Вы тут

​Электрамагутная будучыня. 500 МВт на біяпаліве, 750 МВт — на аднаўляльных крыніцах, стратэгія нізкавугляроднага развіцця


Наступнае пяцігоддзе праз увод у эксплуатацыю Беларускай АЭС надасць новае развіццё электратэхналогіям, якія дазволяць поўнасцю выключыць з паліўна-энергетычнага балансу краіны прыродны газ і нафтапрадукты і заменяць іх сабой. У сваю чаргу гэта прывядзе да развіцця аднаўляльных крыніц энергіі (АКЭ) і іх інтэнсіўнай інтэграцыі ў энергасістэму Беларусі. Прагназуецца таксама з'яўленне новых прарыўных тэхналогій не толькі ў паліўна-энергетычным балансе, але і ў будаўніцтве, і прамысловасці, што дазволіць максімальна адысці ад імпарту вуглевадародаў. Гэта звязана і з міжнароднымі абавязацельствамі Беларусі па змяншэнні выкідаў СО2 у атмасферу. Пра будучыню аднаўляльнай энергетыкі краіны на прэс-канферэнцыі расказалі эксперты.


Рэзервы аднаўляльных крыніц

Як вядома, Беларусь імпартуе большую частку сваіх энергарэсурсаў — да 84 % усіх вуглевадародаў паступае да нас з-за мяжы. Таму ў краіне праводзіцца палітыка энергазберажэння і ўкаранення аднаўляльных крыніц энергіі (АКЭ), нагадаў Міхаіл МАЛАШАНКА, намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі, дырэктар Дэпартамента па энергаэфектыўнасці.

Налета краіна плануе ўвесці ў эксплуатацыю не менш за 500 МВт цеплагенерыруючых магутнасцяў з выкарыстаннем біяпаліва ў сістэме ЖКГ для забеспячэння патрэб насельніцтва ў цеплаэнергіі. Біяпаліва і цяпер стварае найбольшую частку энергіі ў паліўна-энергетычным балансе. У асобных раёнах выраб цеплаэнергіі ў сістэме ЖКГ з дапамогай гэтай крыніцы дасягае 70—90 %. Аднак у энергабалансе краіны ў цэлым мясцовыя віды паліва (МВП) займаюць толькі 16,5 %. Пры гэтым мяркуецца, што да 2025-га магутнасць установак, што працуюць на АКЭ, дасягне 750 МВт.

— Магутнасць беларускай энергасістэмы складае 10 170 МВт. За восем месяцаў сёлета магутнасць установак, якія працуюць з выкарыстаннем АКЭ, за кошт уводу новых аб'ектаў павялічылася на 82,1 МВт і склала 486,7 МВт. Гэта 4,8 % ад агульнага аб'ёму вырабу энергіі (летась было 4 %), — абазначыў Сяргей ГРЭБЕНЬ, начальнік упраўлення энергаэфектыўнасці, экалогіі і навукі Міністэрства энергетыкі.

Летась у паліўна-энергетычным балансе краіны 7,1 % энергіі атрымана з аднаўляльных крыніц. У асобных краінах свету 25—30 % электраэнергіі вырабляецца з дапамогай аднаўляльных крыніц. У нас гэта лічба складае 2 % (ад АКЭ ў энергабаланс паступае 0,9 млрд кВт·г пры сумарным унутраным спажыванні на ўзроўні больш як 38,1 млрд кВт:

— У Беларусі распрацаваны план дзеянняў да 2030 года, існуе шэраг дамоўленасцяў з Міжнародным агенцтвам па аднаўляльным крыніцам энергіі (ІRENA), якое гатова аказаць тэхдапамогу і правесці работу адносна магчымасці і павелічэння выкарыстання АКЭ ў Беларусі. Сёння ўстаноўленая электрычная магутнасць мясцовых аднаўляльных крыніц у краіне каля 492 МВт. Паводле міжнародных энергетычных суполак, калі магутнасць АКЭ складае менш за 10 % ад аб'ёмаў усёй энергасістэмы, то яна не ўплывае на збалансаваную работу сістэмы ў цэлым, — расказаў Міхаіл Малашанка.

Стандарты для ветраўстановак

Забруджанасць паветра і абмежаванасць паліўных выкапняў робяць ветраэнергетыку бадай што самай чыстай аднаўляльнай крыніцай энергіі. Сёння гэта адна з найбольш перспектыўных яе крыніц, якая паспяхова развіваецца і з'яўляецца важным кірункам энергазберажэння, акрэсліла Аляксандра ШАЎЦОВА-РОНІНА, начальнік аддзела тэхнічнага нарміравання і стандартызацыі ў электратэхніцы, радыёэлектроніцы і энергазберажэнні Белдзяржінстытута стандартызацыі і сертыфікацыі:

— Стварэнне ветрапаркаў у краіне — адносна новы кірунак. Для забеспячэння нарматыўнай падтрымкі нашым інстытутам распрацаваны тры міждзяржаўныя стандарты, якія вызначаюць патрабаванні да ветраэнергетычных установак.

Адзін з іх датычыцца патрабаванняў да праектавання ветраэнергетычных установак, іх канструкцый і ўсіх падсістэм. Яго мэта — абараніць устаноўку ад усялякіх уздзеянняў на працягу ўсяго часу існавання. Другі стандарт датычыцца патрабаванняў да малых ветраэнергетычных установак, іх падсістэм і механізмаў. Яшчэ адзін стандарт утрымлівае выпрабаванні на адпаведнасць і сертыфікацыю. Ён закліканы аблегчыць узаемнае прызнанне ўдзельнікамі рынку вынікаў выпрабаванняў і дакументаў аб ацэнцы адпаведнасці, якія выдадзены ў межах розных дзяржаў.

Сонца, вада і парніковыя выкіды

Беларусь — удзельніца рамачнай канвенцыі ААН аб змяненні клімату. Наша краіна ўзяла на сябе абавязацельства скараціць да 2030 года выкід парніковых газаў на 28 % у параўнанні з аб'ёмамі 1990-га, таму развіццё АКЭ ў краіне вельмі важнае. Аднак, нягледзячы на тое, што ў 2018-м працэнт скарачэння ўжо дасягнуў 33, праз высокае развіццё прамысловасці і іншых галін эканомікі краіны без дадатковых мер і мерапрыемстваў па зніжэнні выкідаў парніковых газаў, Беларусь можа не дасягнуць заяўленага скарачэння да 2030 года, падкрэсліла Наталля ГУЛЬНІЦКАЯ, начальнік упраўлення рэгулявання ўздзеянняў на атмасфернае паветра, змяненне клімату і экспертызы Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Летась выкіды ад стацыянарных крыніц склалі 426,1 тысячы тон, з іх 85 тысяч тон — ад спальвання паліва. Сёння краіна мае дастатковы патэнцыял для развіцця аднаўляльнай энергетыкі. Гадавы прыход сонечнай радыяцыі на адзінку плошчы ў нас супастаўны з такімі паказчыкамі ў Германіі ці Польшчы, дзе сонечная энергетыка развіваецца больш высокімі тэмпамі.

— У нас няма такога ветру, як у краінах з морамі і акіянамі, аднак пры існуючых тэхналогіях нашы паказчыкі па ветры дастатковыя, каб ветраэнергетыка стабільна развівалася. Патэнцыял гідраэнергетычных рэсурсаў краіны каля 250 МВт. Ён сканцэнтраваны ў Гродне, Віцебску і Магілёўскай вобласці каля рэк Нёман, Заходняя Дзвіна і Дняпро, — звярнула ўвагу Наталля Гульніцкая.

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: ​Электрамагутная будучыня

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.