Вы тут

Як прыпыніць паслугі ЖКГ?


Калі гэта працуе і за што можна не плаціць

Як высветлілася, асноўныя жыллёва-камунальныя паслугі аказваюцца нам з вамі на пастаяннай аснове, і нават калі няма дагавора з арганізацый, якая іх дае, адмовіцца ад гэтых паслуг нельга, але... Заканадаўствам прадугледжаны выпадкі, калі некаторыя з паслуг можна прыпыніць або зрабіць пераразлік, калі гэтымі паслугамі не карыстаешся. З дапамогай Партала камунальнай адукаванасці насельніцтва мы раскажам пра самыя тыповыя з такіх выпадкаў.


Нікога няма дома больш за дзесяць сутак

Спачатку мы павінны высветліць, у якіх выпадках можна прыпыніць аказанне паслуг. Часцей за ўсё гэта звязана з доўгай адсутнасцю гаспадароў жылля па асноўным месцы жыхарства, напрыклад, у сувязі з пераездам у іншую краіну ці летам на дачу. У «Палажэнні аб парадку пераразліку платы за некаторыя віды камунальных паслуг і прыпынення (аднаўлення) прадастаўлення камунальных паслуг» сказана, што вываз смецця, электраэнергія, якая выдаткоўваецца на работу ліфта, газазабеспячэнне, водазабеспячэнне і каналізацыя пры адсутнасці лічыльнікаў на ваду і газ не аплачваюцца, калі грамадзянін з'ехаў на дзесяць сутак і больш на пэўных падставах і папярэдне паведаміў аб тэрмінах выезду ў арганізацыю, якая налічвае плату за камунальныя паслугі. Таму неабходна звярнуцца ў разлікова-даведачны цэнтр па месцы (рэгістрацыі) жыхарства і напісаць заяву, у якой пазначыць даты і прычыну адсутнасці па канкрэтным адрасе. Але гэта яшчэ толькі паўсправы.

Не менш важнае будзе наступнае дзеянне ўласніка жылля. Пасля вяртання дадому на працягу сямі дзён (не пазней!) неабходна зноў наведаць свой разлікова-даведачны цэнтр і прадставіць туды дакументы, якія пацвярджаюць вашу адсутнасць. У прыватнасці, у выпадку выезду за мяжу неабходна прынесці імянныя білеты ці дакументы, якія сведчаць асобу з адзнакай аб выездзе і ўездзе, альбо іншыя дакументы, напрыклад, копію працоўнага дагавора, даведку з замежнай лячэбнай установы, перакладзеныя на рускую ці беларускую мову і завераныя натарыусам.

«Насамрэч я там не жыву» — значыць, можна проста не плаціць?

На самай справе з гэтым механізмам не ўсё так проста. Прыпыненне аказання паслуг ЖКГ — гэта адміністрацыйная працэдура, ажыццяўленне якой праводзіцца ў адпаведнасці з прапісанымі ў законе патрабаваннямі. Разліковы цэнтр, дзе не ведаюць, што гаспадар з'ехаў і не карыстаецца пэўнымі паслугамі, па-ранейшаму будзе праводзіць налічэнні. І калі проста перастаць плаціць, то ўзнікне доўг, які зверху «абрасце» яшчэ і пеняй.

Другая сітуацыя, калі чалавек з'язджае на працяглы перыяд, але не паспявае ці забывае наведаць разліковы цэнтр з заявай.

У такім разе плата за аказанне паслуг будзе налічвацца, і яе трэба аплачваць, але па вяртанні дадому можна зрабіць пераразлік. У РДЦ пішацца заява (не пазней тых жа сямі дзён пасля вяртання) і прадастаўляюцца адпаведныя дакументы, якія пацвярджаюць адсутнасць па месцы жыхарства.

Працоўны дагавор, даведка з бальніцы ці з месца работы

Нашы чытачы цікавяцца, якія існуюць падставы для прыпынення камунальных паслуг. Пералік падстаў і неабходных дакументаў для пераразліку платы за камунальныя паслугі зацверджаны адпаведнай пастановай Савета Міністраў.

Асноўнай падставай будзе знаходжанне за мяжой. Тады прадастаўляецца пашпарт або іншы дакумент з адзнакамі аб перасячэнні мяжы або рэгістрацыі па месцы жыхарства за мяжой. А таксама любыя дакументы, якія пацвярджаюць знаходжанне за мяжой, — працоўны дагавор, рэгістрацыю ў якасці падаткаплацельшчыка ці іншае на рускай альбо беларускай мове, імянные праязныя білеты, завераныя належным чынам.

Вам абавязкова ўлічаць наступны факт: калі вы выехалі на аздараўленне і санаторна-курортнае лячэнне, а таксама на лячэнне ў бальніцы (радзільным доме, шпіталі, лячэбна-працоўным прафілакторыі і ў падобных установах) — у першым выпадку прадастаўляецца даведка з санаторна-курортных і іншых аздараўленчых арганізацый, у другім — даведка аб знаходжанні на стацыянарным лячэнні.

Падставай для пераразліку будзе і даведка з вайсковай часці аб месцы службы і займаемай пасадзе пры праходжанні ваеннай службы ці службы ў рэзерве ваенных або спецыяльных збораў.

Калі вы выехалі ў сельскую мясцовасць (у тым ліку на дачны ўчастак), на вучобу, у камандзіроўку для работы ў сельскай гаспадарцы і сацыяльнай сферы вёскі па папярэдняй дамоўленасці з сельскагаспадарчымі арганізацыямі, то вам неабходна ўзяць даведку з сельскага, пасялковага выканаўчага камітэта, садоўніцкага кааператыва (таварыства), з навучальнай установы або з месца работы.

Пералічаць «камуналку» і тады, калі, напрыклад, сям'я мае кватэру (зарэгістраваная) у іншым горадзе, а часова жыве і працуе ў сталіцы. Падставай будзе пражыванне па дагаворах найму жылога памяшкання прыватнага жыллёвага фонду, паднаймання жылога памяшкання дзяржаўнага жыллёвага фонду. Неабходна даведка для пераразліку платы за некаторыя віды камунальных паслуг, якая выдаецца арганізацыяй, што налічвае плату за камунальныя паслугі па месцы фактычнага пражывання.

Падставай для пераразліку будзе таксама выезд на работу па працоўным дагаворы ў арганізацыі, размешчаныя ў раёнах, якія падвергліся радыеактыўнаму забруджванню ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС, для работы ў якасці бацькоў — выхавальнікаў у дзіцячых дамах сямейнага тыпу, а таксама і выезд у іншыя населеныя пункты для догляду за інвалідам І групы або асобай, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту, што маюць патрэбу ў пастаянным даглядзе. Тут патрабуецца даведка з месца работы, а ў апошнім выпадку — даведка раённага (гарадскога) упраўлення (аддзела) па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. І яшчэ. Пры знаходжанні ў месцах папярэдняга зняволення і пазбаўлення волі патрэбна даведка з месца зняволення.

Можна па пошце альбо кур'ерам

А што рабіць, калі ўжо знаходзішся за мяжой і не можаш прынесці заяву асабіста, напрыклад, з-за закрытых на каранцін межаў?

Пераразлік за камунальныя паслугі робіцца па заяўным прынцыпе, таму работнік РДЦ пры ажыццяўленні дадзенай працэдуры павінен ідэнтыфікаваць асобу чалавека, які падае заяву, па пашпарце. Па законе прадстаўляць інтарэсы іншага грамадзяніна можна толькі на падставе натарыяльна засведчанай даверанасці. Гэта значыць можна аформіць даверанасць нават на сябра ці брата, які вырашыць ваша пытанне. Між тым ёсць і іншыя, больш простыя і менш затратныя варыянты.

Напрыклад, вы пішаце заяву ад свайго імя, ставіце свой подпіс і адпраўляеце яе з усімі дакументамі ў разліковы цэнтр па пошце альбо скарыстаўшыся паслугамі кур'ерскай службы (у якасці кур'ера, дарэчы, можа выступаць і ваш сваяк, у гэтым выпадку яму не спатрэбіцца даверанасць). У заяве неабходна ўказаць прычыну, па якой вы не можаце асабіста наведаць РДЦ, — самаізаляцыя, закрыццё межаў, знаходжанне на хатнім лячэнні пасля цяжкай аперацыі і іншае.

Дакумент — як мінімум раз на тры гады. Але даналічэнне — за ўвесь перыяд з моманту вяртання

Цікава, як вызначаецца час адсутнасці па асноўным месцы жыхарства? Усё вельмі проста. Па датах, названых у даведках, білетах і рэгістрацыйных штампах. Напрыклад, у даведцы з бальніцы будуць пазначаны дзве даты: калі пацыент паступіў на лячэнне і калі яго выпісалі. У праязных білетах паказаны дзень адлёту і прылёту, у дагаворы найму — тэрмін дзеяння дагавора. Гэтыя даты ўключна і будуць узятыя за аснову для разлікаў.

Наступнае пытанне яшчэ больш цікавае: на які тэрмін можна прыпыніць аказанне камунальных паслуг? Дык вось, у профільным заканадаўстве не прапісаны гэтыя тэрміны. Але калі грамадзянін з'ехаў у іншую краіну працаваць па кантракце на працяглы час, то спецыялісты разліковага цэнтра просяць прадстаўляць дакументы, якія гэта пацвярджаюць, як мінімум раз на тры гады (але можна і часцей). Справа ў тым, што тэрмін іскавай даўнасці, за час якога магчымы пераразлік, складае менавіта тры гады. Аднак калі будзе вызначаны той факт, што грамадзянін вярнуўся і не давёў да ведама арганізацыю ЖКГ, якая па-ранейшаму не налічвае плату за паслугі, спецыялісты зробяць даналічэнне за ўвесь перыяд з моманту вяртання.

Калі работа жыхара кватэры звязана з пастаяннымі раз'ездамі, то дакументы трэба падаваць за кожны перыяд адсутнасці па месцы жыхарства.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.