Вы тут

Зацікавіць біялогіяй і геаграфіяй. А яшчэ — знайсці да дзетак падыход


Марыя ДЗЕГЦЯРОВА з вёскі Ламавічы Акцябрскага раёна — малады спецыяліст, больш за год яна працуе настаўніцай у школе № 2 у аднайменным гарпасёлку. У Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка на спецыяльнасць «Біялогія і геаграфія» дзяўчына паступіла яшчэ ў 2013 годзе, аднак сыходзіла ў акадэмічны адпачынак у сувязі з нараджэннем дзіцяці, таму скончыла ВНУ толькі летась.


— Стаць настаўнікам было не спантанным рашэннем, у маёй сям'і цэлая дынастыя. Мама — педагог дашкольнай адукацыі, амаль усё жыццё працуе ў дзіцячым садку, стрыечныя браты і сёстры, якіх пяцёра, — таксама настаўнікі. Да таго ж, калі яшчэ вучылася ў школе, удзельнічала ў розных алімпіядах, мне падабалася тое, як даюць веды педагогі, брала з іх прыклад. Ну і галоўнае, я вельмі люблю дзяцей. А гэта, лічу, адна з самых важных якасцяў у нашай прафесіі. Першы курс вучобы ва ўніверсітэце, як і для кожнага былога школьніка, здаваўся тым яшчэ квэстам, аднак хутка прызвычаілася да шматлікіх дысцыплін і амаль поўнай адсутнасці вольнага часу. Цяпер пра той перыяд успамінаю толькі з цеплынёй. Практыку праходзіла ў розных школах Мінска і Мінскага раёна. Падчас наладжвання стасункаў з дзецьмі, правядзення ўрокаў ніякага бар'еру не было. Яны лічылі мяне настаўнікам, а не сяброўкай. Для мяне гэта вельмі важна, паколькі на той момант я была не нашмат старэйшай за іх. Таксама карысным вопытам аказалася летняя практыка ў лагеры, якую праходзіла ў родным Акцябрскім раёне. Тады яшчэ раз пераканалася, што абрала прафесію правільна.

Дваццацічатырохгадовая дзяўчына брала мэтавае накіраванне, таму ведала, што пасля заканчэння ВНУ вернецца дадому на адпрацоўку. У якой школе Марыя будзе выкладаць, вызначылася яшчэ на чацвёртым курсе вучобы.

— Калі пачаўся мой першы навучальны год у якасці настаўніка, было хваляванне: як прымуць калегі, як лепш сябе паводзіць, як дзеці будуць да мяне ставіцца. Але страх прайшоў, калі ўбачыла, што новы калектыў добразычлівы. Першапачаткова я выкладала біялогію ў вучняў шостых-адзінаццатых класаў, з пачатку бягучага навучальнага года — геаграфію. Нагрузка немаленькая, але мне гэта падабаецца. Па-за гадзінамі ўрокаў — розныя гурткі, факультатывы. Напрыклад, па суботах праводжу гурток «Юны эколаг», ён вельмі даспадобы дзецям. Разам вывучаем экалогію нашай і іншых краін, праводзім эксперыменты. Да таго ж удзельнічаем у розных праектах, напрыклад, у конкурсе навуковых работ «Пошук». Таксама за школай замацаваны вучні, якія знаходзяцца на дамашнім навучанні. Менавіта ў мяне такіх два.

Працоўны дзень у маладога спецыяліста пачынаецца даволі рана, у восем гадзін раніцы настаўніца ўжо павінна знаходзіцца на сваім месцы. Падрыхтаваць дошку, раскласці па партах атласы, карткі, тэсты, павесіць геаграфічную карту...

— Сёлета мне далі класнае кіраўніцтва ў пятым класе. Папрацаваўшы з дзецьмі яшчэ зусім няшмат, разумею, што мне вельмі пашанцавала. Праводжу з імі шмат часу і бачу, што няма спалоханых вачэй, яны мне давяраюць. Школьнікі актыўныя, хочуць даведацца штосьці новае, мая задача — не толькі скіроўваць іх у правільны бок, але і аказваць псіхалагічную падтрымку, бо не ўсе яны знаходзяцца на адным узроўні ведаў, але, напэўна, усе хочуць адчуваць сябе аднолькава добра ў калектыве. Да таго ж кожны мае свой характар, і таму заўсёды трэба знайсці пэўны падыход. Настаўніку важна ўбачыць гэта яшчэ на пачатковым этапе работы са школьнікамі, каб падабраць методыку выкладання матэрыялу. Таксама я імкнуся разгледзець у дзецях патэнцыял. Напрыклад, займаюся з хлопчыкамі і дзяўчатамі алімпіядным рухам, атрымліваю ад гэтага задавальненне. А яшчэ лічу, што маладым спецыялістам вельмі важна звяртаць увагу на тое, як правільна весці дакументацыю, каб потым было менш пытанняў і няўпэўненасці.

Марыя пераканана: самае важнае ў прафесіі — удзячныя вочы дзяцей і іх павага да настаўніка. «Вельмі прыемна, калі ў канцы заняткаў яны кажуць: «Дзякуй, Марыя Вячаславаўна, што правялі такі цікавы ўрок», гэта надае сіл. Дарэчы, пасля адпрацоўкі пераязджаць нікуды не планую, тут мая сям'я, любімая работа, добрыя ўмовы для самарэалізацыі і жыцця».

Даведка

Выконваючы абавязкі начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Акцябрскага райвыканкама Карына КУРСЕВІЧ:

— Сёлета раён атрымаў 67 маладых спецыялістаў. У сферы адукацыі — 21, сельскай гаспадаркі — 19, ахове здароўя — 10, культуры — 6, гандлю — 8, прамысловасці — 3. Ім выплачаны пад'ёмныя, дадзена жыллё па найме або арэнднае. У нашым аддзеле створаны банк даных маладых спецыялістаў і працоўнай моладзі, арганізавана работа тэлефоннай «гарачай лініі», каб аказаць садзейнічанне ў вырашэнні актуальных пытанняў. Штогод праводзім аналіз ратацыі маладых спецыялістаў, сёлета замацаванне маладых кадраў склала 80,1 працэнта, у мінулым годзе гэты паказчык быў на ўзроўні 79 працэнтаў. Прычыны адтоку маладых спецыялістаў розныя: прызыў ва Узброеныя Сілы, пераразмеркаванне, паступленне ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, змена месца жыхарства і іншыя.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Фота дадзена гераіняй

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Продаж тавараў праз інтэрнэт у Беларусі актыўна развіваецца. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.