Вы тут

Нішто не знікае бясследна. Да юбілею 550-годдзя Жыровіцкага абраза Божай Маці


Не адно стагоддзе славіцца цудамі Жыровіцкая абіцель. Не злічыць, колькі хворых атрымала тут ацаленне: сляпыя сталі відушчымі, расслабленыя ўсталі на ногі і пайшлі, тыя, хто чакаў смерці, перамаглі з ласкі Боскай свае немачы. Ёсць сведчанні, што нават памерлыя вярталіся з таго свету да жыцця і стваральнай працы. У тым, што Беларусь існуе і сёння, вернікі бачаць асаблівае заступніцтва Жыровіцкай Маці Боскай... «Глыбокая народная вера ў магчымасць жыватворнай дапамогі ад Прасвятой Дзевы, якая аказваецца праз Жыровіцкую ікону ва ўсе стагоддзі з дня з’яўлення абраза і да нашага часу, ніколі не меншала. Бо і тады, і цяпер бачым, як на вачах многіх людзей адбываюцца з’явы міласэрнасці Царыцы Нябеснай», — перакананыя насельнікі Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра. Для таго каб захаваць сведчанні аб цудоўных ацаленнях, якія тут адбыліся, завялі спецыяльную кнігу, дзе фіксуюцца звесткі. Кожны, хто хоча пераканацца ў сапраўднасці ўсяго, аб чым распавядаецца, можа звярнуцца да аўтараў гісторый: прозвішчы нявыдуманыя, героі рэальныя.


Камень, закладзены на месцы будаўніцтва помніка-званіцы.

Цудам можна назваць і тое, што ўрэшце ўсталявалі каля святой брамы манастыра помнік падзвіжніку, прападобнамучаніку Серафіму Жыровіцкаму, аднаму з настаяцеляў манастыра. Падзея адбылася сёлета ў маі і была прымеркавана да свята абіцелі — 550-годдзя з’яўлення Жыровіцкага абраза Божай Маці, 500-годдзя паўторнага яго з’яўлення і 500-годдзя з часу заснавання Жыровіцкага мужчынскага манастыра. Нядаўна, у межах святкавання юбілею святой мясціны, помнік асвяцілі. Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усёй Беларусі Веніямін асвяціў і заклаў у падмурак манумента капсулу з зямлёй з Унжанскага лагера — месца, дзе вернік прыняў пакутніцкую смерць і пахаваны ў брацкай магіле.

Скульптарам, які спраектаваў помнік, з’яўляецца Вадзім Урублеўскі. Гэта яго першая манументальная работа, якая была выбрана на конкурснай аснове, паэтапна разгледжана і адобрана на пасяджэнні Рэспубліканскага савета па манументальным  і манументальна-дэкаратыўным мастацтве. Адліў і таніраваў помнік скульптар Сяргей Бандарэнка.

— Святыя — гэта сябры Бога, і яны не знікаюць бясследна, — адзначыў падчас урачыстасці архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі Гурый. — Падчас ліхалецця падзвіжнік Серафім дбаў аб адраджэнні духоўнасці і маральнасці нашых суайчыннікаў. Уласным прыкладам падтрымліваў людзей, штораз рызыкуючы жыццём. І праз гэта немалы ўнёсак зрабіў у тое, што беларусы апынуліся ў ліку пераможцаў фашызму. Цяпер кожны мінак зможа пакланіцца прападобнаму Серафіму і папрасіць яго аб дапамозе.

Наступнай святочнай падзеяй стала асвячэнне архіпастырамі званоў і часовай званіцы. 12 званоў рознага памеру былі зроблены на звоналіцейным заводзе «Вера» ў Варонежы. У манастыр іх прывезлі напярэдадні святкавання юбілею з’яўлення абраза Жыровіцкай Божай Маці.

Часовая званіца ўсталявана непадалёк ад Яўленскага храма. Спецыяльнае прыстасаванне для званароў вельмі зручнае ў абыходжанні, пацвярджэннем чаму стала мелодыя, якая разнеслася на наваколлі падчас урачыстасці — набатная, але і пяшчотная, пералівістая, здольная абудзіць самыя тонкія душэўныя струны, ускалыхнуць усю гаму пачуццяў.

З цягам часу званы зоймуць сваё месца на званіцы вышынёй 58 метраў. У недалёкай будучыні плануецца будаўніцтва галоўнага будынка абіцелі. У асяродку духавенства і вернікаў шырока абмяркоўвалі, ці не пашкодзіць агульнаму архітэктурнаму ансамблю манастырскага комплексу з’яўленне сучаснага будынка, архітэктурнай дамінанты, але пасля таго, як узважылі ўсе аргументы, рашэнне аб узвядзенні было прынята.

У самым цэнтры манастырскага падвор’я, на месцы, якое адведзена пад будаўніцтва званіцы, адбылася цырымонія закладкі і асвячэння памятнага камня, пасля чаго з прывітальнымі словамі выступілі мітрапаліт Веніямін і архіепіскап Гурый, а таксама іншыя ўдзельнікі свята, якія падзякавалі Госпаду і ўсім людзям, хто меў дачыненне да падрыхтоўкі абіцелі да ўрачыстасцей, адзначылі важнасць працы, якая ўжо зроблена, і той, якая яшчэ наперадзе.

У ходзе святкавання за дапамогу і садзеянне ў падрыхтоўцыі правядзенні юбілейных урачыстасцей Патрыяршы Экзарх усёй Беларусі ўзнагародзіў старшыню Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзіміра Караніка, міністра культуры Рэспублікі Беларусь Юрыя Бондара, пасла Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Дзмітрыя Мезенцава юбілейнымі памятнымі медалямі ў гонар 500-годдзя Успенскага Жыровіцкага мужчынскага манастыра.

Званіца, будаўніцтва якой пачнецца ў хуткім часе, стане помнікам у гонар юбілейных дат Жыровіцкага манастыра і 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Рашэнне аб тым, што яе вышыня мусіць быць 58 метраў, таксама было прынята не адразу, пасля абмеркавання розных варыянтаў. Урэшце прыйшлі да высновы, што помнік-званіца будзе адным з самых высокіх у Беларусі — гэта адпавядае духоўнай велічы і моцы святога месца. Сам помнік закліканы сімвалізаваць нязломнасць духа і спагаду, якімі надзелены беларускі народ. «А званы, узнятыя на такую вышыню, будуць сведчыць аб гармоніі і харастве Боскага свету, абуджаць духоўную прагу вернікаў па ўсім наваколлі, здалёк склікаць людзей на малітву», — не раз адзначалі госці ў віншавальных прамовах. Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін нагадаў прысутным, што Маці Божая Жыровіцкая, заступніца за ўвесь беларускі народ перад Богам, мае асаблівы клопат аб гэтым месцы. Архіпастыр заклікаў вернікаў ніколі не губляць надзеі і часцей звяртацца са сваімі бедамі і да Прасвятой Багародзіцы, і да Серафіма Жыровіцкага ды іншых святых. «Але, маючы спадзяванне на Бога, трэба прыкладаць звычайныя чалавечыя намаганні, як часта казаў слаўны старац Жыровіцкага манастыра айцец Мітрафан», — прамовіў мітрапаліт у заключным слове.

 

Сілай духа і веры

Часовая званіца.

Яшчэ нядаўна з усіх куткой Беларусі ды з-за яе межаў паломнікі ехалі ў Жыровіцкую абіцель для таго, каб сустрэцца са слынным малітвеннікам Мітрафанам ды запытаццца аб сваіх праблемах, паведаміць, здавалася б, пра безвыходныя сітуацыі, у якіх апынуліся яны ці іх блізкія. Мітрафан не навязваў сваёй думкі, толькі раіў пра тое, як было б лепш з хрысціянскіх пазіцый, вучыў змірэнню, цярплівасці і малітве. «Маліцеся аб тых, каго любіце, каб і ў вечнасці не разлучыцца з імі», — адна з самых вядомых яго цытат. Старцу Мітрафану была адкрытая асаблівая боская мудрасць, яго лічылі празарліўцам. Цягам доўгага пустэльніцтва, праз нястомную малітву і абеты, самаахвярную службу Богу яго духоўныя вочы бачылі нашмат больш, чым даступна разуменню простых людзей.

У храм айца Мітрафана (а тады невылечна хворага маладога чалавека, Мікалая Ільіна, у недалёкім мінулым – бясстрашнага партызана, камандзіра дыверсійнай групы, на чыім рахунку было 12 эшалонаў з нямецкай тэхнікай, знішчаныя масты і нямецкія машыны і... медаль «За адвагу») прывялі пошукі адказаў на жыццёва важныя пытанні, прага духоўнай мудрасці і Боскага Слова. Пасля некалькіх паломніцкіх паездак малады вернік атрымаў ацаленне каля мошчаў прападобнага Сергія, а ў 1958 годзе пасяліўся ў Свята-Успенскім манастыры. У 1964 годзе прыняў пострыг з імем Мітрафан, цяпер шырока вядомы ў гэтым месцы. У манастыры айцец Мітрафан нёс розныя послухі, маліўся за людзей, імёны якіх пісалі прыхаджане ў царкоўных запісках. У побыце ён быў вельмі сціплы і непатрабавальны. Тыя, хто ведаў яго, згадваюць, што, як бы холадна не было ў памяшканні ці звонку, на службу ён прыходзіў у кірзавых ботах. Не адзін раз падчас таго, як айцец Мітрафан маліўся, над ім бачылі свячэнне, падобнае да німба, што выяўляюць на іконах над святымі.

Цяпер паломнікі, якія наведваюць манастыр, прыходзяць да айца Мітрафана на магілу. Ізноў — са сваімі бедамі, просьбамі, з неадольнай прагай духоўнага прасвятлення. Ідзе слава аб тым, што старац Мітрафан дапамагае і з «таго» свету, інакш хто, як не ўдзячныя вернікі, прыносіў бы на месца яго апошняга спачыну пад сціплы крыж жывыя кветкі...

Даведка ЛіМ:

Нязломны ў веры, непераможны ў духу

Серафім Жыровіці (сапраўднае імя — Раман Шахмуць) быў і застаецца прыкладам мужнасці і нязломнасці для сучаснікаў і тых, хто знаёміцца з яго жыціем па гістарычных дакументах. Як і айцец Мітрафан, Серафім Жыровіцкі адчуў пакліканне да служэння Богу ў маладосці. У 1923 годзе ў сценах Жыровіцкай абіцелі ва ўзросце 22 гадоў ён быў пастрыжаны ў манахі. У манастыры нёс послух на клірасе, бо валодаў вельмі прыгожым голасам, музычным слыхам. У 1930-х гадах стаў іераманахам. Калі пачалася вайна, займаўся арганізацыяй царкоўна-прыходскага жыцця там, дзе яно было зруйнавана ў даваенны перыяд. Разам з іерэем Грыгорыем Кударэнкам паломнікі вандравалі на конях, каб ахапіць пропаведзямі як мага больш населеных пунктаў роднага краю. Вялі службы, рамантавалі цэрквы. Хрысцілі дзяцей, адпявалі памерлых, хадзілі па лазарэтах ва ўжо вызваленых гарадах, прычашчалі параненых. У лістападзе 1944 года абодва былі арыштаваны савецкай уладай. У мінскай турме здароўе бацюшкі вельмі пагоршылася. Яго доўга дапытвалі, моцна катавалі. Абвінавачвалі ў калабарацыі (але якія б моцныя катаванні ні цярпеў айцец Серафім, па ніводным з пунктаў вінаватым сябе не прызнаў, трымаўся мужна). Быў асуджаны на пяцігадовае пазбаўленне волі ў канцлагеры. Пасля 1945 года пісьмаў ад яго ніхто не атрымліваў. Па афіцыйных звестках, памёр ён ад сардэчнай недастатковасці, а па сведчанні зняволеных, якія адбывалі пакаранне побач з ім, быў закатаваны.

28 кастрычніка 1999 года архімандрыт Серафім Шахмуць быў далучаны да ліку святых навамучанікаў зямлі беларускай.

Яна БУДОВІЧ

Фота аўтара і з сайта zhirovichi-monastery.by

Друкуецца ў газеце “Літаратура і мастацтва”

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».