Вы тут

Святлана Магілеўчык. Ні блізкія, ні родныя...


Святлана Магілеўчык — дарэчы, адна з колішніх пераможцаў звяздоўскага конкурсу — у сваёй невялікай прадмоўцы да апавядання прызналася, што яго героі маюць рэальных прататыпаў і што падобная гісторыя, сапраўды, некалькі гадоў таму адбылася на радзіме пісьменніцы — Бялыніччыне. Хоць, здаецца, гэта якраз той выпадак, калі падобнае ўдакладненне можа быць неабавязковым: праблема адносін блізкіх і далёкіх родзічаў, разлучаных на доўгія гады, раздзеленых гарадамі і краінамі, характэрна для ўсіх эпох, народаў і пакаленняў. Іншая справа, што ў кожнай сям'і, якую яна калі-небудзь закранула, свой боль, свая памяць і свае спадзяванні — усё тое, што найчасцей і дапамагае рабіць твор арыгінальным і цікавым.

Алесь Бадак.


Здымак носіць ілюстрацыйны характар. ru.depositphotos.com

— Таццяна Эдуардаўна, тут у мяне да цябе такая справа далікатная, — старшыня сельсавета хваляваўся і камячыў у руках нейкую паперку. Я ўзняла галаву ад стоса сшыткаў, якія ўсё не ставала часу праверыць, і падрыхтавалася ўважліва слухаць. Хваляванне Пятра Васілевіча было дзіўнае і неяк насцярожвала.

— Ты ж у нас пошукавік-даследчык? — працягваў ён. — Музеем школьным камандуеш. Можа, дасі рады і гэтаму запыту? — Ён працягнуў мне канверт, густа ўсеяны паштовымі штэмпелямі. — З-за мяжы прыйшоў, з Літвы.

Я асцярожна разгарнула пісьмо і пачала чытаць. Напісала яго пажылая жанчына-яўрэйка Рэвека Мелене, у дзявоцтве Хімке. Нарадзілася яна ў суседняй з намі вёсцы Зарэчча. Падчас Вялікай Айчыннай вайны гітлераўскія акупанты расстралялі яе бацькоў разам з іншымі аднавяскоўцамі-яўрэямі ва ўрочышчы за вёскай. Дзяўчынка цудам выратавалася. Ці таму, што яна мела светла-русы колер валасоў ці, можа, нямецкія салдаты пашкадавалі малую... Дваіх старэйшых братоў з самага пачатку вайны мабілізавалі на фронт. Сірату ўзяла да сябе матчына сястра Ірына. Яе сын Толік быў аднагодкам Рывы. Ён меў прыроджаную анамалію — вялікую радзімку на твары, таму з ім не асабліва сябравалі вясковыя дзеці. А вось з Рыўкай ён цесна зблізіўся. Пасля вайны мясцовая настаўніца параіла аддаць малую ў дзіцячы дом. Рэвека на хаду сачыняла вершыкі, вельмі любіла чытаць, а ў дзіцячым доме, як думала настаўніца, у яе можа праявіцца пісьменніцкі талент. Рыве вельмі цяжка было пакідаць вёску і блізкіх людзей, яна горка плакала. Але знаходжанне ў дзіцячым доме дапамагло ёй выбіцца ў людзі. Воляю лёсу дзяўчына патрапіла ў Вільнюс у сям'ю малодшага брата, старэйшы загінуў на фронце. У Літве яна і засталася. Там пазнаёмілася з вядомым тэлежурналістам, выйшла за яго замуж. Выраслі дзеці, унукі. Аднойчы з мужам глядзелі тэлевізар, і вось — цуд, — пабачылі сюжэт пра Беларусь і родную вёску Зарэчча. Канешне, за 75 прамінулых гадоў паселішча кардынальна змянілася, але ў Рывы ўзнікла думка: можа, хто з яе родных, хоць бы самых далёкіх, яшчэ жывы? Яна адшукала адрас сельсавета ў інтэрнэце і напісала ліст.

Пётр Васілевіч не асабліва ўзрадаваўся такой навіне: дзе каго шукаць, калі ў тым Зарэччы засталося, можа, пяць жылых двароў, астатнія — лецішчы. Дый колькі часу прайшло! Вось ён і прынёс мне пісьмо Рывы Мелене.

Я некалькі разоў перачытала ліст. Хоць і сама была мясцовая, аднак, пра тое, што ў Зарэччы да вайны жылі яўрэі, чула ўпершыню. Ніхто са знаёмых не ведаў пра гэта таксама. У найбліжэйшую нядзелю папрасіла мужа з'ездзіць са мной у Зарэчча, пагаварыць з мясцовымі жыхарамі. Можа, старыя, якія там засталіся, нешта ўспомняць. Цётчына
прозвішча Рыва не запомніла, і гэта значна абцяжарвала пошукі.

— У Зарэччы жыве мой знаёмы, Толік Казлоў. Яго яшчэ людзі Жыдком клічуць. Можа, яго распытаем? — паспрабаваў дапамагчы парадай муж. Я адмахнулася. Толік не быў падобны ні тварам, ні выглядам на яўрэя. Дый па ўзросце не падыходзіў. Чалавеку, які мог бы хоць што-небудзь успомніць, павінна быць як мінімум 85 і больш гадоў. А Толіку ледзь-ледзь пераваліла за пяцьдзясят. Анатоль не так даўно развёўся з жонкай і вярнуўся ў бацькаву хату. Афіцыйна не працаваў нідзе, але з тых грошай, што дасталіся яму пры разводзе, купіў сабе трактар. Ім абрабляў свае і суседскія «соткі». З таго і жыў.

Мы з мужам аб'ехалі ўсё Зарэчча, але нічога такога, за што можна было б зачапіцца, не знайшлі. Толькі адна 95-гадовая бабуля ўспомніла, што Хімкі сапраўды жылі ў іх вёсцы. У іх было шмат радні. Амаль усіх фашысты расстралялі, кагосьці вывезлі ў Германію. Прыгадала і малую Рыву. Але куды падзелася дзяўчынка і ці застаўся хто з яе родных, старая так і не ўспомніла.

— Не перажывай так, — пачаў супакойваць муж, убачыўшы мой засмучаны твар. — Давай заедзем да Васільковых. Калі іх маці не ў бальніцы, можа, яна што раскажа? Яна ж таксама з Зарэчча.

Я пстрыкнула сабе рукой па лбе. Ну, як жа! Мы мігам паімчаліся дадому. Хата Васільковых стаяла літаральна за два крокі ад сельсавета. Застаць Тамару Паўлаўну дома было вялікай удачай, апошнім часам яна перыядычна гасціла ў дзяцей ці качавала па бальніцах. Але сёння ўласнай персонай сустрэла нас на парозе.

— Ведаю, ведаю! — ажывілася жанчына, выслухаўшы маю гісторыю. — Рыве было 10 гадкоў, яна з 1931 года. Я старэйшая за яе на чатыры гады, ужо з хлопцамі нявесцілася. Яўрэяў многа жыло ў нашай вёсцы. Рыўкін бацька, Леапольд Хімке, займаўся рымарствам, рабіў збрую для коней. Трое дзетак у іх было. Рыва — самая малодшая, дачка старасці, як яе называлі. Першая жонка Хімкава памерла, а ў яго засталіся двое сыноў. Дык ён ажаніўся з маладой, з нашай, беларускай.
І вось, калі яму споўнілася 50 гадоў, нарадзілася гэтая дзевачка.

Старая вельмі хвалявалася, успаміны абуджалі ў яе даўно забытыя падзеі мінулай вайны. Я асцярожна запыталася, ці жывы зараз хто з яе родных. Рыва пісала, што напрыканцы жыцця хоча наведаць вёску.

— Дык, гэта, Толік Казлоў, калі яшчэ жывы... А ў Зялёным — Васіль Бацян, яшчэ адзін стрыечны брат жыве,— пачала ўспамінаць Тамара Паўлаўна. — У Хімкавай жонкі Насты тры сястры былі. Ох, і няшчасным лічылі яе бацьку! Гэта ж чатыры дзеўкі выгадуй, ды замуж аддай! Наста — самая малодшая была. Хімка на яе даўно вока паклаў. Пасябраваў з будучым цесцем і зрабіў яму цудоўны гешэфт. Дапамог дзеўкам знайсці сваё сямейнае шчасце. Нэля выйшла замуж за чыгуначніка ў горадзе, Кацярына — у Зялёнае за нейкага Васіля Бацяна, а Арына — за аднафамільца Сямёна Казлова. У іх сын Толік нарадзіўся. А з Настачкай Хімка сам ажаніўся.

Я сядзела крыху агаламошаная ад той хвалі інфармацыі, што выдала старая. Яна сцвярджала, што ў Зялёным яшчэ жыве Мікалай Бацян, стрыечны брат Рывы. Можа, яго сям'я прыняла б да сябе замежную госцю?

Пакуль Тамара Паўлаўна гаварыла, дзень перасягнуў свой экватар. Я зноў умольнымі вачамі паглядзела на свайго мужа. Дый ён і сам усё зразумеў.

— Ну, паедзем тады ў Зялёнае, калі так хочаш, — уздыхнуў мой гаспадар.

Наша «Джэта» пакаціла назад, а потым яшчэ колькі кіламетраў па лясным бездарожжы. Прамой дарогі ад Зарэчча да Зялёнага не было, а лясныя сцежкі яшчэ не прасохлі.

— Можа, не паедзем далей? — спытаў муж, калі мы з нацяжкай пераадолелі вялікую лужыну. — Пасля абеду адліжыць пачало, баюся, каб мы не заселі сярод лесу. Гэта ж усяго толькі легкавік, а не ўсюдыход.

Я зноў цяжка ўздыхнула. Муж яшчэ раз уважліва паглядзеў на мяне, а потым мацней націснуў на газ.

Адшукаць жыхароў з прозвішчам Бацян у вёсцы Зялёнае аказалася нескладана. Прасцей, здаецца, хіба што знайсці ваду ў рацэ.

— Мой муж Мікалай Васілевіч Бацян, і я, Таццяна Пятроўна Бацян, — працягнула мне стары фотаздымак жанчына. — Амаль
65 гадоў рука аб руку пражылі...

Слёзы ў яе накацілі так раптоўна, што бабуля не паспела адняць партрэт ад грудзей, як той пакрыўся шэрымі мокрымі плямамі. Хвілін праз пяць яна крыху супакоілася і абцерла хустачкай вочы. Даведаўшыся аб прычыне майго візіту, цяжка ўздыхнула.

— Пайшоў мой Мікалай з жыцця ў мінулым годзе, — расказала Таццяна Пятроўна. — Гэта ж ён Рывін стрыечны брат па маці. Можа, тады і яго паказвалі па тэлевізары? Але ж не ўбачыцца яна з ім ніколі, хіба што, на тым свеце. — Старая зноў расплакалася.

Што можа расказаць чалавек, які мала ведае пра сям'ю Рывы, дый яшчэ перажывае такое гора? Таццяна Пятроўна не расказала мне нічога новага. Дый выпытваць у яе асабліва не хацелася.

Мы з мужам павярнулі дадому. Змрочныя думкі не адпускалі нас абаіх. Што напісаць у адказ Рыве? Яна ж чакае з надзеяй. Хоць і праз столькі гадоў...

Лясную дарогу з шоргатам паглыналі колы машыны, падталы снег вялікімі кавалкамі вылятаў з-пад іх. Раптам наш легкавік нацяжна рыкнуў і спыніўся.

— Вось і селі, — нервова кінуў муж. — Гэта з-за цябе. Навошта я, дурны, паслухаў? У Зялёным ці так, ці гэтак нічога не дабіліся.

Я праглынула даўкі камяк у горле.

— Прабач, — толькі і выдыхнула, каб не расплакацца самой. Сапраўды, захраслі добра. Мы паспрабавалі выпіхаць аўтамабіль з яміны, але ў нас нічога не атрымалася.

— Што ж, трэба ісці да Толіка-жыдка, толькі яго можна папрасіць, каб выцягнуў, — уздыхнуў муж. Хоць была ўжо вясна, але на двары цямнела хутка. Дзённая адліга пачала змяняцца марозікам.

— Сядзі, чакай,— наказаў гаспадар. — Да Зарэчча больш як два кіламетры. Добрыя паўгадзіны трэба ісці. Каб хоць Талян у нядзелю не выпіў, а то невядома, калі выедзем.

Бавіць час у халодным лесе надвячоркам было не так ужо і прыемна.

Пакуль чакала дапамогі, паспела вытаптаць у падталым снезе добрую сцежку. Боты прамоклі, і ногі пачалі добра-ткі падмярзаць.

Нарэшце ў далечыні пачулася гудзенне трактара. Толік, наш выратавальнік, дацягнуў аўто ледзь не да самай вёскі. Як толькі мы адчулі пад коламі цвёрдую зямлю, ён хуценька адчапіў трос і знік у невядомым напрамку.

— Хоць бы капейку якую далі, — павярнулася я да мужа. — Гэта ж сорам які, чалавек амаль два кіламетры цягнуў нас трактарам, а мы і не аддзячылі.

— Ой, праўда, забыўся. Але зараз заедзем да яго, можа хто дома ёсць, перададзім грошы, — прапанаваў мой гаспадар.

У Толікавай хаце і сапраўды нехта гаспадарыў, на кухні і ў сенцах гарэла святло. Я заціснула ў руцэ грошы, пастукалася. Адчыніў мне невысокі дзядок.

— Толік мне патрэбны, ён дома? — ад нечаканасці спытала першае, што прыйшло ў галаву.

— Гэта я, — адказаў дзед.

— Не, пытаю, дзе ваш сын. Ён нашу машыну толькі што з балота выцягнуў, — пачала тлумачыць я. Гаварыла грамчэй, бо, здавалася, што пажылы чалавек чуе не вельмі добра. — Вось тут, капейчыну яму перадайце, падзяку за дапамогу.

— Нічога не трэба, — ціха адказаў дзед.

— Ну, як гэта? Ён мог сёння сваімі справамі займацца, а тут мы...

Я настойліва прайшла ў пакой, каб дзе-небудзь на відным месцы пакласці грошы. Стары зайшоў услед за мной. На яго твары прамільгнула лёгкае незадавальненне і сорам за бардак, які панаваў у хаце. Пры электрычным святле мне ўдалося ўважліва разгледзець яго рысы. Ніжнюю частку твару закрываў вялікі радзімы знак.

— Анатоль Сямёнавіч? — перапытала асцярожна.

— Так, гэта я!

— А вы ведаеце Рэвеку Хімке?

— Чаму ж, не? Гэта мая стрыеч-
ная сястра. Мы з ёй не бачыліся пасля вайны, — сказаў дзед.

Унутры мяне зайгралі фанфары! Няўжо, так проста?

— Тады я вам скажу цудоўную навіну! Ваша сястра знайшлася! Яна жадае прыехаць да вас у госці! — я ледзь не скакала ад радасці. Твар старога нечакана спахмурнеў.

— Не трэба, няхай не едзе, — нарэшце праз доўгую паўзу вымавіў ён. — Дагэтуль не наведвала, і зараз не трэба. Ці прыехала яна хоць раз у госці да цёткі, якая ўсю вайну яе глядзела? Ад сябе адрывала апошняе, каб тая ні ў чым не мела патрэбы? Ці завітала хоць раз на могілкі? — голас старога быў наскрозь прасякнуты шматгадовай крыўдай. — А зараз яна хоча пабачыць родных? Маю старасць паглядзець, як я тут гарую ў гэтым катуху? Не трэба. І грошы свае забярыце.

Я асцярожна схавала рублі, якія раптоўна зрабіліся гарачымі, у кішэню, і моўчкі выйшла на вуліцу.

— Ну, што? — спытаў муж, — перадала?

Я няўцямна хітнула галавой.

Пакуль ехалі, зноў апанавалі невясёлыя думкі. Які адказ напісаць Рыве Мелене? Што родныя нібыта ёсць, але не чакаюць? Ці зманіць, што нікога не засталося? Дрэнна спала і ноччу, мукі сумлення не давалі нават сплюшчыць павекі. А раніцай, калі паміж урокамі была «фортка», напісала пісьмо ў Вільнюс.

«Паважаная Рэвека Леапольдаўна! Піша вам настаўніца пачатковых класаў Вялікарэцкай сярэдняй школы Таццяна Гарошкіна.
Я з'яўляюся кіраўніком школьнага краязнаўчага музея. Уважліва прачытала Ваша пісьмо. Сапраўды, знайшліся сведкі, якія пацвердзілі, што Ваша сям'я і Вы да вайны жылі ў Зарэччы. На жаль, нікога з вашых родных, пра каго вы ўспаміналі ў сваім лісце, я не знайшла...»

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

На якіх банкаўскіх укладах заробіш больш

На якіх банкаўскіх укладах заробіш больш

Самыя вялікія працэнты — у рублёвых дэпазітах.

Грамадства

Які глыбінны сэнс змяшчае фраза «Хрыстос уваскрос!»

Які глыбінны сэнс змяшчае фраза «Хрыстос уваскрос!»

Вялікдзень для хрысціян — сімвал і сведчанне перамогі жыцця над смерцю.

Грамадства

​Жыхары Кобрына аднавілі бабуліну хату ў вёсцы і ствараюць аграсядзібу

​Жыхары Кобрына аднавілі бабуліну хату ў вёсцы і ствараюць аграсядзібу

Яшчэ некалькі гадоў таму Людміла і Уладзімір Жарын былі звычайнымі жыхарамі райцэнтра.