Стагоддзi няўмольна мiнаюць,
Нiчога вакол не шкадуюць...
Не вер, што крынiцы знiкаюць, —
Яны у глыбiнях вiруюць.
Сваiм жыццядайным крананнем
Яны наталяюць планету,
Знясiленым дораць адхланне
I веру ў бясконцасць сусвету.
Не спыняць iх камень i спёка,
Не сцiшыцца iм, не скарыцца...
Ты чуеш? Ў глыбiнях далёка
Спрадвеку вiруюць крынiцы.
Гэты невялiчкi памятны знак у Мiнску на беразе Свiслачы нагадвае пра амаль тысячагадовую даўнiну. Пасярод горада з двухмiльённым насельнiцтвам ён пазначае месца, куды з малiтвамi i спадзяваннем прыходзiлi нашы далёкiя продкi. Тут знаходзiлася старажытнае Капiшча.
Капiшча — сакральнае паганскае месца. У дахрысцiянскую эпоху тут было свяцiлiшча, гарэў ахвярны агонь. З пакалення ў пакаленне пераходзiла традыцыя збiрацца каля вялiкага каменя «Дзед», набiраць з крынiцы ваду, якая захоўвала ў сабе цудадзейную моц. Згодна з паданнямi, калiсьцi тут рос велiзарны свяшчэнны дуб «Волат». Гэты сакральны комплекс iснаваў аж да пачатку ХХ стагоддзя.
Пра свяшчэнны дуб на гэтым месцы сёння нагадвае стройны малады дубок пасаджаны побач з памятным знакам. Шыльда сведчыць, што ў мiнулыя стагоддзi старому дубу «ахвяравалi ручнiкi i iншыя тканыя вырабы. Ля ракi бруiла крынiца, вада з якой лiчылася святой. Ландшафт i рэчышча ракi Свiслач, дзе размяшчалася свяцiлiшча, зменены пры будаўнiцтве лiнii метро. Камень «Дзед» перамешчаны ў музей валуноў пры Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi».
Шмат стагоддзяў пралегла памiж нашым часам i тым, калi з пакалення ў пакаленне да гэтага свяцiлiшча iшлi нашы далёкiя продкi. Прыходзяць сюды i сёння, каб паглядзець на гэты бераг Свiслачы, палюбавацца маладым дубком, паназiраць за iмклiвай плынню рэчкi — цi не праб'ецца на паверхню след цудадзейнай крынiцы.
Яўген ПЯСЕЦКІ, фота аўтара
Сёння жанчыны ўжо радзей глядзяць у свой пашпарт.
Дзяцінства — найлепшая краіна.