Вы тут

Генадзь Мароз: Мне хацелася б, каб беларуская лазня стала брэндам


Стаўленне да лазнi ў розных людзей бывае дыяметральна процiлеглае. Ёсць аматары «лёгкай пары», перакананыя, што парыльня i венiк карысныя ў любым узросце i пры любым стане здароўя. Нямала i тых, хто лазню не любiць i не прымае. Пагаворым пра тое, цi сапраўды класiчная паравая лазня нясе здароўе i даўгалецце? А экспертам выступiць заснавальнiк штогадовых народных чэмпiянатаў i фестываляў па параннi ў нашай краiне, суддзя мiжнароднай катэгорыi па спартыўным параннi, член Мiжнароднай асацыяцыi лазневага мастацтва Генадзь МАРОЗ.


— Генадзь, давайце пачнём з таго, што за чэмпiянаты такiя — па параннi? Навошта яны патрэбныя i чаму ў вас з'явiлася iдэя iх праводзiць?

— Тут я не быў першаадкрывальнiкам. Прафесiйныя чэмпiянаты па параннi праходзяць у розных краiнах. Я ж iмкнуўся ўлiць у гэты рух свежы струмень i правесцi народны чэмпiянат. Мне хацелася паказаць, што беларуская традыцыйная лазня не менш цiкавая, чым, напрыклад, шырока вядомая руская. На жаль, многiя нашы нацыянальныя традыцыi парання сёння неабходна адраджаць, прафесiйных лазеншчыкаў у нас таксама пакуль няшмат. Таму ў 2017 годзе я вырашыў, што чэмпiянаты нашы будуць не прафесiйныя, а аматарскiя, народныя. Iдэя спадабалася, i на сённяшнi дзень у Беларусi праведзены ўжо тры народныя чэмпiянаты. Больш за тое, аматарскiя цяпер праводзяцца i ў Расii, i ў Лiтве. Падчас такiх мерапрыемстваў з'яўляецца магчымасць даваць майстар-класы людзям, якiя цiкавяцца традыцыйнай лазняй. Распавядаць пра асаблiвасцi парання, якiя дазваляюць зрабiць лазню спосабам аздараўлення, i пра памылкi, якiя наносяць шкоду здароўю. Каб людзi прыходзiлi ў лазню не пiць спiртное i не гуляць у карты, а менавiта парыцца. I парыцца правiльна.

— Вашы чэмпiянаты збiраюць шмат гледачоў?

— Так, i з кожным годам iх становiцца больш. Калi ўдзельнiкi абараняюць перад журы сваю тэхнiку парання, гэта сапраўды цiкава — прычым нават тым, хто раней нiколi лазняй не захапляўся. Мы, арганiзатары, стараемся зрабiць усё, каб нашы чэмпiянаты праходзiлi ярка, цiкава i весела. Бо наведванне лазнi — гэта зусiм не тое ж самае, што звыкла памыцца ў ванне. Гэта своеасаблiвае жыццесцвярджальнае свята, якое дае зарад аптымiзму i пазiтыву. Напрыклад, некалькi гадоў таму мы праводзiлi ў Палацы спорту акцыю «Адкрытае акенца жаночай лазнi». Мае вучанiцы парылi ўсiх жадаючых — i васямнаццацiгадовых дзяўчат, i дам ва ўзросце 40+. Зразумела, усё адбывалася ў купальнiках, але астатнiя законы правiльнай лазнi былi вытрыманы i гледачы маглi ўбачыць i б'юцi-эфект, i амалоджвальнае ўздзеянне паравой лазнi. А ў гэтым годзе напярэдаднi 8 Сакавiка ў Беларусi адбыўся Мiжнародны жаночы конкурс па параннi — сустрэча аматарак заходняга бескантактнага парання рушнiкамi (аўфгус) i традыцыйнага парання венiкамi.

Традыцыi i сучаснасць

— Што ж такое сапраўдная беларуская лазня?

— Гэта не надзвычайная спёка (каля 60°) i разумныя суадносiны тэмпературы i вiльготнасцi паветра. У гэтым, дарэчы, наша лазня падобная на аўтэнтычную саўну, якую i сёння можна знайсцi ў сельскай мясцовасцi ў Фiнляндыi. Там таксама выкарыстоўваюцца гарачыя камянi, венiкi, дровы. Дарэчы, сухая саўна з вельмi высокiмi тэмпературамi, якую любяць нашы сучаснiкi, не мае нiякага дачынення нi да аўтэнтычнай традыцыi саўны, нi да аздараўлення. Яна з'явiлася толькi ў XX стагоддзi, калi былi прыдуманы электранагравальнiкi. Сухое распаленае паветра (у сучасных саўнах тэмпературу падымаюць да 120°) — гэта стрэс для арганiзма. Я прыхiльнiк класiчнай беларускай лазнi, асноўнае правiла якой — сума тэмпературы i вiльготнасцi не павiнна быць большая за 120. Калi тэмпература ў парылцы, дапусцiм, 55°, то вiльготнасць павiнна быць, адпаведна, 65 %. У беларускай лазнi ёсць аўтэнтычныя, старажытныя рысы, узрост якiх — напэўна, больш за тысячу гадоў. Гэта, напрыклад, пераважна бярозавыя венiкi. Для параўнання, украiнцы аддаюць перавагу венiкам дубовым: у iх гiстарычна склалася ўдарная тэхнiка, а ў нас падчас парання больш выкарыстоўвалiся масажныя рухi.

— Вы толькi вывучаеце i захоўваеце старадаўнiя традыцыi парання, або беларуская лазня развiваецца i сёння?

— Ну зразумела, развiваецца, бо гэта не музейны экспанат, а жывая з'ява. Мы, прафесiйныя лазеншчыкi, пастаянна абменьваемся вопытам. Сёе-тое з беларускiх лазневых традыцый, да прыкладу, прыжылося ў Татарстане, а некаторыя асаблiвасцi я ўзяў для сябе ў расiйскiх майстроў пары. Ну, i самi мы пастаянна распрацоўваем нешта новае. Напрыклад, выкарыстоўваем пры параннi стоўн-тэрапiю, а таксама розныя масажныя тэхнiкi. У прыватнасцi, масаж выконваецца заваранымi ў кiпенi мяшэчкамi з натуральнай iльняной тканiны, якiя мы напаўняем гаючымi травамi ў залежнасцi ад сезона i патрэб госця. Свайго роду «наш варыянт SPA».

— Раскажыце аб вашай аўтарскай праграме «Пар Мароза» — у яе ёсць аматары?

— Сутнасць маёй методыкi — кантраст: чым мацней награваецца арганiзм, тым мацней яго трэба астудзiць. Пар i высокая тэмпература прымушаюць паступаць у капiляры на 30 % больш крывi, чым звычайна, чалавек пацее, з арганiзма выводзяцца таксiны. Рэзкае ахаладжэнне прыводзiць да сцiскання капiляраў, сасудзiстая сiстэма вызваляецца ад халестэрынавых бляшак, дасягаецца магутны ачышчальны эфект. Яшчэ адна асаблiвасць — вялiкая колькасць вады на аднаго чалавека (50 i больш лiтраў на праграму): вада змывае i фiзiчнае недамаганне, i псiхалагiчныя праблемы. У маёй праграмы дастаткова аматараў у розных краiнах свету. Ёсць клiенты з ЗША, Аўстралii, Кубы, Еўрапейскiх краiн. Мне хацелася б, каб беларуская лазня стала брэндам. Яна гэтага вартая — i гэта не толькi маё меркаванне. На мiжнародных чэмпiянатах я часта пазнаю ў выступленнях многiх удзельнiкаў свае методыкi работы венiкам i нашы нацыянальныя тэхналогii парання, якiя я дэманстраваў раней. Але ж з-за мяжы клiенты едуць не ў лазню наогул, а да канкрэтнага майстра з рэпутацыяй. Хацелася б, каб майстроў у Беларусi было шмат, гэта дазволiць нашай традыцыi парання стварыць свой iмiдж — як, напрыклад, у той жа японскай лазнi афура або ў турэцкага хамама.

Iндывiдуальны падыход

— Калi лазня такая карысная, чаму ж у яе ёсць перакананыя працiўнiкi? I акрамя таго, паранне мае вельмi шмат супрацьпаказанняў...

— Сапраўды, у многiх гараджан за плячыма няўдалы вопыт наведвання паравой лазнi. Непрафесiйныя лазеншчыкi выклiкалi ў iх негатыўныя эмоцыi, i цяпер пераканаць iх амаль немагчыма. I гэта вельмi сумна. Ну, а супрацьпаказанняў у беларускай лазнi з прафесiйным парыльшчыкам усяго некалькi: першыя тры месяцы цяжарнасцi, скурныя хваробы, хранiчныя хваробы ў перыяд абвастрэння, вострыя запаленчыя захворваннi (з «ковiдам» у лазню iсцi нельга!), рак. Але падкрэслю: з прафесiйным лазеншчыкам. Прафесiянал — гэта той, хто ведае, як трэба парыць госця менавiта ў дадзены момант, прымаючы пад увагу яго фiзiчны i псiхалагiчны стан, здароўе, настрой. У лазнi, як нiдзе, важны iндывiдуальны падыход.

— А як становяцца прафесiйнымi лазеншчыкамi?

— Гэта доўгi шлях. Каб стаць прафесiяналам, я вучыўся ў майстроў у Расii, Украiне, краiнах Балтыi, збiраў па крупiнках веды аб нашай нацыянальнай лазнi па ўсёй Беларусi. Прафесiянал павiнен прайсцi навучанне ў лазневых школах, дзе даюць сур'ёзныя веды, — яны ёсць ва Украiне, Санкт-Пецярбургу, у Казанi, на Урале. Ёсць мая школа ў Мiнску. Прафесiянал абавязаны валодаць дзясяткамi методык парання, ведаць, як не нашкодзiць госцю пры наведваннi парыльнi. Калi да лазеншчыка прыходзяць як да ўрача — з тым жа даверам з боку госця i з той жа мерай адказнасцi з боку прафесiйнага парыльшчыка — тады паранне прынясе толькi карысць. Сярод маiх гасцей былi цяжарныя жанчыны на вялiкiх тэрмiнах. А адзiн мой калега пачаў парыць свайго сына, калi таму не было яшчэ i двух тыдняў.

У лазню за маладосцю

— Пагаворым пра б'юцi-эфект класiчнай паравой лазнi: ён сапраўды ёсць?

— Перакананы: айчынная лазня лепш за замежныя SPA захоўвае маладосць i прыгажосць нашых жанчын, таму што яна створана для тых клiматычных умоў, у якiх мы жывём. Эфект скрабiравання забяспечвае, напрыклад, лыкавае мачала, якое адвеку выкарыстоўвалi нашы продкi. А вось сiнтэтычнымi мачалкамi ў лазнi я карыстацца не раю, як i гелямi для душа. Травы выдатна мыюць, гэта натуральна i карысна для скуры. Паравая лазня — гэта i водаратэрапiя (вядома, калi вы карыстаецеся правiльнымi венiкамi). Лiпавыя я нарыхтоўваю, калi лiпа квiтнее. Узiмку асаблiва карысны ядлоўцавы венiк. Ну, а бярозавыя венiкi лепш за ўсё вязаць, калi з'яўляюцца маладыя лiсцiкi. Гэта эфектыўны сродак барацьбы з запаленнямi скуры плюс магутны зарад вiтамiнаў.

— SPA асацыюецца з абкручваннямi — цi магчымыя такiя працэдуры ў парылцы?

— Пры высокай тэмпературы не трэба дадатковага ўцяплення, можна проста наносiць маскi на цела i атрымлiваць той жа эфект. Напрыклад, вельмi эфектыўная маска з блакiтнай глiны. Гэтая глiна ёсць не толькi на Усходзе, але i ў Беларусi, у Магiлёўскай вобласцi. Выдатна працуе антыцэлюлiтны мядовы масаж. Эфект anti-age дасягаецца спалучэннем цяпла i холаду: гэта адзiн з прынцыпаў прыгажосцi яшчэ з антычнасцi. Калi наведваць правiльную парылку раз у 10 дзён, узроставыя змены скуры «адсунуцца» гадоў на 7-8, маршчынкi разгладзяцца, авал твару падцягнецца. А вось чакаць эфекту пахудзення ад лазнi я не рэкамендаваў бы. Зразумела, калi не папаўняць страту вадкасцi ў парыльнi, за 60 хвiлiн можна згубiць больш за 1,5 кг вагi. Але дасягаецца гэта за кошт абязводжвання — а значыць, не карысна i не даўгавечна. Лазня дапамагае пахудзець, але не наўпрост: яна паскарае абмен рэчываў, нармалiзуе лiпiдны абмен i падтрымлiвае iмунiтэт.

— Лiчыцца, што паранне — добры спосаб барацьбы са стрэсам. Цi так гэта?

— Дакладна. Больш за тое — лазня дае эфект «быццам другi раз нарадзiўся»: супакойвае нервы i парадкуе думкi. Правiльная лазня «змывае» негатыў, агрэсiю, незадаволенасць жыццём. Застаюцца толькi пазiтыўны настрой i адчуванне напоўненасцi новымi сiламi.

Аляксандра АНЦЭЛЕВIЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Народная артыстка Беларусі Ніна Шарубіна: Не скупіцеся на добрыя словы!

Народная артыстка Беларусі Ніна Шарубіна: Не скупіцеся на добрыя словы!

Мы правялі ў кампаніі опернай дзівы ўсяго толькі адзін дзень, але так і не змаглі разгадаць яе таямніцу: дзе ж хаваецца ў яе сутках 25-я гадзіна?

Грамадства

Інтэрвальнае галаданне: чаканні і рэальнасць

Інтэрвальнае галаданне: чаканні і рэальнасць

Сваім вопытам з чытачамі «Звязды» дзеліцца вядомая беларуская тэлевядучая Марыя Лемешава

Грамадства

Дапамога — ёсць! Чым займаецца гэтай зімой Беларускі Чырвоны Крыж?

Дапамога — ёсць! Чым займаецца гэтай зімой Беларускі Чырвоны Крыж?

Людзі, у якіх няма даху над галавой, у першую чаргу маюць патрэбу ў падтрымцы ў экстрэмальных умовах надвор'я.

Спорт

Дзмітрый Ходас: Воля, характар і любоў

Дзмітрый Ходас: Воля, характар і любоў

Як не быць алімпійскім чэмпіёнам, але быць героем спорту.