Вы тут

Раман “Над Нёманам” на беларускай мове


У Беларусі выйшлі з друку шэдэўры польскамоўнай пісьменніцы Элізы Ажэшкі, раман “Над Нёманам” і цыкл навел “Слава пераможаным” на беларускай мове


Кніга “Над Нёманам” была выдадзена ў серыі “Беларускі кнігазбор” Выдавецкім домам “Беларуская навука”. Пераклад рамана і навел, змешчаных у гэтай кнізе, здзейсніў вядомы дыпламат, перакладчык, пісьменнік і крытык Анатоль Бутэвіч. Кніга налічвае 832 старонкі і аздоблена фотаздымкамі. Прадмову да яе напісала даследчыца творчасці і жыццёвага шляху Элізы Ажэшкі, галоўны рэдактар часопіса “Маладосць” Святлана Воцінава.

У верасні ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылася прэзентацыя гэтага ўнікальнага выдання. Прысутнічалі аматары літаратуры і тыя, хто спрычыніўся да выдання кнігі. Напрыканцы прэзентацыі Анатоль Бутэвіч падараваў кнігу “Над Нёманам” дырэктару музея Міхаілу Рыбакову: цяпер яна ў музейных сховішчах. Наогул, кожны з гасцей вечарыны змог набыць кнігу з аўтографам перакладчыка.

Гэта не першы твор Элізы Ажэшкі, які выйшаў у серыі “Беларускі кнігазбор”. У 2000 годзе выдавецтва “Беларуская навука” выпусціла аднатомнік пісьменніцы, дзе былі надрукаваны тэматычна звязаныя з Беларуссю аповесці “Хам”, “Дзюрдзі”, “Нізіны” і вялікі нарыс “Людзі і кветкі над Нёманам”. На вялікі жаль, з‑за абмежаванасці кнігі ў яе не ўвайшоў раман “Над Нёманам”.

З Беларуссю жыццё і творчасць вядомай Элізы Ажэшкі звязаны цеснымі сувязямі. Нарадзілася яна на Гарадзеншчыне. Маладосць сваю пісьменніца правяла на Палессі: яна рана была выдадзена замуж за памешчыка Пятра Ажэшку і жыла ў яго маёнтку Людвінава (сёння — Драгічынскі раён). Пісьменніца прымала актыўны ўдзел у паўстанні 1863–1864 гадоў. Водгулле паўстання адчуваецца ў яе цыкле навел “Glorіa vіctіs” — “Слава пераможаным”. Не пазбаўлены матываў паўстання і яе буйны раман “Над Нёманам”, створаны ў 1887 годзе, у якім апісаны быт і жыццё беларускіх сялян, і падзеі, што з даўніх часоў адбываліся на Гарадзеншчыне. Апошнія гады пісьменніцы прайшлі таксама ў Гародне, дзе яна памерла і была пахавана. У сучасным Гродне імем Элізы Ажэшкі названа адна з вуліц, там усталяваны помнік, знаходзіцца яе дом — музей. Фаліянт выпушчаны якраз у 110‑годдзе памяці пісьменніцы: яна памерла роўна 110 гадоў таму, 18 мая 1910 года.

Лявон Целеш, г. Дзяржынск

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.