Вы тут

Як на Гродзеншчыне ўтылізуюць апалае лісце?


 

Восеньскае наваколле хоць i радуе вока барвова-жоўтымi фарбамi, для камунальных службаў яно нясе пэўныя клопаты. Менавiта ў гэтую пару iм прыходзiцца вывозiць з вулiц i паркаў тоны лiстоты. Калi раней раслiнныя адходы адпраўлялi на палiгоны смецця, цяпер iх вiд павiнен трапiць у перапрацоўку. Але адпаведных прадпрыемстваў — некалькi на ўсю краiну. Напрыклад, у Гродзенскай вобласцi iх наогул няма. Дык куды ж гродзенцы павязуць лiстоту? Аказалася, праблема на сённяшнi дзень актуальная — i ў нейкiм сэнсе тупiковая.


Тэлефаную ў ЖЭС № 5 абласнога цэнтра. Гэта занёманская частка горада, тут шмат старых дрэў i каля дарог, i ў дварах, i ў паркавых зонах. Па словах прадстаўнiка ЖЭСа, з гарадской тэрыторыi кожны год вывозiцца да дзясятка прычэпаў лiстоты. I гэта толькi адна арганізацыя. Вываз бярэ на сябе раённае жыллёва-эксплуатацыйнае прадпрыемства. У ЖЭС прыходзiць папера з прадпiсаннем падрыхтаваць лiстоту для масавага вывазу. I пры наяўнасцi заяўкi транспарт забiрае рознакаляровае смецце. Як будзе сёлета, пакуль невядома. У дачыненнi да раслiнных адходаў дзейнiчаюць новыя правiлы. Каб разабрацца ў гэтым ланцужку, звязваюся з УЖРЭПам Ленiнскага раёна.

У планава-эканамiчным аддзеле паведамляюць, што вываз лiстоты будзе ажыццяўляцца цэнтралiзавана. Вось толькi не ўласным транспартам, а тэхнiкай спецаўтагаспадаркi. На пытанне, куды будзе адгружацца апалае лiсце, адказу пакуль не ведаюць. Маўляў, месца для вывазу зараз вызначаецца.

Высветлiлася, што раслiнныя адходы, у тым лiку i лiстота, трапiлi ў пералiк вiдаў, якiя не падлягаюць захаванню на палiгонах.

— Трэба гэтыя раслiнныя адходы выкарыстоўваць. У краіне ёсць аб'екты, якiя могуць прымаць такiя адходы для перапрацоўкi, — патлумачыла начальнiк аддзела па абыходжаннi з адходамi Гродзенскага абласнога камiтэта прыродных рэсурсаў i аховы навакольнага асяроддзя Валянцiна Путро. — Такiм чынам, iх захаванне на камунальным палiгоне нельга дапускаць.

Цi гатовыя да гэтага камунальныя службы рэгiёна?

Сiтуацыi паўсюль, як вiдаць, розныя. Напрыклад, у Шчучынскай ЖКГ асаблiвай праблемы ў гэтым не бачаць i вывозяць лiстоту ў спецыяльна адведзенае месца. Дарэчы, тут наладзiлi сувязь з сельгаспрадпрыемствамi, i тыя забiраюць лiсце для сваiх патрэб.

У Свiслацкiм раёне ў пачатку года выйшла рашэнне мяцовых улад аб арганiзацыi спецыяльных пляцовак для кампаставання. Рашэнне прынята ў адпаведнасцi з праграмай па мiнiмiзацыi вывазу смецця на палiгоны. Таму тут рыхтуюць месца для раслiнных адходаў. Па словах прадстаўнiка Свiслацкай ЖКГ, пляцоўку для кампаставання будуюць побач з палiгонам. Але работа зацягваецца. Пакуль там няма нi агароджы, нi спецыяльных шыльдаў. Мiж тым перспектывы неблагiя, калi падысцi да справы па-гаспадарску. Напрыклад, тут мяркуюць перапрацаваны кампост скарыстаць пры пасадцы гарадскiх клумбаў i iншых насаджэнняў. Для атрымання арганiчнага ўгнаення ў ход пойдзе раслiннасць, якая будзе вывозiцца з тэрыторыi раёна, у тым лiку з агародаў прыватнага сектара.

Сiтуацыя з раслiннымi адходамi, у тым лiку з «наступствамi» лiстападу, нават для самiх эколагаў бачыцца складанай.

— Пакуль гэту праблему вельмi цяжка вырашыць на мясцовым узроўнi. Паколькi ёсць аб'екты, якiя займаюцца ўтылiзацыяй раслiнных адходаў, мы не можам даваць дазвол на вываз такога смецця на палiгон. Сiтуацыя таксама на кантролi пракуратуры, Мiнпрыроды. Зраумела, што раслiнныя патокi неабходна накiраваць у патрэбнае рэчышча. Але як пазбегнуць парушэнняў, калi ў Гродзенскай вобласцi няма нiводнага адпаведнага прадпрыемства па перапрацоўцы? — задаецца пытаннем Валянцiна Путро. — Найблiжэйшыя толькi ў Брэсце i Мiнску.

— Мiж тым праблему трэба вырашаць аператыўна — хутка пачнецца лiстапад. Таму камунальныя службы шукаюць аптымальныя варыянты. I такiя магчымасцi ёсць. Напрыклад, у Скiдзельскай ЖКГ мяркуюць атрымаць дазвол на вываз раслiнных адходаў у якасцi перасыпнога матэрыялу на палiгоне, але на гэта патрэбны адпаведныя дакументы. Па распрацоўку тэхнiчнай дакументацыi камунальнiкi мяркуюць звярнуцца ў адзiн з цэнтраў стандартызацыi i метралогii, — патлумачыла iнжынер па ахове навакольнага асяроддзя Скiдзельскай ЖКГ Марыя Варанецкая. Хоць працэдура гэтая даволi затратная i працяглая. Некалькi месяцаў зойме падрыхтоўка тэхнiчных умоў, спатрэбiцца час для экспертызы, рэгiстрацыi. Магчыма, тады Мiнпрыроды дасць дазвол на вываз раслiнных адходаў на палiгон у якасцi iзаляцыйнага пласта.

Для скiдзельскiх камунальнiкаў такi выхад надзвычай актуальны. Бо толькi адно гэта прадпрыемства за год вывозiць амаль тысячу тон раслiнных адходаў. Але палiгоны сапраўды трэба перасыпаць, аднекуль прывозiць грунт, распрацоўваць кар'ер... Чаму б не скарыстацца для гэтага раслiннымi адходамi i лiсцем? Бо не вазiць жа смецце за 200-300 кiламетраў на ўтылiзацыю...

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Лiстота... без прапiскi

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».