У Вялікім тэатры оперы і балета адмыслова адзначылі 70‑гадовы юбілей галоўнага балетмайстра Юрыя Траяна
6 кастрычніка на сцэне Вялікага была паказана прыгожая гісторыя пра княгіню Анастасію Слуцкую. Харэографам, балетмайстрам, пастаноўшчыкам харэаграфічнай легенды ў 2‑х дзеях на музыку Вячаслава Кузняцова стаў сам юбіляр.
Юрый Траян нарадзіўся ў Мінску. З тэатрам оперы і балета ён пазнаёміўся ў пяць гадоў: туды яго прывяла маці, якая працавала касцюмерам. Пазней хлопчык выходзіў на сцэну як юны артыст міманса. У трупу балета Траяна ўзялі ў 1968 годзе пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага харэаграфічнага вучылішча. Ужо ў 21 год ён стаў заслужаным артыстам Беларусі. Такога ганаровага звання ў яго ўзросце ніхто не ўдастойваўся. Юрый Траян дэбютаваў у балеце “Рамэа і Джульета” разам з Людмілай Бржазоўскай. Ён першы выканаўца партый Хозэ ў “Кармэн-сюіце” на музыку Жоржа Бізэ і Радыёна Шчадрына, Прынца ў “Шчаўкунчыку” на музыку Пятра Чайкоўскага, Спартака ў балеце “Спартак” на музыку Арама Хачатурана, Паэта ў сцэнічнай кантаце “Карміна Бурана” на музыку Карла Орфа, Адама ў балеце “Стварэнне свету” на музыку Андрэя Пятрова, Ціля ў балеце “Ціль Уленшпігель” на музыку Яўгена Глебава. Юрый Траян стварыў балеты “Крылы памяці” на музыку Уладзіміра Кандрусевіча, “Трыстан і Ізольда” на музыку Рыхарда Вагнера, “Вітаўт” на музыку Вячаслава Кузняцова. З яго дапамогай на беларускай сцэне былі пастаўлены спектаклі “Бахчысарайскі фантан” на музыку Барыса Асафьева, “Чыпаліна” на музыку Карэна Хачатурана, “Лебядзінае возера” на музыку Пятра Чайкоўскага.
Юрыю Траяну заўсёды даставаліся ролі мужных, гераічных і прыгожых герояў. У іх вобразах ён быў такім маладым і прыцягальным, што займеў шмат прыхільнікаў ва ўсім свеце. Аб гэтым сведчылі і фотаздымкі, што экспанаваліся ў фае Вялікага тэатра ў дзень святкавання юбілею галоўнага балетмайстра. Усё ж падчас творчага вечара Юрый Антонавіч прызнаўся сваім прыхільнікам, што адмоўныя ролі яму таксама падаюцца вельмі цікавымі: для іх выканання патрабуецца шмат эмацыйнай напружанасці і запалу.
Юрый Траян з гастролямі пабываў у больш чым 80 краінах. Сярод іх — дзяржавы Еўропы, Азіі і Афрыкі. Ён выступаў на сцэне вядомых тэатраў свету, але ніколі не хацеў пакінуць сваю краіну і пачаць самасцвярджацца за яе межамі. Кар’ера Юрыя Антонавіча на радзіме складвалася ўдала. З 1968 па 1988 год ён быў вядучым салістам Вялікага тэатра. У 1988–1989 гадах узначальваў Беларускае дзяржаўнае харэаграфічнае вучылішча. З 1990 года быў намеснікам дырэктара Вялікага тэатра, у 2008 годзе — яго галоўным балетмайстрам, а з 2009 па 2019 — мастацкім кіраўніком. Свой юбілей Юрый Траян сустрэў зноў у якасці галоўнага балетмайстра Вялікага тэатра.
Народнага артыста Беларусі, уладальніка медаля Францыска Скарыны, лаўрэата Нацыянальнай тэатральнай прэміі з юбілеем павіншаваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
Ганна Лагун
Фота: bolshoіbelarus.by
У лясніцтвах ужо тыдзень кіпіць работа.
«Адно немагчыма без другога».
Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.