Вы тут

​Ганна Гарчакова: «Асаблівыя дзеці таксама дасягаюць значных вышынь»


Сярод дзяцей, якія знаходзяцца ў дзіцячых дамах і інтэрнатах, ёсць асаблівыя — тыя, чые фізічныя або інтэлектуальныя магчымасці абмежаваныя. Многія з іх менавіта па гэтай прычыне з нараджэння апынуліся ў дзяржустановах: самыя блізкія людзі пабаяліся ці не захацелі ўзяць на сябе адказнасць за лёс незвычайнага дзіцяці.

Аднак пры правільным доглядзе і выхаванні такія дзеці здольныя вырасці шчаслівымі і цалкам самастойнымі, здольныя дасягнуць пэўных поспехаў. Пра гэта з упэўненасцю гаворыць Ганна ГАРЧАКОВА — чатырохкратная чэмпіёнка свету, чатырохкратная чэмпіёнка Еўропы, дзевяціразовая пераможца Кубка свету ў спартыўных танцах на інвалідных вазках, уладальніца залатых медалёў чэмпіянатаў Беларусі і 60 міжнародных медалёў.

Мы папрасілі Ганну Віктараўну — псіхолага па адукацыі, заснавальніцу і кіраўніцу школы танцаў «Дар» — расказаць пра тое, чаму не варта баяцца выхоўваць асаблівае дзіця.


— Безумоўна, такое дзіця патрабуе больш пільнай увагі да стану яго здароўя з маленства. У астатнім, на мой погляд, да выхавання дзіцяці з асаблівасцямі трэба падыходзіць так жа, як і ў выпадку са звычайным хлопчыкам ці дзяўчынкай. Але сістэму выхавання трэба выбудоўваць больш старанна, бо дзіця без асаблівасцей шмат чаму навучыцца само, яно мае зносіны ў школе, сябруе з аднагодкамі, наведвае гурткі і г. д. Для дзіцяці з асаблівасцямі ўклад бацькоў становіцца вызначальным у развіцці камунікацыйных навыкаў. І тут важна дзіця не толькі вучыць чаму-небудзь, не проста купляць яму цацкі, а гуляць з ім разам, размаўляць. Пасля, адаптуючыся ў грамадстве, такі чалавек зможа атрымаць пазітыўныя эмоцыі ад камунікацыі. Такая мая агульная рэкамендацыя.

У астатнім працаваць з дзіцём трэба зыходзячы з яго фізічнага стану. І тут некаторыя бацькі могуць не зусім дакладна абраць тактыку. Калі, напрыклад, у сына або дачкі ДЦП, часцяком бацькі, акрамя медыцынскай дапамогі, імкнуцца больш надаваць увагу рэабілітацыі ног, бо іх мэта — каб дзіця ні ў якім разе не было ў інвалідным вазку. Часта намаганнямі бацькоў такі чалавек пачынае хадзіць, але рукі ў яго толкам не працуюць. Чым жа ён зоймецца ў жыцці? Маё меркаванне: у першую чаргу трэба развіваць інтэлект, не забываць пра рукі — яны важныя для вядзення хатняй гаспадаркі, для надомнай, офіснай працы. Ногі, вядома, важныя таксама, але ёсць аўтамашыны з ручным кіраваннем, а вось тэхнічных прыстасаванняў, якія замяняюць рукі, няма.

Паўтару: развіваць інтэлект вельмі важна. Вядома, вынік залежыць ад захворвання. Часам дастаткова, каб дзіця проста спраўлялася з бытавымі задачамі. Але я бачыла, як дзеці з сур’ёзнай інтэлектуальнай недастатковасцю граюць на музычных інструментах, выразна і правільна размаўляюць, дасягаюць многага ў спорце, мастацтве, танцах — і ўсё гэта дзякуючы таму, што бацькі займаюцца іх развіццём.

Аднойчы да мяне на заняткі прывезлі дзіця ў інвалідным вазку. Я ніяк не магла паверыць, што ў яго складанасці з інтэлектам — настолькі развіты быў хлопчык. Бацькі шмат з ім займаліся і дасягнулі прагрэсу. Я бачыла дзяўчынку з дома-інтэрната з інтэлектуальнай недастатковасцю; калі ёй далі ў рукі крэйду, перасадзілі з інваліднага вазка на асфальт, у кола дзяцей, яна стала маляваць сапраўдныя карціны, з раскошнай палітрай колераў! Адна дзяўчына не магла паўтарыць запар тры словы, але танчыла на вазку танцы, якія ўтрымліваюць каля 50 розных рухаў!

Прывяду прыклад, калі з дадзенага прыродай «мінімуму» атрымаўся такі «максімум», якога не ўсе здаровыя людзі дасягаюць. У звычайнай сям’і нарадзілася дзяўчынка з ДЦП, паралізаваная, але з нармальным інтэлектам. Гаварыць не можа, ёй складана нават узяць у рукі аловак. Бацькі змаглі дакладна ацаніць яе разумовыя здольнасці і далі дачцэ магчымасць шмат часу праводзіць за камп’ютарам, навучацца замежным мовам. Дзяўчынка скончыла Оксфард, выкладчык прыязджаў з Англіі, каб асабіста ўручыць ёй пасведчанне найлепшай абітурыенткі, — такую выдатную ўступную работу яна даслала на конкурс. Цяпер яна працуе за камп’ютарам на замежныя кампаніі, бо веданне англійскай мовы ў яе на найвышэйшым узроўні. Доўгая дарога пачынаецца з першага кроку: бацькі забяспечылі ўмовы, дзяўчынка шмат і ўпарта працавала сама.

Яшчэ адзін прыклад. Дзяўчынка нарадзілася без абедзвюх ног і без абедзвюх кісцей рук, да таго ж — з дэфектам языка; каб навучыцца гаварыць, ёй даводзілася працаваць з лагапедам. Бацькі адмовіліся ад яе, дзяўчынка выхоўвалася ў дзіцячым доме. Але пры добрым інтэлекце і творчых здольнасцях самастойна займалася замежнымі мовамі. Выхаванцаў дзіцячага дома часам адпраўлялі за мяжу на адпачынак — дзяўчынкай зацікавіліся ў Амерыцы, і яна паступіла там у каледж, прычым па конкурсе, без усялякіх ільгот. Пасля каледжа гэтак жа паступіла ва ўніверсітэт, засталася жыць у ЗША, дзе выйшла замуж і нарадзіла дзіця.

Гэтыя прыклады сведчаць: пры правільным падыходзе асаблівае дзіця можа дасягнуць значных вышынь.

Дзеля таго, каб дапамагаць асаблівым дзецям і падлеткам, праводзіць з імі псіхалагічную рэабілітацыю, у 2013 годзе я адкрыла школу танцаў «Дар» — стварэнне і праца школы ажыццяўлялася пры падтрымцы Беларускага таварыства інвалідаў. У многіх людзей з інваліднасцю, на жаль, усё ж ёсць комплексы, і танец можа стаць выдатным спосабам ад іх пазбавіцца. Я працавала з людзьмі, у якіх быў патэнцыял стаць чэмпіёнамі, і яны імі сталі, але мне было не менш важна дапамагчы хлопцам і дзяўчатам, дастаткова слабым фізічна, паверыць у сябе, зразумець, што іх магчымасці большыя, чым яны думаюць. Нам патрэбныя былі грошы для набыцця спецыяльных танцавальных калясак. Я звярнулася ў пасольства ЗША ў Беларусі з просьбай дапамагчы з фінансамі. Дзякуючы ім мы набылі дарагія каляскі — і школа адкрылася.

У моладзі проста вырасталі крылы! Методыка была вывераная, кожны з 15 вучняў пратэставаны, для кожнага створана індывідуальная праграма. Мне важна не нашкодзіць, я ж не доктар, а псіхолаг і трэнер, таму і нагрузку старалася даваць мінімальную, каб дзеці атрымалі задавальненне ад трэніроўкі. І мае выхаванцы павольна, але дакладна рухаліся наперад. У іх павысілася самаацэнка, яны адчулі сябе нароўні са звычайнымі людзьмі. Высокія псіхалагічныя вынікі былі дасягнутыя. А як пабочны эфект — гэта нейкія абсалютныя чэмпіёны!

Часта дзіцяці з абмежаванымі магчымасцямі кажуць: ты бедны, няшчасны. А ў мяне на занятках яны атрымліваюць імпульс веры ў сябе. І дамагаюцца выдатных вынікаў. Я кажу дзіцяці: ты гэта здолееш. І ён разумее, што зможа. Я веру ў іх, а яны — у сябе.

Сёння ў мяне трэніруюцца асаблівыя людзі ва ўзросце ад 10 да 35 гадоў. Ёсць нават ансамбль — шэсць дзяўчатак на вазках. У адной з іх не працуе правая рука, у іншай праблемы са слыхам. Словам, усё танцоркі маюць тыя ці іншыя праблемы, і мне даводіцца гэта ўлічваць. Мне казалі, што яны ніколі не змогуць танцаваць разам. Дзяўчаты танчаць сінхронна! Яны заваявалі першае месца на Міжнародным фестывалі «Інклюзіў Данс», дзе было 15 краін-удзельніц, з’яўляюцца пераможцамі шматлікіх фестываляў, лаўрэатамі 2-й ступені Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», шматразовымі чэмпіёнамі Беларусі.

Танцы на вазках пачалі развівацца ў нашай краіне ў сярэдзіне 1990-х, я ў гэтым руху з 1997 года. Мы з партнёрам прадстаўлялі Беларусь на сусветных спаборніцтвах і заўсёды заваёўвалі прызавыя месцы. Мне вельмі хацелася, каб мой нялёгкі шлях стаў прыкладам для іншых людзей з абмежаванымі магчымасцямі, каб і яны дасягнулі поспеху. У савецкі час людзі з інваліднасцю ў нашай краіне ў асноўным былі зачыненыя ў сваіх кватэрах, у іх не было магчымасці развівацца, самарэалізоўвацца. Сёння сітуацыя мяняецца, але многае залежыць ад самога чалавека і ад яго блізкіх.

За свае поспехі я перш за ўсё ўдзячная маме — Таццяне Пятроўне Жукавай. Мама ніколі не казала, што я бездапаможная, няшчасная, яна нацэльвала мяне на развіццё інтэлекту, творчых здольнасцей. У мяне былі пэўныя абавязкі па хаце — і ніякай гіперапекі. Такое выхаванне дапамагло мне стаць самастойнай, выкаваць характар, скончыць універсітэт (дзённае аддзяленне), атрымаць ступень бакалаўра і магістра.

Цяпер я імкнуся перадаць гэты імпульс веры ў сябе сваім вучням у школе «Дар». Многія з іх сталі пераможцамі міжнародных спаборніцтваў, заваявалі розныя ўзнагароды.

« Чалавек з абмежаванымі магчымасцямі можа дасягнуць значнага поспеху. Гэты шлях пачынаецца з дзяцінства. Таму не варта баяцца асаблівых дзяцей. У вашых сілах — бацькоў, выхавальнікаў — дапамагчы ім раскрыць іх таленты і здольнасці».

Фота БЕЛТА

Друкуецца ў часопісе “Алеся”

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».