Вы тут

Як мяняцца бібліятэкару, каб знайсці новых чытачоў і захаваць старых?


Напалеон чытаў з хуткасцю дзве тысячы слоў у хвіліну, Сталін паглынаў па 400 старонак у дзень і лічыў такі аб’ём за сваю мінімальную норму. Гэтыя факты не могуць не здзіўляць. Бо колькі чытае сярэднестатыстычны сучаснік, большую частку дня праводзячы ў смартфоне?.. Але засмучацца рана. Рэй у справе чытання, вядома, за бібліятэкарамі, і яны сцвярджаюць, што сёння адраджаецца інтарэс да літаратуры, класічнага чытання. І дыялог «Ты дзе?» — «У бібліятэцы» ўжо не гучыць як анекдот. Прывіць цікавасць да чытання дзецям імкнуцца маладыя сем’і: хто жадае перспектыў для дзяцей, прыводзяць іх у бібліятэку. А тут імкнуцца адкрыць вялікі свет і святло, закладзеныя ў кнігах найлепшымі розумамі, робячы, як выказалася адна дасведчаная бібліятэкарка, своеасаблівы трансфер.


Адсвяткаваўшы прафесійнае свята, бібліятэкары не стаміліся ад віншаванняў і гатовы прымаць іх штодзень, бо самы прыемны падарунак для бібліятэкара — увага чытача. Ці не згас інтарэс да бібліятэкі? Які цяпер статус у сімвала духоўнасці кнігі? Як мяняцца бібліятэкару, каб знайсці новых чытачоў і захаваць старых? Пра гэта мы пагутарылі з супрацоўнікамі Цэнтралізаванай сістэмы дзяржаўных публічных бібліятэк Мінска і Мінскай абласной бібліятэкі імя А. С. Пушкіна.

Алена ЗАРЫЦКАЯ, загадчык бібліятэкі № 5 Мінска:

— Сёння аднаўляецца інтарэс да кнігі. У нас шмат чытачоў пажылога ўзросту, яны паспрабавалі чытаць электронныя кнігі, аднак многія вярнуліся ў бібліятэку: прывыклі гартаць старонкі, адчуваць пах — непаўторная асалода — чытаць па-даўнейшаму. Адзінае, калі некаторых кніг у нас няма ці калі на навінкі чарга (напрыклад, хочуць прачытаць тую ж Рубіну, не чакаючы некалькі месяцаў), тады вымушаны звяртацца да электроннага фармату. Але не заўсёды задавальняе, таму вяртаюцца...

Падчас пандэміі чытачоў зменшылася. Спынілася работа чытальных залаў, адмянілі мерапрыемствы. У нас добры фонд дзіцячай літаратуры, хоць і няма асобнага аддзела. Таму заўсёды ідуць дзеці, з задавальненнем выбіраюць маляўнічыя выданні.

Прывіць чытанне дзецям хочуць маладыя сем’і. Хоць мы не дзіцячая бібліятэка, але пазіцыянуемся як бібліятэка сямейнага тыпу — камплектуем разнастайную літаратуру, шмат новых выданняў, у тым ліку і беларускіх. Беларуская літаратура ў прыярытэце, закупляем цэнтралізавана, працуем і з выдавецтвамі, і з Саюзам пісьменнікаў. Цяпер гэта тэндарныя закупкі.

Попытам карыстаюцца Вікторыя Токарава, Дзіна Рубіна, Людміла Петрушэўская, Дзмітрый Ліпскёраў, Людміла Уліцкая, класіка тыпу Уладзіміра Набокава. З беларускіх — Наталля Батракова, Сяргей Клімковіч, Вольга Нікольская, Алесь Марціновіч, Людміла Рублеўская, Ганна Чыж-Літаш, Надзея Ясмінска, Мікалай Ільінскі, Алег Ждан, Анатоль Бутэвіч, Сяргей Трахімёнак, Віктар Ляскоўскі. Пачала больш звяртацца моладзь, і прытым па беларускую класіку. І гэта не толькі звязана з вучэбнымі праграмамі. Ці не актывізуецца жаданне звярнуцца да каранёў?

Я сама заўсёды любіла чытаць, вабіла філалагічная галіна. Кніга для мяне — быццам такая з’ява прыроды, як вясёлка. Ці яшчэ як кветачка-сяміколернік. Але факусіруемся не толькі на кнізе. У нас праходзяць паэтычныя, музычныя вечарыны. Наша бібліятэка працуе з архітэктурна-будаўнічым каледжам, Беларускім аб’яднаннем інвалідаў, з СШ № 10, пачалі працаваць з дзіцячым садам № 95. У зале ў нас рэгулярна праходзяць выстаўкі тэматычныя, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Такім чынам, займаемся асветніцкай дзейнасцю, эстэтычным выхаваннем. А цяпер працуе фотавыстаўка Міхаіла Крыжаноўскага, яго работы ўпрыгожваюць чытальную залу.

Чытачы цёпла павіншавалі нас з прафесійным святам. Некаторыя прынеслі ў падарунак новыя кнігі, напрыклад Успенскага, раней — Брэдберы «Віно з дзьмухаўцоў». Такім чынам, прыходзяць не з пустымі рукамі. А ўвогуле, кнігі чытачы нам дораць часта. Афармляем як падарункі, папаўняецца фонд. Але найлепшы падарунак для бібліятэкара — залаты чытач, з душой. Нашы заўсёднікі ў бібліятэцы адчуваюць сябе як дома. Ёсць такія адданыя, якія маюць стаж 20 гадоў.

Вольга ЧАВУСАВА, вядучы бібліятэкар бібліятэкі № 18 г. Мінска:

— У нас у дзень 70 чалавек. Мы не толькі выдаём кнігі і запісваем чытачоў. Многа іншай актыўнасці: віртуальныя выстаўкі, прэзентацыі. І жыццё віруе. Сёння чытаюць і электронныя кнігі, але хочуць патрымаць папяровую, асабліва свежую, з пахам. Ідуць пенсіянеры, школьнікі па праграмную літаратуру. Падчас пандэміі працаваў толькі абанемент (чытальная зала зачынена). Чытачоў стала меней, але не намнога. Ну хай 60. Але да кнігі цікавасць не знікла. Яна будзе існаваць. І  інтэрнэт не перашкода. У дарослых чытачоў адзін з самых запатрабаваных жанраў  — дэтэктыў. Добра бяруць беларускую літаратуру, у  прыватнасці Н. Батракову, В. Марціновіча, С. Філіпенку, Ю. Станкевіча, С. Алексіевіч, Г. Севярынец. Многія вяртаюцца да класікі. Нядаўна пажылая чытачка папрасіла Дастаеўскага, другая — Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім».

Вельмі шмат чытачоў у нас з 18 да 19 гадзін (калі ідуць з работы), а пенсіянеры — зранку. Тут стары спальны раён. Мы выходзім на вуліцу да людзей, пачалі з пачатку лета. Прапаноўвалі буккросінг, запісвалі ў кніжніцу, гулялі з дзецьмі. І найлепшы падарунак — калі чытачы прыходзяць: мы гэтым жывём. На прафесійнае свята арганізоўвалі квэсты, у  прыватнасці «Кот у мяшку»: кніга загорнута ў паперу, і чытач не ведае яе назвы. Бярэ і разгортвае толькі дома. Спадабалася ці не — кот у мяшку. На свята бібліятэк на некалькі дзён вырашылі зрабіць падарунак чытачам: выдавалі платныя кнігі бясплатна. Таксама разгадвалі красворды, адказвалі на пытанні — і шукалі такім чынам кнігу ў фондзе. Знаходзілі — тады салодкі прыз, ручка, блакнот. А яшчэ рабілі гадзіннік з кніг ад 1 да 12: «Тры мушкецёры» на 3 і г. д. Захапіліся нават дарослыя.

Алена ФІЛІПЧЫК, загадчык сектара рэгістрацыі Мінскай абласной бібліятэкі імя А. С. Пушкіна:

— Кніга будзе заўсёды. Паглядзіце, якая яна сёння: малюнкі, афармленне  — прыемна ўзяць у рукі, чапляецца вока. Нават калі да нас ідуць па фізіку, у выніку ўсё роўна бяруць класіку. Тым больш класіка перавыдаецца, да таго  ж вельмі якасна. Трэба сказаць, сёння пабольшала чытачоў-студэнтаў. Па сутнасці, кніга стала моднай. Сама карыстаюся і электроннай прыладай (і зручна, і не трэба цяжар цягаць), але калі стаіць выбар, з чаго пачытаць, аддам перавагу кнізе: і вочы адпачываюць, і  больш прыемна трымаць. Кніга — гэта, як ні банальна, атмасфера. Нягледзячы на тое, што чытаць з  тэлефона зручна, я сутыкнулася з наступным: у  электронным доступе ёсць не ўсё. Калі ў выдавецтве з’яўляецца новая кніга, літаральна праз месяц яна ўжо ў нас на паліцы. Вось яшчэ адна перавага кнігі. Да нас прыходзяць і кажуць: у інтэрнэце яшчэ няма, а ў вас ёсць у  камерцыйным фондзе. Сапраўды, у  нас усе магчымыя сродкі ідуць на папаўненне фонду. Апошнім часам — беларускай літаратурай. Карыстаюцца попытам Н. Батракова, Л. Рублеўская, Т. Лісіцкая (выйшаў зборнік вершаў), В. Марціновіч «Возера радасці», «Ноч» (было такое, што яшчэ з выдавецтва кніга не выйшла, а ўжо спрабавалі запісацца ў чаргу, прытым гэтага аўтара чытаюць усе слаі насельніцтва).

Калі раней у чытальныя залы прыходзіла па 500 чалавек, то сёння, канечне, у разы меней. Але ідуць. Нашы чытачы яшчэ — і клубы: у нас у зале замежнай літаратуры кітайскія, італьянскія, амерыканскія валанцёрскія рухі, клуб «Факел» па падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання па англійскай мове. Калі мы знаёмім іх са сваім фондам, застаюцца чытаць. Так знаходзім новых чытачоў.

Падчас пандэміі працавалі два аддзелы абслугоўвання — дзіцячы і абанемент, чытальныя залы былі зачынены, але людзі ўсё роўна хадзілі. Канечне, меней, але тым не менш. На абанемент колькасць чытачоў узрасла.

Я бібліятэкарам працую ўжо амаль 16 гадоў і люблю сваю прафесію. Тут ёсць усё: можна і адасобіцца, і паразважаць, і зладзіць мерапрыемства — усе грані жыцця, няма руціны. А найлепшы падарунак — увага. Ды, бывае, чалавек да нас прыходзіць накручаны і пачынае зліваць негатыў. Праўда, падымецца наверх, пагартае кнігу, глядзіш — спускаецца і ўжо ўсміхаецца. На абанеменце  — канапкі, столікі: сеў, пачытаў, супакоіўся. Прыходзяць раздражнёныя, а сыходзяць задаволеныя.

На Дзень бібліятэк на ганку мы арганізавалі мерапрыемства, дзецям дарылі шары, прыцягвалі новых чытачоў. Такім чынам, свята было не толькі для бібліятэкараў.

Лілія АЧАКОЎСКАЯ, бібліятэкар I катэгорыі бібліятэкі № 1 імя Л. М. Талстога:

— Да нас ідуць і дзеці, і дарослыя. Не сказала б, што так ужо шмат чытачоў мы згубілі за час пандэміі. Сцвярджаць, што бібліятэка знікне — значыць супярэчыць цвярозаму розуму. Ведаю, што чытаюць дзеці маіх сяброў, іх унукі. Назіраецца пераемнасць і ўвага да кнігі і чытання. Не згодна катэгарычна, што бібліятэцы складана ў інтэрнэтны век. Нельга сказаць, што бібліятэкі не патрэбны. Хаця б таму, што я сама чытаючы чалавек і ведаю вялікую колькасць такіх. Інтэрнэт — гэта інтэрнэт, а кніга — гэта кніга. Я аддаю перавагу папяровай.

Бібліятэкар — у гушчы падзей: заўсёды адсочваеш рэйтынгі кніг; што прэзентуюць на міжнародных кніжных кірмашах; што выдаецца. Калі я толькі прыйшла на работу, кнігі дадому насіла сеткамі і чытала ўсё запар (калі прыходзіла новая партыя: ці то навукова-папулярная літаратура, ці то фантастыка, якую не люблю). Сядзела і чытала, бо раптам чытач спытае і мне будзе сорамна. Я працую з 1979 года. Найлепшы падарунак для бібліятэкара — тое стаўленне, якое ён заслугоўвае, павага да прафесіі. А не такое стэрэатыпнае, маўляў, ты сядзіш у бібліятэцы, чытаеш кнігі — і вось табе добра.

Да нас у бібліятэку многа едзе пенсіянераў, у прыватнасці з Малінаўкі, Паўднёвага Захаду. Кніга — адзін з маіх сяброў. Мая мама чытала заўсёды (памерла ў 97 гадоў і чытала да апошняга, праз лупу). Бацька таксама падтрымліваў чытанне. У нас у сям’і ніколі не шкадавалі грошай на кнігі.

Дзякуючы прафесіі бібліятэкара я  сустрэла столькі выдатных людзей! А калі б не абрала гэтую прафесію, то ці сустрэла б? Вось, напрыклад, Васіль Сумараў, народны мастак Беларусі, быў маім чытачом.

З беларускай літаратуры мне падабаюцца Васіль Быкаў, Іван Мележ, Саша Філіпенка, Віктар Марціновіч.

 Кацярына ФІРАНЧУК, бібліятэкар І  катэгорыі чытальнага зала бібліятэкі № 15 імя Цёткі:

— Кніга сёння чытачам цікавая. На абанеменце вельмі шмат народу. Цяпер у асноўным прыходзяць людзі ў гадах, а моладзь ад 20 да 35 — менш. Фонд у  нас вялікі, многа паступленняў на абанемент, у чытальную залу. Нягледзячы на выгоды інтэрнэту, там знойдзеш не ўсё, што патрэбна. І ідуць да нас. Самыя цікавыя кнігі, што паступілі ў фонд, на 10 дзён можна ўзяць за 10 капеек. У чытальнай зале ёсць адмысловыя выданні, якіх не знойдзеш нават на абанеменце. А чаго каштуюць нашы сустрэчы з творцамі! Нядаўна была Алена Міхаленка, дзялілася вершамі. З ёю — бард, пісьменніца Валянціна Гарленка. Сабралася шмат гледачоў. Яшчэ ў нас адмысловая карцінная галерэя, дзе не бывае пустых сцен. Зараз дэманструюцца работы Беларускага аб’яднання інвалідаў. Не трэба забываць, што чытальныя залы ў кніжніцах — культурныя цэнтры.

Падчас каранціну людзі ўсё роўна ішлі. Самыя смелыя і чытаючыя — якраз пажылыя. Ці не таму, што гэта старая школа — яны прывыклі чытаць. Звяртаюцца да нас школьнікі па школьнай праграме. Бо няўжо чытаць з манітора?! Інтэрнэт цалкам не заменіць кніжніцу. Да таго ж інтэрнэт памяць не развівае. Трэба чытаць. Кажуць, 50 старонак у дзень — для трэніроўкі памяці. Як і вучыць вершы на памяць на ноч — таксама. Чытаць на смартфоне — не тое, трэба трымаць у руках кнігу.

З прафесійным святам чытачы павіншавалі цёпла, яны ў нас удзячныя. Як заўважыла за час працы — з 1988 года, — чытачы любяць гэтую бібліятэку. Вакол у нас многа школ, ёсць ВНУ. Хоць наша кніжніца для дарослых, тут шмат дзіцячай літаратуры.

 Актыўна дадому бяруць часопісы. Прытым што асобнікі за мінулыя гады бясплатна можна браць дадому на 10 дзён, а за бягучы год на суткі за 15 капеек. З рускіх бяруць «Вакол свету», «Караван гісторый», «Навука і жыццё». З беларускіх просяць «Полымя», «Нёман», «Маладосць», «Беларускі гістарычны часопіс», «Гаспадыню», «Алесю».

Наталля СВЯТЛОВА, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.