Вы тут

Другi тыдзень кастрычнiка пройдзе пад знакам дажджоў i дастаткова цёплага надвор'я


Другi тыдзень кастрычнiка пройдзе пад знакам дажджоў i дастаткова цёплага надвор'я. Я нешта не прыгадаю, каб першая дэкада другога месяца восенi амаль увесь час трымалася з тэмпературай каля плюс 20. А навальнiцы ў ноч на панядзелак? У кастрычнiку гэта даволi рэдкая з'ява, тым больш у начныя гадзiны, паведамляюць спецыялiсты Рэспублiканскага цэнтра па гiдраметэаралогii, кантролi радыеактыўнага забруджвання i манiторынгу навакольнага асяроддзя Мiнпрыроды.


ok.ru

У сераду ўначы i ранiцай захаваецца ўплыў франтальнага раздзелу, у цэнтральных i ўсходнiх раёнах краiны пройдуць дажджы, месцамi моцныя, дзе-нiдзе магчымыя навальнiцы. Але ўдзень дрэннае надвор'е пакiне тэрыторыю Беларусi, кароткачасовыя дажджы чакаюцца толькi месцамi па краiне. Вецер прагназуецца паўднёвы ўмераны, пры навальнiцах парывiсты. Тэмпература паветра ўначы складзе ад плюс 7 да 14 цяпла, а ўдзень чакаецца 14—21 градус вышэй за нуль.

Новая порцыя дажджоў чакае нас у чацвер. У гэты дзень надвор'е будзе вызначаць актыўная франтальная сiстэма, якая ссоўваецца з боку Украiны на тэрыторыю Беларусi. Будзе пераважаць воблачнае надвор'е. На большай частцы краiны пройдуць дажджы рознай працягласцi i iнтэнсiўнасцi. Удзень у асобных раёнах прагрымяць навальнiцы, месцамi будуць адзначацца моцныя лiўнi. Вецер прагназуецца паўднёва-ўсходнi з пераходам на паўночна-заходнi ўмераны, пры навальнiцах парывiсты. Тэмпература паветра ўначы складзе ад плюс 8 да 14 цяпла, удзень — ад плюс 12 да плюс 19 градусаў.

У наступны дзень дажджоў паменшае, але стане халадней. У пятнiцу будзе воблачна з праясненнямi. Уначы на большай частцы тэрыторыi краiны, а ўдзень па ўсходзе пройдуць кароткачасовыя дажджы. Вецер прагназуецца няўстойлiвы, уначы слабы, удзень умераны. Уначы i ранiцай у асобных раёнах чакаецца туман. Тэмпература паветра ўначы складзе ад плюс 5 градусаў па паўднёвым захадзе да 13 цяпла па ўсходзе, удзень будзе 10—16 цяпла.

Паводле папярэднiх прагнозаў, у наступныя выхадныя франтальныя раздзелы пакiнуць наш рэгiён, атмасферны цiск вырасце, паменшыцца колькасць аблокаў. Iстотных ападкаў не чакаецца. Сцiхне вецер. Уначы i ранiцай месцамi будуць згушчацца туманы. Тэмпература паветра ўначы складзе 5—11 цяпла, у асобных раёнах пры працяглых праясненнях магчыма панiжэнне да плюс 2 — 4 градусаў. У сярэдзiне дня паветра будзе выгравацца ад плюс 12 градусаў да 18 цяпла.

Сiноптыкi фiксуюць, што ў нашай краiне ўсталявалася не па сезоне суперцёплае надвор'е. Так, у мiнулую нядзелю, 4 кастрычнiка, сярэднясутачныя тэмпературы на 6—10 градусаў перавысiлi клiматычную норму. Прычынай таму стаў вынас вельмi цёплага няўстойлiвага паветра з паўднёвых шырот.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Кастрычнiк, дождж, плюс 21...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?