Вы тут

Што трэба зрабiць, каб дыягназ «рак» не пазбавiў жанчыну сексу?


Цi мяняе дыягназ, звязаны з анкагiнекалогiяй, сексуальнае жыццё жанчыны? Чаму так мала спецыялiстаў, гатовых кансультаваць «наконт гэтага»? Хто здыме «табу» з далiкатнай тэмы? Як за мяжой анкапацыентак кансультуюць па тэме iнтыму? Што трэба зрабiць, каб дыягназ «рак» не пазбавiў жанчыну гэтай радасцi жыцця?


На названыя i iншыя пытаннi адказаў урач акушэр-гiнеколаг, анколаг, сексолаг, кiраўнiк аддзялення гiнекалогii i анкалагiчнай гiнекалогii бальнiцы горада Чэлядзь, прафесар Iнстытута медыцынскiх навук Апольскага ўнiверсiтэта (Польшча) Кшыштаф Навасельскiх. У пачатку кастрычнiка па запрашэннi Цэнтра падтрымкi анкапацыентаў «У iмя жыцця» ён прачытаў лекцыю на тэму анкасексалогii для беларускiх медыкаў.

— Пан Кшыштаф, чаму вы вырашылi стаць урачом?

— Часткова гэта збег абставiн, часткова — жаданне дапамагаць людзям. У гэтым мой выбар нiчым не адрознiваецца ад выбару калег-медыкаў. У маёй сям'i раней не было лекараў. Быў ксёндз, манашкi, але нiхто не меў нiчога агульнага з медыцынай. Дарэчы, i ў мяне таксама быў момант, калi я сур'ёзна задумваўся над тым, каб працаваць у духоўнай семiнарыi. Аднак у канчатковым вынiку перамагла медыцына. Хоць... Я думаю, што гэтыя прафесii вельмi блiзкiя. У любым выпадку, галоўную ролю i тут, i там адыгрывае прызванне.

— Апiшыце, калi ласка, як анкасексолагi працуюць з пацыенткамi?

— Напрыклад, у наша аддзяленне звяртаецца пацыентка, у якой дыягнаставалi новаўтварэнне — гiнекалагiчную анкалогiю. Гэта мая спецыялiзацыя, але перад аперацыяй з ёй абавязкова павiнен папрацаваць i анкапсiхолаг. З пацыенткай ён размаўляе пра тое, што пасля хiрургiчнага ўмяшання секс будзе выглядаць па-iншаму i да гэтага новага спосабу жыцця трэба падрыхтавацца. Калi лячэнне заканчваецца, я цi мае калегi праводзiм кантроль. I ў рамках гэтага кантролю задаём абавязковае пытанне: «А як у вас пасля аперацыi i лячэння iдуць справы з сексам?».

Як правiла, адразу пасля заканчэння лячэння, калi i фiзiчныя, i псiхалагiчныя раны вельмi свежыя, пацыентка кажа: «Ой, гэта мяне менш за ўсё цяпер хвалюе». Мы пры гэтым нi ў якiм разе не прымушаем жанчыну адказваць на пытанне, але дзякуючы яму мы здымаем табу з такой вельмi закрытай i iнтымнай сферы, калi здаецца, што гэта толькi твая асабiстая праблема. I калi пацыентка прыходзiць на планавы прыём месяцы праз тры, мы паўтараем пытанне. Калi бачым, што жанчына ўжо больш адкрытая да гутаркi, тады пачынаем удакладняць дэталi.

Напрыклад, цi ёсць у яе сухасць похвы, цi не знiкла сексуальнае жаданне. Як правiла, жанчына паволi ўключаецца ў канкрэтную размову i тады ўжо больш гатовая адказваць на гэтыя i iншыя пытаннi. А потым яна дзелiцца сваiмi ўражаннямi пра наведванне ўрача-анкасексолага з такiмi ж пацыенткамi. I дзякуючы такому «сарафаннаму радыё» да жанчын, якiя перанеслi анкалагiчнае лячэнне, прыходзiць разуменне, што гэтую тэму можна падымаць i ўсур'ёз абмяркоўваць. Яны адкрываюць свае думкi i ведаюць, што на самыя складаныя пытаннi ў гэтай тонкай сферы можна атрымаць адказы i дапамогу.

— Прафесiйную дапамогу анкасексолага жанчына можа атрымаць у любой частцы Польшчы цi толькi ў анкаклiнiках?

— Людзей, якiя практыкуюць анкасексалогiю, на ўсю Польшчу ўсяго 40-50 чалавек. Менавiта столькi аказваюць сапраўды прафесiйную дапамогу. Звычайна гiнеколаг па месцы жыхарства не бярэ на сябе адказнасць за такога роду кансультацыю, а накiроўвае такiх пацыентак да анкасексолага. На шчасце, сёння праехаць 100 кiламетраў — не такая складаная задача. Акрамя таго, асабiста я не хаваю адрас сваёй электроннай пошты, шырока яго рэкламую i ўсiм рэкамендую звяртацца дыстанцыйна — гэта можна зрабiць заўсёды.

Я перакананы, не кожны гiнеколаг павiнен быць сексолагам, анкасексолагам. Галоўнае, каб ён не адбiваў цiкавасцi пацыенткi да гэтай тэмы i ведаў, куды накiраваць жанчын, якiя маюць патрэбу ў дапамозе. Бо секс — гэта важная частка жыцця, i для таго, каб яно было паўнацэннае, гэтае пытанне таксама павiнна быць вырашана. Мы спрабуем пабудаваць такую сiстэму: прыходзiць пацыентка да свайго гiнеколага i кажа: «Ведаеце што? Пасля хваробы ў мяне няма жадання займацца сексам». А ўрач павiнен адказаць: «Я вас накiрую да спецыялiста, з якiм вы вырашыце гэтую праблему». Асабiста я ўсяляк культывую гэтую iдэю сярод сваiх калег i падначаленых, i сам прытрымлiваюся такой палiтыкi. Што яшчэ важна: такiя пацыенткi ў нас прымаюцца па страхоўцы, гэта значыць бясплатна. I да канца жыцця кожная падобная кансультацыя па сiстэме страхавой медыцыны не будзе каштаваць iм нi капейкi з асабiстага кашалька.

— У Польшчы анкасексалогiя з'яўляецца асобнай дысцыплiнай у медыцынскай адукацыi?

— Казаць пра яе як пра асобную дысцыплiну будзе не зусiм дакладна. Ёсць такая спецыялiзацыя «сексолаг». Анкасексалогiя — адзiн з яе кiрункаў. Ёсць, дарэчы, яшчэ i кардыясексалогiя i iншыя. Пасля атрымання вышэйшай медыцынскай адукацыi можна выбiраць вузкую спецыялiзацыю. Я, у прыватнасцi, на базе вышэйшай медадукацыi два гады дадаткова навучаўся ў галiне анкалагiчнай гiнекалогii i потым яшчэ два гады вывучаў анкасексалогiю.

— У Беларусi пакуль няма такой вузкай спецыялiзацыi. Можаце даць параду, з чаго варта пачаць?

— Мне здаецца, самы просты i кароткi спосаб падрыхтоўкi прафесiяналаў у гэтай галiне — дадатковы курс сексалогii для гiнеколагаў i анкагiнеколагаў. Не думаю, што трэба трацiць на спецыялiзацыю два гады, дастаткова выдаткаваць 40-60 гадзiн, уключыўшы ў змест курса невялiкую колькасць тэарэтычных лекцый, а галоўны ўпор зрабiць на практыку. Гэта паўгода. Асабiста я гатовы нават дзялiцца вопытам, навучальнымi матэрыяламi, чытаць лекцыi для калег з Беларусi. У такiх сiтуацыях я гэта раблю бясплатна i з задавальненнем. Мне вельмi хочацца, каб усе нашы анкапацыенткi сталi больш шчаслiвыя.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Каб дыягназ не пазбавiў радасцi жыцця...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Продаж тавараў праз інтэрнэт у Беларусі актыўна развіваецца. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.