Каранавірус можа паспрыяць вывесці з унутранага грашовага абарачэння гатоўку ў Швецыі. Жыхары гэтай скандынаўскай краіны ў апошнія месяцы амаль цалкам перасталі карыстацца грашовымі купюрамі і манетамі. Гэта, у прыватнасці, звязана з паведамленнем навукоўцаў аб тым, што банкноты спрыяюць распаўсюджванню COVІD-19. Ці застанецца сапраўды гэта краіна наогул без «паперак», і ці варта іншым дзяржавам сур'ёзна пра тое задумацца?
Моладзь грошы ў рукі не бярэ прынцыпова
Тут варта адзначыць, што тэндэнцыя адмовы ад наяўнага разліку працягваецца ў Швецыі ўжо шмат гадоў. Таму нядзіўна, што ў ходзе апытання, праведзенага ў ліпені сярод грамадзян ва ўзросце ад 18 да 34 гадоў, 75 % рэспандэнтаў заявілі, што рэдка ці нават ніколі не карыстаюцца наяўнымі грашыма. Ёсць і яшчэ больш пераканаўчыя лічбы. Так, паводле апошніх даных, на гатоўку прыходзіцца ўсяго каля 1 % ВУП Швецыі. Для параўнання: у ЗША гэты паказчык складае 8,2 %, у еўразоне — каля 11 %.
Абмяжоўваючы выкарыстанне купюр, шведскія ўлады зыходзілі з такіх плюсаў безнаяўнага абароту, як зручнасць для спажыўцоў і празрыстасць, якая перашкаджае адмыванню грошай і ўхіленню ад выплаты падаткаў. Расплаціцца наяўнымі цяпер можна далёка не ўсюды, ды і неабходнасці ў іх няма. Як адзначыла адна жыхарка Стакгольма: «Ты ўсюды можаш заплаціць карткай. Я, напэўна, не бачыла наяўныя апошнія гадоў пяць. Нават у многіх маленькіх кафэ не прымаюць папяровыя грошы. Гэта, вядома, стварае цяжкасці для турыстаў. Але гэта дзяржаўны трэнд, дарэчы, з ім практычна ўсе пагадзіліся».
Не такія, як усе
Швецыя ў барацьбе з каранавірусам працягвае ісці па сваім «нееўрапейскім» шляху. (І тут Беларусь мае шмат агульнага з гэтай краінай) Улады зрабілі стаўку на калектыўны імунітэт. Большасць абмежаванняў носіць рэкамендацыйны характар, а крамы, спартзалы, школы і рэстараны не зачыняліся. У выніку мясцовая эканоміка, як падлічылі спецыялісты, пацярпела менш, чым у Даніі, Нарвегіі і Фінляндыі.
Дарэчы, апошнія даследаванні паказалі, што ў плане распаўсюджвання інфекцыі наяўныя разлікі не такія небяспечныя, як меркавалася раней. Акрамя таго, выкарыстанне пластыкавай карткі таксама можа стаць прычынай заражэння.
На гэта звярнулі ўвагу мясцовыя ўрачы: «Так, сапраўды, на купюрах, якія вырабляюцца з розных матэрыялаў, могуць затрымлівацца некаторыя ўзбуджальнікі, напрыклад, туберкулёзу. А сітуацыя з вірусамі для купюр якраз найбольш спрыяльная, таму што першыя вельмі хутка губляюць сваю актыўнасць».
Акрамя таго, у Швецыі ты аддаеш грошы ў спецыяльныя купюра- і манетапрыёмнікі, дзе стаіць адмысловая ўльтрафіялетавая лямпа. Лічыцца, што гэтага ў цэлым больш чым дастаткова. Калі мы гаворым пра плацяжы банкаўскімі карткамі, — там неабходна ўвесці пін-код, адпаведна, мы дакранаемся да кнопак тэрмінала, да якіх да нас дакранулася шмат людзей. Тут таксама прысутнічае верагоднасць перадачы.
Чые купюры больш заразныя
Пяцірублёвыя банкноты (з айчыннага шэрагу купюр) — магчыма, самыя брудныя грошы, якія вы калі-небудзь трымалі ў руках. На самых дробных купюрах даследчыкі выявілі да 34 відаў патагенных мікраарганізмаў, якія выклікаюць пнеўманію, менінгіт і шмат іншых, мякка кажучы, непрыемных хвароб. Але, як аказалася, нашы грошы проста стэрыльныя ў параўнанні з іх «Зялёнымі» братамі.
Амерыканскія аднадоларавыя купюры нашмат больш «жывыя», а значыць, і брудныя. Як устанавіла група навукоўцаў з Нью-Ёрскага ўніверсітэта, на гэтых банкнотах жыве амаль 400 відаў небяспечных мікраарганізмаў. Больш за ўсё — бактэрый, ад якіх узнікае вугрыстая высыпка і іншыя запаленні скуры. Самыя «густанаселеныя» — бразільскія рэале: на ім знайшлі больш за тры тысячы відаў мікробаў.
Акрамя бактэрый, на грашах жывуць споры грыбоў і ўзбуджальнікі практычна ўсіх гельмінтозаў (прасцей кажучы, глісты). Часам сустракаюцца фрагменты ДНК хатніх жывёл і нават часціцы наркотыкаў. Паводле даных амерыканскіх таксіколагаў, амаль на 80 працэнтах аднадоларавых купюр ёсць сляды какаіну; трапляюцца таксама апіяты і амфетаміны.
Самыя небяспечныя
Больш за ўсё непрыемна тое, што на грошах знаходзяць кішачную палачку, сляды сальманелы і залацістага стафілакока, якія выклікаюць цяжкія харчовыя атручэнні, сальманелёз, пнеўманію і менінгіт адпаведна.
Усе гэтыя бактэрыі Сусветная арганізацыя аховы здароўя лічыць моцна небяспечнымі для чалавека, паколькі асобныя штамы паказваюць высокую рэзістэнтнасць да антыбіётыкаў. Дарэчы, на некаторых амерыканскіх і канадскіх банкнотах навукоўцы выявілі разнавіднасць стафілакока MRSA, з якой не спраўляюцца нават антыбіётыкі апошняга
рэзерву.
Хваробатворныя мікробы жывуць на купюрах даволі доўга — ад аднаго да двух месяцаў. У папяровых грошах шмат цэлюлозы, а гэта пажыўнае асяроддзе для бактэрый. На пластыкавых купюрах (напрыклад, аўстралійскіх доларах) і металічных манетах мікраарганізмаў нашмат менш, і іх жыццё кароткае — паўтара–два тыдні.
Цікава, што ў бактэрый ёсць свае перавагі ў манетах. Так, кішачныя палачкі і сальманелы асабліва часта сустракаюцца на амерыканскіх цэнтах, у якіх шмат медзі. Яны жывуць там да 11 дзён. Бяспечней за ўсё манеты з дадаткамі срэбра і золата — высакародныя металы моцна абмяжоўваюць магчымасці росту і размнажэння мікробаў. Ужо праз тыдзень пасля таго, як такая манета выходзіць з абарачэння, мікраарганізмаў на ёй не застаецца.
У некаторых краінах грошы абеззаражваюць азонам і ўльтрафіялетам. У Японіі спецыяльная прылада ў банкаматах перад выдачай награвае купюры да двухсот градусаў. Гэтага дастаткова, каб пазбавіцца ад бактэрый, грыбкоў і цвілі. А вось еўра можна браць у рукі без усялякай боязі: на іх практычна не бывае мікробаў, паколькі купюры абаронены антыбактэрыяльнымі растворамі.
Нашы грошы праходзяць праз «каранцін»
Нам пакуль рана хваліцца ўсеагульнай адмовай ад наяўнасці, але ў Беларусі таксама расце доля безнаяўных плацяжоў, паведамляюць спецыялісты Нацыянальнага банка краіны. У І квартале гэтага года па суме доля безнаяўных аперацый склала 58,7 %, доля наяўных — 41,3 %. У 2019 годзе доля безнаяўных аперацый складала 54,9 %, у 2010-м — 13,1 %.
Па колькасці безнаяўныя аперацыі таксама лідзіруюць з яшчэ большым адрывам. У І квартале іх было 90,5 % (449,9 млн), 9,5 % аперацый (47,5 млн) — наяўныя. Для параўнання: доля безнаяўных аперацый у 2010 годзе складала 49,7 %, у 2019-м — 88,8 %.
У апошні час у нашай краіне шырока распаўсюдзіліся бескантактавыя плацежныя карткі, якія не прадугледжваюць увядзенне ПІН-кода. А значыць, і перадача інфекцыі пры аплаце такой карткай нікчэмная.
Як расказалі ў Нацыянальным банку краіны, уся грашовая валюта, якая паступае ў банк, першапачаткова адпраўляецца на 14-дзённы каранцін. Пасля каранціну манеты і банкноты сартуюць па ступені зношанасці і забруджанасці. У абарачэнне паступаюць чыстыя манеты і купюры, на якіх адсутнічаюць сляды пашкоджанняў. Банкноты наміналам 5 і 10 рублёў выдаюць пераважна новыя.
«Пры гэтым варта ўлічваць, што колькасць грашовай наяўнасці, якая выпускаецца з Нацыянальнага банка штомесяц, складае невялікую долю ўсёй наяўнасці, якая знаходзіцца ў абароце (у касах банкаў, на руках у фізічных асоб, у касах юрыдычных асоб, індывідуальных прадпрымальнікаў)», — растлумачылі ў Нацбанку.
Прадстаўнікі Нацбанка нагадалі аб правілах захавання гігіены пасля кантакту з купюрамі і манетамі — трэба абавязкова мыць рукі. А таксама ўдакладнілі, што ў цяперашні момант, больш бяспечна карыстацца бескантактавымі плацяжамі і дыстанцыйнымі каналамі банкаўскага абслугоўвання для аплаты пакупак.
Сяргей КУРКАЧ
Сёння жанчыны ўжо радзей глядзяць у свой пашпарт.
Дзяцінства — найлепшая краіна.