Вы тут

У Беларусі будзе створаны нацыянальны геапартал прасторавых дадзеных


Дзяржаўны камітэт па маёмасці імкнецца ўкараніць свае напрацоўкі ва ўсе сферы эканамічнай дзейнасці краіны. Дакладнае земляробства — адзін з праектаў будучыні, для якога камітэт стварае геадэзічную аснову для руху тэхнікі. Пра гэта расказаў старшыня ведамства Дзмітрый Матусевіч падчас прэзентацыі віцэ-прэм’еру Аляксандру Субоціну электронных рэсурсаў і сістэм арганізацый Дзяржкаммаёмасці ў Мінскім гарадскім агенцтве па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры.


«Мы можам удзельнічаць у кантролі за ўнясеннем мінеральных угнаенняў. З беспілотнікаў гэта вельмі бачна ў свеце, здалёк, і гэта павышае празрыстасць такога віду дзейнасці, акрамя таго безумоўна дае значны эканамічны эфект — да 30 працэнтаў. Асабліва ў буйных гаспадарках», — дадаў Дзмітрый Матусевіч.

Ён расказаў, што ведамства будзе рухацца да стварэння нацыянальнага геапарталу прасторавых дадзеных. То бок з разнастайных рэсурсаў распрацуюць адзіную праграму, па якой карыстальнік зможа выбіраць сабе неабходныя звесткі ў анлайн-рэжыме.

«Ёсць ужытковыя, эканамічна накіраваныя рэчы, пра якія мы запрасілі пагаварыць калег з Мінпрыроды, Мінлясгасу, Мінсельгаспраду, Мінтранспарту. З Міністэрствам лясной гаспадаркі працавалі сумесна над геаінфармацыйным парталам зямельных рэсурсаў і на гэтай аснове ў іх ужо ёсць усе прасторавыя дадзеныя. На базе гэтай сістэмы можна распрацоўваць ужытковыя праграмы для патрэб леснікоў, лесакарыстальнікаў, кантралюючых органаў», — сцвярджае старшыня ДКМ.

З Мінсельгаспрадам бачаць работу па дакладным земляробстве, з транспартнікамі ёсць запыт на праекты па водным транспарце. Для стварэння беспілотнага транспарту, эфектыўнага земляробства неабходна геадэзічная аснова і напрацоўкі па беларускай навігацыйнай карце, якія ёсць у ДКМ. Колькасць кліентаў гэтай карты павялічваецца за кошт дзяржаўных і прыватных арганізацый.

«Мы паказалі сябе, я лічу, добрай дзяржаўнай айці-кампаніяй. У прыватнасці, кадастравае агенцтва і „Белгіпразем“. І мэта гэтага мерапрыемства — прэзентаваць напрацоўкі і ўпакаваць па магчымасці іх у дзяржаўныя галіновыя праграмы наступнай пяцігодкі», — падкрэсліў Дзмітрый Матусевіч.

«Мы бачым, што гэта арганізацыя шматграннейшая, чым здавалася б. У іх не толькі рэгістрацыя нерухомай маёмасць, праца з зямлёй, а і работа з картамі, тапаграфіяй. Аказалася, што яны могуць прапанаваць вялікі спектр паслуг і рабіць шмат чаго карыснага. „Лічба“ ідзе ва ўсе галіны і ў тым ліку ў галіну працы з зямлёй, нерухомай маёмасцю», — сказаў віцэ-прэм’ер Аляксандр Субоцін.

Ён назваў укараненне высокіх тэхналогій у «зямельныя» справы адной з самых запатрабаваных і хутка развіваючыхся галін на будучую пяцігодку.

Сярод непасрэдных задач для Дзяржкаммаёмасці намеснік прэм’ер-міністра вылучыў наступныя —людзі павінны менш сутыкацца з гэтай арганізацыяй і растлумачыў, чаму: «Мы ідзем па шляху спрашчэння заканадаўчай базы і пераабсталявання Дзяржкаммаёмасці разнастайнымі прыборамі. Хацелася б, каб чалавек, якому неабходна даведка ці рэгістрацыя, пераафармленне дакументаў, мог гэта зрабіць максімальна камфортна для сябе і максімальна хутка».

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?