Вы тут

КАЛІБ-20


КАЛІБ-20

Я инженер на сотне рублей, / И больше я не получу. / Мне двадцать пять, и я до сих пор / Не знаю, чего хочу. / И мне кажется, нет никаких оснований / Гордиться своей судьбой, / Но если б я мог выбирать себя, / Я снова бы стал собой (Група «Аквариум». «25 к 10»). Прыйшоў час перастаць адмаўляць відавочнае. Планету захапіў злобны ўсёпранікальны вірус КАЛІБ (стаўлю нумар 20, бо пішу пра яго ў гэтым годзе). Вірус КАЛІБ-20 трапляе яшчэ ў дзіцячы арганізм праз неасцярожныя словы, няздольнасць данесці банальныя рэчы і вечны недахоп часу. «А калі б з табой так зрабілі». КАЛІБ засцілае вочы і сцірае асабістасць, унікальнасць, рэальнасць. Маленькі чалавек не заўважае сотні тысяч людзей і жывёл навокал, няздольны абстрагавацца і бачыць прычына-выніковыя сувязі, тэндэнцыі, ён бачыць толькі сябе і КАЛІБ.
Смяротнае пакаранне. Думаеце, я буду зараз штосьці даказваць? Навошта? У нас жа ёсць КАЛІБ — магічная формула, рашэнне ўсіх праблем, першапрычына і першакрыніца. А калі б тваіх дзяцей/ бацькоў/сяброў зарэзалі/застрэлілі/знішчылі, табе хацелася б, каб гэты чалавек/забойца/вырадак дыхаў? Яны ў магіле, а ён жывы. Корміцца за нашы (і твае) грошы, мае бясплатнае жытло. Ты хацеў бы, каб была такая справядлівасць КАЛІБ?
Смяротнае пакаранне. Думаеце, я буду зараз штосьці даказваць? Навошта? У нас жа ёсць КАЛІБ — магічная формула, рашэнне ўсіх праблем, першапрычына і першакрыніца. А калі б смяротнае пакаранне прысудзілі твайму(ёй)  сыну/бацьку/дачцэ/ маці? Як бы ты ставіўся да гэтага прысуду? Што б ты адчуваў, калі б сотні людзей вакол казалі, што чалавека, які (ты дакладна ведаеш)  умее любіць, быць цёплым, цудоўным, добрым, патрэбна забіць. Твой блізкі/родны/сапраўдны не заслугоўвае жыцця. Не заслугоўвае нават да канца сваіх дзён быць пазбаўленым  волі. Не заслугоўвае нічога больш. Ты хацеў бы, каб была такая справядлівасць КАЛІБ? 
КАЛІБ змяняе людзей. Яны перастаюць кантраляваць сябе. КАЛІБ ператварае іх каштоўнасці і погляды ў пластылін і вылеплівае, што пажадае. Хлопец — дзяўчына — хлопец. Яна сыходзіць ад аднаго да другога. Але калі б яна была на месцы першага, то ці сышла б? А на месцы другога? А першы на месцы другога быў бы «за»? А на месцы дзяўчыны? А другі на месцы першага?  КАЛІБ ператварае жыццё ў балота пад нагамі. Дзе ступіш, там і след. У лепшым выпадку падэшвы застануцца бруднымі, у горшым — правалішся назаўсёды. 
КАЛІБ вельмі любіць грошы. Ён сядзіць на грошах і цягне іх да нашых рук. Колькі пафасных слоў заміраюць, не выпаўшы з роту, калі ён дакранаецца  да будучага гаспадара/раба і зліваецца з ім у новы недаарганізм. Я неяк шукаў працу ў сеціве і знайшоў вакансію аўтара тэкстаў. «Аўтар тэкстаў» — гэта не зусім пра тое, чым апынулася вакансія насамрэч. Насамрэч патрэбна было на платных сайтах знаёмстваў ад імя дзяўчат весці дыялогі з багатымі дзядзькамі. Чым больш пішуць дзядзькі, тым больш плацяць дзядзькі, тым больш атрымлівае сайт, тым больш атрымліваюць «дзяўчаты». Гэта называецца «аўтар тэкстаў». Агаага. Ты ўдзельнічаў бы ў такім? Працаваў бы так? А калі б прапанавалі, быў час і больш не было варыянтаў? Усё роўна знойдуцца тыя, хто так будзе рабіць, то чаму не ты? Ты ж лепшы, а яны нягоднікі, хлусы. Я адмовіўся. Не атрымалася ўявіць сабе, што я буду падманваць дзень за днём незнаёмых людзей і гэтым жыць. І без ніякіх КАЛІБ. 
Часам хрысціянскую мараль падаюць праз фразу «любі свайго бліжняга, як сябе». Быццам усё зразумела і проста, але не ўсім. Ёсць людзі, якіх хлебам не кармі, бо ўсё зжаруць, яны працягваюць спрашчаць пасля спрашчэння. На ўсялякі выпадак, а раптам каму не дайшло. У іх атрымліваецца:  «абыходзься з іншымі так, як хочаш, каб яны абыходзіліся з табой». Убачылі штосьці знаёмае? Ага-ага. Ён самы. Наш вялікі і страшэнны КАЛІБ-20. А калі б ты быў на яго месцы? А? Ну? Адказвай? Рабі так, каб КАЛІБ. Разумееш? Калі б я быў на тваім месцы,  я зразумеў бы. Працягнем гульню ў справядлівасць па версіі штучнай псеўдаэмпатыі? 
Малады п’янаваты чалавек вядзе дадому сваю маладую сяброўку і мае да яе недвухсэнсоўныя жаданні. Яна дэманструе нежаданне ісці насустрач яго жаданням. Але… КАЛІБ. Калі б ён быў на яе месцы, мяркуе ён, то ён бы не адмовіў сабе. Чаму яна не ставіць сябе на яго месца? Чаму яна не дзейнічае па ўсім вядомай маралі? Ён жадае, каб яна рабіла з ім тое, што ён жадае рабіць з ёй. Усё ж правільна? Усё, як кажуць, па фэн-шую. Ён гвалціць яе. Ён ведае, што так трэба. Ён ведае, што ён ахвяра, бо вымушаны гвалціць. Яна прымусіла яго, бо адмовілася ісці насустрач яго жаданням. Гэта справядлівасць КАЛІБ. 
КАЛІБ. КАЛІБ! КАЛІБ!!! Калі б ты пісаў гэтую калонку, якія прыклады ты прывёў бы яшчэ? Маўчы. Мне нецікава. КАЛІБ — гэта гніенне. Адразу КАЛІБ — незаўважная кропка на тваім светабачанні, пасля твае вочы — толькі пустыя плямы, твой язык — чужароднае цела ў чужым роце, ты ўвесь ператвараешся ў адзін вялізны КАЛІБ, каб разносіць гэты вірус далей, каб забяспечваць яму жыццё, каб знішчаць шырыню мыслення, здольнасць абстрагавацца, аб’ектыўнасць і проста жыццё. 
Прыйшоў час перастаць адмаўляць відавочнае. Планету захапіў злобны ўсёпранікальны вірус КАЛІБ — магічная формула, рашэнне ўсіх праблем, першапрычына і першакрыніца.  Медыцынскі ўніверсітэт. Студэнтка здае іспыт. Студэнтка не ведае матэрыялу. Студэнтцы патрэбны залік. «Калі б на яе месцы была мая дачка», — думае выкладчык. І гэта першы крок, каб апраўдаць, каб знайсці мноства ўяўных прычын і паставіць залік невуку. А калі б гэты выкладчык трапіў пасля на аперацыю да гэтай студэнткі — ці змяніў бы ён меркаванне? А калі б людзей, якія выдаюць ліпавыя правы, вазілі ліпавыя кіроўцы? А калі б тым, хто не бачыць патрэбы ў  міліцыі і лічыць усіх міліцыянтаў кепскімі, агіднымі, злоснымі, спатрэбілася дапамога? Гэта справядлівасць КАЛІБ. Суб’ектыўнасць, даведзеная да абсурду. Крытычны эгаізм, пераапрануты ў альтруізм. Ніхто не пазнае. Барада з ваты. Мяшок за плячыма. Альтруізм як ён ёсць. 
Калі б я быў іншым, гэта быў бы я. Калі б ты быў іншым, гэта быў бы ты. Чалавек  —  неверагодна складаная штука. Можна паспрабаваць уявіць, як бы выглядаў дыванок ля тваіх дзвярэй, памяняць месцамі кніжкі на палічцы.  Але нельга так зрабіць са свядомасцю. Гэта па-першае. Колькі б ты не хацеў зрабіць КАЛІБ — гэта толькі тваё ўяўленне, тваё жаданне, твае страхі і нічога больш. Таму на аснове КАЛІБ нельга выводзіць ніякія агульныя каштоўнасці, правілы, законы. Яны выведзены і так. Залік ставіцца не ад пачуцця эмпатыі. Калі табе кажуць «не» — гэта «не». Ніякія міжнародныя ці дзяржаўныя правы не павінны залежаць ад таго, што аднаму чалавеку хацелася б, каб людзі дазвалялі яму сябе біць, бо ён не супраць, каб яго білі. Я паўтару яшчэ раз. Мы класныя, мы цудоўныя, мы ўнікальныя. Сачыце за сабой. Беражыце сябе. Любіце сябе. І змагайцеся з гэтай страшнай з’явай. Напрыклад, заўсёды пры магчымасці глядзіце ў люстэрка, усміхайцеся таму, каго там бачыце, і прамаўляйце пра сябе: «Гэта я».  Мне задрали руки — /  Мне забили рот. /  Мне забили руки — /  Мне задрали рот. /  Я знаю, что мне осталось недолго, — и мне уже всё равно, / Но если б я мог выбирать себя — я был бы Гребенщиков! (Група «Гражданская оборона». «КБГ — рок»).

Дзмітрый ШУЛЮК

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.