Вы тут

Пра мастацтва і гульні з часам


Усе доўга чакалі моманту, калі пасля эпідэміі каранавіруса тэатры, музеі і кіназалы адчыняць свае дзверы для наведвальнікаў. І цяпер пытанне для кінаманаў: што паглядзець? На якую з кінастужак звярнуць увагу ў першую чаргу? Рэдакцыя газеты «Літаратура і мастацтва» ўжо прапаноўвала сваю тэатральную афішу, дзе распавядала пра самыя цікавыя спектаклі. Зараз жа прыйшоў час звярнуцца да кінамастацтва.


Мастацкае кіно ў кастрычніку прадставіць фільмы на любы густ, але найбольш прыкметнай можна назваць спартыўную драму «Стральцоў» з Аляксандрам Пятровым у галоўнай ролі. Гэтая карціна распавядае пра знакамітую зорку савецкага футбола Эдуарда Стральцова, якога на самым піку кар’еры асудзілі за згвалтаванне 20-гадовай дзяўчыны. Пасля ён вярнуўся ў вялікі футбол, але ўжо ніколі не паказваў ранейшых вынікаў. Для многіх застаецца адкрытым пытанне: ці сапраўды было згвалтаванне альбо гэта аперацыя савецкіх спецслужбаў, накіраваная на ліквідацыю вядомага футбаліста, з якім у любы момант гатовыя былі заключыць кантракт еўрапейскія клубы? Які бок зойме каманда, што рабіла фільм (ці, можа, застанецца ў нейтралітэце), можна даведацца падчас прагляду.

Нельга не звярнуць увагу і на самую гучную прэм’еру восені (а, магчыма, і ўсяго года, улічваючы, што ў пракат выйшла вельмі невялікая колькасць фільмаў, а большая частка прэм’ер была перанесена) — новы фільм брытанскага кінарэжысёра Крыстафера Нолана пад назвай «Довад». Карціна раскажа пра безыменнага героя, чыя праца ні многа ні мала — ратаваць свет, з-за чаго яму даводзіцца сутыкацца з самымі разнастайнымі выпрабаваннямі. Перад намі адна з самых прэтэнцыёзных работ рэжысёра, якая сабрала разам усё, за што прыхільнікі любяць яго творчасць: фільмгалаваломка, які трэба разгадваць, каб дайсці да сутнасці; гульні з часам (вялікая частка фільма будуецца вакол канцэпцыі часу, які ішоў задам наперад); шмат практычных эфектаў (самалёт, які выбухае ў адной са сцэн фільма, рэальны, а не камп’ютарная графіка); цікавыя і неадназначныя галоўныя героі. Адным словам, гэта адна з тых стужак, якую дакладна варта паглядзець.

Да 11 кастрычніка ў Палацы Рэспублікі ў 3D-кіназале ў аматараў кароткаметражнага кіно будзе магчымасць атрымаць асалоду ад Манхэтэнскага фестывалю. Беларусь 12-ы раз далучыцца да гледачоў у 400 гарадах на пяці кантынентах, каб разам паглядзець і ацаніць работы кінематаграфістаў з усяго свету на ХХІІІ штогадовым Міжнародным фестывалі кароткага метра. У праграме прымаюць удзел 9 кароткаметражных фільмаў з Аўстраліі, ЗША, Ізраіля, Палесціны, Македоніі, Расіі, Фінляндыі, Ірана і Францыі. Гэтыя дзевяць фільмаў-фіналістаў былі адабраны з 971 заяўкі з 54 краін. Усе фіналісты MANHATTAN SHORT аўтаматычна атрымліваюць кваліфікацыю на Оскар.

27 і 31 кастрычніка ў межах праекта TheatreHD у кінатэатры Silver Screen (гандлёва-забаўляльны цэнтр Dana Mall) аматары замежнага тэатральнага мастацтва атрымаюць магчымасць на ўласныя вочы ўбачыць незвычайную інтэрпрэтацыю вядомай рускай класікі — «Дзядзькі Вані» Антона Чэхава. Цудоўныя брытанскія акцёры, адмысловае ператварэнне сцэнічнага дзеяння ў экраннае — усё гэта адрознівае першы спектакль, зняты ў Вялікабрытаніі пасля каранціну для паказу ў кінатэатрах. «Сцэны з вясковага жыцця» — такі падзагаловак Чэхаў даў сваёй сумнай камедыі. Больш за сто гадоў п’еса застаецца адной з самых запатрабаваных ва ўсім тэатральным свеце. Нядзіўна: у гісторыі дзядзькі Вані — Івана Пятровіча Вайніцкага, які сціпла жыве ў сядзібе памерлай сястры, — ёсць усе складнікі пранізлівай драмы. І трагічна неўзаемнае каханне: дзядзькі Вані да прыгажуні Алены Андрэеўны, новай жонкі зяця, прафесара Серабракова, пляменніцы Соні — да доктара. І бязмежны сум аб хуткаплыннасці жыцця. І пяшчотны гумар. Ды, зрэшты, чаго толькі ў Чэхава няма! Сапраўдная энцыклапедыя не вясковага, але ўніверсальнага чалавечага жыцця. Новы спектакль пастаўлены Іэнам Рыксанам з увагай да першакрыніцы па тэксце, адаптаваным выдатным ірландскім рэжысёрам і драматургам, лаўрэатам прэміі Аліўе Конарам Макферсанам.

 У кінатэатры «Цэнтральны» ў аматараў дакументальнага кіно будзе магчымасць пабачыць цікавы фільм «Таямнічыя імпрэсіяністы». У карціне прадстаўлены 50 малавядо-мых шэдэўраў знакамітых майстроў: Эдуарда Манэ, Густава Кайбота, П’ера Рэнуара, Клода Манэ, Поля Сезана, Поля Сіньяка, Альфрэда Сіслея і Берты Марызо. Гэтая кінематаграфічная прыгода даўжынёю ў 50 карцін, выстаўленых у Рыме ў Палаца Банапарце, раскажа пра рэвалюцыю ў мастацтве, выкліканую рухам імпрэсіяністаў. У гэтым складаным і захапляльным падарожжы гледачоў будуць суправаджаць куратары: Клер Дзюран-Руэль (праўнучка Поля Дзюран-Руэля, самага ўплывовага прадаўца твораў імпрэсіяністаў) і Мар’яна Мацье.

Не менш цікавым падаецца і наступная дакументальная стужка, якую можна будзе паглядзець 14 кастрычніка ў кінатэатры Silver Screen. У дзень нараджэння Фрыды Кало, 6 ліпеня, выйшаў фільм, прысвечаны даследаванню творчасці мастачкі. Карціны Фрыды Кало прасякнуты сімвалізмам, а жанр аўтапартрэта стаў для яе люстэркам, у якім яна бачыла не толькі сябе, але і сваё часам трагічнае жыццё. У творах Фрыды, яркіх і тэмпераментных, адгадваецца запал: да жыцця, мужчын, мексіканскай культуры і нават палітыкі. У фільме «Фрыда Кало», знятым у Мексіцы, ЗША і Еўропе, творчасць мастачкі каментуюць куратары і мастацтвазнаўцы. Гучаць і яе ўласныя словы. Гісторыю жыцця распавядаюць самі карціны. Дзякуючы ім мы разумеем, што за постаццю мексіканскай дзяўчыны з каронай з кветак хаваецца неардынарная асоба, якая змяніла свет мастацтва.

Цімур ВЫЧУЖАНІН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».