Калi лёс дае вам шанц завiтаць у Бабруйск, не адмаўляйцеся ад паездкi нi ў якiм разе. Нават, калi сiноптыкi абяцаюць працяглыя дажджы, а тэлефон раптоўна выходзiць са строю. Гэта нават да лепшага. Не трэба будзе адказваць на абавязковыя званкi i адцягваць сваю ўвагу ад галоўнага. Бабруйск патрабуе поўнай самааддачы, каб госць акунуўся ў яго рэальнасць з галавой i стаў ну хоць бы на час знаходжання ў iм часткай горада. Я ведаю, што кажу. У першы ж дзень сваёй двухдзённай вандроўкi я незнарок утапiла свой мабiльнiк i спачатку думала, што страцiла сувязь з усiм светам. Але хутка зразумела, што ў Бабруйску можна лёгка абысцiся без тэлефона. Тут вельмi добразычлiвыя людзi. Яны вам не дадуць прапасцi.
З вiдам на «Чырвоную вежу»
Выходжу з маршруткi, чую традыцыйнае «я вас умоляю» i разумею — я ў Бабруйску. Гэта, калi хочаце ведаць, Адэса Магiлёўскай вобласцi. Тут вельмi моцныя традыцыi, цiкавая гiсторыя i зусiм непадобныя на астатнiх жыхароў нашай краiны людзi. Мне часам здаецца, што Астап Бэндэр, сын турэцкага падданага, мог нарадзiцца менавiта ў Бабруйску. Ну калi не Бэндэр, то Шура Балаганаў дакладна. А то навошта было б ставiць яго скульптуру каля аднаго з сiмвалiчных рэстаранаў горада «Чырвоная вежа»?
З акна майго гасцiнiчнага нумара якраз вiдаць тую воданапорную вежу, дзе месцiцца гэты рэстаран. Яго, дарэчы, зрабiў былы кiраўнiк «Гарводаканала». Пра гэта ўсе ведаюць, як i пра яго непрыемнасцi з-за гэтага рэстарана, але зараз размова пра iншае. Воданапорную вежу пабудавалi наогул у 1927 годзе, а да таго часу ваду вазiлi ў бочках вадавозы. Калi патрэба ў ёй адпала, яна стала бяльмом на воку горада. Стаяла закiнутая, пакуль кiраўнiк «Гарводаканала» не ўзяў яе ў абарот. Знамянальна, што ён захаваў усё старае начыненне, i аб'ект можна выкарыстоўваць па прызначэннi. Пад iм, кажуць, ёсць падземныя хады, але яны даўно ўжо не функцыянуюць. Рэстаран «Чырвоная вежа» лiчыцца адным з самых модных i дарагiх у горадзе. Мой нумар на шостым паверсе, i я магу ўбачыць нават час на гадзiннiку, якi ўпрыгожвае гэтую вежу. З другога боку бачны Бабруйскi гарвыканкам. А ўнiзе ўтульны дворык з галубятняй.
Гасцiнiца мае 62 нумары на 103 месцы. Ёсць апартаменты, як напрыклад, мой — эканом-класа, дзе яшчэ захаваўся савецкi дух. У шафе няма ручкi, а з посуду толькi шклянка i талерка. Чым размешваць цукар у гарбаце, невядома. Дарэчы, i чайнiк трэба мець свой, бо яго ў нумары няма i нават не выдаюць на рэсэпшэне. А яшчэ тут няма фена, вялiкага ручнiка, не кажучы ўжо пра лыжачку для абутку. Затое кошт 27 рублёў, амаль на 10 рублёў нiжэй, чым за нумар стандарт-класа, у якiм сапраўды ўтульна i па сучаснаму...
Побач з гасцiнiцай рэстаран «Бабруйск». Зараз ён не функцыянуе, а калiсьцi ў iм працаваў шэф-поварам Мадэст Сiроцiн, той самы, якi на фронце быў асабiстым кухарам маршала Чарняхоўскага. Сiроцiн быў самы папулярны кухар у горадзе, абслугоўваў розныя адказныя мерапрыемствы. Ён стварыў шмат аўтарскiх рэцэптаў, назвы якiх былi запатэнтаваныя. На вулiцы Пушкiна можна яшчэ пабачыць яго дом. У горадзе i сёння раскажуць пра вялiкую трагедыю жыцця легендарнага кулiнара. Уся яго сям'я — жонка, дачка, зяць — загiнула ў аўтакатастрофе. А сам Сiроцiн памёр у пачатку 2000-х.
Наперад па Сацыялiстычнай
Бабруйск — горад вялiкi, тут табе i музеi, i тэатр, i кiнатэатры, iншыя месцы для культурнага адпачынку. Трэба толькi не забывацца, што ў музеях выхадныя днi панядзелак, аўторак. Але нават калi вы не наведаеце iх, сумна не будзе. Тут што нi дом, то гiсторыя. А Бабруйская крэпасць гэта наогул аб'ект № 1. Пра яе напiсаны цэлыя кнiгi, каму цiкава, можа iх пагартаць. Iнтэрнэт, як той казаў, у дапамогу. Наогул знайсцi нешта ў гэтым горадзе, пра што яшчэ не пiсалi, вельмi складана. Але такiя гiсторыi можна слухаць бясконца, бо яны нiколi не паўтараюцца.
Тут жыве шмат людзей, улюбёных у гiсторыю Бабруйска. Вядомы праект «Пяць тысяч крокаў па любiмым горадзе» — аўтарскiя экскурсii педагогаў-краязнаўцаў Цэнтра турызму, краязнаўства i экскурсiй дзяцей i моладзi Бабруйска. Мясцовыя жыхары добра ведаюць душу Бабруйска. А, значыць, дадуць магчымасць зазiрнуць у самыя патаемныя яго куточкi. Мне пашчасцiла з экскурсаводам. Мая калега Лiлiя Шайхова — адна з тых гараджанак, у якiх нават непрыглядны i сумны будынак можа загаварыць. Як у кнiзе «Унiз
па Шасэйнай» мясцовага пiсьменнiка i мастака Абрама Рабкiна, якога яшчэ называюць энцыклапедыяй Бабруйска. Толькi ў нашым выпадку парадак крыху iншы — наперад па Сацыялiстычнай. Гэта той самы атмасферны куток горада, якi любяць паказваць сваiм гасцям бабруйчане.
На вулiцы Сацыялiстычнай, якая раней насiла назву Мураўёўскай, пануе дух канца ХIХ—пачатку ХХ стагоддзя. Двухпавярховыя жылыя дамы са стральчатымi вокнамi, ляпныя аздобы на сценах, маленькiя балкончыкi.
— Мацi стаялi на iх i нагледжвалі дочкам жанiхоў, — усмiхаецца Лiля i дадае, што падземных хадоў тут была цэлая вулiца. А слаёў
брукаванкi гiсторыкi налiчылi ажно 18.
Ад бляску гасцiнiцы «Еўрапейская», што знаходзiлася непадалёк ад рынку, сёння застаўся толькi напаўразбураны шкiлет. У пачатку ХХ стагоддзя на першым яе паверсе было тэлеграфнае агенцтва — адно з першых у Беларусi У доме насупраць жыў абслуговы персанал гасцiнiцы, якi хадзiў на работу па падземным ходзе. У савецкi час у будынку колiшняй гасцiнiцы былi жылыя кватэры. Кажуць, што жыхары таксама карысталiся падземным ходам — ён iснаваў да канца 80-х.
Сiмвал Бабруйска — Бобр Самуiлавiч, iмпазантны бабёр, сульптура якога знаходзiцца якраз у цэнтры базарнай плошчы. Калi пацерцi яму руку, ланцужок i пярсцёнак, кажуць, абавязкова станеш багаты. Людзi труць, але нiхто не прызнаецца, цi пасыпалiся на яго грошы. Яно i зразумела, пра такiя рэчы нiхто не расказвае...
— А яшчэ тут шмат фiльмаў здымалi, вельмi падыходзячы для гэтага куток, — кажа Лiля. — I я таксама ў масоўках засвяцiлася. Адзiн кадр, дзе я ў ролi буфетчыцы, нават трапiў у фiльм «Дзяржаўная гранiца. Легенды ОСАМ». Тут яшчэ тэлефонная будка стаяла, з якой я «званiла».
Гэта якраз на ўваходзе ў двор дома з экзатычнай назвай Порт-Артур. Па адной з версiй, яе ён атрымаў за свой непрыступны выгляд. Асабiста мне ён нагадаў тыповы пiцерскi або маскоўскi дом-калодзеж. Адкуль ён тут? У двары сустракаем даму з сабачкам. На маё пытанне, пацiскае плячыма: сама нядаўна ў доме кватэру купiла. Кажа, што тут калiсьцi была гасцiнiца, а потым яе перарабiлi пад кватэры. Планiроўка ва ўсiх розная, у кагосьцi нават ванна ёсць, а ёй, напрыклад, нават няма дзе душ паставiць. Дворык цiхi, але такога сяброўства памiж суседзямi, як у фiльме «Пакроўскiя вароты» (ну вельмi напрошваюцца параўнаннi), няма. Кожны жыве сам па сабе.
Алея Праведнiкаў, напалеонаўскi дуб i iншыя дзiвосы
— Вось тут стаяў дом Наталлi Варанцовай — унучкi Пушкiна. Тая, што мела маёнтак у Цялушах пад Бабруйскам, — паказвае Лiля на жылы шматпавярховiк у сталiнскiм стылi. — На жаль, ён не захаваўся. Затое бiблiятэка, якую таксама будавала ўнучка Пушкiна, дагэтуль функцыянуе.
Мы выходзiм на Алею Праведнiкаў. Гэта побач з домам, дзе калiсьцi жылi Варанцовы. На алеi помнiк усiм тым праведнiкам, якiя з рызыкай для свайго жыцця ратавалi падчас вайны яўрэяў. На каменнях уздоўж алеi пазначаны iх прозвiшчы. Вакол можна ўбачыць будынкi, якiм больш за сто гадоў. Адзiн з iх — былая Аляксееўская гiмназiя 1904 года пабудовы. Кажуць, што ў момант яе адкрыцця неслi партрэт цэсарэвiча Аляксея, ён упаў i пашкодзiўся. Каб неяк кампенсаваць гэтую недарэчнасць, гiмназiю назвалi ў гонар цэсарэвiча. Яна i цяпер функцыянуе як навучальная ўстанова.
Калi перайсцi на другi бок дарогi i прайсцi па вулiцы Гогаля, можна ўбачыць, што з сябе ўяўляе напалеонаўскi дуб.
— Кажуць, што калi французскае войска сыходзiла, салдаты зламалi дубок, — расказвае Лiля. — I калi вясной зламанае дрэўца зазелянела, яго назвалi сiмвалам непахiснасцi народа. У 90-я гады мiнулага стагоддзя дуб пашкодзiла маланка, частка дрэва адкалолася i засохла. I дуб вырашылi спiлаваць. Але гараджане два днi стаялi каля яго i не падпускалi тэхнiку. I адстаялi. Дрэва ўмацавалi рэйкамi, паставiлi агароджу i адпаведны надпiс.
Свята-Мiкалаеўскi кафедральны сабор, каля якога мы таксама прайшлiся, адзiн са страдаўнiх храмаў горада. Спачатку будаваўся як драўляны, а потым яго зрабiлi з цэглы. У 1901 годзе, калi здарыўся моцны пажар i згарэла ўся драўляная пабудова да вулiцы Мiнскай, храм быў адзiным у гэтым месцы будынкам, якi застаўся. Да таго, як у горадзе пачалi будаваць шматпавярховiкi, яго званiца была самым высокiм пунктам — больш чым 30 метраў. Падчас вайны ў адной частцы храма немцы зрабiлi шпiталь. Сваiх памерлых раненых яны хавалi вакол храма. Шэсць гадоў назад 52-i спецыялiзаваны пошукавы батальён Мiнабароны падняў гэтыя астанкi, i яны былi перапахаваныя на нямецкiх могiлках у Шчаткаве. Пасля вайны ў храме функцыянаваў басейн, а ў 90-я культавы будынак вярнулi вернiкам
А аптэку Разоўскага, што на вулiцы Бахарава-Шасэйнай, вы можаце пабачыць нават на карцiнах мясцовага мастака i пiсьменнiка Абрама Рабкiна. Будынак быў вельмi прыгожы, але зараз ад яго засталiся адны ўспамiны. Там, дзе дзверы закладзены цэглай, быў цэнтральны ўваход у аптэку. Сам Разоўскi са сваiм сямействам жыў на верхнiх паверхах. Калi прыйшла савецкая ўлада, Разоўскi адразу ж аддаў аптэку ў рукi маладой дзяржавы, а яго за гэта зрабiлi загадчыкам установы. А вось нямецкi акупацыйны рэжым загубiў прадпрымальнiка. Акупанты прыйшлi да яго i загадалi на наступны дзень разам з сям'ёй з'явiцца ў гета. Ён разумеў, што адтуль ужо яны не вернуцца. I вырашыў лёс свайго сямейства сам. Фармацэўт арганiзаваў дома развiтальную вячэру, падсыпаў у ежу атруту i ранiцай ужо нiхто не прачнуўся.
Наогул Абрам Рабкiн паспеў запiсаць шмат цiкавых гiсторый пра свой горад. Вось яшчэ адна, пра тэатр. Аднойчы на iм да 7 лiстапада ўстанавiлi фанерную выяву Сталiна. Але выпаў снег, i ў Сталiна з'явiлася «шапка». Сталi здымаць яе i прабiлi фанеру так, што ў правадыра з'явiлiся іклы. Быў вялiкi скандал, якi некаторым яго ўдзельнiкам каштаваў волi.
Дарэчы, на вулiцы Шасэйнай захаваўся i дом, дзе жыў Рабкiн. На жаль, сёння ён закiнуты.
— Гэта народны мастак Расii, заслужаны чалавек, а пра яго быццам бы забылiся, — скрушна кажа Лiля. — Маляваў выключна Бабруйск, хоць жыў у Пiцеры. Малая радзiма для яго была блiжэйшая, чым гэты паўночны горад. Мне здаецца, што ў Бабруйску недаацэньваюць Рабкiна. Ён пакiнуў шмат карцiн з краявiдамi горада, але iх не вiдаць у экспазiцыях.
Наогул у Бабруйску шмат гiстарычных будынкаў патрабуюць увагi i рамонту. Сярод iх Чырвоны касцёл, прыгожы зялёны дом з вежамi на вулiцы Iнтэрнацыянальнай, дзе была раённая бiблiятэка. Гэта былы дом купчыхi Кацнельсон, якая прывезла будынак ажно з Каўнаса. На яго балкончыку Пая-Брайна пiла каву. Зараз дом у аварыйным стане, больш як пяць гадоў ужо пустуе, i невядома, калi пачнецца яго рэстаўрацыя.
Завiтайце да Дуняшы
Праблем з кавярнямi, рэстаранамi, барамi ў Бабруйску няма. Але прыезджыя, магчыма, не ведаюць самае папулярнае сярод бабруйчан месца для перакусаў. Гэта сталовая «Дуняша», якая знаходзiцца непадалёк ад рынку. Цудоўнае меню — некалькi першых страў, некалькi гарнiраў, мясныя стравы, салаты — смачна i, што радуе, танна. За тры з паловай рублi тут можна добра паснедаць. Сталовая, дарэчы, прыватная.
Яе гаспадыня Алена Кузiна ў гэтым бiзнесе ўжо даўно. Яна хутка знайшла агульную мову з дырэктарам прадпрыемства Беларускага таварыства глухiх «Унiверсал» Мiкалаем Лепiным (сталовая месцiцца побач). Кажа, што чалавек вельмi цудоўны, таму i супрацоўнiцтва плённае. Тое, што рынак побач, людзей толькi прываблiвае. Памяшканне сталовай вялiкае, але, як нi дзiўна, не пустуе.
— Сакрэт мой просты, стаўся да людзей з павагай i будзь справядлiвы, — кажа жанчына. — А яшчэ вялiкую ролю сыграла назва сталовай. Я назвала яе ў гонар мацi. У сям'i нас было 10 дзяцей, я самая малодшая. Калi адкрывала сталовую, мацi прапанавала назваць яе Дуняша, маўляў, людзi хутка адрэагуюць на нестандартную назву. I не памылiлася, справы адразу ж пайшлi добра. Сёння ў мяне працуюць восем чалавек, большасць пенсiянеры. Пенсii ў iх невялiкiя, i я даю iм шанц падзарабiць. Яны робяць сваю справу з задавальненнем, таму i ежа атрымлiваецца смачная.
Нэлi ЗIГУЛЯ, г. Бабруйск
Думаць пра тое, чым харчуецца ваша дзіця ў школе, гэтак жа важна, як і пра тое, якім прадметам яго там вучаць.
Адной з найбольш даступных і захапляльных моў дыпламатыі з'яўляецца спорт.
Міжнародны дзень тэатра добра было б адзначыць у глядзельнай зале.
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.