Вы тут

Чаму ўкраiнцы страцiлi давер да ўлады?


Днямi Брусель зноў прымаў самiт. У сталiцы еўрапейскай супольнасцi з «другой спробы» прайшла канферэнцыя ЕС —  Украiна. Спачатку мерапрыемства планавалася правесцi 1 кастрычнiка, але яго перанеслi, паколькi ў Бруселi якраз праходзiла сустрэча лiдараў ЕС. 6 кастрычнiка прэзiдэнт Украiны Уладзiмiр Зяленскi сустракаўся з прэзiдэнтам Еўрапейскага Савета Шарлем Мiшэлем. Папярэдне планавалася, што будзе прысутнiчаць i трэцi прэзiдэнт —  Еўрапейскай камiсii —  Урсула фон дэр Ляен, але яна сышла на каранцiн. Адпаведна, на сустрэчу з Зяленскiм прыбыў высокi прадстаўнiк ЕС па пытаннях знешняй палiтыкi i палiтыкi бяспекi, вiцэ-прэзiдэнт ЕК Жазэп Барэль. Дарэчы, ён у канцы верасня наведаў Украiну. I заўважыў у размове з прэзiдэнтам гэтай краiны, што «Еўрасаюз —  не банкамат». «Украiна паказвае ЕС, што з'яўляецца сур'ёзным партнёрам», —  падкрэслiў напярэдаднi самiту ў iнтэрв'ю выданню Politico Europe Уладзiмiр Зяленскi. Наколькi такая стратэгiя дапаможа палепшыць дабрабыт украiнцаў, якiя ўсё менш давяраюць уладзе?


Накрыла рэцэсiя

Перадусiм пра фiнансы. Як сведчаць статыстычныя дадзеныя, украiнская эканомiка ўвайшла ў рэцэсiю. Па вынiках другога квартала ВУП краiны павалiўся на 11,4 працэнта. I, як кажуць эксперты, падзенне эканомiкi працягнецца да канца года, што прывядзе да яшчэ большага росту беспрацоўя i скарачэння заробкаў бюджэтнiкаў. Акрамя таго, украiнцаў можа чакаць рост падаткаў, бо напаўняць бюджэт у такiх умовах не будзе з чаго.

Прычынай такога моцнага падзення, вiдавочна, стаў каранавiрус i ўведзены з-за яго каранцiн. Хоць зараз крызiсныя з'явы назiраюцца ва ўсiм свеце, параўноўваць падзенне эканомiкi Украiны з паказчыкамi дзяржаў ЕС цi ЗША некарэктна. Такое меркаванне выданню «Весткi-Украiна» выказаў саветнiк прэзiдэнта гэтай краiны па эканамiчных пытаннях Алег Усценка. «11,4 працэнта —  гэта вельмi глыбокае падзенне. Але так адбываецца цяпер ва ўсiм свеце. Для бедных краiн падзенне заўсёды больш складанае, чым для багатых. Бо ў багатых ёсць запас трываласцi, а ў нас, як i ў iншых краiн з эканомiкай, якая развiваецца, ён нашмат меншы», —  растлумачыў эксперт.

На думку саветнiка прэзiдэнта, сiтуацыя пагаршаецца з-за таго, што ўкраiнская эканомiка вельмi адчувальная да знешнiх фактараў.

«Украiнская эканомiка —  гэта эканомiка адкрытага тыпу, экспартна залежная. Таму калi пачынае пагаршацца кан'юнктура на знешнiх рынках, гэта адразу ж знаходзiць сваё адлюстраванне ва Украiне. У першых двух кварталах мы назiралi негатыўную дынамiку на рынках металургii. Толькi з-за гэтага ўжо пачалося падзенне. У другiм квартале сталi развiвацца крызiсныя з'явы, звязаныя з каранавiрусам, насельнiцтва пачало мяняць свае паводзiнскiя стратэгii, i актыўнае спажыванне спынiлася. Услед сур'ёзныя праблемы пачаў адчуваць дзяржбюджэт», —  адзначыў Алег Усценка.

Большасць экспертаў Украiны з яго ацэнкай згодныя i чакаюць далейшага падзення нацыянальнай эканомiкi. У прыватнасцi, у гэтым упэўнены фiнансавы аналiтык Васiль Неўмяржыцкi. «Думаю, што i ў наступным квартале мы ўбачым падзенне, якое яшчэ больш адаб'ецца на даходах насельнiцтва», —  заўважыў Неўмяржыцкi. I нагадаў пра тое, што падзенне эканомiкi прывядзе да памяншэння агульных падатковых паступленняў у бюджэт. I ў такiм выпадку дзяржава зноў стане перад вечным пытаннем: дзе браць грошы?

«У нас i так ужо дэфiцыт дацягвае да 300 мiльярдаў грыўняў (10,5 млрд долараў. — Рэд.). А варыянтаў, дзе ўзяць грошы, няшмат: гэта размяшчэнне аблiгацый унутранай дзяржаўнай пазыкі, павелiчэнне падаткаў i скарачэнне выдаткаў, што мае на ўвазе скарачэнне сацыяльнай дапамогi i заробкаў бюджэтнiкам», —  заўважыў эксперт.

Ён дадаў, што яшчэ адным непрыемным наступствам эканамiчнай рэцэсii стане непазбежны рост беспрацоўя ва Украiне. «Гэтую негатыўную тэндэнцыю ўжо цяпер можна ўбачыць на прыкладзе банкаўскага сектара, дзе на працягу другога квартала праводзiлiся масавыя скарачэннi. Проста таму, што такой колькасцi людзей у банкаўскай сферы рабiць няма чаго. Мы не крэдытуем бiзнес. Крэдыты незапатрабаваныя. Адпаведна, як i ў любой iншай вытворчасцi тавараў i паслуг, пачынаецца скарачэнне персаналу», —  канстатаваў Неўмяржыцкi.

«Зарабiтчане» не дапамогуць

Зразумела, крызiсныя з'явы ва ўкраiнскай эканомiцы паўсталi не ўчора. Дэпутат Вярхоўнай рады ад партыi «Апазiцыйная платформа —  За жыццё» (АПЗЖ) Аляксандр Калтуновiч лiчыць, што мiнулы год быў пераломны для Украiны. Падчас свайго выступлення ў эфiры тэлеканала «112 Украiна» палiтык заявiў, што менавiта летась краiна павiнна была перайсцi да эканамiчнага росту, аднак замест гэтага «правалiлася». «За год у парламенце я зразумеў, што гэтая ўлада вядзе Украiну не ўверх, а ўнiз», —  канстатаваў парламентарый.

Як заўважыў старшыня палiтсавета партыi «Апазiцыйная платформа —  За жыццё» Вiктар Медзвядчук, на фоне каранавiруснага ажыятажу амаль незаўважаным засталося паведамленне Сусветнага банка аб тым, што ў 2019 годзе ўкраiнскiя «зарабiтчане» пераслалi ва Украiну 15,8 мiльярда долараў. «Гэта гiганцкая для краiны сума, якая шмат у чым i забяспечыла выжыванне ўкраiнцаў у мiнулым годзе, нягледзячы на антысацыяльную палiтыку дзяржавы, —  заўважыў дэпутат. — Нагадаю, што 15,8 мiльярда долараў —  гэта больш за дзесяць працэнтаў ВУП Украiны».

Паказальна, што сума, якая летась паступiла ад украiнскiх «зарабiтчан», больш чым у 6 разоў пераўзыходзiць прамыя замежныя iнвестыцыi ва Украiну за 2019-ы, паведамiў Медзвядчук. Аднак сёлета гэтыя паступленні iстотна скароцяцца. Сусветны банк прагназуе значнае падзенне аб'ёмаў грашовых пераводаў працоўных мiгрантаў у 2020-м з-за каранавiруса. Больш за ўсё скарачэнне закране дзяржавы Еўропы i Цэнтральнай Азii. Паводле ацэнкi Сусветнага банка, у гэтых рэгiёнах свету аб'ёмы грашовых пераводаў працоўных мiгрантаў зменшацца больш чым на чвэрць —  на 27,5 працэнта.

Што азначаюць гэтыя страты для Украiны? «Не менш за пяць працэнтаў ВУП толькi на самой суме паступленняў у краiну, —  заўважае Вiктар Медзвядчук. —  Да гэтага неабходна дадаць дапамогi па беспрацоўi (па ацэнцы прэм'ера Шмыгаля, з-за каранцiну ва Украiну вярнулiся два мiльёны «зарабiтчан»), а таксама знiжэнне спажывецкага попыту ў краiне. Гэтыя i iншыя фактары фармiруюць яшчэ не менш за тры працэнты страт ВУП. Такiм чынам, разам з падзеннем прамысловай i сельскагаспадарчай вытворчасцяў рэзкае знiжэнне паступленняў ад працоўных мiгрантаў i вяртанне «зарабiтчан» ва Украiну ў якасцi беспрацоўных становiцца яшчэ адным фактарам сiстэмнага ўзмацнення эканамiчнага крызiсу ў краiне».

Сыравiнны дадатак

Украiна ператварылася ў «сыравiнны дадатак» сваiх еўрапейскiх суседзяў, заявiў у iнтэрв'ю тэлеканалу навiн «Украiна 24» член савета Нацыянальнага банка Украiны Васiль Фурман. Паводле яго слоў, цяпер краiна больш за ўсё зарабляе на экспарце збожжа, аднак дзесяць гадоў таму найбольшы прыбытак атрымлiвала ад паставак металу за мяжу. Як адзначаюць эксперты, аграрны сектар Украiны не ў стане «ўтрымаць усю эканомiку краiны на сваiх плячах». Аналiтыкi таксама лiчаць, што далейшая iнтэграцыя з Еўрапейскiм саюзам стане пагiбельнай для Кiева.

Нагадаем, згодна са справаздачай МВФ, Украiна з'яўляецца адной з найбяднейшых дзяржаў Старога свету. Паводле даных даследавання кампанii Growth from Knowledge, у мiнулым годзе яна апынулася на апошнiм месцы рэйтынга краiн па пакупнiцкай здольнасцi насельнiцтва сярод 42 еўрапейскiх дзяржаў. На думку дырэктара Украiнскага iнстытута аналiзу i менеджменту палiтыкi Руслана Бортнiка, такiя тэндэнцыi —  толькi пачатак пагаршэння эканамiчнага становiшча Украiны. Эксперт упэўнены, што замест умацавання ўзаемадзеяння з ЕС Кiеву «варта шукаць трэцiя рынкi або дамаўляцца аб вяртаннi на рынкi СНД». «Аднак гэтага мала. Кiеву таксама неабходна стварыць баланс памiж прамысловасцю i аграрным сектарам. Толькi тады эканомiка пачне развiвацца ў правiльным кiрунку», —  лiчыць аналiтык. На думку Бортнiка, у цяперашнiх умовах украiнскiя ўлады не змогуць забяспечыць гэты баланс, i «жыццё ў краiне будзе толькi пагаршацца».

Як лiчыць дырэктар Iнстытута мiратворчых iнiцыятыў i канфлiкталогii Дзянiс Дзянiсаў, «экспарт, арыентаваны на сыравiну, зусiм не паляпшае сiтуацыю ва Украiне. Пры такiх умовах краiна не можа развiвацца як паўнавартасная дзяржава, якая магла б забяспечыць дастойную будучыню для свайго насельнiцтва».

Пенсii плацiць не будуць?

Ва Украiне праз 15 гадоў могуць перастаць выплачваць пенсii, заявiў на лекцыi ў Львоўскiм полiтэхнiчным унiверсiтэце прэм'ер-мiнiстр краiны Дзянiс Шмыгаль, паведамiла ukraina.ru. Да адмены сацыяльных выплат, па словах палiтыка, прывядзе змена дэмаграфiчнага складу насельнiцтва, з-за якога ў дзяржавы проста не будзе грошай на пенсii. Як паказаў Шмыгаль, у хуткiм часе на аднаго працуючага ўкраiнца будуць прыпадаць па два пенсiянеры. «Давядзецца ў два разы павялiчыць падаткi, каб можна было ўтрымлiваць пенсiянераў. Кампанii ўжо не хочуць павялiчваць падаткi. Павелiчэнне ў два разы немагчымае. Гэта простая матэматыка», —  сказаў прэм'ер. Дзяржава будзе здольная выплачваць толькi «невялiкую сацыяльную пенсiю», i грамадзянам прыйдзецца самастойна забяспечваць сваю старасць, дадаў палiтык.

Пры такiм раскладзе настроi ў грамадстве зразумелыя. Большасць украiнцаў лiчаць, што жыццё ў краiне пагаршаецца з кожным новым прэзiдэнтам. Пра гэта заявiла кiраўнiк праўлення цэнтра «Сацыяльны манiторынг» Вольга Балакiрава па вынiках праведзенага апытання, —  паведамiла iнфарм-агенцтва «Iнтэрфакс-Украiна». Згодна з данымi даследавання, у вераснi 64,8 працэнта ўкраiнцаў былi безумоўна або хутчэй згодныя з тым, што з кожным наступным кiраўнiком дзяржавы жыццё становiцца ўсё горш. Балакiрава лiчыць, што такiя вынiкi сведчаць пра крызiс улады. Паводле яе слоў, рэспандэнты выказалi даволi адзiнадушнае меркаванне, незалежна ад рэгiёна свайго пражывання. Раней паведамлялася, што, паводле даных сацыёлагаў, палова грамадзян Украiны страцiла давер да дзеючага прэзiдэнта Уладзiмiра Зяленскага. Па-мойму, каментарыi тут залiшнiя.

Дэфiцыт даверу

Апошнiя выказваннi прадстаўнiкоў афiцыйнага Кiева прывялi да вострага дэфiцыту даверу да ўкраiнскiх калег. Пра гэта заявiў начальнiк упраўлення iнфармацыi i лiчбавай дыпламатыi —  прэс-сакратар Мiнiстэрства замежных спраў Анатоль Глаз у адказ на просьбу журналiстаў пракаментаваць выказваннi кiраўнiка МЗС Украiны Дзмiтрыя Кулебы, паведамiла БелТА.

Прадстаўнiк айчыннага МЗС лiчыць, што развагi ўкраiнскага дыпламата на тэму легiтымнасцi беларускага кiраўнiцтва больш падобныя не на дыпламатыю, а на «ўдзел у конкурсе на самыя хвосткiя, хоць i пустыя паводле свайго зместу моўныя выразы». «Напэўна, вельмi хочацца дагнаць цi нават апярэдзiць заўзятых удзельнiкаў гэтага шоу з некаторых iншых суседнiх краiн, з надзеяй на высокую ацэнку з боку яго рэжысёраў i журы. Пры гэтым не пакiдае адчуванне, што жаданне любой цаной апынуцца на сцэне прыглушыла ў выступоўцаў усе астатнiя пачуццi, у тым лiку рэальнасць успрымання навакольнага свету», —  адзначыў Анатоль Глаз.

Вынiк такога «спаборнiцтва», на яго думку, будзе сумны. «Слухаючы ўсе гэтыя безадказныя выказваннi, усур'ёз задумваешся аб прафесiяналiзме асобных украiнскiх калег. У Кiеве то ставяць адносiны з Беларуссю «на паўзу», то прапануюць нiбыта «нейтральнае медыятарства», адмаўляючы першапачаткова любую магчымасць дыялогу з дзеючай легiтымнай уладай. Хоць самi прапановы «нейтральнага медыятарства» ад Украiны, якая ваюе, выклiкаюць па меншай меры iранiчную ўсмешку. На жаль, бясконцы паток рэзкiх заяў украiнскiх палiтыкаў, уключаючы мiнiстра замежных спраў, стаў для нас сур'ёзнай падставай для аб'ектыўных сумненняў у шчырасцi iх заяў аб дружбе», —  працягнуў прэс-сакратар.

У МЗС запэўнiлi, што Беларусь будзе цвёрда i непахiсна адстойваць свае суверэнiтэт, незалежнасць i нацыянальныя iнтарэсы. «Бессэнсоўна размаўляць з намi на мове абраз, пагроз i санкцый. Плённым можа быць толькi ўзаемапаважлiвы дыялог, i мы да яго гатовыя», —  падкрэслiлi ў знешнепалiтычным ведамстве.

Пётр ДУНЬКО

Загаловак у газеце: Каля краю

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як беларуска стварыла сваю сістэму рэабілітацыі дзяцей з кахлеарнымі імплантамі

Як беларуска стварыла сваю сістэму рэабілітацыі дзяцей з кахлеарнымі імплантамі

Методыка аказалася запатрабаванай у нашай краіне і за яе межамі.

Культура

«Як зрабіўся паэтам, я не ведаю сам...». Лёсы беларускіх паэтычных зборнікаў

«Як зрабіўся паэтам, я не ведаю сам...». Лёсы беларускіх паэтычных зборнікаў

Лёс другога зборніка ў літаратарскай кар’еры — самы складаны. 

Культура

Уладзіслаў Арцёмаў: «У беларускай мове болей старажытнага духу...»

Уладзіслаў Арцёмаў: «У беларускай мове болей старажытнага духу...»

На пытанні «Звязды» адказвае галоўны рэдактар расійскага літаратурнага часопіса «Москва».

Калейдаскоп

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.