Вы тут

Мiнск прымае мiжнародны навуковы кангрэс


У Нацыянальным алiмпiйскiм камiтэце стартаваў XXV Мiжнародны навуковы кангрэс «Алiмпiйскi спорт i спорт для ўсiх». Ён стане выдатнай пляцоўкай для вырашэння актуальных пытанняў алiмпiйскага руху i адкрытага абмеркавання праблем. Свае намаганнi для гэтага аб'яднае больш за 200 спецыялiстаў з Беларусi, Расii, Украiны, Кiтая, Казахстана, Японii, Узбекiстана, Малдовы, Польшчы, Аўстралii i iншых краiн.


«Апошнi раз кангрэс праходзiў у Беларусi 12 гадоў таму. Пасля шэрагу семiнараў, пасля таго, як увесь свет убачыў Еўрапейскiя гульнi ў Мiнску, нам прапанавалi зноў прыняць гэта мерапрыемства. Кангрэс «Алiмпiйскi спорт i спорт для ўсiх» — выдатная пляцоўка для абмену вопытам памiж спартыўнымi прафесiяналамi з розных краiн. Тут мы можам абмеркаваць важныя праблемы алiмпiйскага руху i перспектывы яго развiцця. Сёння ва ўмовах пандэмii спартыўныя мерапрыемствы праводзяцца ў няпростых умовах i кожная краiна робiць гэта па-свойму. I ўсiм карысна абмяняцца вопытам, каб рухацца далей. Жыццё не спыняецца, наперадзе Алiмпiйскiя гульнi, чэмпiянаты свету па розных вiдах спорту», — адзначыў мiнiстр спорту i турызму Беларусi Сяргей Кавальчук.

У праграму кангрэса ўключаны дыскусii, майстар-класы, прадстаўленне праектаў ад тэарэтыкаў i практыкаў. Удзельнiкi абмяркуюць падрыхтоўку спартсменаў ва ўмовах пандэмii, прымяненне сучасных тэхналогiй, спартыўную медыцыну, барацьбу з допiнгам i iншыя важныя спартыўныя пытаннi. Сярод такіх пытанняў i папулярызацыя здаровага спосабу жыцця, i арганiзацыя спорту для ўсiх.

«Дазвольце выказаць сваю ўдзячнасць кiраўнiцтву краiны i арганiзатарам за магчымасць правесцi кангрэс. Сёлета ён праходзiць у вельмi незвычайных умовах i таму мае асаблiвую значнасць. Такiм чынам мы дэманструем салiдарнасць i адзiнства, жаданне працягваць абменьвацца навуковым вопытам. Рэспублiка Беларусь паказвае сур'ёзны дзяржаўны падыход да арганiзацыi навуковых даследаванняў, алiмпiйскага руху i ўнiверсiтэцкай супольнасцi. Сiмвалiчна, што зараз мы знаходзiмся ў зале алiмпiйскай славы. Сёння алiмпiйскi рух як нiколi мае патрэбу ў прафесiйным падыходзе. Спорт — гэта самы моцны iнструмент аб'яднання, асаблiва ў перыяд пандэмii. I спадзяюся, што кангрэс гэта пацвердзiць», — адзначыў у сваiм прывiтальным слове Алег Матыцын, мiнiстр спорту Расiйскай Федэрацыi.

Асаблiвую ўвагу ўдзельнiкi кангрэса аддадуць студэнцкаму спорту i алiмпiйскай адукацыi. Гэтым тэмам будуць прысвечаны многiя секцыi i семiнары. У межах кангрэса пройдзе навукова-адукацыйны батл «Рэалii i перспектывы развiцця алiмпiйскага спорту i алiмпiйскай адукацыi ў свеце», дзе будуць прадстаўлены новыя вiды спорту i падыходы ў iх арганiзацыi. Такi iнтарэс да падрыхтоўкi спартыўных кадраў выклiканы тым, што адзiн з iнiцыятараў кангрэса — Мiжнародная асацыяцыя ўнiверсiтэтаў фiзiчнай культуры i спорту.

У першы дзень кангрэса быў падпiсаны Мемарандум аб супрацоўнiцтве i ўзаемадзеяннi памiж Беларускай асацыяцыяй студэнцкага спорту i Расiйскiм студэнцкiм спартыўным саюзам. Гэты дакумент замацуе спартыўныя сувязi дзвюх краiн для плённага развiцця двухбаковага абмену ў сферы студэнцкага спорту.

Мiжнародны навуковы кангрэс «Алiмпiйскi спорт i спорт для ўсiх» скончыцца 17 кастрычнiка. Ён задасць асноўныя вектары навуковага i практычнага развiцця сучаснага спорту.

Валерыя СЦЯЦКО

Прэв’ю: noc.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?