Вы тут

З верай у Бога і ў лепшы час



З верай у Бога і ў лепшы час

Айцец Аляксандр Богдан з Ваўкавыска – пастаянны аўтар рубрыкі "З Богам" часопіса "Маладосць". Прадстаўляем тут яго артыкулы – з верай у Бога і ў лепшы час.

Айцец Аляксандр Богдан


На Яго частаце

Гісторыя ведае людзей, якія сталі заснавальнікамі розных рэлігій. Гэтыя асобы, безумоўна, таленавітыя і харызматычныя. Што ж да хрысціянства, то яго заснавальнікам з’яўляецца Сам Бог.

Не, я нічога не блытаю. Ведаю пра Ісуса Хрыста, якога і лічаць пачынальнікам хрысціянства. Паслядоўнікі яго вераць, што Хрыстос — гэта Бог. І не спрачаюцца з тым, што Ён — чалавек, прычым паўнавартасны, з усімі нашымі якасцямі, акрамя грахоўнасці. А яшчэ хрысціяне ўпэўненыя, што Хрыстос — гэта Бог і чалавек не напераменку, а адначасова. У Ім спалучаны дзве прыроды — боская і чалавечая — паводле чатырох наступных прынцыпаў.

Незлучальна, нязменна, непадзельна і неразлучна

салодкае/салёнае

Незлучальна — бо не адбылося ніякага зліцця, захаваліся цалкам і боская, і чалавечая сутнасці, не было ні паўчалавека, ні паўбога. Уявім сабе сасуд, у які ссыпалі соль і цукар. Перамяшалі, але ніякага новага прадукту не атрымалася.

Нязменна — бо не было ніякіх перамен ні ў боскай прыродзе, ні ў чалавечай. У нашым уяўным сасудзе соль і цукар ніяк сябе не змянілі: соль не стала салодкай, а цукар не стаў салёным. Боскае не засланіла чалавечае, а чалавечае не выціснула боскае.

Непадзельна: боскае і чалавечае  злучаны ў адной асобе. Сасуд адзін.

Неразлучна. Бог злучыўся з целам чалавека назаўсёды. Сасуд не проста закаркаваны — ён запаяны так, што нельга яго ўжо адкрыць і раздзяліць соль і цукар.

Калі гаварыць мовай матэматыкі, то ў Ісусе Хрысце сто працэнтаў боскасці і сто працэнтаў чалавечнасці.

Можна прывесці і такі прыклад. Мой сын з’яўляецца яшчэ і ўнукам майго бацькі, і гэтыя два статусы ніяк не спрачаюцца: не перашкаджаюць адно аднаму, узаемна не выцясняюцца. Можна сказаць, што два статусы дзіцяці — сына і ўнука — злучаны па тых самых прынцыпах: незлучальна, нязменна, непадзельна і неразлучна. Для яснасці ў хрысціянскім багаслоўі ўжываецца паняцце «Богачалавек», толькі ж у яго не ўкладаецца такі сэнс, які, напрыклад, укладзены ў кентаўра ці мінатаўра.

Як у немаўляці Ісусе быў увасоблены Бог

Можа, канечне, узнікнуць пытанне: а ў якім узросце Хрыстос стаў Богачалавекам? Мяркую, не будзе памылкай сказаць, што ад нараджэння.

Складана ўявіць, як бездапаможнае немаўля было Богам? І ці разумеў Ён, кім з’яўляецца? Як сказана раней, Хрыстос быў паўнавартасным чалавекам, а значыць, немаўляткам Ён валодаў такім жа мозгам, як і ўсе дзеці. Таму можна смела дапускаць, што ў маленстве Сын Марыі не ўсведамляў, Кім Ён з’яўляецца. Аднаго разу мне сказалі, што калі немаўля не магло ўсведамляць сябе Богам (а калі магло, то было ўжо зусім не чалавекам), значыць, Бог на нейкі час перастаў быць Богам. Але ж ніякае немаўля не ўсведамляе, што яно чалавек, тым не менш, дзіця не перастае быць чалавекам. Няпроста ўявіць, як у маленькім чалавеку можа ўмясціцца Бог, Які Сам па Сабе Абсалют. Аднак нам жа вядома, што ў зародку чалавека ўтрымліваецца абсалютна ўся генетычная інфармацыя пра тое, якім будзе гэты чалавек — якога колеру яго валасы, вочы, скура…Так і ў немаўляці Ісусе быў увасоблены Бог.

Не толькі Ісціна, але і Жыццё, і Шлях

З Евангелля мы ведаем, што ў дванаццацігадовым узросце Хрыстос выдатна ўсведамляў, Чый Ён Сын (гл. Лк. 2:40–52). Часта мы называем Хрыста Сынам Божым. Азначае гэта не проста сваяцтва з Богам Бацькам. Слова «сын» у Бібліі і ва ўсходніх мовах азначае «той, хто мае дачыненне». Выраз «Сын Божы» ўказвае на тое, што Гасподзь Ісус Хрыстос непасрэдна датычыцца Боскай прыроды. Аднак у Новым Запавеце сустракаецца яшчэ і выраз «Сын Чалавечы». Нескладана здагадацца, што азначае яно дачыненне Хрыста да чалавечай прыроды.

У 30 гадоў Хрыстос пачаў прапаведаваць. Атрымліваецца, што Сам Бог настаўляў людзей чалавечымі вуснамі. Асноўнай тэмай пропаведзяў было Царства Божае. Гасподзь указваў, што апынуцца ў ім можна праз Яго. Таму Хрыстос для хрысціян — гэта не толькі Ісціна, але і Жыццё, і Шлях.

Рацыянальнае і лагічнае

Хрыстос па Сабе не пакінуў ніякіх кніг, і нават у Новым Запавеце нічога не напісана Яго рукой. Словы Ісуса, якія мы там чытаем, запісаны або апосталамі, або з іх слоў. Пакінуў нам Гасподзь не Кнігу, а Таінства Еўхарыстыі. За святочнай велікоднай вячэрай Хрыстос узяў хлеб, блаславіў яго і сказаў: «Бярыце, ешце — гэта цела Маё!» (Мф. 26:26). Затым узяў чашу з віном, блаславіў яе і сказаў: «Піце з яе ўсе! Гэта — кроў Мая, кроў Новага Запавету, пралітая за многіх дзеля даравання грахоў» (Мф. 26:26–28). Гасподзь наказаў апосталам здзяйсняць гэтае таінства як успамін пра Яго. У нашы дні хрысціяне падчас прычасця перажываюць яднанне з Госпадам Ісусам Хрыстом праз ужыванне Яго цела і Яго крыві ў выглядзе хлеба і віна. Прычым яднанне гэтае адбываецца не толькі духоўна (ці ідэальна), але і фізічна.

Евангелісты апісваюць розныя цуды, якія здзяйсняў Ісус: хаджэнне па вадзе, утаймаванне буры, вылечванне хворых, уваскрашэнне мёртвых… Ёсць рацыянальнае і лагічнае тлумачэнне ўсім Хрыстовым цудам. Як навукоўцы вераць, што наш свет рэальна існуе (у тым сэнсе, што гэта не якаясьці ілюзія) і што ў фізічным свеце ўсё падпарадкавана пэўным законам, так і мы, хрысціяне, верым, што ёсць Заканадаўца, то бок Бог, Якому па сілах мяняць («парушаць») законы прыроды. Калі не забываць, што Ісус Хрыстос — Бог, тады гэта ўсё зразумела. Адзначу толькі, што Ісус ніколі не рабіў ніякіх цудаў напаказ. Нават калі ад Яго патрабавалі «знамення», ён адрынуў патрабаванне і не здзейсніў ніводнага эфектна-тэатральнага цуду для «доказу». Для хрысціяніна галоўнае — не цуды Гасподнія, а тое, чаму Ён вучыў.

У ахвяру за людзей на крыжы быў прынесены Сам Бог

Гасподзь прыйшоў у наш свет не толькі дзеля паведамлення нам радаснай весткі (Евангелля), але і для таго, каб прынесці Сябе ў збавіцельную ахвяру за ўсё чалавецтва. Гэтая ахвяра была здзейснена на Галгофе. Бог пакутаваў Сваёй чалавечай пакутай, не боскай. Але гэта не нагода меркаваць, што Сам Бог на Галгофе не мучыўся. Чалавек, напрыклад, любіць сэрцам, але ж мы не гаворым, што сам чалавек не любіць. У ахвяру за людзей на крыжы быў прынесены Сам Бог.

Бог не проста памёр за нас на крыжы. Нашмат важней тое, што Ён уваскрос. Сваім уваскрэсеннем Хрыстос перамог самае страшнае наступства першароднага граху — смерць. Механізм вылечвання (ператварэння) чалавека і ўсяго зямнога свету — запушчаны.

Калі прывесці аналогію з фізікі

Пасля ўваскрэсення Збавіцель 40 дзён хадзіў па зямлі, з’яўляючыся Сваім вучням. На саракавы дзень Хрыстос узнёсся на Неба. Нагадаю, што Неба ў Бібліі — гэта не атмасферная абалонка, а нябачны анёльскі свет. Узнёсся Гасподзь не проста духам і не адной толькі душой, але і Сваім Прачыстым Целам, ператвораным пасля ўваскрэсення. Гэтым дзеяннем Гасподзь узвысіў чалавечую прыроду да Боскага Прастола. Калі прывесці аналогію з фізікі, частата Бога непараўнальна вышэй за частату любога чалавека. Таму апынуцца побач з Богам ніхто з людзей не можа, іначай нас проста рассее. Выходзіць, што трэба або павышаць частату чалавека да здольнасці ўспрымання, або шукаць пасрэдніка. Такім пасрэднікам і стаў наш Збавіцель. Акрамя таго, што Хрыстос стаў пасрэднікам, Ён яшчэ Сваім узнясеннем павысіў частату чалавека. Як заўважыў свяціцель Афанасій, Бог стаў Чалавекам, каб чалавек стаў богам.

***

Гасподзь дзеля нас зрабіў усё неабходнае: стаў чалавекам, пакінуў нам вучэнне, аддаў Сябе на крыжы, уваскрос, узнёсся і заснаваў Царкву. Далей справа за намі. Трэба проста пачаць жыць з Богам, і тады жыццё наша стане светлым і радасным.


Бог працягвае верыць у нас

Людзі маюць адну дзіўную асаблівасць: яны мяркуюць пра іншых па сабе. Як у той прытчы, у якой на вуліцы стаяў мужчына і паглядаў на гадзіннік. Міма яго прайшоў рабаўнік і рашыў, што мужчына чакае напарніка для чарговага рабавання. Потым прайшоў лавелас — і падумаў, што мужчына чакае сваю каханку. Прайшоў просты веруючы хрысціянін — і быў упэўнены, што чалавек паглядае на гадзіннік, каб не спазніцца на службу ў храм. Праходзілі міма іншыя людзі, а мужчына ўсё стаяў і паглядаў на гадзіннік.

Вось так і пра Бога можна сказаць: людзі ўяўляюць Яго па-рознаму, але для кожнага Ён — нібы адлюстраванне сябе.

Антычныя грэкі прыдумалі пантэон. Якімі былі іх багі? Жылі-балявалі сабе на Алімпе, плялі палітычныя і любоўныя інтрыгі. Багі антычных грэкаў ідэнтычныя іх стваральнікам. І гэта не дзіўна, бо пра іншых мы мяркуем па сабе. Яшчэ філосаф-атэіст Вальтэр гаварыў: «Калі б Бога не існавала, яго трэба было б прыдумаць». Так і атрымліваецца, калі людзі не ведаюць Адзінага Сапраўднага Бога: яны прыдумляюць сабе розныя боствы. Хрысціянства ж гаворыць, што стваральнікам з’яўляецца Бог, а не людзі. Прычым, гэта Бог стварыў чалавека па Сваім вобразе і падабенстве, а не наадварот. І гэта не значыць, канечне, што ў Бога дзве рукі, дзве нагі і галава на плячах. Вобраз Божы ў чалавеку — гэта тое, чым надзелены кожны з нас: розум, воля, творчыя здольнасці і г. д. А падабенства — гэта такія здольнасці, пры дапамозе якіх чалавек пакліканы імкнуцца быць падобным на Бога ў дабрыні сваёй, гэта значыць, удасканальвацца.

Бог не матэрыяльны. Хоць на іконах можна часам бачыць Бога Бацьку барадатым сівым старым. Але ж ікона — гэта не партрэт. Яна можа ўтрымліваць мноства сімвалаў, якія не заўсёды трэба разумець літаральна.  Уявіце, што вам далі аловак і белы аркуш і папрасілі намаляваць любоў. Кожны выканаўца гэтага задання будзе мець свой рысунак: любоў не матэрыяльная і не мае канкрэтнага вобраза. Тое ж можна сказаць і пра Бога. Так, каб паказаць Бога Бацьку, іканапісцы выкарыстоўваюць вобраз старца. Гэта на падставе таго, што ў Бібліі ёсць словы: «Ви́дѣхъ во снѣ́ но́щiю, и се́, на о́блацѣхъ небе́сныхъ я́ко Сы́нъ человѣ́чь иды́й бя́ше и да́же до ве́тхаго де́нми до́йде и предъ него́ при­­веде́ся: и тому́ даде́ся вла́сть и че́сть и ца́р­ст­во, и вси́ лю́дiе, племена́ и язы́цы тому́ порабо́таютъ: вла́сть его́ вла́сть вѣ́чная, я́же не пре́йдетъ, и ца́р­ст­во его́ не разсы́плет­ся» (Дан. 7:13–14). Гэты вобраз указвае на такую ўласцівасць, як вечнасць. Пра розныя ўласцівасці Бога мы ведаем ад Яго Самога. Гучыць гэта, можа, дзіўна, але ёсць такое паняцце, як «Боскае Адкрыццё». Яно не паддаецца ніякім навуковым доказам і абвяржэнням. Бог раскрывае Сябе людзям рознымі шляхамі. Наколькі аб’ектыўныя біблейскія меркаванні пра Бога — хто гэта скажа? Гэта як з малюнкам любові. Тым больш што біблейскія тэксты не пісаліся пад дыктоўку Бога. Аўтарскі суб’ектывізм у Свяшчэнным Пісанні прысутнічае, і калі гэта не ўлічваць… У непадрыхтаванага чытача складзецца ўяўленне пра Бога, што Ён жорсткі і помслівы. На самай справе трэба памятаць, што старазапаветныя кнігі пісаліся не хрысціянамі і ў дахрысціянскі час. Многае ў іх сведчыць толькі пра ўзровень рэлігійнай свядомасці таго, хто ўклаў у Божыя вусны тыя ці іншыя словы.

З Боскага адкрыцця мы ведаем, што Ён — Творца ўсяго. Можа ўзнікнуць лагічнае пытанне: а хто ж стварыў Бога? Калі адказаць адным словам, — ніхто. Калі б у Бога быў стваральнік, узнікла б наступнае пытанне: а хто стварыў стваральніка Бога? А потым захацелася б спытаць, хто стварыў стваральніка стваральніка Бога… Але Госпада ніхто не ствараў, таму што Ён Сам і ёсць першапрычына. Бог мае крыніцу існавання ў Самім Сабе.

Вера ў Тварца ніяк не пярэчыць навуковым дадзеным пра паходжанне свету ці тэорыі эвалюцыі. Для хрысціян не настолькі важна, як Бог ствараў сусвет, дастаткова ведаць, Кім ён быў створаны і што чалавек — вянец тварэння. Хрысціяне не абвяргаюць навуковае пазнанне і яго спробы адказаць на пытанне, як гэты свет быў створаны. Але для хрысціян нашмат важней ведаць, для чаго нас стварыў Бог.

Стварэнне свету — гэта праява Божай любові…

Гасподзь робіць усё, каб кожны чалавек дасягнуў ратавання ад вечнай смерці і ўлады граху. Бог — найвялікшы стратэг, хоць у нас часам у галаве не ўкладаецца, як можна ўсё так пралічваць. Дзеля ратавання людзей Бог прыйшоў да іх і Сам стаў чалавекам, не перастаўшы пры гэтым быць Богам. Як і ў любога чалавека, у яго з’явілася ўласнае імя — Ісус. А Хрыстос — гэта тое імя, якое дадалося пазней, яно азначае «памазаннік». Бог, у якога вераць хрысціяне, не мае ўласнага імя, ніякае імя не можа апісаць Бога, таму што, як сфармуляваў думку свяціцель Грыгорый Багаслоў, Ён знаходзіцца «па той бок» любога імя і азначэння.

Якія б імёны Яму ні давалі, што б ні думалі пра Яго, Ён працягвае любіць нас і верыць у нас. Ці апраўдаем мы веру Бога ў людзей — гэта залежыць ад кожнага з нас. Асабіста.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.