Вы тут

Вялікія і малыя праекты добраўпарадкавання ажыццяўляюць у Арэхаўскім сельсавеце


Зараз у Арэхаўскім сельсавеце рыхтуюцца да штогадовага агляду па добраўпарадкаванні. Такая традыцыя склалася ў Маларыцкім раёне даволі даўно: па панядзелках на апаратнай нарадзе выканаўчага камітэта, апроч іншых пытанняў, разглядаюць адзін сельсавет альбо аграгарадок на прадмет яго знешняга выгляду, санітарнага стану, добраўпарадкавання ў цэлым.


Старшыня Арэхаўскага сельскага Савета Святлана ВІТАНОЎСКАЯ расказала, што раз на год жыхары сельсавета дакладна трапляюць у парадак дня апаратнай нарады, бывае, і два разы. Вядома, перад гэтым вядзецца падрыхтоўка пытання. У вёску прыязджаюць спецыялісты райвыканкама, прадстаўнікі землеўпарадкавальнай і санітарнай службаў, інспектары аховы прыроды. У такіх рэйдах выяўляюцца хібы добраўпарадкавання, выказваюцца заўвагі — з тым, каб выправіць гэтыя недахопы на агульную карысць.

Наогул работа ідзе сваім ходам, вяскоўцы ўвосень прыбіраюць агароды і падворкі, спальваюць смецце, зграбаюць апалае лісце. З кімсьці трэба пагаварыць асобна, каб прыбраў металалом вакол сядзібы альбо падправіў кучу з кампостам, нарыхтаваным на наступны год. Тут ужо сельвыканкаму на дапамогу прыходзяць старасты вёсак, бо яны кожны дзень камунікуюць з аднавяскоўцамі.

— Такія агляды, несумненна, стымулююць, падштурхоўваюць да навядзення парадку, — разважае кіраўнік мясцовай улады. — Але ж добраўпарадкаваннем мы займаемся заўсёды. Праводзім таксама работу з насельніцтвам — выкарыстоўваем для гэтага сельскія сходы, індывідуальныя гутаркі, прадпісанні, разгляд праблем на сесіях сельскага Савета.

Варта сказаць, што адным з самых значных праектаў мінулай пяцігодкі па добраўпарадкаванні ў Арэхаве стала будаўніцтва дарогі ад населенага пункта да шашы. Гэтыя тры кіламетры гравійкі былі заўсёднай праблемай, нагодай для скаргаў і сапсаванага настрою людзей, бо вясной, восенню, нават узімку дарогу размывала. Людзі злаваліся, не раз пісалі ў розныя інстанцыі, у адказах іх прасілі пацярпець. Тады на пасаду старшыні толькі абралі Святлану Вітаноўскую. І да яе, новага старшыні, народ, як той казаў, валам паваліў, бо восенню 2016 года дарогу хоць і падсыпалі, але на ёй з'явіліся яміны і гразь.

Тагачасны віцэ-прэм'ер Анатоль Калінін праводзіў прыём грамадзян у Маларыце. Да яго новая старшыня з Арэхава і паехала на прыём. Сельскага кіраўніка выслухалі і абяцалі разгледзець пытанне. Праз кароткі час яна атрымала адказ, дзе гаварылася, што ўчастак дарогі ўключаны ў план будаўніцтва. І ўжо налета на іх дарозе шчыравалі спецыялісты з Маларыцкага ДРБУ, працавала тэхніка. Літаральна за месяц дарогу пакрылі асфальтам, і з той пары пачаўся новы адлік жыцця аграгарадка. «Добрая дарога, як вядома, азначае на прыступку вышэйшы ўзровень якасці жыцця кожнага вяскоўца», — гаворыць старшыня сельскага Савета. «Дарога — гэта дакладнае функцыянаванне ўстаноў адукацыі, медыцыны, пошты, ды і свае асабістыя машыны людзі не рамантуюць так часта, як раней. Сваякам і знаёмым стала прыемна прыязджаць да нас, нам не сорамна сустракаць гасцей. У нас жа возера побач, грыбныя, ягадныя мясціны, гараджане любяць сюды ездзіць».

І хоць турыстычная прывабнасць Арэхава несумненная, але праблема старых і пустуючых дамоў існуе. Да абласнога цэнтра 80 кіламетраў, і брастаўчане не спяшаюцца набываць тут хаты пад дачы. Таму сельвыканкаму даводзіцца зносіць асобныя пабудовы. Летась за сродкі раённага бюджэту на тэрыторыі сельсавета былі знесены чатыры нічыйныя хаты.

Але ж знесці, як паказвае практыка,— паўсправы. Калі на гэтым месцы нічога не рабіць, то вызвалены пляц з часам зарастае бур'яном, хмызняком і ператвараецца ў неахайны ўчастак, які зноў становіцца праблемай для мясцовай улады. У Арэхаве перад тым, як знесці сядзібу, шукаюць новага гаспадара альбо новае прымяненне. Напрыклад, у вёсцы Перавое пасля зносу дома ўчастак выдзелілі сям'і пад вядзенне падсобнай гаспадаркі. Арандатары канчаткова давялі да ладу зямлю, пасадзілі плантацыі ажын і малін. І цяпер акуратны, дагледжаны сад радуе вока мінакоў.

— Але найбольшы эфект па ўладкаванні жылля, якое застаецца без гаспадара, дае работа са спадчыннікамі, — разважае Святлана Вітаноўская. — Некалькі старых дамоў за апошнія гады разабралі самі нашчадкі былых гаспадароў. Іншыя ж, калі з ім заводзіш гаворку пра бацькоўскія дамы, абяцаюць падтрымліваць іх у парадку, прыязджаць сюды. Некаторыя слова трымаюць. Ёсць у нас у Арэхаве такі дом, які можа быць прыкладам для іншых аднавяскоўцаў. Гісторыя ў яго тыповая. Гаспадары памерлі, хата засталася. Іх сын, што жыве і працуе ў Брэсце, памяняў дах, паставіў новую агароджу, адным словам, прывёў дом у поўны парадак, ну і прыязджае часам у вёску на адпачынак.

Яшчэ адна задача, над якой зараз працуе мясцовая ўлада разам з зацікаўленымі службамі, — павышэнне якасці сувязі ў вёсцы Дрочава. Некалькі гадоў таму тут зусім не было мабільнай сувязі. Цяпер адзін з аператараў паставіў устаноўку, але патрэбнай якасці пакрыцця сувяззю дасягнуць пакуль не ўдалося. Людзі зноў сталі скардзіцца. Пытанне на кантролі трымае і сенатар Тамара Шатлікава, якая рэгулярна бывае ў раёне па дэпутацкіх справах.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Маларыцкі раён

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.