Вы тут

З пісьменства сіла


На выставе “Тайны канцылярыі” ў Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі можна пабачыць тое, што цудам ацалела ў вірлівай плыні часу. Экспазіцыя падрыхтавана ў плыні аўтарскага мега-праекта Уладзіміра Ліхадзедава “У пошуках страчанага”.


Уладзімір Ліхадзедаў (справа) паказвае рарытэты са сваёй калекцы. Фота Яна Хведчына

Што ёсць культура ў чалавечым грамадстве? На жаль, многім з маладзейшых у сённяшнім часе падаецца, што гэта найперш нейкая папса ў розных бліскучых абгортках. Ці бестурботнае паглынанне танных відэакліпаў. Ці бессэнсоўныя скокі ў сучасных рытмах. Нават спрадвечныя нашы народныя святы — скажам, Купалле, Дажынкі — сёння знаходзяцца пад моцным прэсінгам усялякага псеўдакультурнага кічу. А ён так і шчэміцца пранікнуць у містэрыйнасць, закадаванасць, сімвалічнасць вякамі адладжаных дзей. Заменьвае сутнаснае — бразгушкамі-дрындушкамі, пераўтварае высокае ў пашлаватае. Але ж культура ў глыбіннай яе сутнасці — гэта найперш тое, што далучае нас да найвышэйшых ісцін, да высокай прыгажосці, да прыхаваных законаў сусветнай гармоніі.

Па сутнасці, гэта якраз культура, здабытая ды ўсталяваная многімі пакаленнямі нашых продкаў, дае нам сілы супрацьстаяць жорсткім выклікам часу, той пастаяннай энтрапіі — працэсам разбурэння, распаду — якія штохвілінна дзеюцца вакол нас (і ў саміх нас), бачныя й нябачныя. Дзякуючы культуры, што пранікла жыццядайным эліксірам у розныя сферы жыцця, мы ўвогуле ёсць у гэтым свеце. Мы не зніклі з твару зямлі. Бо нават і ўявіць сабе цяжка: што было б, калі б людзі так і не навучыліся у працэсе эвалюцыі гаварыць, чытаць, пісаць, маляваць, спяваць… І проста, урэшце, карыстацца сметніцамі, унітазамі, не плявацца ды не смаркацца дзе каму захочацца. І не мыць рукі ў каранавірусную пару...

“Праз культуру чалавек заўжды мог не толькі рэалізаваць свае здольнасці, але й пераадолець любыя перашкоды й выклікі жыцця, — так разважае ў прэс-рэлізе, дасланым у рэдакцыю з нагоды адкрыцця выставы, Алесь Суша, намеснік гендырэктара НББ. — Урэшце, культура акурат і робіць чалавека чалавекам. Каб атрымаць сваю долю пазітыву, набрацца духоўных сіл і дазнацца пра раней невядомае, запрашаем вас на новую й зусім незвычайную выставу”.

Адкрылася ж выстава “Тайны канцылярыі” 24 верасня ў Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі. Праект адметны: упершыню ў нашай краіне “здзейснена спроба шырока прадставіць вядомую й зусім невядомую гісторыю пісьменства праз дэманстрацыю рарытэтных пісьмовых прыладаў”. Ну вядома ж: без прыладаў — ніяк. Увесь час яны ўдасканальваюцца, бо й зручнымі павінны быць. І эстэтычнымі. На выставе можна ўпершыню, прычым на багатым матэрыяле пабачыць, чым пісалі нашы продкі яшчэ ў XV — XX стагоддзях, ды й першыя алоўкі, асадкі, і ўжо вельмі экзатычныя для нас пер’ечысткі, пясочніцы, чарніліцы. Дэманструюцца пісьмовыя прылады знакамітых людзей, а таксама канцылярскія прылады ювелірнай работы.

І вядома ж, калі былі тыя, хто пісаў — былі й тыя, хто іх “пісьмовым таварам” забяспечваў. На выставе можна даведацца, які хадавы тавар айчынных і замежных вытворцаў быў у продажы ў канцылярскіх і папяровых крамах Мінска ды Гародні ў старыя часы, як і што рэкламавалі на канцылярскіх прадметах пачатку ХХ стагоддзя ды якія адмысловыя пісьмовыя прылады рыхтавалі ў валізку падарожнікі. Мае адметнасць і “школьная тэма” экспазіцыі: можна заглянуць у ранцы гімназістаў розных эпох (сшыткі, алоўкі, асадкі, тачылкі, закладкі, пеналы…) ды ўбачыць, як выглядала калісьці парта ліцэіста Аляксандра Пушкіна.

На выставе ёсць пісьмовыя прылады вядомых асоб і звязаныя з гісторыяй сем’яў князёў Радзівілаў, родных кампазітара Станіслава Манюшкі, краязнаўцы й гісторыка Оттана Гедэмана, фінансіста Якава Палякова, нямецкага фатографа Фрыца Краўскопфа, маршала Сямёна Цімашэнкі ды іншых. А для сапраўдных “гурманаў канцылярыі” прадстаўлены ювелірныя пісьмовыя наборы, чарніліцы ў розных мастацкіх стылях, узоры пісьмовых прылад высокамастацкай работы з каштоўных матэрыялаў.

Адкуль жа ўсе такія скарбы? Аддадзім належнае рупнасці, цярпенню вядомага калекцыянера Уладзіміра Ліхадзедава. Бо экспазіцыя падрыхтавана ў плыні аўтарскага мега-праекта “У пошуках страчанага”. Менавіта дзякуючы ўнікальным прадметам з калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава адкрываецца цэлы мацярык, напаўзабыты пласт матэрыяльнай культуры, звязаны з традыцыяй пісьменства.

Выстава “Тайны канцылярыі” будзе працаваць да 15 лістапада 2020 года: штодзень, акрамя панядзелка й дзяржаўных свят. Прычым для ўсіх наведнікаў бібліятэкі ўваход вольны.

Іван Іванаў

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.