Вы тут

Баланс паміж хаосам і гармоніяй, або Рака, што ўпадае ў мора, дзе бушуе шторм


Майстэрства аркестра ўражвае тым, як у адзіным парыве розныя людзі імкнуцца да прыгожага. Доўгі час прыхільнікі філармоніі, на жаль, не мелі магчымасці назіраць за працай музыкантаў з-за эпідэміі. Аднак 1 кастрычніка два галоўныя аркестры Беларускай дзяржаўнай філармоніі вярнуліся на сцэну, і гэтае вяртанне нельга назваць інакш, як трыумфальным


Першае аддзяленне. Музыка-рака

Тэхнічная складанасць спалучаецца з віртуознай лёгкасцю — гэта найлепшая музыка, якую за сваё ня­ доўгае жыццё паспеў стварыць Вольфганг Амадэй Мо­ царт. І дзяржаўны камерны аркестр на чале з маэстра Бушковым не толькі зразумеў гэтую сутнасць, улавіў тонкую магію складаных гармоній аўстрыйскага кам­ пазітара, але і зрабіў так, каб дзеці атрымалі задаваль­ ненне ад класічнай музыкі. Гэта важны навык, бо ме­ навіта ўвагу маленькіх слухачоў прыцягнуць склада­ ней за ўсё.

Зала ў чаканні замірае перад тым, як пачуць пер­ шую ноту адной з прэм’ер вечара — «Варыяцый» Нікола Паганіні і Эжэна Ізаі. Той, хто перашэптваўся, замаўкае, з-за чаго першы гук музычнага твора пра­ носіцца па зале, нібы шквал ветру, гучны, крыху хаатычны. Але гэта толькі часовая збянтэжанасць слухачоў, аглушаных цішынёй. Твор, як і многае іншае, напісанае Паганіні, адрозніваецца віртуознасцю, а таму патрабуе неверагоднай засяроджанасці і майстэрства ад музыкантаў. Асабліва гэта заўважна ў той частцы «Варыяцый», у якой дзве скрыпкі па чарзе выконваюць сольныя партыі. У аркестра атрымалася плаўна «пераключацца» паміж інструментамі. Лідзіруе то адна скрыпка, то другая, і кожная з іх, дзякуючы майстэрству музыкантаў, а таксама першапачатковаму настрою твора, гучыць абсалютна па-рознаму. І ўсё нягледзячы на тое, што гэта адзін і той жа інструмент (хаця, канечне, кожная скрыпка мае свае асаблівасці гучання, нават заводскія ніколі не атрымаюцца ідэнтычнымі, калі толькі майстры не навучацца скрыпкі кланіраваць). Мы быццам назіраем за дыялогам двух непадобных людзей, якія, тым не менш, спрабуюць дамовіцца, з-за чаго іх галасы гучаць не злымі крыкамі, а гарманічнымі песнямі двух інструментаў.

Такога немагчыма дабіцца без чуйнага кіраўніцтва дырыжора, і Яўген Бушкоў ва ўласцівай яму крыху экспрэсіўнай, але разам з тым мяккай манеры скіроўваў аркестр, не даючы ні на крок адступіць са сцяжыны выключна якаснага выканання. Менавіта дзякуючы яму і прафесіяналізму музыкантаў Дзяржаўнага камернага аркестра часткі твора перацякаюць павольна, з натуральнасцю прыроднай рачной плыні, якая то падзяляецца камянямі кампазіцыйнай структуры, калі ў асобных інструментаў у аркестры голас становіцца вядучым, то зноў зліваецца ў цэласны твор. Ён лепш за ўсё адлюстроўвае тую дзіўную гармонію, якой можна дасягнуць пры зладжанай працы аркестра. Часам плынь запавольваецца, і тады твор пачынае нагадва­ ць забалочаныя часткі Амазонкі — яны няспешныя, але ўражваюць сваім размахам і ўпэўненай сілай, — часам музыка, наадварот, паскараецца і нясе слуха­ ча па стромкіх рачных парогах, скідвае з вадаспадаў, прымушаючы сэрца заміраць з кожным новым кампазітарскім віражом. Прэм’ера для многіх прыхільнікаў класічнай музыкі сапраўды атрымалася вельмі цікавая, аркестр на чале з Яўгенам Бушковым усё магчымае, каб твор Паганіні запомніўся, але і гэта было далёка не ўсё.

Галоўнай падзеяй вечара, які адкрыў сезон Беларускай дзяржаўнай філармоніі, можна з упэўненасцю назваць сумеснае выступленне Дзяржаўнага камернага аркестра і Дзяржаўнага камернага хору пад кіраўніцтвам Наталлі Міхайлавай, а таксама салістаў Анастасіі Храпіцкай (сапрана), Кацярыны Міхнавец (мецца-сапрана), Андрэя Сівакова (банданеон) і Марыны Рамейка (фартэпіяна). Гэты сапраўдны зорны склад музыкантаў выканаў знакаміты «Магніфікат» у версіі сучаснага аргенцінскага кампазітара Марціна Палмеры.

Апрацоўкі класічных твораў ад Марціна Палмеры заўсёды адрозніваюцца нестандартнасцю, цікавым мадэрнісцкім падыходам да пераасэнсавання твораў нават з настолькі вялікай гісторыяй, як «Магніфікат» (адразу ж узгадваецца яго меса ў стылі танга). Але пры гэтым аргенцінскі кампазітар, відавочна, паважае гэты твор, паколькі пазіцыі каталіцкай веры ў Аргенціне вельмі моцныя. Дзякуючы таму, што Яўген Бушкоў ужо даўно і плённа працуе з Марцінам Палмеры, беларускія слухачы змаглі атрымаць асалоду ад новай версіі «Магніфіката», і яна сапраўды ўражвае. Ужо сам факт таго, што гэта твор для аркестра, хору і салістаў, намякае: ён не толькі значна змяніўся ў параўнанні з  версіямі «Магніфіката» эпохі класіцызму, але і стаў больш тэхнічна складаным, больш адмысловым. І гэта сапраўды так: нават непрафесійны слухач без музычнай адукацыі лёгка заўважыць, наколькі новая версія зроблена віртуозна: пастаянныя пераключэнні паміж партыямі інструментальнымі і  вакальнымі, чаргаванне мужчынскіх і жаночых партый хору, сольныя партыі салістаў, сумесныя інструментальна-вакальныя партыі салістаў і гэтак далей. За зусім невялікі, здавалася б, прамежак часу госці філармоніі паспелі пачуць разнастайныя варыяцыі спалучэння інструментаў камернага аркерстра і хору.

Асабліва запамінаецца момант, калі хор паступова заціхае і саступае месца сольнай партыі фартэпіяна, да якога пасля падключаецца адна з салістак, а пасля і ўвесь аркестр, каб потым зноў завяршыцца ціхім, амаль інтымным дуэтам скрыпкі і фартэпіяна. У Марціна Палмеры атрымалася сапраўды цікавая версія даўно вядомага твора, у якой ён і праявіў увесь свой кампазітарскі талент. Разам з тым кампазітар паставіў і надзвычай складаную задачу перад музыкантамі, аднак і аркестр, і салісты, і артысты хору пад кіраўніцтвам Яўгена Бушкова і Наталлі Міхайлавай бліскуча справіліся з гэтым няпростым творам.

Нядзіўна, што біс — зноў кампазіцыя Моцарта, але гэтым разам з удзелам хору — сустрэлі апладысментамі, і пасля завяршэння першага аддзялення яны былі чутны яшчэ некалькі хвілін.

Другое аддзяленне. Музыка-шторм

Дзяржаўны сімфанічны аркестр пад кіраўніцтвам Аляксандра Анісімава адкрывае філарманічны се­ зон уверцюрай Джаакіна Расіні да оперы «Вільгельм Тэль». Сола ў аркестры выконвае віяланчэліст Яўген Мікляеў. Сімфанічная музыка, як і заўсёды, ураж­ вае маштабнасцю. Адразу ж заўважны адрозненні ў аўтарскім стылі двух дырыжораў: Яўген Бушкоў далучаецца да працэсу, яго манеру можна назваць экспрэсіўнай; Аляксандр Анісімаў жа прадстаўляе іншую школу — яго пастава спецыяльна стрыманая, строгая, працуюць у асноўным рукі, і толькі ў самыя эмацыянальна напружаныя моманты ў рух прыходзіць усё цела, аднак нават тады адточанасцю і мінімалістычнасцю жэстаў дырыжор нагадвае прафесійнага салдата на парадзе.

І гэтая строгасць неабходная, калі мы кажам пра вялікі сімфанічны аркестр. Без яе, напрыклад, нельга дабіцца ідэальнага гучання часткі ўверцюры, дзе інструменты па чарзе выконваюць свае партыі, нібы перадаючы адно аднаму эстафету (ад музыкантаў патрабуецца ўсё майстэрства, каб гэтыя кавалкі не былі сшыты белымі ніткамі, каб паміж імі не ўзнікала няёмкіх паўз). Без гэтай строгасці паказаць слухачу ўсю моц сімфанічнай музыкі пасля падрыхтоўчай эстафеты такім чынам, каб прасякнуцца размахам пачутага. І без гэтай строгасці немагчыма вытрымаць баланс паміж аб’ёмнай пафаснасцю, якая ўласціва сімфанічнай музыцы, і сціплай увагай да кожнага асобнага інструмента. Але ў Дзяржаўнага сімфанічнага аркестра гэта атрымліваецца: і скрыпкі з віяланчэллю, і ўдарныя з талеркамі, і духавыя, і нават трохвугольнік — усё мае важны і прыкметны голас у аркестры. Кожны музыкант па-свойму малюе музычны ландшафт, у кожнага свой почырк, але пры гэтым усе мазкі складваюцца ў адзіную гарманічную карціну.

У другім аддзяленні найбольш цікавай часткай было, канечне, сумеснае выступленне сімфанічнага аркестра і арганіста Ігара Алоўнікава. Разам музыканты выканалі «Канцэрт № 1 соль мінор для аргана з аркестрам» нямецкага кампазітара Георга Гендэля. Канечне, у гэтай частцы канцэрта ўвага цалкам была да працы Ігара Алоўнікава. Гэта адзін з самых паважаных класічных музыкантаў нашай краіны, не ў апошнюю чаргу дзякуючы таму, што ён засвоіў ня­ простае мастацтва ігры на аргане. Яго сольныя пар­ тыі, што чаргаваліся з партыямі аркестра, сталі са­ праўдным упрыгажэннем вечара. Арган, які падаецца інструментам складаным, у руках Ігара Алоўнікава гучыць усё яшчэ вельмі аб’ёмна, але разам з тым на­ бывае асаблівую лёгкую пяшчотнасць — фірменная манера музыканта.

Пасля настолькі яркага нумара наступныя ўжо ўражваюць не так моцна. «Арыя для скрыпкі з аркестрам» Льва Абеліёвіча, сольную партыю скрыпкі ў якой выканала Юлія Стэфановіч, падаецца надта звычайнай, надта нарматыўна-класічнай, а таму не пакідае ніякіх уражанняў, акрамя нязначнага задавальнення ад самога факта праслухоўвання прафесійна выкананага музычнага твора. Тое ж можна сказаць і пра «Канцэрціна для валторны з аркестрам» Андрэя Мдзівані, дзе салістам выступіў вядомы валтарніст Андрэй Белакурскі. Арыя Галькі з оперы «Галька» Станіслава Манюшкі, дзе вакальную партыю выканала Ірына Крыкунова (сапрана), і ўвогуле гучыць дзіўна ў праграме сярод выключна інструментальных твораў. Тым больш арыю складана назваць эксклюзіўнай: пастаянныя наведвальнікі філармоніі або іншых музычных пляцовак нашай краіны маглі ўжо не раз яе чуць, паколькі гэта адзін з самых папулярных твораў Станіслава Манюшкі. Хутчэй за ўсё, Аляксандр Анісімаў пры складанні праграмы кіраваўся прынцыпам «класіка ніколі не старэе» і таму вырашыў прадставіць самыя што ні ёсць класічныя творы.

Аднак невыразнасць цэнтральнай часткі праграмы з лішкам акупляецца фінальнай знаходкай. Аркестр і саліст у аркестры Пётр Навуменка (партыя кларнета) выканалі твор венгерскага кампазітара Золтана Кодая «Танцы з Галанты». Яго жанр абазначаны як сімфаніч­ ная фантазія, і гэта цалкам адпавядае таму, як дадзены твор адчуваецца пры праслухоўванні. Госці філармоніі сапраўды апынуліся ў казачным свеце танцаў, дзе ёсць моманты павольнага вальсавання, ёсць імклівае кружэнне ў хуткім тэмпе, ёсць серыі адрывістых скокаўпа, кожны з якіх напоўнены ўласнай эмоцыяй. «Танцы з Галанты» як бы рэзюміруюць усё другое аддзяленне канцэрта: музыка-шторм, што заціхае і падаецца залішне спакойнай толькі дзеля таго, каб потым абрынуцца на слухача з падвоенай сілай эстэтычнага задавальнення.

Цімур ВЫЧУЖАНІН

Фота Аляксандра ГОРБАША

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.