Вы тут

​Літаратура сёння ствараецца энтузіястамі


Кніг выходзіць у Беларусі багата, аднак сам літаратурны працэс значна адрозніваецца ад таго, якім быў у ранейшыя часы. Хто сёння прыходзіць у краснае пісьменства? Які шлях прынясе аўтару найбольшы плён? Прысутнічаць у інтэрнэце — гэта абавязкова? Ці варта, ацэньваючы твор, арыентавацца на літаратурныя прэміі?

Пра феномены сённяшняга «літаратурнага надвор’я» разважае даследчыца, літаратурны крытык Ірына ШАЎЛЯКОВА-БАРЗЕНКА.

Наш эксперт

Ірына ШАЎЛЯКОВА-БАРЗЕНКА — даследчыца, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, літаратурны крытык. Аўтар 4 кніг літаратурна-крытычных артыкулаў і рэцэнзій, больш за 190 артыкулаў, каля 70 рэцэнзій на літаратурна-мастацкія і навуковыя выданні. Сфера навуковых інтарэсаў: тэорыя і гісторыя літаратуры, актуальныя праблемы функцыянавання і развіцця літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства, літаратурныя практыкі ў інфармацыйным грамадстве і інш. З 2018 года — эксперт Мультыкультурнага даследчага цэнтра Універсітэта Хучжоу (КНР), адным з заснавальнікаў якога, разам з Кітаем, Азербайджанам і Украінай, з’яўляецца Беларусь (Нацыянальны інстытут адукацыі).


— Мінулі часы, калі пісьменнікі карысталіся асаблівай пашанай, а кнігі выходзілі вялікімі накладамі. Гэта звычайна тлумачаць тым, што культура і грамадства перасталі быць літаратурацэнтрычнымі. Пры пэўных мінусах, ці можа такі паварот паспрыяць таму, што ў літаратуру будуць прыходзіць людзі, якія не маюць іншых матывацый, акрамя выключна творчых?

— Тыя, нібы па вызначэнні блаславёныя для любога літаратара, часы скончыліся амаль «на ўваходзе» ў літаратурную прастору майго пакалення. «Дзевяносцікам» — мянушка дадзена генерацыі сённяшніх саракагадовых (каля)літаратурных людзей пісьменнікам, выдаўцом Змітром Вішнёвым — і на самым пачатку 1990-х дасталіся пра «тлустыя» (у біблейскім сэнсе) гады толькі згадкі-шкадаванні старэйшых калег.

Мой досвед, жыццёвы і літаратурны, сведчыць, што сапраўдны рухавік найноўшай гісторыі беларускай літаратуры — выключна творчыя матывы. Беларускі літаратурна-мастацкі дыскурс апошніх дваццаці год — выспа энтузіястаў. Асабліва відавочна гэта прасочваецца на прыкладзе шэрагу маладых пісьменнікаў (куды я залічваю генерацыі, што прыйшлі пасля «дзевяносцікаў»), якія зарабляюць не творчасцю, а на творчасць — на выданне кніг, часопісаў, рэалізацыю літаратурацэнтрычных праектаў і г. д. — найчасцей праз бізнес, не звязаны з літаратурай. Як ні дзіўна, неманетызаваная (агульнакультурная, чыста творчая) матывацыя становіцца найбольш выніковай у сэнсе прасоўвання праектаў у літаратурнай і нават у глабальнай медыяпрасторы.

Надзвычай паказальны ў гэтым сэнсе літаратурацэнтрычны інтэрнэт-праект беларускага паэта Мікіты Найдзёнава. Вершы з яго дэбютнага зборніка «Развітанцы» (2015) у літаральным сэнсе разляцеліся па ўсім свеце: адгукаючыся на заклік аўтара, іх чыталі беларусы (пераважна моладзь) у розных кутках свету (у ЗША і на Гоа, у Чэхіі і В’етнаме, у Даніі і Славакіі). Праект стаў чымсьці сярэднім паміж флэшмобам і паэтычна-геаграфічнымі «сэлфі»-вандроўкамі. Словам, тое, пра што вы пытаецеся, ужо адбываецца з намі, і ў гэтай новай матывацыйнай прасторы паспела сфарміравацца як мінімум тры ці чатыры паэтычныя пакаленні.

— Спадарыня Ірына, а якім быў ваш асабісты шлях у літаратурную крытыку? У каго давялося вучыцца прафесіі?

Я ўлучана ў рэдактарскі бок літаратурнага (і навуковага) жыцця больш за чвэрць стагоддзя, з таго часу, калі на трэцім курсе філфака БДУ мела гонар працаваць рэдактарам аддзела крытыкі ў часопісе маладых літаратараў «Першацвет». Адразу пасля ўніверсітэта я трапіла ў аддзел крытыкі і літаратуразнаўства «Нёмана», які ў сярэдзіне 1990-х меў рэпутацыю легендарнага (прынамсі, на постсавецкай прасторы) літаратурна-мастацкага выдання. Гэта быў цуд, угрунтаваны ў рашучасці тагачаснага галоўнага рэдактара Алеся Жука, і час набыцця неацэннага вопыту. На самым старце ты меў магчымасць працаваць з тэкстамі бліскучых даследчыкаў і асоб выключнай годнасці (Уладзіміра Конана, Міхася Мушынскага, Васіля Жураўлёва, Генадзя Кісялёва, Алы Сямёнавай і інш.), ты вучыўся прафесіі — і не меў шанцу не паводзіцца ў гэтай прафесіі як прыстойны чалавек.

Строга кажучы, мае дачыненні з літаратурным працэсам у якасці аўтара літаратурна-крытычных тэкстаў (артыкулаў, рэцэнзій, эсэ) заўсёды былі «ўскладнены» ўласна рэдактарскімі практыкамі: апроч «Першацвета» і «Нёмана», быў «ЛіМ», дзе працавалі выдатныя пісьменнікі і не менш выдатныя рэдактары Анатоль Кудравец, Уладзімір Машкоў, Генадзь Бубнаў, Алесь Жук, Анатоль Казлоў і іншыя.

— Калісьці маладых аўтараў прасейвалі праз сіта тоўстых літаратурных часопісаў, з кожным працаваў рэдактар. Цяпер часта ўсё пачынаецца адразу з кнігі, і далёка не ў кожнай ёсць рэдактар і нават карэктар. Які шлях у літаратуру для аўтара-пачаткоўца вам падаецца найбольш плённым?

Найбольш удалай формулай стасункаў рэдактара і аўтара мне бачыцца стратэгія колішняй рэдакцыі «Крыніцы», калі ў яе склад уваходзілі Валянцін Акудовіч, Алесь Разанаў, Леанід Галубовіч. З Леанідам Галубовічам пашчасціла пасля працаваць і ў «ЛіМе», дагэтуль лічу гэта ўнікальным шанцункам нязмушанай вучобы прафесіі і набыцця таемных ведаў захавання чалавекалюбства ў асяродку творчых людзей, дзе ўсе па вызначэнні відавочныя ці прыхаваныя геніі. Логіка была простая, але надзвычай сумленная: тэкст ніхто не перапісвае, калі ён здзейсніўся як тэкст — бяром і рыхтуем з дарэчнай (неабходнай і дастатковай) праўкай; калі тэксту, па сутнасці, няма — не варта прымаць у друк.

Мне падаецца, што літаратурны рэдактар для мастацкага дыскурсу — гэта талент адмысловы; без пэўнай сукупнасці-супольнасці таленавітых рэдактараў (многія з якіх былі і таленавітымі празаікамі, паэтамі, крытыкамі) літаратурныя пакаленні сённяшніх сарака-, пяцідзесяці-, шасцідзесяцігадовых былі б іншымі. У пэўным сэнсе, «вонкавае аблічча» беларускай літаратуры апошняй трэці ХХ – пачатку ХХІ ст. было б іншым.

Гэта інтуітыўна разумеюць і маладыя літаратары — якраз з прычыны культурнага прагматызму і, вядома, адукаванасці. Дэбютныя кніжныя выданні нярэдка дэманструюць не толькі выдатную абазнанасць іх аўтараў у гісторыі і тэорыі культуры, мастацтва, уласна літаратуры, але і ў сферы кнігавыдання, маркетынгавых стратэгій. Якаснае рэдагаванне кніг сённяшнімі творцамі-прагматыкамі (насамрэч таленавітымі) успрымаецца неад’емнай часткай працэсу асваення літпрасторы. Думаю, якраз прагматызм падказвае маладым калегам найбольш лагічны шлях да атрымання якаснага выніку — кнігі, што спраўдзілася як факт сучаснага мастацтва ва ўсіх аспектах (і змястоўных, і вонкава-фармальных).

— Інтэрнэт, дзе можна апублікавацца і атрымаць імгненны водгук, — гэта добра для пачаткоўца ці наадварот?

— Было б дзіўна, калі б у антычныя часы хтосьці не любіў Зеўса з тае хоць бы прычыны, што катэгорыя «любові-нелюбові» тут непрыдатная. Падобна да колішняга Зеўса, Сеціва ў вялікай ступені вызначае сістэму каардынат быцця інфармацыйнага грамадства, яго форму і змест. То-бок сённяшні аўтар-пачатковец папросту не мае шанцаў унікнуць інтэрнэта, ігнараваць яго, пачынаючы з мінімальнага абвяшчэння пра «я – ёсць, я – тут». Што да водгукаў на творы, варта ад пачатку браць пад увагу «законы жанру». Літаратурна-ангажаваны беларускі сегмент Сеціва ўтрымлівае прафесійную літаратурную рэфлексію (у выглядзе асобных публікацый і праектаў), але ўплывовасць яе наўпрост абумоўлена яе прысутнасцю (то-бок імкнецца да мінімуму — нават у параўнані з сярэдзінай 2000-х). Адпаведна, самаабвешчаным лідарам становіцца крытыка карыстальніцкая, сутнасць якой паўстае з сукупнасці такіх рысаў, як «імгненнасць», эмацыянальнасць, падкрэсленая суб’ектыўнасць, нават правакатыўнасць выказвання, суб’ектыўная ацэначнасць замест аналітычнасці і г. д. Карыстальніцкая крытыка ў Сеціве — гэта адмысловы «новы фальклор», калектыўны і нярэдка ананімны. Меркаванні «калектыўнага аўтара» цікава вывучаць, іх можна браць пад увагу як феномен літаратурнага надвор’я, але я маю вялікі сумнеў у тым, што аўтар, паслядоўна скіраваны на самавыражэнне ў творчасці і праз яе, будзе адно на іх будаваць уласную самаацэнку.

— Малады пісьменнік, безумоўна, чытае калег па цэху — вучыцца, выбудоўвае нейкія іерархіі. На што варта яму ці ёй арыентавацца ў ацэнцы чужых тэкстаў? На меркаванні крытыкаў у літчасопісах? Медыйных экспертаў? Кніжных блогераў? Парады фрэндаў у сацсетках? На літаратурныя прэміі? Продажы на кіжным рынку?

— Слухаць іншых варта, аднак па выніку слухаемся мы найчасцей сябе. Мне падаецца, што ў ацэнцы чужых тэкстаў найбольш плённае спалучэнне падыходаў этнаграфічнага (збіральніцкага) і аналітычнага. Самая розная інфармацыя пра твор можа быць карыснай: ад крытычных разбораў да згадак пра кулінарныя зацікаўленні аўтара. Іншая справа, што вы з ёю будзеце рабіць пасля: скінеце ў агульную кучу «таго-што-можа спратрэбіцца-калі-небудзь» ці будзеце даводзіць да ладу, узважваць розныя меркаванні, назіранні, уражанні, статыстычныя даныя і г. д. Інакш кажучы, браць пад увагу можна самыя розныя ацэнкі з розных крыніц інфармацыі, важна іх пасля ўзважыць на сваіх унутраных эстэтычных «шалях».

Прафесійны інструмент крытыка і рэдактара — літаратурны густ. Ці можна вырасціць у сабе аб’ектыўнага крытыка ўласных тэкстаў?

— Я не веру ў літаратурны густ як у раптоўны талент, дар ці спадчыннасць. Гэта заўсёды вынік працяглага скіраванага працэсу сама(адукацыі), самафарміравання. Я скептычна стаўлюся да аб’ектыўнасці ў прасторы гуманітарных ведаў, дзе, як вядома, чалавек з’яўляецца і аб’ектам, і суб’ектам асэнсавання. Адпаведна, веру ў тое, што вынікам эфектыўнай і разнастайнай (сама)адукацыі і сталення — дзе творчае неаддзельнае ад асобаснага — можа стаць нейкая дасведчанасць, назавіце гэта кампетэнтнасцю, якая будзе актывавацца не толькі падчас сутыкнення з чужымі тэкстам, але і падчас асэнсавання вынікаў уласнай творчасці.

— Стратэгію з’яўлення беларускага бестсэлера вызначыць даволі цяжка, але можна, прынамсі, сцвярджаць: прасоўванне кнігі ўсё больш робіцца адным з найважнейшых фактараў поспеху. Ці варта маладому пісьменніку ахвяраваць час на маркетынгавыя захады, актыўнічаць у сацсетках, на прэзентацыях?

— Гэта Андрэй Федарэнка можа сабе дазволіць татальнае адпрэчванне самапрасоўвання ў любых фарматах — з яго рэпутацыяй, падмацаванай рэгулярным творчым поспехам; згадаем, напрыклад, новую кнігу «Жэтон на метро» (2020), якая свайго чытача знайшла без удзелу аўтара. А ў пачаткоўца выбар небагаты: малады аўтар сёння не мае шанцаў быць абсалютна «антыпублічным» менавіта з той прычыны, што спецыфіка актуалізацыі культурных падзей, асабліва новых, у інфармацыйнай прасторы вымагае персанальнага ўдзелу.

— Якую самую галоўную параду вы далі б пісьменнікам-пачаткоўцам?

— Даваць парады я лічу малаэфектыўнай справай, бо ўнікнуць ментарства тут нячаста ўдаецца, а гэта наўпроставы шлях да ўзаемнага раздражнення паміж тым, хто параду дае, і тым, хто яе нібыта й не прасіў. Магу адно падзяліцца тым прынцыпам, якім кіруюся сама ў прафесійным жыцці (у тым ліку звязаным з літаратурай): рабі, што лічыш вартым і неабходным, — пакуль гэта па-сапраўднаму табе цікава і важна. Бо залішне тонкая мяжа аддзяляе любімую прафесію ад знялюбленай работы, а літаратуру як спосаб жыць у сённяшнім спецыфічным часе — ад спосабу як-небудзь у ім выжываць.

 

Гутарыла Алена Брава

Фота: асабісты архіў І. Шаўляковай-Барзенка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».