Вы тут

Лукашэнка: Беларусы галасавалі за мір і парадак у краіне, і мы абавязаны выканаць гэты наказ народа


Беларусы галасавалі за мір і парадак у краіне, і ўлада абавязаная выканаць гэты наказ народа. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на нарадзе па актуальных пытаннях, перадае БЕЛТА.


«Некантраляваны захоп улады прывядзе да дзяльбы дзяржаўнай і прыватнай уласнасці»

Па словах кіраўніка краіны, сітуацыя на знешнім контуры краіны за месяц толькі пагоршылася. «Мы сталі сведкамі новага гарачага канфлікту, дзяржаўнага перавароту ў Еўразійскім рэгіёне… Ва ўсіх гэтых падзеях, як і ў нерэалізаваным беларускім сцэнарыі дакладна бачны прыкметы знешняга кіравання. У апошнія часы прынята параўноўваць падзеі ў Беларусі (няўдалы пераварот) з "паспяховым" пераваротам у Кыргызстане. Павінен заўважыць, што гэта зусім непрафесійнае параўнанне і нам не трэба тут праводзіць нейкія паралелі. Адзінае, што мае месца, — гэта заява пра тое, што можа быць у нас на прыкладзе Каўказа і цэнтральнаазіяцкай краіны», — заўважыў Прэзідэнт.

На яго думку, нашу краіну ад такіх падзей утрымала вертыкаль улады, якой няма ў Кыргызстане.

«Гэта тое, да чаго імкнуцца некаторыя палітыкі ў Беларусі. Яны хочуць падзяліць краіну па партыйнай прыкмеце. Прэзідэнт там паўнамоцтваў не мае фактычна ніякіх. Таму чаму наракаць на Жээнбекава (прэзідэнт Кыргызстана — „Зв“.)? У іх сітуацыя прыкладна сярэдзіны 90-гадоў у Беларусі. Гэта тое, да чаго нашы ўчарашнія палітычныя апаненты, а сённяшнія апаненты заклікаюць — «давайце вернем Канстытуцыю 94-га года», — дадаў ён.

Прэзідэнт упэўнены, што «алігархат, карупцыя — гэта спадарожнікі безуладззя, а некантраляваны захоп улады прывядзе да дзялёжкі дзяржаўнай і прыватнай уласнасці».

«Для падобных рэвалюцый павінны быць асновы, прычыны. Я пра іх не адзін раз казаў. У Беларусі нам удалося не дапусціць таго, што адбылося ў Кыргызстане з боку прычын рэвалюцыйнай сітуацыі», — рэзюмаваў тэму Аляксандр Лукашэнка.

«Каранавірус прыносіць у грамадства псіхоз, а затым паніку»

Прэзідэнт адзначыў, што другая хваля каранавіруса, якая накрывае свет, толькі ўзмацніць сацыяльную незадаволенасць. «Большасць краін не можа дазволіць сабе новы каранцін, а насельніцтва, медыцына і эканоміка ўсё роўна прайграюць, што абумовіць крытыку любой улады, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Каранавірус прыносіць у грамадства псіхоз, а затым паніку. Гэта страшней за каранавірус».

Ён нагадаў, што ў нас выпрацаваны алгарытм работы ў гэтай сітуацыі. Старшыні аблвыканкамаў павінны ўзначаліць працу па кантролі за рэалізацыяй мер прафілактыкі ковіду, арганізацыі лячэбнага працэсу. «Папрашу губернатараў вярнуцца да выкання сваіх функцыянальных абавязкаў у частцы ковіду першай хвалі. Мы вельмі добра тады працавалі, губернатары адыгралі сваю арганізацыйную і матэрыяльна-забяспечвальную ролю», — дадаў Прэзідэнт.

Грамадства таксама павінна адчуваць сваю адказнасць — берагчы сябе, родных, не ствараць дадатковыя рызыкі, лічыць кіраўнік дзяржавы.

«Я ні ў якім разе нават з-за пандэміі не заклікаю тых, хто ходзіць па вуліцах, не выходзіць на гэтыя акцыі. У кожнага ёсць галава на плячах, кожны ўчыняе адпаведна свайму мысленню. Хоча хадзіць, хай ходзіць. З усімі выцякаючымі з гэтага наступствамі», — сказаў Лукашэнка.

«Не трэба мець нейкія ілюзіі: ад спроб сарваць сітуацыю ў краіне ніхто не адмовіўся»

Па словах Прэзідэнта, працягваюцца спробы Захаду расштурхаць краіну, назіраецца «палітычны, эканамічны і асабліва інфармацыйны ціск». Ён адзначыў, што МЗС больш актыўна пачаў працаваць, але заклікае ведамства яшчэ больш жорстка адстойваць правы краіны.

«Трэба паказваць літоўцам, латышам, палякам, украінцам і іншым, што іх палітыкі праводзяць няправільны курс. Яны могуць прывесці да таго, што адбываецца на Каўказе», — лічыць кіраўнік дзяржавы.

Па яго словах, «Рыга стаіць перад няпростым выбарам паміж маментальнай кан’юктурай і выгадамі ад супрацоўніцтва з Беларуссю».

«Сарваўшы сцэнарый каляровай рэвалюцыі, мы трымаем сітуацыю пад кантролем. Ніякага самасупакаення быць не павінна, аб гэтым я кажу пастаянна. Не трэба мець нейкія ілюзіі: ад спроб сарваць сітуацыю ў краіне ніхто не адмовіўся. Занялі ці чакальную пазіцыю, ці гэта новы этап гэтай каляровай рэвалюцыі», — упэўнены Лукашэнка.

Ён дадаў, што многія ўжо прывыклі да нядзельных хаджэнняў, маршаў жанчын, збораў у дварах і таму перасталі да іх сур’ёзна адносіцца.

«Але гэта таксама тэхналогіі, накіраваныя не толькі на ўсыпленне пільнасці, але і на фарміраванне новых радыкальных формаў арганізацыі пратэстаў. І мы гэта назіраем, — сказаў кіраўнік краіны. —З’явілася ўзмацненне такога радыкальнага струменю, з’явіўся большы радыкалізм».

Па яго словах, радыкалы спрабуюць уцягнуць моладзь у правакацыі. «Ідзіце да дамоў АМАПа, паліце машыны, вызваляйце «палітвязняў» на Акрэсціна, блакіруйце дарогі, кідайцеся пад службовы транспарт ДАІ, — вы гэтыя заклікі і лозунгі ведаеце не горш мяне. Зразумела, чаго яны дабіваюцца. Камусьці відавочна не хапае крыві і сакральнай ахвяры», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт нагадаў гісторыю, якую расказваў раней. У дзень выбараў падчас пратэстаў да яго звярнуліся са штаба Ціханоўскай, каб забяспечылі ім ахову, што і зрабілі праваахоўнікі. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, Святлану Ціханоўскую па яе жаданні, пад абаронай, з людзьмі, з якімі пажадала, вывезлі ў Літву.

«І калі яна сказала, што ў яе няма грошай, каб там жыць, я распарадзіўся з дзяржпрадпрыемства ўзялі 15 тысяч долараў і ёй аддалі. «Вялікі дзякуй вам!» — на шыі плакала. Больш таго, я даў распараджэнне нашаму пасольству ў Літве, каб дапамаглі ёй ва ўсім. Але яе хутка ўзялі пад кантроль спецслужбы Літвы. Усё астатняе вы ведаеце. Гэтай сакральнай ахвяры не адбылося», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Як запэўніў Прэзідэнт, «удзельнікі акцый на вуліцах кажуць пра дыялог, а самі настойваюць на невыканальных патрабаваннях».

«Многія людзі патрабуюць навесці парадак. Я хачу запэўніць: у гэтай жорсткасці сёння няма неабходнасці. Калі такая неабходнасць будзе, яна будзе задзейнічана. Краіну неабходна захаваць, калі мы не хочам таго, што адбываецца па перыметры і ці тое яшчэ будзе. Залішняй жорсткасці, неадэкватнай жорсткасці не трэба», — дадаў кіраўнік краіны.

Як акцэнтаваў ён увагу, праваахоўнікі навучыліся працаваць у гэтай сітуацыі. Перад усімі органамі правапарадку ён паставіў задачу — абараніць законапаслухмяных грамадзян, але любое праварушэнне трэба спыняць.

«Нам трэба неадкладна перагледзець падыходы ў рабоце прафсаюзнай вертыкалі»

«У нас прававая дзяржава, нельга дапусціць разгулу злачыннасці, каб нехта падумаў, што ў гэтых умовах закон не працуе. Беларусы галасавалі за мір і парадак у краіне, і мы абавязаны выканаць гэты наказ народа, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Трымаючы ў поле зроку нашых прамых апанентаў, мы ўпускаем нейтральную, але таксама актыўную частку нашага грамадства, якая знаходзіцца, калі можна так сказаць, паміж уладай і апазіцыяй. Гэтыя людзі хочуць стабілізацыі, асобныя з іх знаходзяцца ў стане нявызначанасці. Таму ім трэба даць выразны арыенцір далейшага развіцця грамадска-палітычнай сітуацыі ў Беларусі».

Паводле слоў Прэзідэнта, гэта першачарговая задача цяперашняй улады, і не толькі ідэалагічнай вертыкалі. У прыватнасці, у кіраўніка дзяржавы аказаліся пытанні да Міністэрства адукацыі. «Паводзіны часткі студэнтаў паказвае іх, мякка кажучы, нядбайнае стаўленне да вышэйшай адукацыі. Гэта можа прывесці да страты яе каштоўнасці як значнай сацыяльнай прыступкі, — падкрэсліў ён. — Недапрацоўваюць рэктары ВНУ. У бліжэйшы час, на працягу тыдня, мы павінны вырашыць кадравую праблему па такіх ВНУ».

Асобна Аляксандр Лукашэнка закрануў дзейнасць прафсаюзаў. Ён падкрэсліў, што іх задача — абараняць правы працоўных. «У большай частцы старшыні прафсаюзных арганізацый не паддаліся палітычнаму ажыятажу. Яны выдатна спрацавалі на выбарах і гэтую няпростую ношу нясуць і цяпер. Але ёсць лідары, асабліва пярвічак, якія на прадпрыемствах павінны былі быць на перадавой. Некаторыя сышлі ў цень, а асобныя схаваліся пад плінтус, — заўважыў Прэзідэнт. — Нам трэба неадкладна перагледзець падыходы ў рабоце прафсаюзнай вертыкалі, накіраваўшы намаганні на фарміраванне давернага ўзаемадзеяння кіраўніцтва прадпрыемстваў і працоўных. Прафсаюзам, як і любым іншым арганізацыям, у тым ліку і моладзевым, трэба знайсці канкрэтную працу і паказаць насельніцтву, што яны займаюцца справай».

Адмысловая задача прафсаюзаў — кантроль за арганізацыяй грамадскага харчавання, фарміраваннем цэн у гандлі і на камунальныя паслугі, дадаў кіраўнік дзяржавы.

«Журналістыка павінна нарэшце перастаць быць „памяркоўнай“»

Нямала недахопаў Аляксандр Лукашэнка бачыць і ў працы сродкаў масавай інфармацыі. Прэзідэнт запатрабаваў завяршыць у бліжэйшы час фарміраванне калектываў у асноўных СМІ. «Кантроль у гэтым плане Адміністрацыяй Прэзідэнта. Павінна застацца магутнае ядро, гатовае адстойваць той самы інфармацыйны суверэнітэт дакладна, філігранна, прыцэльна, а галоўнае — наступальна, — падкрэсліў ён. — Трэба было, каб прайшло два месяцы, каб нашы асноўныя тэлевізійныя каналы і іншыя СМІ працавалі так, як зараз. Гэта трэба рабіць пастаянна. Журналістыка павінна нарэшце перастаць быць „памяркоўнай“, як гэта было ў нас прынята да цяперашніх часоў. І я таксама ў гэтым плане не здымаю з сябе віны».

Таксама, перакананы Прэзідэнт, дзяржава павінна праводзіць больш настойлівую інфармацыйную палітыку ў інтэрнэце, весці яе наступальна, але без фейкаў.

«Некаторыя кажуць, што краіна павінна вярнуцца ў рэчышча стварэння. Супакойцеся, ніякая разбалансаванасці ў краіне няма. Калі б гэта было, вы б пабачылі маю вельмi жорсткую рэакцыю: гэта найважнейшае пытанне Прэзідэнта, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — І на вёсцы, і ў малых, і ў сярэдніх гарадах, і ў абласных цэнтрах, і ў Мінску людзі працуюць. Ніхто з вас цяпер не ўстане і не скажа, што дзесьці не працуе прадпрыемства. Пры ўсіх найцяжэйшых складанасцях, якія прыходзяць да нас звонку, тым не менш, круцімся, верцімся, выкручваемся».

«Не будзе ў нас іншай краіны. Не будзе, тое што ў Кыргызстане, Украіне і Нагорным Карабаху. Не будзе. Не хвалюйцеся за гэта. Падставы для гэтага няма», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«„Пераабуліся“ тыя, якіх мы вырасцілі на сваіх руках»

Асаблівую ўвагу Прэзідэнт звярнуў на кадравую палітыку. Тут, паводле яго слоў, трэба ўмець бачыць ініцыятыўных людзей з актыўнай дзяржаўнай пазіцыяй і здольнасцю весці дыялог з грамадзянамі. «Найважнейшае пытанне, якое зараз перад намі стаіць, — надзейнасць. Мы ўжо занадта вольна сябе адчувалі ў падборы і прызначэнні кадраў. А потым некаторыя „пераабуліся“. І „пераабуліся“ тыя, якіх мы вырасцілі на сваіх руках. Таму надзейнасць, патрыятызм, адданасць ідэям народа вылучаюцца на першае месца», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сёння ўсе сацыяльныя інстытуты працуюць спраўна, без збояў. І гэта, заўважыў ён, у першую чаргу вынік працы выбудаванай за гады незалежнасці сістэмы дзяржаўнага кіравання. «Нягледзячы на глабальныя шокі, эканоміка захоўвае ўстойлівасць, выконвае абавязацельствы — як знешнія пазыковыя, так і сацыяльныя. І нават знаходзіць новыя магчымасці для нарошчвання інвестыцыйнага і прамысловага патэнцыялу. Галоўнае — забяспечыць годны ўзровень жыцця насельніцтва. Пры ўсіх праблемах, якія я пералічыў, галоўнае — эканоміка», — рэзюмаваў Прэзідэнт.

«Нягледзячы на глабальныя шокі, эканоміка захоўвае ўстойлівасць»

Па словах Прэзідэнта, практычна сабраны ўраджай і ён добры ў гэтым годзе, рыхтуюцца да ацяпляльнага сезону службы ЖКГ, працуе медыцына. Нягледзячы на глабальныя шокі, эканоміка захоўвае ўстойлівасць, выконвае абавязкі і знаходзіць магчымасці для нарошчвання патэнцыялу.

«Галоўнае забяспечыць годны ўзровень жыцця насельніцтва. Пры ўсіх праблемах, якія я пералічыў, галоўнае — эканоміка», — адзначыў кіраўнік краіны.

Прэзідэнт: Адбываецца паступовая перадача часткі паўнамоцтваў  на ўзровень губернатараў і ўраду

Ён дадаў, што Канстытуцыю зменяць, як і абяцалі, параіўшыся з усімі. Але нават у рамках гэтай Канстытуцыі, Прэзідэнт запэўнівае, што перадае ўсё больш паўнамоцтваў губернатарам і ўраду. Гэта тычыцца метадаў і форм кіравання, вырашэння зямельных пытанняў.

Першы этап, як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, дзе насельніцтву павінны далажыць па рабоце над новай Канстытуцыяй — Усебеларускі народны сход. Ён азадачыў прысутных, што ўжо неабходна думаць, якім чынам і дзе яго будуць праводзіць, стварыць аргкамітэт.

«Дыялогавыя пляцоўкі павінны быць як мага набліжаны да народа. Сёння парламент збірае прапановы па Канстытуцыі, добра. Хай дэпутаты збіраюць, але гэта работа не дасць такога выніку як работа, якую вы разгортваеце ў абласцях. Запрашайце туды розных людзей у залежнасці ад таго, якую прапорцыю гэтыя людзі займаюць у нашым грамадстве. Вы павінны слухаць і чуць розныя пункты гледжання», — расказвае Прэзідэнт.

«Толькі ўнутраная стабільнасць з’яўляецца гарантыяй выжывання Беларусі»

«Трэба разумець, што мы знаходзімся ва ўмовах беспрэцэдэнтнай знешняй турбулентнасці. Толькі ўнутраная стабільнасць з’яўляецца гарантыяй выжывання Беларусі. Захаваем стабільнасць унутры Беларусі — выжывем, не — нас падзеляць», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён звярнуў увагу на тое, што яшчэ на этапе перадвыбарчай кампаніі перасцерагаў пра шматлікія небяспекі і выклікі, з якімі сутыкнецца краіна. «Памятаеце, я казаў, што выбары будуць вельмі цікавымі, а пасля выбараў будзе яшчэ цікавей? Вы паслухалі — Прэзідэнт прыгожа сказаў, і добра. А сёння ўсе кажуць: так... Я вам казаў: пандэмія пройдзе, каранавірус пройдзе, але дзе будзем мы? Памятаеце, я казаў, што Беларусь на разрыў? Усё гэта адбылося. І адбываецца. А мы павінны выстаяць. Калі мы хочам звацца народам, калі мы нацыя, мы павінны згуртавацца і выстаяць», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Марыя ДАДАЛКА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».