Вы тут

Лола


Лола

Дакладна не ўспомню, з чаго пачалася гаворка пра «Лаліту». «Лаліта» і «Лаліта», але раптам сяброўка кажа:
— Я баюся гэтай кнігі. Унутры сябе я падскокнула.
Нечаканыя прызнанні — мая жарсць.

Але, пакапаўшыся ва ўласных пачуццях, зразумела, што і сама не магу так проста ўзяць і зноў яе перачытаць. Хачу, ды нешта стрымлівае, і разумею: гэта страх. Бо ўсё часцей пераўвасобліваюся ў іншых людзей. І кніжных, і сапраўдных.
Днямі малодшая цёця ўспамінала першае сваё каханне. Салдата з залатой каронкай. Ад моцнага кахання хацела паставіць сабе залаты пярэдні зуб на месца здаровага. Мяне перакруціла. Я ўсё гэта ўбачыла, пачула хруст, з якім дзяруць цэлы белы зуб, у рану пхнуць золата кавалак.
Салдаты з блізкай вайсковай часткі ўзрывалі лёд, каб не сарваўся па вясне мост каля вёскі, дзе жылі цёця, мама, астатнія браты і сёстры. Усе сямёра дзяцей разам са сваімі бацькамі ў доме над ракой. Там пазнаёмілася цёця на танцах з падрыўніком з бліскучым зубам. «Як гэта было красіва», — успамінае цёця скрозь гады. А я, па слядах цёцінай дзявочай мары, памяняла б мэблю ў доме, не штосьці адно, як цёця зуб на зуб, а ўсю мэблю на адну канторку. Такую, як убачыла аднойчы на здымку, дзе Уладзімір Набокаў над канторкай піша пад круглым святлом з-пад абажура. Канторку ён згадвае ў адным французскім інтэрв’ю, калі называе яе «аналоем». Набокава спыталі ў гэтым інтэрв’ю пра распарадак дня. Ён сказаў, што ўстае паміж 6 і 7 і піша «остро заточенным карандашом, стоя за своим аналоем, до 9. Ручку и горизонтальное положение письма в 30-летнем возрасте сменили карандаш и суровая старческая вертикаль».
З чаго вынікала б, што «Лаліта» стваралася за канторкай. Бо Набокаву было далёка за 30, калі напісаў ён раман у незабыўным для савецкага народа 1953 годзе смерці І. Сталіна. А прачытала я «Лаліту» у 1991-м, незабыўным для мяне, калі я нарадзіла сваё адзінае дзіця. Дачку. Я чытала «Лаліту» незадоўга да родаў, сяброўкабібліятэкарка даслала з Мінска рэдкую на той час кнігу. Я ведала ўжо, што у мяне будзе дзяўчынка. Было дзіка ўяўляць яе ў падобных лалітавых абставінах. Не ведаю сама, чаму я гэта рабіла. Вычварэнка таму што, напэўна. Уражанні самыя агідныя. Да таго ж Лаліта ад родаў памірае ў канцы, нарадзіўшы мёртвую дзяўчынку.
Але «Лаліта» стваралася не за канторкай, для яе было зроблена адзінае выключэнне. Вывучаю біяграфію пісьменніка, калі гэта пішу. Гляджу на фатаграфіі. Вось ён сядзіць у аўтамабілі за расчыненай дзверкай, нешта занатоўвае на маленькай папяровай картачцы. Набокаў пісаў на картачках. Гэта зафіксаваны момант нараджэння «Лаліты». Набокаў праехаў маршрутам Гумберта ў машыне, дзе і напісаў кнігу. За рулём сядзела жонка Вера.
Наступным разам »Лаліта» трапіла да мяне праз 25 гадоў пасля першага чытання. Здавалася, што ніколі не захачу адкрыць яе зноў, але зрабіла выключэнне па прычыне супадзення года пешага чытання з годам выдання. Менавіта ў 1991-м надрукаваная «Лаліта» ператварылася на гэты раз у зусім іншую кнігу — пра дзяўчынку з перакручаным дзяцінствам, якую шкадуеш, як уласнае дзіцё. Кніга дасталася ад сяброўкі, таксама бібліятэкаркі. Не той, што першую «Лаліту» дасылала, не мінскай, а тутэйшай. У цэнтральнай бібліятэцы разбіралі дары чытачоў, а месца кнігі захоўваць катастрафічна мала ў старым двухпавярховіку, даваенным яшчэ. Па чутках, у вайну там размяшчалася гестапа. Не па тэме рэмарка. Так, цікавы дадатак. «Лаліце» пагражала доля макулатуры, але я паспела перахапіць. І з сяброўкай-бібліятэкаркай, якая паклікала разбіраць падарункавыя кнігі, мы абмяркоўвалі «Лаліту». Кажу ёй:
— Я гадоў у 10 адчула сябе німфеткай першы і апошні раз. Тады ў школу прыехаў цырк.
Пасля выступу адзін з артыстаў сабраў дзяцей. Нейкія загадкі ім загадваў. Я глядзела, прываліўшыся да цаглянай сцяны плячом, троху наводдаль. Раптам адчуваю па-над натоўпам цыркача погляд. Ён прамовіў, расцягваючы галосныя: «А капялюю-юш дастане-е-ецца…». Ён чамусьці вырашыў ахвяраваць свой капялюш на загадкавую гульню, каўбойскі такі капялюш. І праз натоўп звярнуўся да мяне: «Вось гэтай дзяўчынцы». А я ж ні слова не сказала. Я абсалютна па-кіношнаму развярнулася, адкуль што ўзялося, і сышла павольна, не азіраючыся. Уяўляеш? Быццам адчувала, што, узяўшы капялюш, заплачу за яго сваёй дзіцячай свабодай, як Лаліта.
— Усе мы былі крыху німфеткі, — парыруе бібліятэкарка-сяброўка, — гулялі ў прынцаў і прынцэс дзяўчынкі паміж сабой. Гэта ж былі эратычныя гульні па-свойму.
Набокаў не згаджаецца: «Все ли девочки нимфетки? Разумеется, нет. Иначе мы, посвященные, мы, одинокие мореходы, мы, нимфолепты, давно бы сошли с ума». Магчыма, што мы з сяброўкайбібліятэкаркай і памыляемся на свой рахунак. Адкуль нам, савецкім зашораным дзяўчынкам, ведаць німфетачную прыроду, па якой Набокаў галоўны спецыяліст.
У экранізацыях рамана німфеткамі не пахне. Шэлі Уінтэрс, выканаўцы ролі Долі 1962 года выпуску, 16 гадоў. Дамінік Суэй, Далорэс з фільма 1997-го, 17. І абодва Гумберты значна старэйшыя за героя: Джэймсу Мэйсану з першай «Лаліты», знятай Стэнлі Кубрыкам, 53. Джэрэмі Айрансу з «Лаліты» рэжысёра Эдрыяна Лэйна — 49.
А кніжнаму Гумберту 37: «Я родился в 1910 году, в Париже». «В 1947 году в этот день из-за поветрия так называемой желудочной инфлюэнцы рамздэльская городская управа уже закрыла на лето свои школы. Незадолго до того я въехал в Гейзовский дом». Сапраўднай Долі было ўсяго 12: «Ныне, в двенадцать лет, это прямо бич Божий, по словам Гейзихи».
З іншага боку, ні адной дзяўчынцы німфетачнага ўзросту мама не дазволіла б згуляць у кіно німфетку, таму я стала фантазіяваць аб немагчымых здымках савецкай «Лаліты». Першая кандыдатка, якая прыйшла ў галаву, — Алена Проклава. Самая знакамітая дзяўчынка-артыстка савецкай эпохі. Побач нечакана сам сабой паўстаў Вячаслаў Ціханаў. Я праверыла гады іх нараджэння. О, дзіва, розніца паміж імі 25 гадоў, як у сапраўдных Лаліты і Гумберта. Гэта значыць, калі Проклавай было 12, Ціханаву — 37. І гэта менавіта 1965 год, калі акцёры супалі з героямі кнігі. У 1965-м Набокаў пераклаў сваю «Лаліту» на рускую. І ў 1965 годзе яшчэ не скончылася адліга. Усё б склалася найлепшым чынам, каб у чыю-небудзь галаву прыйшла ідэя зрабіць такое кіно.
Толькі рускамоўны пераклад да савецкага чытача дабраўся праз 25 гадоў пасля яго ажыццяўлення. У выглядзе дадатку да «Замежнай літаратуры». Ды калі б нават і ў 1965-м, усё роўна ніхто б не зняў у нас такое. А гэта было б нешта з нечым. Мы б, можа, усе зусім іншымі выраслі. Цяжка сказаць, якімі менавіта, таму што гэтага не адбылося.
Мне сяброўка-журналістка, калі я распавяла пра ўзросты, кажа, сёрбаючы гарбату:
— Табе ніхто не паверыць, што адразу слушна трапіла, што не падбірала.
— Я напішу пра тое, што ты мне гэта сказала, можа, і павераць.
Назаўтра ў сяброўкі-фатографа пытаюся:
— Каго ты бачыш Гумбертам з акцёраў СССР?
— Ціханава.
Патрапіла адразу ў кропку Гумберта і яна, але на ролю дзяўчынкі нікога не прыдумала. Я распавяла і пра Проклаву, і пра супадзенні узростаў Проклавай і Ціханава з героямі кнігі. Яна толькі ахала. Сталі абмяркоўваць рэжысёра. Чаму б не Андрэй Таркоўскі? У гэты час ён якраз зняў «Андрэя Рублёва» (1966). Спрабую ўявіць, што было б, калі б свой першы фільм ён зняў не пра святога чалавека, а пра паўшага анёла. Мама збівае з думак, заве выпіць па кілішку. Замачыць шклопакеты. Дзякуючы хатняй самагонцы ўключаецца машына часу. Мама расказвае пра школу. Я слухаю не вельмі ўважліва, сто разоў чула, што яна сама навучылася чытаць і лічыць, сама пайшла ў школу, ніхто не вадзіў. Які ў яе быў ідэальны почырк. Раптам даносіцца нязвыклае:
— Яму лет пад сорак было, калі прыехаў сюды.
— Каму?
— Учыцель беларускага языка і літаратуры. Сімпацічны быў, очэнь ухожэны. Но атметкі ставіў незаслужана Сцепанавай з нашага класа. А мы баставалі. Я, Ерамеева Рэгіна, Прыстаўка Шура. Мы ж атлічніцы былі. Ён што-та спрашывае, а мы атвечаем абарот.
— Як наадварот?
— Ну, ён спрашывае адно, а ты гаворыш другую ерунду нейкую.
— І ён жа ведаў, што вы з-за Сцяпанавай.
— Канешна. Асобенна Прыстаўка гэта была парцізанка. Ніхто не ўтаймуе і не ўгавора.
— А ў якім гэта класе ты вучылася?
— Шэстой. Мне было 13.
— Сцяпанава прыгожая была?
— Не. Абычная дзевачка.
— Чым яна настаўніку ўпадабала тады?
— Яна была…
Мама задумалася на паўхвіліны:
— … болей даступная. Вот. Я так думаю. Другія не падпускалі дзевачкі к сабе. Ана падпусціла яго.
— А ён быў халасты?
— Меў жонку. Тожа учыцельніцу. Яна после історыі са Сцяпанавай з ім развялася. Уехала ў Вільнюс. Яго перавялі ў Юрацішкі.
Гэта вёска за 70 кіламетраў ад Смаргоні.
— Панізілі? — пытаюся.
— Да, з-за гуляў. А патом я відзела раз яго. Прашло ўжо врэмя. Я рабіла ў банку. І прыехалі ў банк правяраюшчыя. Двое. Мы з імі ехалі ў Вільнюс тагда, галасавалі. Папутнымі ехалі.
— Нашто ў Вільнюс?
— Там купіць хоць што-та можна было. Вот. Селі ў машыну. Тады дзе-та возле Ашмян хто-та галасует, а места ў машыне есць. Вадзіцель узяў. І я так во глянула, думаю: «Точна, гэта Касяк». Божа мой. Якое абнішчаніе! Панімаеш? Заросшы, неухожэны. А такі быў фраер…
— Ты павіталася?
— Не. Я не хацела і глядзець. А ён жа очэнь знаў беларускі, і ён жа замяшчаў нямецкі, кагда учыцельніца нямецкага балела, Паліна Нікалаеўна. І так жызнь загубіць.
— Значыцца, страсць была мацней.
— Па целевізару тожэ ў перадачы днямі ў чалавека спрашываюць: «Што ты ў ёй знайшоў?» А той кажа: «Мне нічэво не нада, толька ана». Вот эта пра нашага Касяка. Но ты здаровы бугай, у жызні ўсё пазнаў, а яна зялёнае дзіця. Нельзя дзяцей саўрашчаць.
Мараль выцякла з размовы сама, але мама, напэўна, хацела неяк рэбілітаваць настаўніка. Таму што ён быў добры настаўнік:
— Ён жа да правіл па беларускаму прыдумываў свае прымеры. Іменна сціхамі. Я ў блакноцік запісала строчкі яго:

Была вясна,
цвіў сіні бэз вельмі прыгожа
і на палях праходзіў квецень.
Тады ўсхадзілася вайна,
і нас раскідала па свеце.

Мяне так і падкінула. Колькі разоў чула гэты верш. Між іншым, мамы любімы верш. Заўсёды яе вочы, калі яна павольна яго чытае, пакрываюцца бэзавай смугой. Я натуральна бачу, як ўсё для мамы знікае навакольнае праз верш распуснага настаўніка.
— Нарэшце я ведаю, хто напісаў гэты верш!
Мама здзіўлена глядзіць:
— Няўжо я не казала?
— Ты столькі разоў яго чытала, што я таксама гэты верш на памяць ведаю. Але пра аўтара ты толькі зара сказала. Чаму?
— Мне казалася, ты знаеш.
— Адкуль?
— Не дашлі мы ў тыя разы да гэтага. А цяпер дашлі, значыць.
І я нават ведала, дзякуючы каму. Але маме не прызналася пра Набокава.
І не прызналася, што пашукала ў сеціве, ці можа верш хто іншы напісаў, бо неяк падазрона прафесійна гучыць, хоць і рытм збіты напачатку. Так і ёсць: аўтар бэзавага верша — беларускі савецкі паэт-песеннік Анатоль Астрэйка. Прыкладам для слова «раскідаць» прыводзіцца верш. Менавіта з правільным рытмам, а то ўжо я збіралася рэдагаваць:

Цвіў сіні бэз, была вясна.
І па палях праходзіў квецень,
Калі ўсхадзілася вайна.
І нас раскідала па свеце.

Таня СКАРЫНКІНА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».