Сям'я з глыбінкі Брагінскага раёна за аснову эканамічнай мадэлі ўласнай гаспадаркі абрала малако. У сезон сужэнцы здаюць штодня да 120 літраў. Яны ўпэўненыя: годна жыць, працаваць, падымаць дзяцей у аддаленных вёсачках Гомельшчыны, што пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС, нішто не перашкаджае. У свой час яны, як і многія месцічы, прынялі валявое рашэнне не пакідаць малую радзіму. Уласны жыццёвы поспех сужэнцы тлумачаць элементарнай самадысцыплінай і любою да працы.
Наталля Захожая па адукацыі філолаг. Яшчэ падчас вучобы ў Гомельскім дзяржуніверсітэце імя Францыска Скарыны яна ведала — абавязкова вернецца жыць і працаваць на Брагіншчыну, у родныя Лубенікі. Марыла вучыць дзетак у школе. Так і атрымалася — больш дзесяці гадоў працавала настаўнікам. Але каля шасці гадоў таму базавую школу ў роднай вёсцы закрылі. Новае рабочае месца настаўніцы прапанавалі таксама ў Брагінскім раёне, але ў населеным пункце за 16 кіламетраў ад дома.
Наталля тады не чытала навамодных часопісаў аб бізнес-лэдзі, якія пачыналі свае стартапы. Кажа, проста сэрцам адчула: жыццё — яно вось тут і цяпер. На руках тры дачкі і сямейная гаспадарка, дзецям патрэбна клапатлівая маці, а дому — дбайная гаспадыня. На сямейным сходзе з мужам тады вырашылі: ніякай цяжкай фізічнай працы яны не баяцца, з гаспадаркай упраўляюцца як мае быць, а гэта і ёсць найлепшы дамашні бізнес, які пракорміць сям'ю. Аказалася, тое рашэнне цалкам перавярнула жыццё жанчыны.
— Калі пытаюцца, як мы пачыналі, я заўсёды адказваю, што вельмі проста. Мая мама падарыла цялушку, а бацькі мужа — двух парасят, пяць курачак і пеўнічка, — расказвае гаспадыня цяпер адной з самых вялікіх уласных прысядзібных гаспадарак на Брагіншчыне Наталля Захожая. — Пасля другую карову набылі, потым і сваіх цялушак навучыліся гадаваць і больш не куплялі.
Цяпер дамашняя гаспадарка Наталлі і яе мужа Аляксандра — 14 кароў, свінні, куры і гусі. Прысядзібны ўчастак — 35 сотак зямлі пад пасадкамі агародніны і садавіны, а таксама ўласная сенажаць для выпасу жывёлы. Дамашні дойны статак — сем кароў. Нават не ў сезон сям'я штодня атрымлівае да 100 літраў малака.
На вядзенне гаспадаркі тое, што іх населены пункт — тэрыторыя, пацярпелая ад аварыі на ЧАЭС, ніяк не ўплывае. Ёсць свае плюсы: па чарнобыльскай праграме пашы перазалужваюцца, жывёла праходзіць абследаванні, санстанцыя рэгулярна бярэ малако на аналізы. Заўваг па паказчыках ніколі не ўзнікала.
Між тым сужэнцы Наталля Захожая і Аляксандр Чыкін адны на ўсё брагінскае наваколле трымаюць такую вялікую хатнюю гаспадарку і вырабляюць малочную прадукцыю. Акрамя гэтага, Аляксандр Чыкін працуе на адной з малочнатаварных фермаў жывёлаводам. Дома на гаспадары — дапамога ў доглядзе жывёлы, нарыхтоўка кармоў і невялікі дамашні транспартны цэх. Усю сяльгастэхніку Аляксандр сам рамантуе і наладжвае. Дарэчы, гэты талент гаспадара сядзібы асабліва цэняць вясковыя хлопцы. Падворак Наталлі і Аляксандра — месца прыцягнення юнакоў, якія мараць вучыцца на трактарыстаў. Быў час, калі зноў сесці за парту вырашыла і Наталля Захожая.
— Мне доўгі час прапаноўвалі працу ў нашай гаспадарцы, — дзеліцца жанчына. — Спачатку сумнявалася, потым вырашыла пайсці вучыцца на тэхніка-асемянатара. Зараз мне і з маімі каровамі вельмі лёгка абыходзіцца, таму што я ўсё ведаю.
Некалькі гадоў Наталля працавала ў гаспадарцы па новай спецыяльнасці, потым была загадчыцай малочнатаварнай фермы. Але цяпер вялікая хатняя гаспадарка з галавой паглынула жанчыну. Зараз яна марыць развівацца яшчэ і як вытворца дамашніх фермерскіх малочных прадуктаў.
— Мы добра наладзілі перапрацоўку малака, — натхняе ўласным прыкладам Наталля. — Спачатку мы яго сепарыруем: атрымліваюцца найчысцейшыя вяршкі, з якіх пасля раблю масла. З абястлушчанага малака раблю тварог, з яго — найсмачнейшыя сырнікі і запяканкі.
Відавочна, што на смак тварагу, смятаны, масла, вяршкоў з крамы, у сям'і Наталлі Захожай ужо і забыліся. Калі ж яна прывозіць на продаж свае прадукты ў райцэнтр, — гаспадыню з Лубенікаў ужо чакаюць яе сталыя пакупнікі.
Увогуле працавітую сям'ю ведаюць ужо і за межамі Брагінскага раёна. Наталля — актыўная ўдзельніца шматлікіх семінараў і трэнінгаў па развіцці асабістай прысядзібнай гаспадаркі на тэрыторыях, пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Яна дзеліцца ўласным досведам, як жыць і працаваць на вёсцы. Сама гаспадыня лічыць, што праца на зямлі не толькі дапамагае пракарміць сям'ю з дзецьмі, але і становіцца сэнсам жыцця.
— Нам вельмі часта казалі, нават мая мама, — ой, з'язджайце з гэтай вёскі, такая глухмань, тут усе такія старыя! Сапраўды, маладых сем'яў вельмі мала, — шчыра прызнаецца Наталля Захожая. — Але ў нас няма ніякага жадання перабірацца ў горад ці бліжэй да яго. Я ўпэўненая, што чалавек можа жыць і працаваць добра ўсюды, незалежна ад таго, дзе жыве. Так, цяпер нашы дзве дачкі вучацца ва ўніверсітэце ў Гомелі, паступілі лёгка, бо вучыліся на выдатна, ад ВНУ — толькі ўдзячнасць, што выхавалі такіх дзяцей. Значыць, і расці, і атрымліваць адукацыю на вёсцы можна не горш, чым у горадзе.
Але ж ці захочуць дзеці працягнуць іх «малочную справу», сям'я з Лубенікаў пакуль не загадвае. Жыць у вёсцы ці ў горадзе — вырашаць кожнаму асабіста, лічаць Наталля і Аляксандр, якія свой выбар зрабілі даўно. Яны вераць, што вёскі, у якіх ёсць руплівая сямейная праца і моцныя гаспадаркі, не паміраюць.
У тэму
Паводле інфармацыі камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гомельскага аблвыканкама, на тэрыторыі рэгіёна на першае студзеня 2020 года зарэгістравана 8800 кароў, якія ўтрымліваюцца ва ўласных дапаможных гаспадарках жыхароў Гомельскай вобласці.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота з архіва гераіні
Продаж тавараў праз інтэрнэт у Беларусі актыўна развіваецца.
«Абеліскі параненай зямлі».
АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.