Вы тут

«Як такую дзеўку ўбачыш, Дык на тыдзень розум страціш!..»


Гумарысты — не вам казаць — людзі назіральныя. Падчас першай хвалі пандэміі (барані Божа ад наступных!) прызналі, напрыклад, што, лазні (і, вядома ж, не толькі ў нас), накрыліся медным тазам, мэблевы бізнес даў дуба, стаматолагі паклалі зубы на паліцу, авіяперавозчыкі — у пралёце, майстры манікюру грызуць пазногці, турагенты чакаюць ля мора пагоды, цырульні вісяць на валаску, атэлье трашчаць па швах, фітнес-клубы працягваюць ногі, у кандытараў таксама жыццё не цукар... Хіба ў аптэках усё на мазі, вытворцы масак зашываюцца, ды ў тых, хто выпускае апараты штучнай вентыляцыі лёгкіх, другое дыханне адкрылася...


І гэта, згадзіцеся, мо, і смешна было б, калі б не было так сумна.

Аднак недурны хтось заўважыў, што нараджаемся мы з крыкам, паміраем са стогнам, значыць, па жыцці нам застаецца хіба смяяцца. Магчыма, якраз таму са старонак «Звязды» і не сходзяць конкурсы «...Народ на провадзе!» ды «Хто каго?»

Нагадаем: правілы ў апошняга больш чым простыя. Газета друкуе прыкольны здымак, чытачы — хто за ноч, хто за месяц — прыдумваюць подпісы, найлепшыя з якіх выносяцца на старонкі выдання, пасля чаго застаецца хіба выбраць самыя ўдалыя ды назваць іх аўтара.

Такім чынам — новы, чарговы агляд. І пачаць яго варта радкамі, якія (трэба разумець, з «падачы» суседак?) даслаў спадар Мікола Кісель з Мінска:

Тры бабулькі пад акном

«Косці мылі» вечарком:

Цікавалі за дзяўчынай

Ды казалі досыць чынна:

— Не інакш —

радзіла ночкай?..

Не дачушку, не сыночка,

Мо сабачку, ці катка?

Не пазнаць таго звярка!

І сапраўды, у пошце — здагадкі, што гэта, можа, маленькае казляня. Альбо ягня. Карацей, каму-нікаму (асабліва сталым мужчынам) цяжка было разабрацца.

Чаму іменна ім? Ды відавочна ж:

Як такую дзеўку

ўбачыш,

Дык на тыдзень

розум страціш!

Сем дзясяткаў

за плячыма...

А здаецца б,

з'еў вачыма!

Прызнаецца ў гэтым спадар А, прычым, не хаваючы ні прозвішча свайго, ні адраса... Гэта мы, у рэдакцыі, звесткі засакрэцілі, так, на ўсякі выпадак, бо чалавек жа, відаць, сямейны, газету чытае з жонкай... Раптам яна зараўнуе ды пакрыўдзіцца, раптам возьмецца штось даводзіць? Хоць, на думку спадарыні Зоі Наваенкі з г.п. Падсвілле,

Ну аб чым тут

размаўляць?

Прыгажосць —

Не апісаць!..

На любошчы, шуры-муры

Падбівае бог амурны.

Бо (заўвага ад спадара Мікалая Касмачэўскага з Наваполацка)

Шмат сукенак

дзеўка мае,

Ды ў лета — свой дэвіз:

Агаляцца вымушае —

Запрашае на стрыптыз.

То-бок — згодна з тлумачальным слоўнікам беларускай мовы — танцавальнае выступленне, звязанае з паступовым распрананнем... Што цікава, там жа, у слоўніку, напісана, што адбываюцца яны, гэтыя распрананні, у капіталістычных краінах. Трэба разумець, у нас гадоў сорак таму (час складання слоўніка), стрыптызу не было. Як і многага іншага.
А вось каханне...

І было, і, дзякаваць богу, ёсць! Шмат хто ад яго — сапраўднага — губляў галаву, а то і страчваў розум — то часова, то на ўсё жыццё. Мужчыны (расказвалі) нават у суполку аб'ядналіся — на нябёсы ганцоў паслалі, каб тыя распыталі, для чаго і навошта бог стварыў жанчын такімі прывабнымі ды пяшчотнымі? «Для таго, каб вы кахалі іх, — усміхнуўся ўсявышні». — «А навошта тады недалёкімі?» — пацікавіўся нехта адзін. — «Для таго, каб яны пакахалі вас... Такімі, як ёсць...»

І, вядома ж, каб потым бераглі-бераглі! Гэта значыць, калі ўвечары нейкі трапіўся, дык раніцай — калі ён захоча — узялі ды адпусцілі. Хай сабе далей крочыць — туды, напрыклад, дзе (на думку спадарыні Галіны Пятроўскай са Смаргоншчыны)

Вабяць,

клічуць дрэвы ў парку,

Што ля ручая,

Дзеўчына —

шыкоўная! —

Шкода —

нічыя...

А далей — болей і нават горай, як напісаў спадар Віктар Сабалеўскі з Узды, прычым ад імя той дзеўкі. Ну паспачувайце:

Хоць бы хто

звярнуў увагу

На прыгожы гнуткі стан!

Я і сяду, я і лягу,

І прайдуся да куста...

Хіба што ўзяць сабачку?

Ці катка на павадку?

Мо хоць хто

тады убачыць,

Ды працягне мне руку?

Трэба разумець, на сяброўства? А потым, глядзіш (разам са спадарыняй Любоўю Чыгрынавай з Мінска)

Для красуні Ліліі

Хтось стварыў ідылію:

Можа,

спонсар ёсць харошы?

Можа,

бацька мае грошы...

І, трэба сказаць, немалыя, бо (як лічыць спадарыня Валянціна Гудачкова з Жыткавічаў):

Існуе сягоння мода

На сабачыя пароды.

І калі за ёй пагнацца,

Можна...

голенькай застацца.

Яшчэ і таму, што пакупкай гадаванца наўрад ці абмяжуешся. «Мы тут з жонкай, — піша спадар Валерый Гаўрыш з Чавусаў, — новага сямейнічка займелі — катка. І, здаецца, песцілі, даглядалі як след, а прырода ўзяла сваё: вясной гадаванец збег. Некалькі сутак дома не з'яўляўся, мы думалі, можа, дзе лапы свае злажыў... Аказалася, не, дзякуй богу! Вярнуўся... Вось толькі на яго страх глядзець было: адны скура ды косці, поўсць збілася, вуха абадранае... Каб такога больш не здаралася, жонка (я супраць быў) вырашыла яго кастрыраваць. Будучы ў Магілёве, зазірнулі мы ў нейкі адмысловы салон (усе сцены там у здымках катоў ды сабак...) і пачулі, што... памыліліся — не туды патрапілі, што нам патрэбен ветэрынар, а там...»

Гэта, як вы зразумелі, прыказка, зараз — «казка», то-бок варыянт подпісу да здымка:

У салоне для сабак

З жонкай запыніліся.

Скажам: песцяць іх

ды так,

Што жанкам

не снілася!

Там купаюць,

там стрыгуць,

Кіпцікі зразаюцца...

І прафесія ў майстроў

Грумер называецца».

Трэба думаць, гэта ён на здымку? Падчас работы…

У тэму, як кажуць, заўвага ад спадарыні Чыгрынавай:

Перакулены ўсё ж век:

Цюцьку служыць чалавек.

З тога ж канверта:

Добрай ранічка была

У чыхуа у хуа* —

Патаптаў салату, бручку

І... да «мамачкі» на ручкі.

Працяг тэмы ў спадарыні Валянціны Гудачковай:

У дзень народзін

наша Ала

Падарунак атрымала.

Песціць цюцьку так

і гэтак...

Каб яшчэ б

і пару дзетак!..

А можна, паводле спадара Мікалая Старых з Гомеля, і больш, бо ў нас

Хто гадуе шмат дзяцей,

Мае шэраг прывілей:

За нялёгкую работу

На жыллё

крэдыт ільготны,

Каб падмурак

быў надзейны,

Капітал даюць сямейны...

«Гадавальніцам» сабак

Не спрыяюць аніяк.

Хоць, можа, і варта было б, бо, калі ўдумацца, чалавек павінен адчуваць, што яго любяць, а не чуць.

...Зрэшты, мы адхіліліся: час вярнуцца да таго, з чаго пачалі, то-бок згадзіцца, што ад пандэміі больш за ўсё пацярпелі шоу-бізнес, турагенцтвы, рэстараны і фітнес-цэнтры... Выходзіць, для асобных нічога і не змянілася, хіба што, мяркуючы па нашай рэдакцыйнай пошце,  планы на водпуск. Але ж
і яны ці да горшага?

«Не раз і не два я глядзеў на конкурсны здымак, — прызнаецца ў лісце спадар Гаўрыш, — і ўбачыў, можна сказаць, Ялту, Чорнае мора, успомніў любімае чэхаўскае апавяданне, пасля чаго і напісалася:

Хто ў кадры?

Відавочна:

Дама і сабачка.

Жаль, без мора-акіяна...

Але ж з вадакачкай!

Калі ў парку

дзе пад сорак...

Там і Ялта,

нават мора.

У Беларусі яно сёлета было. І там найперш, дзе сам бог загадаў:

Хоць палохаюць да слёз

Вірус

ды цэркарыёз...

Дзеўка Нарач паважае,

Часта тут адпачывае.

І заўжды прымае душ,

Каб прагнаць

мікроб-бяду:

Мые грудзі, ножкі, ручкі,

Ды найперш —

ратуе Жучку.

Бо яна, тая дзеўка, як усе беларускі, добрая, клапатлівая. Ды і сабака ў яе (вы помніце?) дарагі-дарагі. (З дыялогаў: «Ало! Гэта ў вас сабака прапаў і гэта вы абяцалі аддзячыць таму, хто знойдзе?» — «Я… А вы што — знайшлі яго?!» — «Пакуль не... Аднак аванс атрымаць хацеў бы»...

Каб потым, вядома ж, патраціць?

Вам цікава на што? Паводле спадарыні Чыгрынавай, на тое, каб

З-за кавіда

у арэнду

Недзе ўзяць

сабе фазэнду.

І...

Наноў убачыць край!

Росны луг, сунічны гай,

Час грыбны,

Як з кніжак-мараў...

Дык навошта і Канары?

Хіба (як лічыць спадар Віктар Сабалеўскі) для так званых пантоў — каб самалюбства пацешыць:

«Што за гора-незадача

З вірусам настала:

Не на Кіпры, а на дачы

Водпуск праляжала!» —

Крыўдавала маладзіца,

Бо хапае мух у носе:

Не марціні, а вадзіцу

Піць з-пад крана

давялося.

І добра калі, прабачце, добрую, вартую ўзнёслых слоў, якія даслала, у прыватнасці, спадарыня Наваенка:

Гімн

спяваем мы вадзе:

Без якой ніяк...

Нідзе!..

Гэта вось дзяўчо

пад сонцам

Лапкі мые улюбёнцу,

Каб ён век бяды не меў,

На кавід не захварэў.

Альбо проста (на думку спадарыні Гудачковай) трохі асвяжыўся, бо

Часам зранку

спёка,

А рака —

далёка...

Тады Жульку

Танечка

Спаласне

пад кранічкам.

То-бок

З лапак улюбёнца

Бруд дзяўчына змые:

У нас — вада і сонца,

Недзе — пандэмія!

Гэтыя б словы (ад спадарыні Наваенкі) ды богу ў вушы! Як і заключныя — ад спадара Валерыя Гаўрыша: «Ці не ў кожнага беларуса ёсць (ці мо быў) любімы гадаванец, ёсць каханыя ці проста любімыя жанчыны, ёсць Бацькаўшчына, якая заўсёды кліча. А таму, няхай, можа, і загучна, але

Беларускі родны кут —

Жулік, парк, пагода...

Хай жа запануюць тут

Праўда, мір і згода!

Хто за, нават пытацца не хочацца, бо яно ж відавочна... А значыць, зараз усяго і засталося, што вярнуцца да папярэдняга здымка.

На ім (гл. нумар «Звязды», 27 чэрвеня сёлета) быў дзядзька, які, у чыстым полі, можна сказаць, седзячы ў... ванне, выглядаў кагосьці ў бінокль). Аб тым, што бачыў, пісалі многія, але найлепшыя радкі, паводле высноў вялікага чытацкага журы, атрымаліся ў спадароў Віктара Сабалеўскага з Узды і Мікалая Старых з Гомеля, у спадарынь Валянціны Гудачковай з Жыткавічаў («На лужку ў ванне Ціт/ Лечыць свой радыкуліт...», «Як паўсюдна каранцін/ То і да мора не ляцім...»), у Наталлі Шкут са Светлагоршчыны («Пазаўчора — яхта, хвалі акіяна, прыгажуня Светка.../ А сягоння — дача, у гародзе ванна/ І праз плот суседка), а таксама ў Любові Чыгрынавай... Яе радкі
«А нядрэнна Валянцін/ Пражывае каранцін.../ Каб у ванну яшчэ і Ганну,/ Дык начорта і Багамы!?») набралі максімальную колькасць галасоў. І гэта значыць, што прыз у выглядзе падпіскі на дарагую сэрцам «Звязду» на першы квартал 2021 года застаецца ў Мінску.

Хочаце, каб родная газета на роднай мове пяць разоў на тыдзень прыходзіла і да вас, тады варыянтаў два. Першы — аформіць падпіску, другі — уважліва паглядзець на новы конкурсны здымак, прыдумаць подпіс (можна некалькі, але трапных, кароткіх (не больш за восем радкоў)) і даслаць у рэдакцыю.

Шанц на выйгрыш мае кожны.

Валянціна ДОЎНАР

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Ад іх жа: шчырыя прабачэнні ўсім за досыць доўгае маўчанне (цяжка апошнім часам сабрацца з думкамі: то мы занятыя, то яны...), а таксама аўтарам радкоў, якія гэтым разам не прайшлі досыць строгага конкурснага адбору. Затое ў наступны... Пішыце!

* Прыкладна так называецца парода сабак.

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.