Вы тут

Чым небяспечная сузалежнасць, i як яе перамагчы


Не, яны не п'юць разам з iмi гарэлку, не ўжываюць наркотыкi i не гуляюць у казiно. У сваякоў развiваецца iншая залежнасць — псiхалагiчная. Яны цалкам падпарадкоўваюць сваё жыццё «хвораму». «Як я яго кiну — ён жа без мяне прападзе!» Цi «Як я яму есцi не прыгатую — ён жа будзе харчавацца адным спiртным!» Для людзей, якiя падпарадкавалi сваё жыццё выратаванню алкаголiкаў цi наркаманаў, iснуе спецыяльны тэрмiн — сузалежнасць. Як яна фармiруецца i цi кожны да яе схiльны, чым яна небяспечная для дзяцей, як не падтрымлiваць залежнасць свайго блiзкага i што такое «жорсткая любоў», расказаў псiхолаг, гештальт-тэрапеўт, кiраўнiк рэабiлiтацыйнага цэнтра «Радуга» Аляксандр Фёдараў.


— Хто ўцягваецца ў сузалежнасць?

— Залежны чалавек, як правiла, жыве не адзiн, у яго ёсць блiзкiя — бацькi, браты цi сёстры, жонка цi муж. Калi алкагалiзм — гэта хвароба, i ў хворага ёсць змяненнi псiхiкi i паводзiн, то непазбежна, што ў тых, хто знаходзiцца з iм у блiзкiм кантакце, таксама мяняецца i псiхiка, i паводзiны. Сузалежнасць як хваробу не выдзяляюць, але спецыялiсты ацэньваюць яе як вельмi хваравiты стан.

— У чым праяўляецца сузалежнасць?

— Калi глабальна, то фокус увагi чалавека перамяшчаецца з сябе на свайго блiзкага. Прычым блiзкi можа быць якi заўгодна — не толькi алкаголiк, але i наркаман, гульняман. А калi паглядзець больш шырока, то iнвалiд цi састарэлы блiзкi сваяк,
да якога ў сузалежнага моцная эмацыянальная прыхiльнасць. I чалавек пачынае думаць не пра сябе i свае патрэбы, не пра тое, што яму дорага i важна, а пра гэтага блiзкага чалавека.

— I як мяняюцца iх адносiны?

— У першую чаргу з боку сузалежнага ўзнiкае кантроль. Ён iмкнецца кантраляваць свайго залежнага блiзкага, каб ён не пiў, цi пiў, але ў абмежаванай колькасцi. Калi гэта наркаман, то, напрыклад, увесь час правярае зрэнкi. Гэта частыя званкi, скажам, па пяць-сем разоў на дзень. «Ты выйшаў з работы? I дзе ты цяпер? Зайшоў у магазiн? А што набываеш?» Калi чалавек у гасцях, то мацi цi жонка таксама некалькi разоў тэлефануюць: «З кiм ты цяпер? Чаму я не чую iх галасы? А няхай яны пацвердзяць». Такi стыль паводзiнаў — гэта своеасаблiвая «норма» для сузалежных адносiн.

Таксама характэрны навязлiвы стыль паводзiн. Часта — нават гiперапека i неразумны звышклопат. «Цi цёпла ты апрануты?» У адносiнах да 40-гадовага мужчыны гэта недарэчна. Або мацi тэлефануе дарослай дачцэ: «Ты паела? А як у вас справы? Вы не пасварылiся?» Гiперапека i звышклопат залежных людзей раздражняюць i злуюць. Такiя паводзiны могуць быць нават штуршком да зрыву, каб чалавек, якi ў цяперашнi момант цвярозы, вярнуўся да ўжывання. Гэта, канешне, не галоўная прычына, але яна мае месца.

Сузалежнасць можа праяўляцца i ў выглядзе агрэсii. Нярэдка клопат (зрабi тое, схадзi туды, пабудзь дома) не прыносiць поспеху. Блiзкi б'ецца за цвярозасць — грошы плацiць, у наркалогiю ўладкоўвае, хворага «пракапваюць» пасля запою, а ён выходзiць i праз тыдзень зноў «у хлам». Пасля такога рукi апускаюцца, чалавек можа ўпадаць у адчай, лiць слёзы. А потым з'яўляецца законная злосць. I сузалежны пачынае праяўляць агрэсiю — у лепшым выпадку на словах (скандалы, лаянкi), а часцяком гэта i бiццё.

— Сузалежнасць — гэта больш жаночая праблема?

— Мужчынам гэта таксама ўласцiва, хоць, можа быць, i не так ярка праяўляецца. Да прыкладу, некалькi гадоў таму ў мяне на прыёме быў бацька маладога наркамана. Ён стараўся i на рэабiлiтацыю яго ўладкаваць, i на псiхатэрапiю, але нiчога не дапамагала. Малады чалавек упарта вяртаўся да ўжывання наркотыкаў, i ўсё выглядала вельмi сумна. Бацька прызнаўся: «У мяне былi думкi зламаць яму пазваночнiк. I няхай ён будзе лепш ляжачы, але не зможа больш ужываць наркотыкi. Я буду яго любiць i клапацiцца аб iм у такiм выглядзе».

— Любы чалавек схiльны да сузалежнасцi? Цi кожная жанчына стане сузалежнай, працяглы час жывучы з алкаголiкам?

— Ёсць розныя погляды на паходжанне сузалежнасцi. Паводле некаторых амерыканскiх даследаванняў, да яе схiльныя 98 % насельнiцтва. Тут размова iдзе пра структуру асобы, пра недасканаласць чалавечай прыроды. Схiльнасць да сузалежнасцi ёсць амаль у кожнага, пытанне толькi ў яе ступенi: у кагосьцi крыху, у некага больш, у кагосьцi шмат, у некага зашмат. Па сутнасцi асоба ў чалавека залежнага i сузалежнага вельмi падобная, яе можна назваць залежнай структурай асобы. I закладваецца гэта ў бацькоўскай сям'i. Тут адыгрываюць ролю шэраг фактараў, i дамiнуюць, як правiла, псiхалагiчныя траўмы з варыяцыямi гвалту. Зразумела, важныя спадчыннасць i выхаванне. I закладваецца гэта ва ўзросце ад нараджэння да 3-7 гадоў. Гвалт можа быць рознага кшталту: фiзiчны, сексуальны ў тым лiку, эмацыянальны, духоўны. Гэта глеба для фармiравання залежнай структуры асобы.

Прычым гвалт не заўсёды вiдавочны: гэта могуць быць нейкiя падаўленыя эмоцыi ў бацькоў. Яны могуць быць адукаваныя i iнтэлiгентныя, знешне ўсё выглядае добра i правiльна, але ў сваiх сем'ях iм недадалi пяшчоты i не навучылi эмацыянальнай культуры. I яны халодныя i скаваныя. Адпаведна, цяпла ў сям'i мала: не прынята пацалаваць у шчаку, сказаць шчырыя словы. I такiх сем'яў нямала. Знешне ўсё добра, а цеплынi не стае, i дзiця ёй не навучаецца. Бацькi пасварылiся i не размаўляюць адно з адным. Атмасфера негатыву выразна адчуваецца, дзiця не можа гэта растлумачыць, але разумее, што яму тут дрэнна.

Моцныя дзiцячыя перажываннi могуць быць таксiчныя: вiна, страх, злосць. I жыць з гэтым даволi дыскамфортна, таму чалавек шукае спосаб, як аблегчыць свой стан. Варыянтаў шмат, адзiн з iх — работа, тады ён становiцца працаголiкам. Здавалася б, нiчога дрэннага, але калi чалавек усяго сябе ў яе ўкладае, ён недадае сям'i, дзецям, у яго мала хобi i сяброў — пакутуюць усе астатнiя бакi жыцця. Таксама гэта можа быць эмацыянальная залежнасць, сексагалiзм, рэлiгiйны цi iншы фанатызм, гульняманiя, залежнасць ад шопiнгу. I як варыянт развiцця падзей — наркаманiя i алкагалiзм.

— Калi з залежным чалавекам жывуць у тым лiку i непаўналетнiя дзецi, яны таксама пакутуюць ад сузалежнасцi?

— Дзяцей гэта траўмiруе, i вельмi моцна. Пералiчаныя таксiчныя эмоцыi менавiта тут i праяўляюцца. П'яны тата можа накрычаць, пабiць, зняважыць. А магчыма, i не. Але ўсё роўна добры тата кудысьцi знiкае, а п'яны ляжыць дзесьцi ў сваiм пакоi, да яго страшна i непрыемна падысцi, ад яго дрэнна пахне. Вось гэта таксiчны сорам. Пра гэта сорамна расказаць равеснiкам i сябрам.

У такiх траўмiраваных дзяцей, якiя жывуць у падобнай атмасферы, вялiкiя шанцы стаць хiмiчна залежнымi. Бо тут i спадчыннасць, i прыклад перад вачыма. Бо калi дзiця не бачыць i не разумее, як гэта, то яно, хутчэй за ўсё, туды i не палезе. А калi ў мамы, таты, братоў цi сясцёр такi спосаб жыцця, то здаецца, што гэта нармальна. А магчымы i супрацьлеглы эфект: у дзiцяцi можа назаўсёды сфармiравацца агiда да спiртнога цi наркотыкаў. Але пры гэтым ёсць некаторая камплiментарнасць: дзяўчынку, у якой бацька-алкаголiк, будзе цягнуць да алкаголiкаў-мужчын. Не абавязкова, што так адбудзецца, але вялiкая верагоднасць, што сузалежная дзяўчына выбера сабе мужа-алкаголiка. Бо вобраз каханага мужчыны, як правiла, падобны на бацьку.

— Што рабiць сузалежнаму? Кiнуць алкаголiка i жыць сваiм жыццём? Цi iсцi да нарколагаў i псiхатэрапеўтаў i старацца яго выцягнуць?

— Складанае пытанне, i адназначнага адказу няма. Часам дзяўчатам, якiя ходзяць на псiхатэрапiю, хочацца сказаць: уцякай, бо нiчога добрага цябе там не чакае, толькi боль i пакуты. А дзесьцi мае сэнс i пазмагацца.

— I гэта барацьба прыносiць вынiкi?

— Канешне, iнакш не было б сэнсу гэтым займацца. На рэабiлiтацыю людзi трапляюць па розных прычынах. I назусiм адмовiцца ад наркотыкаў, спiртнога цi гульнi — такiх асабiстых усвядомленых рашэнняў адзiнкi. Гэты чалавек дасягнуў дна, паранiўся, у яго яшчэ не надта спрагрэсiравала залежнасць, i ён бяжыць па дапамогу. Але ў асноўным матывацыя не ўнутраная, а знешняя — вымушаюць iсцi да нас лячыцца або працадаўца (калi чалавек не так запушчаны i начальнiк у тэме, хоча дапамагчы i дае апошнi шанц), i чалавек за гэты шанц можа ўхапiцца. Або жонка, сястра, брат, дарослыя дзецi — вось такiх сiтуацый больш за ўсё. Або ты iдзеш i па-сур'ёзнаму лечышся без усялякiх «калi» i «можа быць», або развод. Цi дзецi кажуць, што мы з табой, бацька, у супрацьлеглым выпадку больш кантактаваць не будзем. Гэта прыклады так званай жорсткай любовi. Гэта цэлая сiстэма, распрацаваная ў Англii згуртаваннем бацькоў наркаманаў. Яны не адмаўляюцца ад блiзкага, але i не патураюць яго слабасцi. А ставяць вельмi жорсткiя катэгарычныя ўмовы: калi хочаш, каб у нас былi адносiны, падтрымка i дапамога, то iдзеш i лечышся проста зараз.

— Дарэчы, цiкава, колькi людзей з тых, хто прыходзiць на рэабiлiтацыю ў праграму «Радуга», вытрымлiвае ўсе этапы?

— Пэўная колькасць, канешне, не вытрымлiвае i збягае, або мы выпiсваем за сур'ёзнае парушэнне правiлаў. Працэнтаў 80 % iх цалкам праходзіць. З тых, хто прайшоў «Радугу», каля 30 % наркаманаў i каля 40 % алкаголiкаў дасягае паспяховай доўгатэрмiновай рэмiсii. Яшчэ лепшы паказчык у жанчын — каля 45–50 %. I гэта вельмi шмат. Бо насамрэч шанцы на цвярозасць не такiя i вялiкiя.

— Вяртаючыся да сузалежнасцi. Што з ёй рабiць?

— У першую чаргу звярнуцца да спецыялiста i атрымаць мiнiмальныя веды. Спецыялiст растлумачыць, што такое залежнасць i сузалежнасць i як з гэтым змагацца. Штосьцi можна пашукаць самастойна ў iнтэрнэце, але лепш усё ж, калi тлумачыць прафесiянал. Рашыцца на пэўныя дзеяннi многiм складана. I тут можа дапамагчы псiхатэрапiя, але гэта не так проста, бо каштуе грошай. Ёсць яшчэ варыянт — групы для сузалежных, так званыя «Ал-Анон». Ёсць арганiзацыя «Дарослыя дзецi алкаголiкаў», там таксама можна атрымаць карысную дапамогу. Важна зразумець праблему i знайсцi людзей, якiя могуць дапамагчы i падказаць. I не падтрымлiваць залежнасць, а супрацьстаяць ёй.

— I як яе не падтрымлiваць?

— У першую чаргу перавесцi фокус на сябе i ўспомнiць пра свае патрэбы. Прагулкi, сябры, кiно, тэатр, басейн, вязанне. А ў адносiнах да залежнага — «жорсткая любоў». На пачатковых стадыях злоўжыванне — гэта сакрэт сям'i, такое, як правiла, хаваецца ад навакольных. Цi тое, што яно проста ёсць, цi тое, што яно празмернае, цi яго наступствы — пра ўсё гэта маўчаць. I ёсць спосаб барацьбы, пакуль чалавек не зайшоў далёка, пакуль хвароба прагрэсiруе не моцна. Гэта сорам i страх наступстваў. Такiм чынам прапiсваецца план санкцый. Калi ты, скажам, цягам трох дзён не звярнуўся да нарколага, то тэлефаную ўсiм сваякам i блiзкiм, пiшу пiсьмы i кажу, што ты захварэў, ты алкаголiк, прашу паўздзейнiчаць. I абавязкова прывесцi «прыгавор» у выкананне, каб чалавек разумеў, што гэта не жарты. Калi прыгавор выкананы, усе блiзкiя ў курсе, наступны этап: калi яшчэ тры днi праходзiць, i ты не пачынаеш лячыцца, тэлефаную ўсiм тваiм сябрам — з кiм вучыўся, працуеш, ездзiш на рыбалку. I таксама прыводзiцца ў выкананне. Трэцi этап: паведамляю ў школу, дзе вучыцца тваё дзiця... I такiх этапаў некалькi.

— Вельмi жорсткi план, не кожны зможа яго выканаць.

— Але гэта сiстэма працуе. Так, трэба мець цвёрдасць i ўпэўненасць, бо гэта сапраўды крайне балюча i адбываецца вельмi жорсткая канфрантацыя. Тут важна ўсведамляць, што гэта не помста, а менавiта «жорсткая любоў». Алкаголiкi i наркаманы — гэта няправiльна выхаваныя цi недавыхаваныя дзецi. I да iх выхавання прыходзiцца вяртацца ў дарослым узросце.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Кiдаць цi выратоўваць?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як навучыць дзіця рацыянальна карыстацца грашыма? Парады псіхолага

Як навучыць дзіця рацыянальна карыстацца грашыма? Парады псіхолага

Дзіцяці абавязкова трэба ведаць: Што такое грошы? Навошта яны патрэбны?

Грамадства

У музеі ВАВ адкрылася выстаўка «Бітва за Маскву. Бессмяротнасць подзвігу».

У музеі ВАВ адкрылася выстаўка «Бітва за Маскву. Бессмяротнасць подзвігу».

Як адзначыла старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля Качанава, Вялікая Айчынная вайна і ўсё, што звязана з ёй, — святое.