Вы тут

У вёсцы Плёсы пад Гомелем мясцовыя жыхары прапанавалі адрамантаваць за ўласны кошт частку дарогі


У  вёсцы Плёсы, што пад Гомелем, мясцовыя жыхары і ўладальнікі садовых ўчасткаў выступілі з вельмі важнай для населенага пункта ініцыятывай. Прапанавалі адрамантаваць за ўласны кошт частку дарогі. Усё для таго, каб дапамагчы наладзіць транспартныя зносіны паміж вёскай і горадам.


— На адрас аператара пасажырскіх перавозак паступіла некалькі зваротаў ад грамадзян аб неабходнасці арганізацыі сезоннага маршруту «Гомель — Плёсы», — тлумачыць намеснік дырэктара КТУП «Гомельаблпасажыртранс» Ілля Аўдзеенка. — Гэтыя звароты былі разгледжаны камісіяй па арганізацыі і рэгуляванні пасажырскіх перавозак пры Гомельскіх райвыканкаме і гарвыканкаме. Было прынята рашэнне вызначыць мэтазгоднасць адкрыцця гэтага маршруту. Правялі агляд дарожных умоў, каб перавозка людзей адпавядала патрабаванням бяспекі.

Ператварыць жаданне ў рэальнасць мясцовым жыхарам дапамаглі дарожныя службы. Вяскоўцы і дачнікі талакой набылі асфальтагранулят. Работнікі дарожнага-будаўнічага ўпраўлення № 113 за кошт прадпрыемства ў выхадныя дні зрабілі з гэтага матэрыялу якаснае дарожнае пакрыццё. Цяпер Гомель і Плёсы звязвае новы прыгарадны маршрут, які дазваляе хутчэй і зручней дабірацца да населенага пункта. Рэйсы ажыццяўляюць перавозчыкі — кіроўцы маршрутных таксі, якія адпраўляюцца з аўтавакзала «Гомель».

— Мне ўжо за 80 гадоў, хадзіла раней з прадуктовай калясачкай і, канешне, было вельмі цяжка, — дзеліцца жыхарка вёскі Плёсы Таццяна Костышава. — Хачу шчыра выказаць удзячнасць усім, хто дапамог зрабіць такі маршрут.

Пакуль рэйсы «Гомель — Плёсы» наладжаны ў так званым эксперыментальным рэжыме. Праз месяц будзе прынята рашэнне аб іх мэтазгоднасці, у тым ліку ў зімовы перыяд. Цяпер жа штодзень па новым маршруце ажыццяўляцца да 10 рэйсаў з 9-цю прыпынкамі на тэрыторыі горада.

— Раней быў адзін варыянт дабірацца да Плёсаў — дызельпоездам «Гомель — Клёнкі», варыянт вельмі добры, але дачны масіў каля вёскі, напрыклад, вельмі вялікі, прыпыначны ж пункт цягніка знаходзіцца на адным баку. Цяпер для мясцовых жыхароў і дачнікаў на другім баку населенага пункта — прыпынак маршрутнага таксі. Я думаю, будзе вельмі зручна, — кажа карыстальнік транспарту па новым маршруце Станіслаў Сляпухін.

Між тым, жыхары Плёсаў сабралі яшчэ і дадатковыя сродкі, каб правесці рамонт дарогі ўжо непасрэдна на тэрыторыі вёскі. Пасля завяршэння работ яны плануюць звярнуцца да кіраўніцтва «Гомельаблпасажыртранса» з прапановай працягнуць маршрут па вясковай вуліцы. Таксама для мясцовых пажылых людзей і сем'яў з дзецьмі важна атрымаць дазвол на дадатковыя прыпынкі на новым маршруце. Месцічам, напрыклад, вельмі нязручна дабірацца да гарадской паліклінікі.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Продаж тавараў праз інтэрнэт у Беларусі актыўна развіваецца. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.