Вы тут

Пастэрнак памятаюць ва Узбекістане


Ташкент даў прытулак мастачцы Яўгеніі Пастэрнак, якая нарадзілася ў Магілёве


Барыс Пастэрнак і Яўгенія Лур’е з сынам Жэням, 1924 год. Фота PASTRNAK.NIV.RU

Ёсць у сталіцы Узбекістана так званы “Мангалачын дворык”. Гэта — фактычна музей. Ці калі ўжо быць досыць дакладным — Клуб-музей Анны Ахматавай. Заснаваны ў 2000 годзе. Знаходзіцца па вуліцы Васіда Вахідава, 53. Тут яшчэ размяшчаецца Рускі культурны цэнтр. Назву музею даў адзін з вершаў вялікай рускай паэтэсы, якая знаходзілася ў Ташкенце ў эвакуацыі ў Вялікую Айчынную вайну… “Мангалочий дворик,/ Как дым твой горек/ И как твой тополь высок…”

Экспазіцыя клуба-музея большай часткай складаецца з асабістых архіваў Наталлі Зайко, якія яна перадала музею. У экспазіцыю ўваходзяць запіскі Анны Ахматавай, якія яна адрасавала сваёй ташкенцкай сяброўцы Соф’і Аркадзеўне Жураўскай… І вось некалькі гадоў таму назад у “Мангалачыным дворыку” прайшла паэтычная імпрэза, прысвечаная творчасці паэта Барыса Пастэрнака — “Гамлета XX стагоддзя”. Гучалі вершы легендарнага рускага паэта. Былі агучаны і цікавыя факты ўдзельнікамі той літаратурна-мастацкай імпрэзы. Сярод іх — і тое, што з Ташкентам звязана жыццё яго, Барыса Пастэрнака, першай жонкі — Яўгеніі ЛУР’Е, ці Яўгеніі ПАСТЭРНАК, і сына Яўгенія…

Яўгенія Пастэрнак нарадзілася ў Беларусі, у Магілёве, 28 снежня 1898 (9 студзеня 1899) года. Была адна з чатырох дзяцей у сям’і гаспадара крамы паперы і прылад пісьма Уладзіміра Аляксандравіча Лур’е (1865–1943) і хатняй гаспадыні Аляксандры Мікалаеўны Лур’е (1870–1928). У 1916 годзе Яўгенія закончыла гімназію. На наступны год здала экзамены за курс казённай гімназіі з залатым медалём… І разам са стрыечнай сястрою Соф’яй Лур’е паехала ў Маскву. Паступіла на матэматычнае аддзяленне Вышэйшых жаночых курсаў на Дзявочым Полі. У 1918 годзе захварэла туберкулёзам і вярнулася ў Магілёў. Пасля разам са стрыечнай сястрой Соняй Мейльман паехала на лячэнне ў Крым.

У 1919 годзе ўся сям’я Лур’е пераехала з Магілёва ў Петраград. Яўгенія з дапамогай мужа сваёй старэйшай сястры Абрама Мінца ўладкавалася кур’ерам у Смольны. Праз некаторы час пераехала ў Маскву. І паступіла ў вучылішча жывапісу, лепкі і дойлідства ў майстэрню Штэйнберга і Канчалоўскага. Нагадаем пра гэтых майстроў хаця б крыху… Эдуард Антонавіч Штэйнберг нарадзіўся ў 1882 годзе ў Астрожску Варонежскай губерні. Паступіў у вучылішча жывапісу, лепкі і дойлідства. Вучыўся ў Валянціна Сярова. Пасля падзей 1905 года Сяроў, матывуючы тым, што расстрэлам кіраваў вялікі князь Уладзімір Аляксандравіч, які адначасова быў і прэзідэнтам Акадэміі мастацтваў, выйшаў са складу Акадэміі і таксама дэманстратыўна пакінуў Маскоўскае вучылішча. Следам за настаўнікам вучылішча пакінуў і Эдуард Штэйнберг, і яшчэ шмат хто з вучняў. Разам з сябрамі Эдуард накіраваўся на вучобу ў Еўропу. Праз два гады вярнуўся ў Маскву і завяршыў адукацыю ў вучылішчы. Як мастака Штэйнберга зараз амаль не згадваюць, хаця ён і дынастыю мастакоўскую заснаваў, і стварыў мастацкае вучылішча ў Растове… Іншы масштаб у Пятра Пятровіча Канчалоўскага (1876–1956) — Акадэміка Акадэміі мастацтваў СССР, народнага мастака РСФСР, лаўрэата Сталінскай прэміі першай ступені (1943)… Мастак пакінуў пасля сябе незлічоную колькасць рэалістычных карцін. Вось такія былі настаўнікі ў нашай зямлячкі. Розныя і па творчых пазіцыях, і па здабытках…

24 студзеня 1922 года Яўгенія выйшла замуж за паэта Барыса Пастэрнака, які на той час ужо быў вядомым літаратарам. У 1931 годзе Яўгенія выязджала для лячэння туберкулёза ў Германію. Вярнулася — шлюб распаўся… Двум талентам заўсёды складана было жыць разам. Пастэрнак чакаў ад Яўгеніі большага шанавання, большай захопленасці, а ёй хацелася некаторай самастойнасці…

Патрапіўшы ў Ташкент 6 жніўня 1941 года, Яўгенія шмат працавала. Засталіся яе працы Ташкенцкага перыяду. А сын некаторы час вучыўся на фізічным факультэце Маскоўскага ўніверсітэта, які знаходзіўся ва Узбекістане ў эвакуацыі. А пасля пайшоў на фронт. На шчасце, выжыў, стаў вядомым літаратуразнаўцам. Шмат намаганняў прыклаў для даследвання і захавання творчай спадчыны бацькі — лаўрэата Нобелеўскай прэміі, паэта і празаіка, аўтара рамана “Доктар Жывага” Барыса Пастэрнака.

Алесь Карлюкевіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?