Вы тут

Якія сакрэты хавае старажытнае Крэва


Некалькi гадоў таму ў выдавецтве «Звязда» выйшла кнiга Анатоля Бутэвiча «Таямнiцы Крэўскага замка». А сёння для чытачоў «Звязды» — падарожжа ў засенi таямнiчых муроў.


— Калi рыхтаваўся да экскурсii, глянуў на карту Крэва i здзiвiўся: наша мястэчка нагадвае птушку. Адно крыло — вулiца Савецкая (у народзе яе называюць Радзiвонаўка), другое — вулiца Багданаўская i крыху Дзяржынскага, грудзi — там, дзе цяпер знаходзiцца сельсавет, а «хваставая частка» цягнецца да гарадзiшча. Сэрца Крэва — гэта плошча, бо калi месцiчы дамаўляюцца, то кажуць: «Сустрэнемся на Цэнтры», а раней звалi яе «Месцам» i «Рынкавай плошчай», бо з ХVII стагоддзя i асаблiва ў ХIХ стагоддзi, i ў мiжваенныя гады на ёй адбывалiся кiрмашы, прычым гандлявалi тут тканiнамi, посудам, прадуктамi i шмат яшчэ якiмi таварамi. А на iншай пляцоўцы ля замка прадавалi жывёлу i мяса, — заўважае мясцовы краязнавец, былы настаўнiк Аляксандр Камiнскi.

Справа для рамантыкаў?

Ён ужо больш за 25 гадоў цiкавiцца гiсторыяй родных мясцiн, сочыць за рознымi крынiцамi, дзе ўзгадваецца Крэва, параўноўвае старыя фатаграфii, апытвае старажылаў, i дзякуючы гэтаму можа гадзiнамi распавядаць пра родныя мясцiны. Напрыклад, як тутэйшыя жыхары засцерагалiся ад эпiдэмiй i ставiлi з чатырох бакоў, дзе быў уезд у горад, камянi цi крыжы з абыдзённiкамi, каб абаранiць мястэчка ад навалы (дарэчы, адзiн з такiх камянёў захаваўся да нашага часу). Зафiксаваў некалькi гiсторый, звязаных з магчымым падземным ходам: калi гаспадары спрабавалi рабiць скляпы ў пяцiдзесяцi-ста метрах ад замка, натыкалiся на цагляную пабудову пад зямлёй. Альбо можна пачуць ад яго пра тое, як мястэчка, што тая птушка Фенiкс адраджалася пасля Першай сусветнай вайны. Тады мiжнародныя яўрэйскiя арганiзацыi аказвалi дапамогу з умовай, што мясцовыя жыхары будуць займацца прадпрымальнiцтвам. Таму дамкi адначасова былi i жыллём, i гандлёвымi аб'ектамi цi складамi. Калi прыгледзiцеся, заўважыце, што асобныя са старых пабудоў захавалi два ўваходы: адзiн для гаспадароў, другi з вулiцы, з ганкам — для пакупнiкоў. Засталiся ў мястэчку i глiнабiтныя пабудовы — у 1929 годзе ў Крэве нават праходзiлi курсы для будаўнiкоў i ўсiм мясцовым дазвалялi наведваць такiя заняткi.

Недасведчаным турыстам краязнавец можа падказаць, што мае сэнс паглядзець у мястэчку. Тут усе цiкавосткi не сабраныя ў адным месцы — давядзецца шмат пахадзiць, паездзiць. Акрамя замка, варта звярнуць увагу на касцёл; ён хоць i адноўлены ў наш час, але менавiта ў Крэве быў пабудаваны адзiн з першых на Беларусi касцёлаў! Асобна можна распавесцi пра гарадзiшча i фартыфiкацыйныя збудаваннi, якiх з часоў Першай сусветнай вайны засталося багата.

Толькi недасведчаным, «транзiтным» гасцям, што заязджаюць у Крэва i робяць сэлфi на фоне разбураных муроў, можа падацца, што ў мястэчку няма чаго рабiць. Ведалi б яны, як у гэтым памыляюцца! Варта толькi завiтаць на iнтэрнэт-рэсурсы, якiя знаёмяць з Крэвам, або наведаць «Крэўскiя чытаннi» (днямi тут ладзiлася ўжо другая такая мiжнародная навукова-практычная канферэнцыя, арганiзатарамi якой выступаюць Нацыянальная акадэмiя навук i Смаргонскi райвыканкам). Але галоўны сакрэт, якi дазволiць улагодзiць «птушку» — гэта намаганнi шматлiкiх апантаных рамантыкаў: даследчыкаў, валанцёраў. Абудзiць цiкавасць да мястэчка, напоўнiць яго разнастайнымi падзеямi, сабраць багата матэрыялу па гiсторыi i культуры дапамагаюць шматлiкiя iнiцыятывы. Да справы далучылiся настаўнiкi i школьнiкi, мясцовыя творцы. Ля сцен замка праходзяць фэсты i выстаўкi (на жаль, каранавiрус сёлета не дазволiў правесцi фэст-майстэрню Kreva Create, але свята абавязкова будзе). А чаму б не завiтаць у вёску Чухны — каб паглядзець на мiнi-копiю Крэўскага замка, над якой шчыруе рамеснiк Сяргей Бандарэнка, ды не прыдбаць адметныя сувенiры? А яшчэ гаспадар плануе зрабiць там вялiкi лабiрынт. Iншыя актывiсты аднаўляюць старыя яўрэйскiя могiлкi, збiраюць фальклор, фiксуюць гаворкi...

Але ў той жа час Крэва па-ранейшаму губляе сваiх жыхароў.

— Моладзь раз'язджаецца, з суседнiх вёсак едуць у Крэва, а адсюль — хто ў горад цi яшчэ далей, — заўважае Аляксандр Камiнскi.

Рэстаўрацыйныя работы, якiя сёння вядуццца ў замку, даюць новыя надзеi.

— Асабiста я лiчу, што лепш закансерваваць замак у такiм выглядзе, як мы яго заспелi. Гэта адлюстравала б гiсторыю. Праблема ж сапраўды iснуе: побач ажыўленая траса, калi па ёй iдуць вялiкiя машыны, у людзей нават посуд у буфетах звiнiць. Мясцовасць у нас балоцiстая, зямля трасецца, i за апошнiя некалькi гадоў замак разбурыўся больш, чым за цэлае стагоддзе.

I па руiнах можна чытаць гiсторыю

У тым выглядзе, у якiм Крэўскi замак дайшоў да нашых часоў, яго немагчыма было б уратаваць, упэўнены вядучы навуковы супрацоўнiк Iнстытута гiсторыi НАН Беларусi, пастаянны кiраўнiк раскопак у Крэве Алег Дзярновiч:

— Крэўскi замак не захаваўся. Гэта iлюзiя. Я кожны год прыязджаю i бачу, што ўсё больш камянёў абвалiлася са сцяны. Мы працуем у замку, дзьме вецер, i на нас сыпецца рошчына. Уратаваць замак можна толькi праз працэдуру кансервацыi. Для мяне гэта пытанне не дыскусiйнае, я ведаю, што калi нiчога не зрабiць, гэта будзе проста груда камянёў. Пры кансервацыi замак у любым выпадку зменiць выгляд. Людзi прызвычаiлiся да рваных абрысаў, у iх склалася нейкае рамантычнае бачанне гэтых мясцiн. Але ўжо ў 1929 годзе, калi польскія рэстаўратары працавалi над захаваннем помнiка, стварылi такі iншы вобраз. А ў 1915-м гэта яшчэ была выдатная пабудова, захавалiся яе здымкi. Людзi могуць падумаць, што з'явiцца больш навабуда, але кансервацыя дапамагае захаваць аўтэнтыку, трэба толькi ўмець гэтую аўтэнтыку разглядзець. Трэба падумаць i пра далейшае выкарыстанне замка як музейнага аб'екта. Прынамсi, у Княжацкай вежы пасля рэканструкцыi можна смела рабiць музеефiкацыю. Нашы калегi ў Меднiках такое зрабiлi. Зразумела, можа ўзнiкнуць шмат пытанняў. Напрыклад, праз меднiцкую вежу праходзiць шкляны лiфт — рэстаўрацыя там рабiлася за еўрапейскiя грошы, а ўсе такiя аб'екты павiнны быць даступныя для людзей з абмежаванымi магчымасцямi. Тое ж i з сучаснымi будаўнiчымi стандартамi — трэба забяспечыць супрацьпажарную бяспеку, правесцi электрычнасць. З аднаго боку, мы кажам пра аўтэнтыку, з другога — не гатовыя жыць як у ХIV стагоддзi. Трэба знайсцi разумны кампрамiс.

— Што абавязкова трэба ўлiчыць пры рэстаўрацыi?

— Не паўсюль у добрым стане падмуркi. Iх трэба ўмацоўваць. Вiдавочна, трэба разбiраць аварыйныя часткi. Я разумею, што тэхналагiчна гэты працэс непазбежны. Галоўнае пажаданне — калi робяць мур, хацелася б выразна бачыць рознiцу памiж аўтэнтычнай i закансерваванай муроўкай, але тут фактычна ў ход iдзе матэрыял замка, камянi. Гэта не тое, што ў Мiрскiм замку, дзе новы мур можна было падняць на старым цагляным i вельмi лёгка паказаць рознiцу. Пры рэстаўрацыi трэба вызначыцца, якi аб'ект паказваць — у нас ёсць ХIV стагоддзе, сляды ХVI стагоддзя; замак вядомы па здымках Яна Булгака пачатку ХХ стагоддзя, ёсць здымкi пасляваеннага разбурэння, польская кансервацыя, якую добра вiдаць. Любы гiстарычны аб'ект шматслойны. Умоўна кажучы, мы не можам зрабiць замак, напрыклад, такi, якi ён быў у 1380 годзе, бо тады давядзецца знiшчыць шмат iншага. Крэўскi замак — таксама месца памяцi Першай сусветнай вайны, нават варонкi ў двары замка важныя. Трэба пакiнуць сляды польскай кансервацыi, як напамiн аб працы папярэднiкаў. Аўтэнтыка — гэта не толькi ХIV стагоддзе, але i ХХ.

— Але як захаваць шматслойнасць, i пры гэтым стварыць аб'ект, якi будзе выкарыстоўвацца? Цi можна назваць прыклады падобных работ?

— У нас многа такiх аб'ектаў. Той жа Гарадзенскi замак цi палац у Нясвiжы. У Мiрскiм замку прачытваюцца ХVI, ХVIII i ХХ стагоддзi.

— Як па археалагiчных знаходках можна чытаць гiсторыю Крэўскага замка?

— Сярод самых цiкавых знаходак — вялiкая колькасць фрэсак у Княжацкай вежы. Мы наогул маем вельмi мала фрэсак ХIV стагоддзя. I што яшчэ нязвыкла, гэтыя фрэскi знойдзены, як мы мяркуем, у свецкай грамадзянскай пабудове. Значыць, гэтая пабудова была рэпрэзентатыўная, рэспектабельная. Даволi багата фрагментаў фрэсак было знойдзена падчас работы археолага Iгара Чарняўскага, i ў 2012 годзе, калi мы вялi раскопкi ўнутранай прасторы Княжацкай вежы, таксама выйшлi на вялiкую колькасць фрагментаў фрэсак.

Калi ў 1433 годзе Свiдрыгайла штурмаваў Крэўскi замак, абрынулiся скляпеннi вежы, i так фрэскi былi пахаваныя ў самым нiжнiм ярусе. Пасля, як я мяркую, нiхто гэты завал не перабiраў, вежу проста надбудавалi, аднавiлi.

— Як трэба ўлiчваць знаходкi археолагаў пры рэстаўрацыi?

— Мы даём рэальную фактуру. Напрыклад, калi ўскрывалi Княжацкую вежу, знайшлi слуп, якi стаяў у цэнтры, значыць, на яго абапiралiся гатычныя скляпеннi. Таксама выявілі плiткi падлогi ў тым жа нiжнiм ярусе. Вядома, якая была кафля. Сёлета адшукалі невядомую пабудову, якая раней нiдзе не фiксавалася. Цяпер падчас рэстаўрацыйных работ быў зняты завал у тым месцы, дзе замак пацярпеў падчас абстрэлу так званага наступу Керанскага. Завал закрываў частку сцяны; калi яго прыбралi, аказалася, што там захавалася шыкоўная цагляная муроўка.

У той час цэгла на замку выкарыстоўвалася толькi ў самых рэпрэзентатыўных i тэхналагiчна адказных месцах. I тут раптам пасярэдзiне сцяны iдзе цагляная муроўка. Па яе краях мы знайшлi сляды падмурка, даволi вялiкага для ХIV стагоддзя будынка.

— Цi выкарыстоўваюцца сучасныя тэхналогii падчас работ у Крэўскiм замку?

— Канешне. Дарэчы, для ўзмацнення падмуркаў распрацаваны адпаведны праект. Робiцца свiдравiна, раствор iдзе пад падмурак i ўмацоўвае яго. Некалi была зроблена вялiкая памылка ў Лiдскiм замку: там на вапнавы раствор паклалi цэмент. Вапна прапускае вiльгаць, а цэмент — не, i ўзнiк канфлiкт, пачало гнiсцi. Абвалы сцен замка, якiя былi ў 70-я гады, былi часткова звязаны з гэтым. Цяпер для кансервацыi Крэўскага замка распрацаваны адмысловы склад раствору.

— Якую iнфраструктуру трэба ствараць, каб задаволiць турыстаў, што прыедуць глядзець замак?

— Наведвальнiкаў вельмi шмат, заязджае мноства аўтобусаў. А iнфраструктура не паляпшаецца. На замак не трапiць — тут зараз будаўнiчая пляцоўка. Няма прыбiральнi, няма дзе выпiць кавы. Калi вы паедзеце ў Гальшаны, там канкурэнцыя памiж кавярнямi. А як загучала Залессе! Значыць, справа не ў тым, у якiм раёне размяшчаецца аб'ект. Крэва знаходзiцца на трасе Мiнск—Вiльня, сюды заязджаюць расiяне, палякi, лiтоўцы. Кансервацыя i рэстаўрацыя Крэўскага замка павiнна даць iмпульс для развiцця мястэчка i лакальнага соцыума, тым больш што ў перспектыве замак будзе iснаваць не сам па сабе, прадугледжаны пэўная ахоўная зона, цiкавыя будынкi вакол замка. Тая ж сiнагога можа быць выкарыстана для музейнай экспазiцыi.

— Але ж у мястэчку ёсць i iншыя аб'екты, якiя могуць стаць пунктамi прыцягнення для турыстаў, напрыклад, гарадзiшча, дзе вы таксама ведзяце раскопкi...

— Работы на гарадзiшчы маюць дачыненне да вывучэння старажытнай гiсторыi Крэва — да моманту пабудовы замка, куды ў ХIV стагоддзi перамяшчаецца адмiнiстрацыйны цэнтр. Тое, што замак будуецца на адлегласцi ад яго, нармальная для тых часоў з'ява. Адно з важнейшых нашых адкрыццяў — што мы можам гаварыць пра бiэтнiчнасць старажытнай Лiтвы. Калi мы пачалi капаць дзесяць гадоў таму Крэўскае гарадзiшча, я, прызнацца, чакаў убачыць выразныя сляды балцкiх культур, але мы знайшлi тут раннюю гарадскую культуру, якая карэлюецца з гарадской культурай старажытных усходне-еўрапейскiх гарадоў. Мы можам сцвярджаць, што на гарадзiшчы была значная частка славянскага насельнiцтва. Калi пачынаем глыбей аналiзаваць гэту праблему, параўноўваць матэрыялы, вядомыя нам па Гальшанах, па Кернаве, па Вiльнi ХIII стагоддзя, гэта таксама паказвае, што сярод гарадскога насельнiцтва старажытнай Лiтвы значную частку складала славянскае. А гэта дазваляе па-iншаму паглядзець на праблему генэзу Вялiкага Княства Лiтоўскага.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?