжыць труп грамадзяніна Адамовіча ўздоўж ложка, галава па напрамку на поўдзень. У правай руцэ ў трупа сціснуты рэвальвер сістэмы «Браўнінг», у вобласці правай скроні агнястрэльная рана з выхадной адтулінай вышэй левай скроні, на якой маецца запечаная кроў».

У перадсмяротнай запісцы ён папрасіў прабачэння за свой непартыйны ўчынак у Сталіна, Мікаяна, камчацкіх таварышаў і, канешне, у жонкі: «Даруй, мілая і родная Сонюшка. Працуй, Сонюшка, на карысць партыі за сябе і за мяне. Не магу вытрываць сцяну недаверу да мяне. Твой Язэп». Адразу ж пасля смерці Адамовіча Шамардзіна адправіла ў Крэмль тэлеграму наступнага зместу: «Тав. Сталін! Адамовіч заўсёды быў бальшавіком, клянуся маім жыццём і партыяй. Я хачу, каб Вы і партыя гэта ведалі». Неўзабаве, спрабуючы выратавацца ад непазбежнага арышту як «жонка ворага народа», яна накіравалася ў Маскву, спадзеючыся на дапамогу сталічных сяброў.

Аднак лёс Шамардзіной быў ужо прадвызначаны. У лістападзе 1937 годзе маскоўскія чэкісты арыштавалі ўдаву «начальніка Камчаткі». Яна абвінавачвалася ў незаконным пераходзе мяжы з Польшчай у 1921 годзе (такі эпізод сапраўды меў месца, калі фурман заблукаў і завёз камандзіраваную ў прымежны калгас Шамардзіну на польскую тэрыторыю), у сувязі з ужо расстралянымі ворагамі народа Радэкам, Путнам і намеснікам наркама асветы БССР Каранеўскім, а таксама ў захоўванні контррэвалюцыйнай літаратуры. Падчас следства Шамардзіна трымалася годна. Не губляла прысутнасці духу, нягледзячы на жахлівыя ўмовы, якія былі створаны для арыштаваных у Бутырскай турме. Паводле яе ўспамінаў, у турэмнай камеры, разлічанай на 20 чалавек, утрымлівалася 150—200 зняволеных, тыя нават спалі стоячы, прытуліўшыся адзін да аднаго. Следчых, у адрозненні ад сукамерніц, мала цікавілі яе культурныя сувязі — толькі палітычныя, нават тыя, якія не існавалі ў рэчаіснасці. У выніку пастановай асобай нарады пры НКУС СССР ад 22 снежня 1937 года Шамардзіна за «контррэвалюцыйную дзейнасць» атрымала 10 гадоў лагераў. Гэты тэрмін яна адбыла на поўначы Архангельскай вобласці.

Праз два гады пасля вызвалення яе паўторна арыштавалі супрацоўнікі Куйбышаўскага раённага аддзела УМДБ па Маскоўскай вобласці. Ізноў даставілі ў Бутырку. Адна з яе сукамерніц падчас следства па паўторнай справе ўспамінала: «На крайнім каля сцяны ложку я ўбачыла цудоўны светлы твар жанчыны сталага веку. Ці магла я падумаць, што тут, у скляпенні ажыве мінулае, ажывуць людзі, пра якіх напісаны цэлыя тамы, тыя, што былі і застаюцца гордасцю нашай культуры. Яны ўвайшлі, як блізкія, жывыя ў гэту камеру разам з Сонечкай Шамардзіной». Па-старамоднаму грасіруючы, старая бальшавічка распавядала пра сваё багатае на прыгоды і знаёмствы жыццё, маральна падтрымлівала сукамерніц, спрабавала напоўніць турэмны побыт нейкім сэнсам, прапануючы навукова-папулярныя размовы, бурымэ і іншае., рабіла падчас прагулак гімнастыку. Часта паўтарала: «Трэба дажыць да лепшых часоў...» Гэтым разам у маі 1949 года Асобая нарада прысудзіла «паўторніцу» да спецпасялення. Высылку яна адбывала ў Краснаярскім краі ў горадзе Ігарка.

15 ліпеня 1955 года Ваенная калегія Вярхоўнага суда СССР адмяніла абедзве пастановы Асобай нарады ў адносінах да Шамардзінай. Яе крымінальныя справы былі спынены за адсутнасцю складу злачынства. Адным з першых, хто падтрымаў жанчыну пасля вызвалення, быў Якуб Колас. Ён адразу ж адказаў на ліст, дзе яна паведамляла аб сваёй рэабілітацыі.

Пасля 17 гадоў зняволення Шамардзіна атрымала невялікі пакой у маскоўскай камуналцы ў Вялікім Харытоньеўскім завулку. Пісала ў ім вершы, паэмы, успаміны, застаючыся шчырай бальшавічкай. На схіле гадоў з дапамогай Лілі Брык яна атрымала месца ў пансіянаце старых бальшавікоў пад Масквой у Перадзелкіне, дзе і памерла ў 1980-м, на 86-м годзе свайго доўгага жыцця. Там жа была пахавана на мясцовых пасялковых могілках. Нават у сталым узросце яна не губляла аптымізму, прагі жыцця. 2 кастрычніка 1972 года «Зоська» Шамардзіна пісала сваёй старой мінскай сяброўцы Паўліне Мядзёлцы: «У дзень майго нараджэння сабраліся ўсе мае бабулькі чалавек да дзесяці, і ніводнага нават самага заваляшчага мужычка».

Старыя сяброўкі — Соф'я Шамардзіна і Паўліна Мядзёлка. 1970-я гады.

Ужо ў пачатку ХХІ стагоддзя асоба Соф'і Шамардзіной трапіла ў поле зроку пісьменнікаў, у тым ліку Барыса Акуніна. Ён наступным чынам падсумаваў жыццёвы лёс гэтай, паводле яго ўласнага азначэння, «фам фаталь»: «Мне яе вельмі шкада, яна трапіла не ў тую краіну і не ў тую эпоху. Падзьмуў ураган, панёс гэтую прыгожую пчолку ў сцюдзёную пустэльню. А ўсіх мужчын, якіх яна кахала (альбо рабіла выгляд, што кахала) ураган пазабіваў».

Сапраўды, ніхто з каханых Соф'і Шамардзіной не дажыў да старасці. Маякоўскаму, калі ён скончыў жыццё самагубствам было 36. Язэп Адамовіч застрэліўся ў 40-гадовым узросце. Старэйшы на год за Шамардзіну Путна быў расстраляны як «удзельнік вайсковай змовы» ў чэрвені 1937 года 50-гадовага «шпіёна» Гая расстралялі ў снежні 1937-га. 41-гадовы Леў атрымаў кулю як «вораг народа» ў лютым 1938-га «Трацкіст» Радэк быў забіты ў верхнеўральскім палітізалятары ў маі 1939 года, калі яму яшчэ не споўнілася 55. Самы малады з каханых Шамардзіной пайшоў з жыцця Ансімаў, расстраляны ў чэрвені 1938 года, калі яму споўніўся толькі 31. На фоне гэтых трагічных смерцяў зусім шчаслівым выглядае лёс «караля паэтаў» Ігара Севяраніна, які ціха адышоў ад сухотаў у Таліне 20 снежня 1941 года.

Аляксандр ГУЖАЛОЎСКІ

Іншыя матэрыялы аўтара

Загаловак у газеце: «Фам фаталь» для паэта і старшыні Саўнаркама

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?