Вы тут

«Хацеў запісаць гэты эпізод для памяці, а прапрацаваў да раніцы...»


У Мемарыяльнай зале Андрэя Макаёнка ў Гомельскай абласной бібліятэцы захоўваецца першы варыянт рукапісу п’есы «Трыбунал». На першай старонцы пазначана дата: 6. IV — 1969 г. Ждановічы, на апошняй — 8. IV — 1969 г. Упершыню п’еса была надрукавана ў газеце «Звязда» ў верасні 1970-га, а потым у часопісе «Полымя» (1970, № 10).


Праграмка спектакля на польскай мове

У творчай біяграфіі Андрэя Макаёнка п’еса «Трыбунал» займае асаблівае месца. Для яго Вялікая Айчынная вайна — перажытая трагедыя. За сувязь з партызанамі фашысты забілі бацьку, Ягора Сяргеевіча; партызанамі былі брат з сястрой, ваяваў сам пісьменнік і быў цяжка паранены. 13 аскепкаў нямецкай міны ўсё сваё жыццё ён пранасіў у абедзвюх ступнях ног. Таму напісаць пра акупацыю, падполле, партызанскі рух драматург лічыў сваім абавязкам, пісьменніцкім і грамадзянскім. Але як пра гэта напісаць камедыю?

Сам Макаёнак пра гісторыю стварэння п’есы «Трыбунал» расказваў наступнае: «Мяне доўга стрымлівала праблема жанру. Хацелася захаваць у п’есе гераічны, суровы пафас Вялікай Айчыннай вайны і адначасова застацца верным камедыйнаму жанру. Не здраджваць яму. Доўга не знаходзіў матэрыялу для сюжэта. ...Аднойчы прыйшоў на памяць эпізод ваеннага часу. Беларускія партызаны ў адной вёсцы ў час акупацыі вырашылі паставіць старастам свайго чалавека — патрэбна была сувязь з падполлем райцэнтра. Знайшлі старога, да якога адносіліся з даверам. Угаварылі. Укаранілі… А праз двое сутак з’яўляецца ён да партызан і просіць: “Браткі, больш туды не пайду. Збілі мяне дома жонка і дачка. Прымушаюць ісці і адмовіцца ад пасады”».

Выпадак гэты ўспомніўся мне таму, што там быў элемент гумару: новаспечанага старасту свае ж, родныя, жонка і дзеці, збілі, а стары не мог адкрыць свайго задання, таму што справа патрабавала строгай канспірацыі. Але ў гэтай жа сітуацыі закладзены і трагічны пачатак: сумленны чалавек можа загінуць ад рук сваіх жа грамадзян, якія не ведаюць тайну, ён рызыкуе жыццём. Так нарадзіўся сюжэт трагікамедыі «Трыбунал». Пазней драматург успамінаў, што п’еса была напісана ў рэкордна кароткі тэрмін — за трое сутак. «Хацеў запісаць гэты эпізод для памяці, а прапрацаваў да раніцы».

Потым, вядома, былі многія ўдакладненні і папраўкі, аднак яны датычыліся дробных момантаў.

Увасобіць у жанры трагікамедыі тэму гераізму савецкіх людзей у час Вялікай Айчыннай вайны было даволі рызыкоўнай спробай для пісьменніка. У тагачаснай драматургіі такіх прэцэдэнтаў не назіралася. А ўсё непрывычнае, як правіла, прымаецца не адразу. Так адбылося і з «Трыбуналам».

Сцэна са спектакля «Трыбунал»

П’еса спачатку была сустрэта надзіва холадна. Мінула нямала часу, пакуль знайшоўся рэжысёр, які рызыкнуў яе паставіць. Да беларускага гледача «Трыбунал» ішоў праз Маскву: прэм’ера адбылася ў Маскоўскім тэатры на Малой Броннай. Спектакль быў пастаўлены рэжысёрам Аляксандрам Дунаевым сумесна з акцёрам і рэжысёрам-пастаноўшчыкам Львом Дуравым. Ён і выканаў галоўную ролю Цярэшкі Калабка. Крытыка палічыла спектакль сур’ёзнай творчай удачай сезона.

Поспех прэм’ерных спектакляў у Маскве садзейнічаў павышэнню цікавасці да «Трыбунала». У выніку за невялікі тэрмін п’есу ўключылі ў свой рэпертуар звыш 160 прафесійных і многія самадзейныя тэатры. У архіве Андрэя Макаёнка захаваўся яшчэ адзін дакумент, які сведчыць, што за 4 гады (1977—1980) п’еса «Трыбунал» была пастаўлена 186 разоў.

З вялікім поспехам прайшла прэм’ера «Трыбунала» ў тэатры імя Янкі Купалы. Спектакль паставіў рэжысёр Валерый Раеўскі. Галоўныя ролі выканалі вядомыя беларускія акцёры Галіна Макарава і Генадзь Аўсяннікаў. Спектакль карыстаўся вялікім поспехам. І ў рэпертуары Купалаўскага тэатра «Трыбунал» затрымаўся больш як на 20 гадоў. А легендарны дуэт Аўсяннікава і Макаравай цытавалі ўсе сталічныя пляцоўкі таго часу.

Сустрэўся з драматургіяй Макаёнка і польскі глядач. Адбылося гэта ў 1973 годзе, калі рэжысёр Збігнеў Бесерта паставіў «Трыбунал» на сцэне тэатра імя Аляксандра Вянгеркі ў Беластоку. Спектакль прынялі цёпла. Размаўляючы на польскай мове, беларускі Цярэшка расказваў гледачам аб тых цяжкіх ваенных выпрабаваннях, што выпалі на долю беларускага народа. «Газета Беластоцка» адзначала, што спектакль стаў прыкметнай з’явай у тэатральным жыцці Беласточчыны.

На самых розных мовах народаў СССР разыгрывалася гісторыя пра беларускага селяніна Цярэшку Калабка і яго сям’ю: кіргізскай, узбекскай, украінскай, літоўскай, малдаўскай і інш.

Ставілася п’еса і на сцэнах тэатраў Усходняй Еўропы тагачасных ГДР, Чэхаславакіі, ФРГ, Югаславіі, Іспаніі, Балгарыі.

Не страціла сваёй актуальнасці і цяпер. Яе ставяць як прафесійныя, так і самадзейныя тэатры. Так, у 2005 годзе да 60-годдзя Вялікай Перамогі Купалаўскім тэатрам п’еса была прадстаўлена на тэматычным Міжнародным фестывалі «Этот День Победы» ў Маскве. Рэжысёрам выступіў Валерый Анісенка. Пазней, з сумесным беларуска-расійскім праектам — спектаклем «Трыбунал», ён жа ўдзельнічаў у прэстыжным міжнародным тэатральным форуме «Залаты Віцязь».

А да 70-гадовага юбілею Вялікай Перамогі п’еса «Трыбунал» была пастаўлена Сяргеем Кулікоўскім на сталічных падмостках Новага драматычнага тэатра ў Мінску і многімі іншымі прафесійнымі і самадзейнымі тэатрамі Беларусі і Расіі.

Паводле «Трыбунала» Андрэй Макаёнак сумесна з пісьменнікам Артурам Вольскім напісалі лібрэта да аперэты «Судны час» беларускага кампазітара Рыгора Суруса. Аперэта была пастаўлена ў Дзяржаўным тэатры музычнай камедыі.

П’еса Андрэя Макаёнка «Трыбунал» у 1974 годзе была адзначана Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Якуба Коласа (сумесна з п’есай «Таблетку пад язык»), паводле яе было знята дзве тэлеверсіі: у 1973 годзе — тэлеверсія спектакля Маскоўскага тэатра на Малой Броннай і ў 1981 годзе — тэлеверсія спектакля Беларускага тэатра імя Янкі Купалы.

Ніна СЕРЫКАВА, галоўны бібліятэкар аддзела краязнаўства Гомельскай абласной бібліятэкі

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.