Вы тут

Тэрмін самаізаляцыі з нагоды COVІD-19 могуць скараціць


Міністэрства аховы здароўя разам з зацікаўленымі падрыхтавала і ўнесла ва ўрад праект пастановы Савета Міністраў ад 13 кастрычніка 2020 г. № 591 «Аб змяненні пастаноў Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 25 сакавіка 2020 г. № 171 і ад 8 красавіка 2020 г. № 208».


У праекце прапануецца скараціць тэрмін знаходжання ў самаізаляцыі з 14 да 10 каляндарных дзён з даты апошняга кантакту. Людзям, якія на самаізаляцыі, дазволена ў выпадку крайняй неабходнасці наведваць арганізацыю аховы здароўя для атрымання экстранай або неадкладнай медыцынскай дапамогі.

Таксама прапануецца пашырыць пералік асоб, на якіх не распаўсюджваюцца патрабаванні па захаванні самаізаляцыі. Гэта кіраўнікі і члены афіцыйных дэлегацый; асобы, якія едуць па тэрыторыі нашай краіны транзітам і маюць дакументы, што пацвярджаюць выезд на працягу адных сутак; грамадзяне Беларусі, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у Беларусі і прыбылі ў Беларусь пасля знаходжання ў службовай камандзіроўцы з краін, у якіх рэгіструюцца выпадкі інфекцыі COVІD-19, а таксама з краін, не ўключаных у пералік, і едуць транзітам праз краіны, уключаныя ў пералік, пры ўмове наяўнасці ў гэтых асоб дакументальнага пацвярджэння транзітнага праезду праз краіну, уключаную ў пералік; асобы, якія ажыццяўляюць перавозкі ствалавыaх клетак, органаў для трансплантацыі.

Праект пастановы прадугледжвае, што замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства (за выключэннем тых, хто пастаянна пражывае ў Беларусі), якія прыбылі з краін, не ўключаных у пералік, пры перасячэнні беларускай мяжы павінны мець арыгінал медыцынскага дакумента (на рускай, беларускай або англійскай мовах), які пацвярджае адмоўны вынік лабараторнага тэсціравання на інфекцыю COVІD-19, зроблены не пазней за 72 гадзіны да даты перасячэння мяжы.

Запас лекаў створаны

У Беларусі створаны запас лекаў і сродкаў аховы на перыяд уздыму рэспіраторных захворванняў, у тым ліку COVІD-19, паведаміў намеснік міністра аховы здароўя Барыс Андрасюк на круглым стале, прысвечаным развіццю фармацэўтычнай галіны, які прайшоў у прэс-цэнтры БелТА.

— Праведзена вялікая работа, мы сапраўды стварылі запас лекавых сродкаў. Акрамя таго, у дастатковай колькасці закуплены прэпараты з новай лінейкі, якія з'явіліся зусім нядаўна для лячэння інфекцыі COVІD-19, — сказаў Барыс Андрасюк.

Запас рэспіратараў, масак, касцюмаў складае ад 45 да 70—100 дзён па розных пазіцыях.

Паводле слоў гендырэктара РУП «Кіруючая кампанія холдынга «Белфармпрам» Сяргея Казакевіча, падрыхтоўка да асенне-зімовага перыяду праходзіла з улікам вопыту так званай першай хвалі каранавіруса.

— Калі казаць пра першую хвалю, то Міністэрствам аховы здароўя быў сфарміраваны пералік прэпаратаў, найбольш запатрабаваных для лячэння пацыентаў з COVІD-19. У ім каля 180 пазіцый, у тым ліку каля 150 — беларускай вытворчасці, прычым 80 % з іх — прадукцыя прадпрыемстваў холдынга, — сказаў ён.

Алена КРАВЕЦ

Прэв’ю: ex-press.by

Загаловак у газеце: Замест чатырнаццаці дзён – дзесяць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».