Вы тут

Вяршыні Элізы Ажэшкі


Прэзентацыя кнігі Элізы Ажэшкі «Над Нёманам» — 800-старонкавага фаліянта, у які ўвайшлі раман «Над Нёманам» і цыкл навел «Gloria Victis», 103-га тома серыі «Беларускі кнігазбор» (пабачыла свет у выдавецтве «Беларуская навука») адбылася ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры


Слова мае Анатоль Бутэвіч.

Прысутнічалі і ўзялі слова галоўны рэдактар серыі «Беларускі кнігазбор» Кастусь Цвірка, старшыня Беларускага фонду культуры Тадэвуш Стружэцкі, аўтар прадмовы да кнігі Святлана Воцінава і, безумоўна, перакладчык, перастваральнік напісанага нашай польскамоўнай пісьменніцай Анатоль Бутэвіч.

— Усё пачалося вось з гэтай кніжачкі, — зазначыў Анатоль Бутэвіч, прадэманстраваўшы жоўценькую брашурку — план выдання серыі «Беларускі кнігазбор», надрукаваны ў 1995 годзе. — Тады я працаваў міністрам культуры і друку, і выхад рамана «Над Нёманам» абмяркоўваўся ў міністэрстве. А вось ілюстрацыя таго, як Кастусь Цвірка прапаноўваў мне перакласці «Над Нёманам», — яго запіска: «Анатоль Іванавіч, гляньце, калі ласка, на пазіцыю 28, старонка 13 у сувязі з нашай гаворкай». Гэтая пазіцыя — якраз і ёсць раман «Над Нёманам».

Дарэчы, брашурку і запіску як сапраўдныя рарытэты сціпла дапаўнялі закладкі, аздобленыя з аднаго боку фрагментамі рукапісу 1-й старонкі рамана і ілюстрацыяй да яго, зробленай у 1890 годзе Уладзімежам Лускінам, з другога боку — упрыгожаныя выявай сапраўднай закладкі, зробленай рукамі Элізы Ажэшкі з наднёманскай зеляніны, маляўніча ўкладзенай і прыклеенай на блакітную стужку.

«Над Нёманам» і «Gloria Victis» — гэта, можна сказаць, тыя «кропкі незвароту» ў Ажэшкініяне, тыя вяршыні, пасля «ўзяцця» якіх (а пад узяццем трэба разумець з’яўленне на нашай мове і прачытанне) Ажэшка пасапраўднаму і незваротна становіцца класікам беларускай літаратуры.

Прэзентацыя «Над Нёманам» адбылася над Свіслаччу. Цяпер, відаць, час ёй адбыцца над Нёманам.

Святлана ВОЦІНАВА

Фота Марыны ВАРАБЕЙ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.