Вы тут

Што вiдаць праз «адно акно»?


Атрыманне даведкi не павiнна быць святам, якое пасля тыдзень адзначаюць усёй сям'ёй

Павялiчыць колькасць працэдур, якiя могуць аказвацца па прынцыпе «адно акно», каб людзi не хадзiлi па мноству кабiнетаў, па мiнiмуме трацiлi свой час i сродкi i атрымлiвалi комплекс паслуг аднамомантна. Захаваць мiнiмальную колькасць дакументаў, якiя неабходна прадстаўляць для кожнай працэдуры, выключыўшы з пералiку паперы, без якiх можна абысцiся, звяртаючыся ў службу «адно акно». Арганiзаваць пакетны прынцып аказання паслуг, каб людзi маглi па адной заяве атрымаць цэлы комплекс дакументаў. Зрабiць як мага больш працэдур электроннымi, каб паслугу можна было заказаць праз iнтэрнэт. Такiя планы стаяць перад службай «адно акно» краiны. Рэалiзаваныя i задуманыя новаўвядзеннi, а таксама спецыфiку работы спецыялiстаў службы абмеркавалi на рэспублiканскiм семiнары «Найлепшыя практыкi ажыццяўлення адмiнiстрацыйных працэдур
i перспектывы далейшага развiцця» ў Лiдзе.


Кiрунак на электронныя паслугi

У сусветнай практыцы аказання адмiнiстрацыйных працэдур iснуе шмат падыходаў i кiрункаў. Кожная краiна сама выбiрае, што для яе найбольш зручна. У Беларусi сёння трэба ўдасканальваць практыку аказання адмiнiстрацыйных паслуг. Перад намi стаiць задача па пошуку аптымальнай мадэлi аказання паслуг у краiне, расказаў мiнiстр юстыцыi Алег СЛIЖЭЎСКI.

— Адмiнiстрацыйныя працэдуры — паслугi, якiя дзяржава ў асобе дзяржорганаў аказвае насельнiцтву. Безумоўна, як i любую паслугу, якасць гэтых таксама трэба ўдасканальваць у частцы хуткасцi, прастаты, даступнасцi. I ў гэтым плане ў лiдскай службы ёсць чаму павучыцца. Пэўна не варта ствараць шматфункцыянальныя цэнтры ў кожным рэгіёне, лепш арганiзоўваць службы на базе дзеючых памяшканняў, як гэта зроблена ў Лiдзе. Аднак першаснай задачай на перспектыву павiнна быць развiццё электронных паслуг. Мы ўсе сучасныя людзi, асаблiва моладзь, i нам трэба смялей рухацца ў гэтым кiрунку.

«Адно акно» ў Лiдзе з 2007 года з маленькага «акенца» вырасла ў паўнавартасную службу, дзе па буднях з васьмi да пяцi, у сераду — з васьмi да васьмi без перапынку на абед працуюць восем спецыялiстаў. Нядаўна тут скончыўся рамонт, i цяпер, акрамя падрыхтаваных спецыялiстаў i асобнага рабочага месца з выхадам у iнтэрнэт для грамадзян, ёсць зручны памочнiк — вялiзная iнтэрактыўная iнфармацыйная панэль, дзе дарослыя могуць паглядзець пералiк працэдур, якiя ажыццяўляюцца службай, прачытаць прававыя дакументы; даведацца, якiя паперы трэба сабраць, каб атрымаць рашэнне па сваiм пытаннi. А для дзяцей гэта яшчэ i забаўляльны гаджэт, па якiм паказваюць мульцiкi, пакуль бацькi занятыя. Тут жа непадалёк абсталяваны алоўкамi, размалёўкамi ды кнiжкамi дзiцячы куток, запiсы назiрання з якога захоўваюцца цягам месяца.

— Наша задача ў рабоце з людзьмi — выканаць паслугу якасна. Падабраць квалiфiкаваных спецыялiстаў, якiя не проста суха адкажуць чалавеку на пытанне, а дадуць яму кiрунак, каб ён мог ацанiць свае сiлы i магчымасцi дзеля выканання задуманага. Бо не ўсе людзi сёння настолькi прасунутыя, каб пачарпнуць iнфармацыю з розных крынiц i правiльна яе выкарыстаць. Мы не перастаём развiвацца, стараемся сiстэматызаваць пытаннi, — запэўнiў Сяргей ЛОЖАЧНIК, старшыня Лiдскага райвыканкама.

Штодня ў службу наведваюцца дзясяткi лiдчан. Святлана i Яўген РАДЗЮКI — адны з iх. Хочуць правесцi электраацяпленне ў бацькоўскай вясковай хаце.

— Звярнулiся ў электрасеткi, каб даведацца, цi ёсць тэхнiчная магчымасць зрабiць ацяпленне на электраэнергii. Нам далi бланк, i мы прыйшлi ў службу «адно акно», каб атрымаць рашэнне. Хочам цяпер яшчэ даведацца пра магчымасць вяртання сродкаў за гэта, — кажуць сужэнцы.

— Мы ўжо сабралi дакументы на выраб тэхнiчных умоў на электразабеспячэнне гэтага жылога дома. Пары прыйдзецца звяртацца ў сельсавет, каб вырашыць пытанне вяртання грошай. Таму я хачу iм максiмальна расказаць, што трэба зрабiць для гэтага, — далучылася да размовы Святлана БЯНКЕВIЧ, спецыялiст службы «адно акно», якая кансультуе пару.

Работа аднолькавая, грошы — розныя

У лiдскiм «адным акне» працуюць два дзяржслужачыя, спецыялiст з упраўлення гандлю, сацыяльнага цэнтра абслугоўвання i чацвёра работнiкаў сферы ЖКГ. Значную частку дакументаў яны збiраюць самастойна. Летась адправiлi 18 тысяч запытаў, каля 12 тысяч з iх — у электронным выглядзе.

Пры гэтым такой прафесii, як «спецыялiсты службы», у краiне няма. А памер заробку ў спецыялiстаў iстотна адрознiваецца. Пры аднолькавых функцыях зарплата дзяржслужачых «аднаго акна» i работнiкаў, якiх прыцягнулi ў структуру з iншых небюджэтных i бюджэтных арганiзацый, iстотна адрознiваецца. Гэта адбываецца з-за таго, што ў спецыялiстаў, якiх бяруць з iншых структур, захоўваецца той заробак, якi быў у iх на пасадзе ў «роднай» арганiзацыi. Таму, акрамя асэнсоўвання таго, як удасканальваць работу самой службы, неабходна падумаць таксама над забеспячэннем справядлiвых умоў працы яе спецыялiстаў.

Магчыма, мэтазгодна было б зрабiць такiя службы асобным структурным падраздзяленнем райвыканкамаў або ўвогуле самастойнымi арганiзацыямi, каб павысiць якасць работы i садзейнiчаць павелiчэнню кампетэнцыi i прафесiяналiзму iх работнiкаў. Паступiлi для разгляду таксама прапановы ствараць камунальныя ўнiтарныя прадпрыемствы, якiя будуць рэгуляваць дзейнасць «аднаго акна» па ўсёй краiне, i павялiчваць колькасць платных паслуг насельнiцтву ў гэтай службе.

Над усiм гэтым трэба думаць, аднак ёсць i прыклады, дзе згаданую праблему амаль вырашылi. Прынамсi, пра свой вопыт закупак паслуг работнiкаў службы «адно акно» ў адной абласной арганiзацыi за бюджэтныя грошы расказалi прадстаўнiкi Мiнскай вобласцi i Фрунзенскага раёна сталiцы. Яны падкрэслiлi таксама, што набiраць у службу людзей з вулiцы нельга, бо яны «трымаюць перыметр», i восем гадзiн працаваць з грамадзянамi — складана, трэба ведаць шмат, быць крыху i псiхолагам, i адседзецца тут нельга.

Як удасканальваць работу службы, трэба пытацца ў самiх людзей, зыходзiць з рэальнасцi, каб атрыманне даведкi не ператварался ў свята, якое адзначалася б потым тыдзень усёй сям'ёй, агучыў Сяргей Ложачнiк. Адно з пытанняў, якое паўстала на семiнары i неўзабаве, магчыма, будзе рэалiзавана, датычыцца пералiку паслуг службаў «аднаго акна» розных узроўняў. У большасцi мястэчак ён будзе павялiчвацца, а вось у гарадах-спадарожнiках Мiнска колькасць паслуг варта паменшыць, бо шмат якiя з iх незапатрабаваны людзьмi. Ёсць пытаннi i па праграмным комплексе, якi выкарыстоўваецца ў службе, — яго трэба дапрацаваць для больш дакладнай работы. Усе слушныя прапановы мяркуецца ўнесцi як змяненнi ва Указ Прэзiдэнта № 200 пра адмiнiстрацыйныя працэдуры па заявах грамадзян.

Ад «малышовага» да «рытуальнага»

Удасканаленне работы службы «адно акно» праз атрыманне рашэнняў па розных працэдурах у электронным выглядзе анлайн дазволiць людзям усё менш наведваць гэтыя службы фiзiчна. Рэалiзацыi падобнай задачы садзейнiчае i з'яўленне з новага года ў краiне ID-картак, дзе будзе электронна-лiчбавы подпiс грамадзянiна. Такi дакумент заменiць беларусам пашпарт.

— Гэта ў цэлым стварае ўсю сукупнасць iнфраструктуры, якая дазваляе аказваць адмiнiстрацыйныя працэдуры i электронныя паслугi ў электронным выглядзе з выкарыстаннем персанальных даных i iншых неабходных iнфармацыйных рэсурсаў, — адзначыў Сяргей РУДНЕЎ, першы намеснiк дырэктара нацыянальнага цэнтра электронных паслуг. — Узаемасувязь грамадзянiна i партальных рашэнняў ажыццяўляецца з дапамогай абароненых пратаколаў, якiя забяспечваюць захаванасць персанальных даных. Акрамя таго, самi iнфармацыйныя рэсурсы маюць адпаведную сiстэму абароны iнфармацыi, якiя дазваляюць убраць рызыкi, што звязаны са стратай персанальных даных.

Мiнiстэрства юстыцыi збiраецца ўкараняць у Беларусi таксама пакетны прынцып атрымання паслуг у «адным акне». Ужо сёлета колькасць паслуг тут павялiчылася да 181 замест 103. А з часам у практыку ўвойдуць i цэлыя пакеты комплексных паслуг для людзей, расказала спецыялiстам Наталля ФIЛIПАВА, намеснiк мiнiстра юстыцыi:

— Шляхам падачы адной заявы грамадзянiн будзе атрымлiваць пэўны пакет дакументаў, якi звязаны з яго прававым статусам. Пакуль усё гэта ў стадыi распрацоўкi, i назвы ўмоўныя. Пры нараджэннi дзiцяцi, напрыклад, можна будзе атрымаць пакет «малыш». Такiм чынам, падаўшы адну заяву, адразу зарэгiстраваць нараджэнне немаўляцi, зрабiць яго рэгiстрацыю па месцы жыхарства, прызначыць дапамогу на малога, стаць на ўлiк асоб, якiя маюць патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў, запiсаць дзiця на чаргу ў садок, а яшчэ шмат што iншае сюды можна дадаць з вашай дапамогай. Гэта здыме з грамадзян вялiзную нагрузку, калi перад кожнай працэдурай трэба рыхтаваць стос дакументаў, якiя часткова дублююцца.

Прадугледжаны i асобны пакет для шматдзетных сем'яў. Сюды, акрамя пералiчаных вышэй дакументаў, можна дадаць атрыманне сям'ёй даведкi пра атрыманне статусу шматдзетнай, уключэнне ў спiсы, атрыманне дазволу на будаўнiцтва, крэдыты, субсiдыi, мацярынскi капiтал i iншае.

З пакетам «маладажоны» ў дзень рэгiстрацыi шлюбу адразу маладая жонка можа змянiць прозвiшча (калi хоча) i замянiць пашпарт, сужэнцы могуць стаць на ўлiк як маладая сям'я i iншае. Пакет «хачу офiс» дапаможа вырашыць пытаннi пераводу жылога памяшкання ў нежылое, узгаднiць перапланiроўку, атрыманне дазволу на ўстаноўку кандыцыянера i iншыя моманты. Пакет «рытуальны» ўключае атрыманне даведкi на пахаванне, выдзяленне ўчастка для пахвання, грашовай дапамогi i iншыя пытаннi.

Мяркуецца, што да 2024 года каля 300 працэдур у Беларусi можна будзе атрымлiваць у электронным выглядзе ў асабiстых анлайн-кабiнетах грамадзян. аднак фiзiчныя службы «адно акно» не знiкнуць, запэўнiваюць у Мiнюсце, бо ёсць тыя, хто не карыстаецца iнтэрнэтам, i спецыялiст «аднаго акна» застанецца пасрэднiкам памiж чалавекам i электроннай паслугай, якi падасць адпаведны запыт на адмiнiстрацыйнае рашэнне са згоды i ад iмя грамадзянiна.

Iрына СIДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: У нас адна дзяржава, адзін закон і агульная гістарычная памяць на ўсіх

Аляксандр Лукашэнка: У нас адна дзяржава, адзін закон і агульная гістарычная памяць на ўсіх

Спецыяльна дзеля свята кіраўнік дзяржавы раней вярнуўся з Душанбэ, дзе прымаў удзел у саміце АДКБ — ШАС. 

Культура

Музейшчыкі паказалі, як на галоўную вежу Старога замка ў Гродне нанеслі зграфіта

Музейшчыкі паказалі, як на галоўную вежу Старога замка ў Гродне нанеслі зграфіта

Гісторыка-археалагічны музей у Гродне апублікаваў на сваім YouTube-канале відэа, як стваралі зграфіт

Грамадства

Як пазбегнуць вучэбных перагрузак?

Як пазбегнуць вучэбных перагрузак?

Кожнаму з бацькоў хочацца, каб яго дзіця было рознабакова развітым, паспяховым у будучым. 

Грамадства

Адрасы адзінства: Як адзначылі свята ў розных кутках краіны

Адрасы адзінства: Як адзначылі свята ў розных кутках краіны

У кожным з гарадоў адкрываліся памятныя знакі, праходзілі экскурсіі і мітынгі.