Вы тут

Інфекцыяніст: Большасць дзяцей — бессімптомныя носьбіты


Колькасць выяўленых выпадкаў заражэння каранавірусам у свеце ў мінулую нядзелю перавысіла 35 мільёнаў. Пры гэтым амаль 1 мільён 35 тысяч чалавек на планеце загінула, паправілася больш за 24 мільёны 362 тысячы. Больш за ўсё выпадкаў заражэння зафіксавана ў ЗША (больш за 7,4 мільёна), далей ідуць Індыя (больш за 6,5 мільёна) і Бразілія (больш за 4,9 мільёна). Некаторыя краіны вяртаюцца да ўзмацнення каранцінных мерапрыемстваў. У Беларусі ў апошнія тыдні таксама расце колькасць новых выпадкаў. Цяпер у суткі іх рэгіструецца больш за 400. Усяго ў нашай краіне зарэгістравана больш за 80,6 тысячы выпадкаў COVІD-19, больш за 75,3 тысячы чалавек паправіліся. З пачаткам навучальнага года ў школах здараюцца сітуацыі, калі на самаізаляцыю адпраўляюцца цэлыя класы. Наколькі небяспечны каранавірус для дзяцей, які парадак выяўлення інфекцыі і як разлічваецца тэрмін самаізаляцыі, «Звяздзе» расказала ўрач-інфекцыяніст 3-й дзіцячай клінічнай паліклінікі Мінска Юлія Мілько.


— Цяпер назіраецца павелічэнне захваральнасці на COVІD-19. Чым можна растлумачыць павелічэнне колькасці хворых?

— Пасля летніх канікул у школы і дзіцячыя садкі вярнуліся дзеці, скончылася адпускная кампанія,  многія дарослыя выйшлі на работу. Акрамя таго, людзі стаміліся ад самаізаляцыі, перасталі насіць маскі, прызвычаіліся да небяспекі інфекцыі.

— Ці мянялася тактыка работы з інфіцыраванымі? Кантакты першага ўзроўню па-ранейшаму выяўляюць і накіроўваюць на самаізаляцыю?

— Тактыка не мянялася, мы працягваем працаваць згодна з 690-м загадам Міністэрства аховы здароўя. Калі камусьці выстаўляецца дыягназ COVІD-19, даныя паступаюць у санітарную службу. З хворым звязваецца ўрач-эпідэміёлаг, які ў выніку апытання складае кола кантактаў. Гэтыя людзі мусяць быць абследаваны і накіраваны на самаізаляцыю. Звесткі пра іх паступаюць у медустановы, дзе яны абслугоўваюцца. Такім чынам, паліклініка атрымлівае інфармацыю ад санітарнай службы з данымі пра асобу і датай кантакту. Выязджае кантактная група і абследуе гэтага чалавека.

І тут варыянты далейшых дзеянняў розняцца ў залежнасці ад таго, на які дзень ад кантакту з інфіцыраваным абследаваны пацыент. Калі мазок узяты на 1—10 дзень, і ён адмоўны, то паўторнае абследаванне адбываецца на 13 дзень экспрэс-тэстам. Пры гэтым пацыент знаходзіцца дома 14 дзён ад дня кантакту. Калі ж  другі мазок станоўчы, то самаізаляцыя падаўжаецца да 21 дня з моманту кантакту. Паўторны мазок робіцца толькі калі першы быў узяты да 10-га дня кантакту. Калі ж мазок узяты з 10 да 14 дня, то ён робіцца толькі аднойчы. Калі ён аказваецца станоўчым, самаізаляцыя падаўжаецца да 21 дня з моманту кантакту.

Часта сярод бацькоў узнікае неразуменне, што тэрмін самаізаляцыі адлічваецца менавіта ад даты кантакту з хворым. Калі, скажам, у настаўніцы апошні ўрок быў 10-га, але мазок яна здала 7-га, і ён аказаўся станоўчы, то 14-дзённы адлік вядзецца з сёмага, а не з 10-га. Дату кантакту нам дае эпідэміёлаг, і мы арыентуемся менавіта на яе. Урачы ў паліклініцы наўмысна нікому не могуць зменшыць тэрмін самаізаляцыі.

— Колькі цяпер у паліклініцы працуе выязных брыгад?

— Па-рознаму. Летам, напрыклад, была ўсяго адна. Цяпер працуе ад дзвюх да чатырох брыгад. Калі ў школе на самаізаляцыі цэлы клас, то кантактных брыгад паліклініка вымушана фарміраваць больш. Калі гэта толькі сямейныя ачагі, іх менш. Пару тыдняў таму ў нас было 460—480 кантактаў, з іх у дзень трэба было наведаць 240. На гэтым тыдні невялікае зацішша, усяго каля 150—170 кантактных дзяцей.

— Як захворванне пераносяць дзеці? Ці здараюцца ў іх пнеўманіі?

— Дзеці ў адрозненне ад дарослых пераносяць нашмат лягчэй. Мы назіраем шмат бессімптомных формаў: мазок станоўчы, але ніякіх праяў інфекцыі няма. Калі ж з'яўляюцца клінічныя праявы, то нячаста справа можа даходзіць да бранхіту ці трахеабранхіту. Або некалькі дзён трымаецца тэмпература, пры гэтым можа быць дастаткова высокай — да 39, і больш ніякіх сімптомаў. А найчасцей усё ж бывае невысокая тэмпература, каля 37,2, боль у горле, можа быць кашаль, гэта сімптомы ВРІ. Пнеўманіі вельмі рэдкія, за ўвесь сезон з сакавіка ў дзяцей на тэрыторыі абслугоўвання нашай паліклінікі было ўсяго дзве «ковідныя» пнеўманіі.

— Калі ў класе выяўляецца захварэлы, што з астатнімі дзецьмі?

— Увесь клас адпраўляецца на самаізаляцыю. Спісы ў санітарную службу падае школа, адпаведна пасля яны паступаюць у паліклініку, і мы выязджаем па ўсіх адрасах.

— Дзе, як правіла, заражаюцца дзеці?

— Ёсць і сямейныя ачагі, ёсць і школьныя, заразіцца можна паўсюль. Але большая частка дзяцей з'яўляецца бессімптомнымі носьбітамі, таму яны самі ўяўляюць небяспеку для дарослых, найперш для людзей старэйшага пакалення.

— Ці могуць дзеці здаць тэст на платнай аснове?

— Магчымасць тэста метадам ПЦР на платнай аснове з'явілася нядаўна. Але трэба маніторыць, якія ўстановы яго цяпер выконваюць, іх пералік мяняецца. Да таго ж дзяржаўныя ўстановы ПЦР-мазок на платнай аснове робяць толькі для выезду за мяжу, і толькі пры наяўнасці білета. Ёсць такая магчымасць і ў некаторых прыватных медцэнтрах. Экспрэс-тэсты платна можна зрабіць на базе дарослых бальніц і паліклінік.

— Як дзейнічаць, калі ў дзіцяці з'явілася тэмпература, недамаганне?

— Максімальна ізаляваць яго дома, каб заразіць як мага меней навакольных. Звяртацца ў паліклініку, там дадуць усе інструкцыі. Або запросяць у паліклініку (у нас арганізавана размежаванне патокаў: асобны ўваход для неадкладнай дапамогі пры сімптомах ВРІ і тэмпературы), або вас наведае ўрач.

Алена КРАВЕЦ

Прэв’ю: bykhov.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».