Вы тут

Брэнд-шэф Арцём Ракецкi: Шлюб — гэта не праца, гэта шчаслiвы час


Мы працягваем пытацца ў мужчын, што яны думаюць пра жанчын, адносiны i каханне. Сёння ў нас «смачная» рубрыка, бо яе прадстаўляе Арцём Ракецкi, брэнд-шэф сеткi рэстаранаў групы «Трайпл». Як знайсцi шлях да сэрца мужчыны-повара, што прыгатаваць на спатканне, чым мужчыны заядаюць сум i цi праўда, што яны гатуюць лепш за жанчын, — адказы на ўсе гэтыя пытаннi ведае наш суразмоўнiк.


— Самае цудоўнае ў жанчынах — гэта...

— Сумленнасць, адданасць i разуменне. Я цаню гэтыя якасцi ў сваёй жонцы i лiчу iх самымi важнымi ў любых адносiнах. Прыгажосць i абаянне — гэта таксама выдатна, але яны нiколi не становяцца гарантыяй шчаслiвага сямейнага жыцця.

— Кажуць, што шлях да сэрца мужчыны ляжыць праз страўнiк. Але што рабiць, калi твой мужчына — шэф-повар? Цi можна выкарыстаць гэты шлях або не варта нават i спрабаваць?

— Часта шэф-повар пакiдае работу на рабоце, таму што больш за палову асабiстага часу ён прысвячае ёй. Гэта дзiкая, пякельная нагрузка, складаная i фiзiчна, i псiхалагiчна. Таму ваш мужчына-кухар будзе толькi ўдзячны, калi вы яго пакормiце. Гэты шлях — не праз страўнiк, а праз паразуменне i падтрымку. Напэўна, не кожная дзяўчына вытрымае жыццё з такiм мужчынам. Ён рана выязджае з дому i позна вяртаецца, пастаянна знаходзiцца ў шалёным рытме... Тут вельмi важныя давер i дапамога. Якой бы прыгожай дзяўчына нi была, мужчына аддасць перавагу чалавечым якасцям. Мне пашанцавала, бо мая жонка спалучае ў сабе i прыгажосць, i чуласць.

— Дома гатуеце ўдваiх?

— Жонка часцей. У мяне не хапае часу. Пасля працы хочацца быць побач з сям'ёй, а не з кухоннай плiтой. Хоць у нас ёсць выдатная традыцыя: па нядзелях я заўсёды гатую разам з дзецьмi. У мяне ёсць сын дванаццацi гадоў i дачка, якой пяць.

— Што, на ваш погляд, самае галоўнае ў выхаваннi дзяўчынак?

— Упэўнены, што для кожнай дачкi бацька павiнен быць прыкладам. Менавiта ён закладвае ў свядомасцi дзяўчынкi галоўнае ўражанне пра мужчын. Паводзiны бацькi, яго звычкi i нават знешнасць — усё адыгрывае ролю пры выбары будучага мужа. Калi ты хочаш для дачкi добрага лёсу, то павiнен быць для яе ўзорам з самага ранняга ўзросту.

— Уявiм, што ваша дачка прывяла хлопца знаёмiцца, а ён вам зусiм не падабаецца. Што будзеце рабiць?

— Iснуе першае ўражанне i наступнае меркаванне. Магчыма, пры першай сустрэчы я памыляўся. Калi акажацца, што ўсё ж маю рацыю, то абавязкова выкажу дачцэ сваю пазiцыю. Але галоўнае — гэта яе шчасце, якому я не буду перашкаджаць, нават калi выбраннiк мне не спадабаецца.

— Што б вы прыгатавалi для рамантычнай вячэры?

— Перад спатканнем з жонкай зрабiў бы якую-небудзь цiкавую пасту з падлiўкай з морапрадуктаў, дадаў бы пятрушкi i таматаў. А на дэсерт — шакаладная гiсторыя: пiрог, пiрожныя або тарталетка. Я лiчу, што шакалад — гэта цудоўны афрадызiяк, якi выклiкае шмат прыемных эмоцый i ўспамiнаў.

— Як выглядае iдэальнае спатканне?

— Калi гэта цёплая пара года, трэба з'ехаць далёка ад горада ў якое-небудзь рамантычнае, прыгожае месца каля возера. Вазьмiце цёплы плед, лёгкiя закускi, халоднае вiно i вялiкую талерку сезоннай садавiны. Нацешцеся спевамi птушак i свежым паветрам.

— Калi мы, жанчыны, сумуем, то заядаем маркоту салодкiм. А як у мужчын?

— Асабiста я — вялiкi аматар салодкiх страў. I калi здараецца дрэнны настрой, то саджуся ў машыну i еду па дэсерт у «Залаты грабеньчык». Там ашаламляльная кандытарская i заўсёды смачная выпечка.

— Што рабiць, калi жонка — шапаголiк?

— Не перашкаджаць гэтаму. Калi яна адэкватны чалавек, разумее i шануе вас, то не будзе пераступаць мяжу, якая мае месца ў сямейным бюджэце. Мне з гэтым пашанцавала. У мяне жонка, напэўна, шапаголiк, але мы адно аднаго разумеем. Калi трэба — калi ласка.

— Цi праўда, што мужчыны гатуюць смачней?

— Няпраўда, гэта поўнае глупства i дыскрымiнацыя — усе гатуюць аднолькава. Проста ў кагосьцi ёсць схiльнасць да гэтага, у кагосьцi няма. А дзялiць гэтую схiльнасць на жаночую i мужчынскую — няправiльна.

— Цi кажа штосьцi пра жанчыну яе выбар стравы ў рэстаране?

— Напэўна, не. Смакавыя прыярытэты шматгранныя i ў кожнага свае. Смак развiваецца з дзяцiнства, i меркаваць па iх не варта. А вось культура спажывання ежы можа сапраўды нешта сказаць пра чалавека.

— Чым жанчыны скараюць мужчын з першага погляду? Чым вас заваявала жонка?

— Сваёй энергетыкай. Я добра адчуваю людзей. I не часта чалавек так хутка выклiкае прыхiльнасць
да сябе. Яна вылучалася па сваiм духу, паху, выглядзе... Гэтым i зачапiла. Я адчуў, што гэта маё, што з ёю мне цёпла i камфортна.

— Цi ёсць штосьцi, што вы даведалiся або зразумелi, знаходзячыся ў шлюбе?

— Я зразумеў, што ў цяжкiх сiтуацыях у мяне заўсёды будзе падтрымка. Напэўна, адзiнокiя людзi цяжэй пераносяць складанасцi. А ў мяне ёсць чалавек, якi не раскiсне, не апусцiць рукi. Гэтак жа i я не дам ёй смуткаваць.

— Цi можна дараваць здраду?

— Думаю, можна. Тут усё грунтуецца на ўнутраных пачуццях. Мы ў сям'i з гэтым не сутыкалiся, i, крый божа, не сутыкнёмся. Але калi падумаць... Галоўнае — шчырае раскаянне i жывая сувязь памiж мужам i жонкай.

— Што больш прыемна — клапацiцца пра кагосьцi або атрымлiваць клопат аб сабе?

— Клапацiцца. Я не распешчанае дзiця. Глабальнага клопату я ў дзяцiнстве не атрымаў, таму мне падабаецца ўдзяляць увагу жонцы, рабiць нейкiя падарункi i iншыя прыемныя рэчы.

— Найлепшы падарунак для мужчыны...

— Дзецi. Тыя пачуццi i эмоцыi, якiя я адчуў, калi нараджалiся дзецi, не перадаць больш нiчым.

— Многiя кажуць, што шлюб — гэта цяжкая праца, вы з гэтым згодны?

— Гэта не праца, гэта шчаслiвы час. Праца — знайсцi паразуменне, давер i падтрымку. Калi вы з гэтым справiлiся — атрымлiвайце асалоду ад сямейнага жыцця.

Вiталiна БАНДАРОВIЧ

Загаловак у газеце: «А на дэсерт — шакалад!»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».