Вы тут

«Трошкі таго, трошкі гэтага прадасі — і нармальна». Хто і чым гандлюе на абочынах аўтатрас?


Стыхійныя міні-рынкі ўздоўж аўтадарог існуюць столькі ж, колькі існуюць аўтадарогі. І, падаецца, нядрэнна адчуваюць сябе нават у эпоху вялікіх гіпермаркетаў і анлайн-гандлю.


Прыдарожны гандаль — гэта гандаль без пасярэднікаў: попыт і прапанова ў чыстым выглядзе. У населеных пунктах вырабляецца сельгаспрадукцыя, лішкі якой трэба рэалізаваць. А па трасах едуць тыя, хто гатовы гэтую прадукцыю купіць, асабліва ўлічваючы суадносіны часам неверагодна нізкай цаны і якасці натуральных вясковых прадуктаў. Відавочна, што чым больш ажыўлены рух па трасе, тым больш на абочынах прадаўцоў і тым актыўней ідзе гандаль. А восенню, падчас збору ўраджаю, стыхійныя рыначкі ўзнікаюць нават на невялікіх дарогах мясцовага значэння.

«Дапамагу данесці да машыны...»

Праехаўшы па трасе з Мінска ў бок Маладзечна, я пазнаёмілася з галоўнымі асобамі прыдарожнага гандлю. На ўездзе ў вёску Чысць знаёмлюся з пенсіянеркай Галінай Іванаўнай. Яна запэўнівае, што гандаль ідзе нядрэнна, нягледзячы на будні дзень, напрыклад, усе грушы ў яе ўжо купілі. Засталіся яблыкі, шэсць гатункаў.

— Магу прапанаваць антонаўку, па тры рублі. Штрыфель ёсць. А вось гэтыя яблыкі па чатыры рублі прадаю.

Цану мая суразмоўніца агучвае не за кілаграм, а за невялікае вядзерца, у якое змяшчаецца каля 10-12 буйных сакавітых яблыкаў.

— А што гэта за гатунак?

— Я не ведаю. Сын маладых яблынь пасадзіў, надпісы згубіліся, а пладаносяць яблынькі вельмі добра. І яблыкі сакавітыя, смачныя, мне падабаюцца.

Яшчэ на прылаўку Галіны Іванаўны — гарбузы: маленькія па два рублі, велізарны («Калі трэба, дапамагу да машыны данесці») — 12 рублёў.

— Гэта ж мядовы гарбуз, салодкі, — тлумачыць прынцып цэнаўтварэння пенсіянерка.

Важкая звязка цыбулі — тры рублі, кабачкі — па два рублі.

— Купіце фасолю: сама вырошчваю, сама лушчу — гэта ж па руках адразу відаць. А грыбы раніцай прадала. Учора хадзіла ў лес, зялёнкі пакінула дома, зварыла, а лісічкі прынесла на продаж. Іх ужо купілі.

Галіна Іванаўна ахвотна распавядае, што гандлюе першую восень, у асноўным яблыкамі — вельмі ўжо іх шмат у яе ў гэтым годзе.

Да гутаркі далучаецца яшчэ адзін прадавец — ён назваўся проста Пятром, без імя па бацьку. Пётр прапануе бульбу: па пяць рублёў маленькае вядзерца, па дзесяць — вялікае вядро. Салодкі перац ён таксама прадае вёдрамі — вядзерца пяць рублёў, кілаграм — тры рублі, так што оптам танней. Прыгажуны-памідоры — чатыры штукі на кілаграм — па 2,50.

— Я памідоры бачыла таннейшыя на трасе!

— Калі я паеду на аптовы рынак і куплю памідоры па 70 капеек, то буду прадаваць па рубель пяцьдзясят. А гэта ж свае — панюхайце, яны памідорамі пахнуць!

Пётр распавядае, што гандлюе на гэтым месцы не першы год.

— Я інвалід другой групы (некалі быў будаўніком, а гэта вельмі цяжкая праца). А на 350 рублёў пенсіі пражыць складана. Ну, а яшчэ я люблю ў зямлі корпацца — усё самі з жонкай вырошчваем, што на продаж выносім, усё сваё. Самі ямо, дзецям (яны ў Мінску жывуць) даём, ну і вось, людзям прапануем. Трошкі таго, трошкі гэтага прадасі і нармальна.

Гандлююць пакуль яшчэ ўздоўж трас і малінамі. Кошт — 4,50-5 рублёў за літр.

— Маліны цяпер салодкія, духмяныя, — кажа Пётр. — Улетку, у спякоту, кіслейшыя былі. А можа, дзясятак яек купіце? Па чатыры рублі аддаю. Ад сваіх курэй. Я яек мала выношу на продаж, таму што курэй у нас мала. Сёння, дапусцім, дзесяць яны знеслі, значыць, заўтра яек не будзе. Яйкі свежыя, толькі з гнязда.

Крэдыт даверу

Прыдарожны гандаль заснаваны на даверы паміж прадаўцом і пакупніком. Тут усё прадаецца не кілаграмамі, а шчодра — вёдрамі, літровымі шклянкамі або «давайце сумку, я насыплю». Пакупнікі тут не сочаць за магчымай «недавагай», як на гарадскіх рынках — шаляў ці нават бязмена, як правіла, у прадаўцоў няма. Затое і цэны на парадак ніжэйшыя за рынкавыя — рэдка прадавец называе суму больш за 5 рублёў. Да таго ж вам, хутчэй за ўсё, дададуць да абумоўленай колькасці садавіны ці агародніны яшчэ адно або некалькі яблыкаў ці памідораў бясплатна: «Пакаштуйце!» Не пытаючыся, ці вернецеся вы яшчэ калі-небудзь у гэтую кропку на трасе. Зрэшты, у многіх прыдарожных прадаўцоў ужо ёсць пастаянныя пакупнікі — тыя, хто ездзіць па адным і тым жа маршруце рэгулярна і аблюбаваў свой «прылавак».

Хто купляе на «прыдарожных рынках»? Дальнабойшчыкі, дачнікі, якія вяртаюцца ў горад («Тут танней і ўсё натуральнае»), людзі, што адпачываюць у навакольных санаторыях, ды і сельскія жыхары, у якіх на прысядзібных участках няма, напрыклад, малін ці ў гэтым годзе не ўрадзілі яблыкі. Бываюць і замежнікі — жыхары памежных з Беларуссю рэгіёнаў.

Пакупнік, зразумела, павінен ведаць, што прадукты харчавання, якія прадаюцца ўздоўж трас, не праходзяць ніякага кантролю якасці і бяспекі. У «групе рызыкі» — малочныя прадукты, сала і мясныя прадукты (у тым ліку апетытная «пальцам піханая» каўбаска), яйкі і, вядома, хатнія закаткі. А яны восенню ў шырокім асартыменце прадстаўлены на прыдарожных «прылаўках».

Сала з уласных парсючкоў: у Тамары нават ёсць пастаянныя пакупнікі.

— Я катэгарычна не раю набываць закаткі, якія прадаюць у месцах стыхійнага гандлю, — адзначае начальнік аддзела кансервавання Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па харчаванні Людміла Паўлоўская. — Гэта сапраўды небяспечна для здароўя. Бо вам невядома, у якіх умовах гэтыя закаткі былі прыгатаваныя. У анаэробных умовах многія небяспечныя мікраарганізмы здольныя актыўна развівацца і выдзяляць таксіны, якія могуць выклікаць наймацнейшае атручэнне.

На гэта ў прадаўцоў свае аргументы:

— Калі возьмеце мае закаткі, потым будзеце пастаянна да мяне прыязджаць. Сама гатавала, для сваёй сям'і, ядзім з задавальненнем. Ну, а калі нешта няправільна, пакупнік ведае, дзе мяне шукаць. Так што мы нясём поўную адказнасць за сваю прадукцыю — напэўна, большую, чым прадаўцы на рынку або ў краме.

— А чаго баяцца? Мы тут купляем і гародніну, і ягады, і грыбы, і закаткі — аджыку, леча — ужо не першы год. І ніколі нічога, — распавяла мне мінчанка, якая таксама прытармазіла ля абочыны. З бабуляй за прылаўкам яна павіталася, як са старой знаёмай.

Гандлююць ля дарогі, зрэшты, не толькі прадуктамі харчавання. Марыя Віктараўна рэгулярна выносіць на продаж і кветкі з уласнага падворка. Кажа, людзі добра іх купляюць.

— Учора гладыёлусы былі, вельмі прыгожыя. Купілі два букеты.

Сёння пенсіянерка вынесла на продаж цыбуліны кветак — па пяць рублёў штучка.

— Гэта рабчык, ён вырастае высокі і цвіце вельмі прыгожа. Дачнікі купляюць з задавальненнем. А вось кусцік малінак — яго як раз цяпер саджаць трэба. За дзесяць рублёў аддам.

«Мы ўдзячныя пакупнікам, а яны ўдзячныя нам...»

Супрацоўнікі ДАІ не раз і не два казалі і пісалі пра тое, што прыдарожны гандаль — гэта небяспека і для прадаўцоў, і для пакупнікоў. Калі паток машын шчыльны, кіроўцы запавольваюць рух, скіроўваюць аўто да абочыны, і гэта можа стварыць аварыйную сітуацыю. Акрамя таго, кіроўцы, спыніўшыся на супрацьлеглым баку трасы, перабягаюць дарогу ў неўстаноўленым месцы. Да таго ж, некаторыя прадаўцы размяшчаюць прылавак вельмі блізка да дарогі, каб быць больш прыкметнымі для кіроўцаў. Рашэннем стала ўстаноўка навесаў і прылаўкаў для міні-рыначкаў у дарожных «кішэнях» — кіроўца з'язджае з трасы, паркуецца і, не спяшаючыся, выбірае тое, што яму трэба. Такія навесы ёсць на магістральных трасах і на некаторых дарогах рэспубліканскага значэння.

Навесы і прылаўкі для міні-рыначкаў у дарожных «кішэнях» — гэта зручна: кіроўца з'язджае з трасы, паркуецца і, не спяшаючыся, выбірае тое, што яму трэба.

На міні-рыначку каля вёскі Краснае па трасе Р28 і ў будны дзень — больш за дзясятак прадаўцоў. За прылаўкамі месца хапае не ўсім. Першы з боку паркоўкі прадавец прапануе купіць вядро буйных брусніц за 15 рублёў.

— Пакаштуйце! Такія ягады — вы што! Столькі, як у нас, брусніц у гэтым годзе няма нідзе. Зварыце з яблыкамі.

Зрэшты, можна і не варыць, а адразу купіць у яго ж варэнне:

— Во, брусніцы вараныя — бачыце, якія прыгожыя!

Побач жанчына прапануе агуркі — апошнія сёлета, таму і даражэйшыя, па 3,50, і памідоры па чатыры рублі. Звязка звычайнай цыбулі ў гэтай гаспадыні — таксама па чатыры рублі, а фіялетавай — па тры.

— Звычайна фіялетавая цыбуля даражэйшая, але тут звязка малая, таму я прадаю танней. З людзей драць грошы таксама не хочацца. Людзі цяпер небагатыя. А вось марынаваныя масляты. А патрэбныя свежыя грыбы — вунь далей дзед сядзіць, у яго спытайце. Малінкі ў мяне салодкія, свежанькія — вазьміце шкляначку за тры з паловай.

— А чаго вы ў мяне не пытаецеся? — уступае ў размову Галіна, адзіная з прадаўцоў у масцы і пальчатках. — Мае маліны па тры, перчык востры — на рубель чатыры штучкі аддам. Цыбулька глядзіце якая прыгожая: маленькая і цвёрдзенькая. Можна куды хочаце — і ў суп, і ў закаткі. Часнок летні.

Пенсіянерка расказвае мне, што, паколькі ковід, яна з дапамогай маскі і пальчатак абараняе і сябе, і пакупнікоў. І дадае, што месца тут добрае, «багатае» — машыны пад'язджаюць нават у будны дзень. Але ў першую чаргу каштоўная нават не магчымасць прадаць свой тавар, а пагаварыць з людзьмі.

— Вунь бабуля сядзіць, бачыце? Ёй 21 кастрычніка 90 гадоў споўніцца. А яна да гэтага часу агарод трымае і прыходзіць сюды нешта прадаць: кропчык, моркву, бурачок, — усміхаецца Тамара. — Бабуля два дні дома праседзела і кажа: «Сумна мне адной, хачу зноў у вашу кампанію!» Купіце ў бабулі. Не збяднееце. А збяднееце — заўтра заробіце, вы ж маладая. Калі я была маладая, у мяне з-пад пят іскры ляцелі. А цяпер — «паніклі люцікі». Паглядзіце, якія журавіначкі буйныя. Слоічак — пяць рублікаў. З'ясце, вітамінаў наберацеся — наперадзе холад, усякія інфекцыі. А вось мёд…

Тая самая бабуля з вёскі Краснае, якой сумна сядзець дома.

Сама Тамара гандлюе салам — 15 рублёў за досыць вялікі кавалак: на выгляд там больш за кілаграм. Зрабіўшы рэкламу «бабулінаму» тавару, яна прапануе мне свой:

— Вельмі мяккае сала, і з мяскам ёсць. І каўбаска пальцам піханая. Усё дамашняе, можаце паспрабаваць. Я сама парсючкоў трымаю. Мы ж яшчэ працаздольныя! Гэта ўжо нашы ўнукі нічога ўмець не будуць. Усе хочуць купіць гатовае ў магазіне. Зараз усе вундэркінды, нараджаюцца адразу з камп'ютарамі ў галаве. А працаваць на зямлі ніхто не хоча... Паспрабуйце каўбаску!

Анатоль — ваенны пенсіянер — вынес на продаж грыбы. Раніцай назбіраў, потым пачысціў. Пакупніку застанецца толькі памыць, парэзаць і зварыць. У асартыменце — масляты, лісічкі, баравікі, польскія грыбы, рыжыкі, чырвонагаловікі. Пяцілітровае вядро грыбнога «асарці» — 20 рублёў, літровы слоічак — шэсць рублёў.

— Глупства — «атруціцеся»! — крыўдуе ён. — Мы грыбы самі ядзім і вам раім!

— Вы купляеце ў чалавека, які ведае кожны грыб, — заступаецца за «суседа» яшчэ адзін прадавец. У мінулым ён мясцовы ўчастковы, цяпер на пенсіі.

Нават калі вы нічога не купілі, прадавец не губляе да вас цікавасць, як гэта бывае на рынку. Тут з вамі па-ранейшаму будуць уважлівыя і ахвотна падтрымаюць любую гутарку. Раскажуць аб сваім жыцці, незласліва паспрачаюцца аб палітыцы, па-добраму палаюць «моладзь». Грыбоў я не купіла, але, развітваючыся, мне ўсунулі ў рукі тры прыгожыя яблыкі — «гасцінец» на дарогу.

— Я б хацела выказацца ад сябе і сваіх калег, — кажа Тамара, даведаўшыся, што я з газеты. — Напішыце: мы, пенсіянеры, ўдзячныя, што маем магчымасць на гэтым міні-рыначку прадаць што-нішто сваё. Пенсіі ў нас вельмі невялікія. А ва ўсіх нас дзеці-ўнукі жывуць у горадзе, мы за іх хвалюемся, хочам ім дапамагчы. Так што дзякуй мясцовай уладзе, што даюць магчымасць вясковаму чалавеку што-небудзь прадаць. У мяне гіпертанія, хворыя суставы і спіна. Але калі я лягу ў ложак, здароўя ў мяне не прыбавіцца. Нас усіх так выхавалі: пакуль можаш, трэба працаваць.

— Вось ёй 90, наступнай 70, мне 65, — пералічвае Тамара сваіх суседак па прылаўку. — І калі мы будзем сядзець дома, дзе па тэлевізары ўвесь час кажуць, што пенсіянеры хутка памруць ад каранавіруса, мы і праўда памром. Гэты рыначак для нас — аддушына. Мы маем зносіны, адчуваем, што яшчэ патрэбныя людзям. Хто ў мяне купляў — у наступны раз прыходзіць і кажа «дзякуй». Мы ўдзячныя пакупнікам, а пакупнікі ўдзячныя нам, і гэтым мы жывём — пачуццём, што яшчэ камусьці патрэбныя!

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».